Гаспадар зёлак
Гаспадар зёлакФермер (былы афiцэр-разведчык)з-пад Звенячоў вырошчвае лекавыя травы i выкладае
ва ўнiверсiтэце
Многія фермеры iмкнуцца знайсцi сваю нiшу i, здараецца, развiваюць унiкальныя накiрункi, за якiя мала хто бярэцца, паколькi рызыка "прагарэць" надта вялiкая. Тым не менш у спраўных гаспадароў усё атрымлiваецца... Вайскоўцы ў вёсцы Гадоў сем таму ў Мiнскiм раёне з’явiлiся дзве адметныя фермерскiя гаспадаркi — "Аграном" i "Аграфарм". Iх зарэгiстравалi два браты — Аляксандр Ганчароў i Iгар Шыловiч. Прыватнiкам выдзелiлi два ўчасткi па 18 гектараў непадалёк ад вёскi Звенячы на землях тагачаснага саўгаса iмя Энгельса. — У свой час спрабавалi стварыць спецыяльную групу з удзелам навукоўцаў — iмкнулiся сур’ёзна займацца лекавымi травамi, — узгадвае Аляксандр Ганчароў. — Штосьцi тады не атрымалася, таму набылi насенне зёлак i дамовiлiся з фермерамi, каб яны вырасцiлi. Аднак i тут узнiклi праблемы: калi мы праз пэўны час прыехалi да тых гаспадароў, то ўбачылi, што на палетках суцэльнае пустазелле. Фермеры тлумачылi, што не хапае часу на тое, каб займацца лекавымi травамi. Давялося браць зямлю i ствараць уласную гаспадарку. Зразумела, такое рашэнне было вельмi няпростым. Справа ў тым, што Ганчароў (як, дарэчы, i яго брат) афiцэр-разведчык, ды яшчэ не ў першым пакаленнi. Бацька разам з сям’ёй калясiў па ўсiм Савецкiм Саюзе — з гарнiзона ў гарнiзон. Аляксандр усур’ёз пачаў вывучаць зёлкi яшчэ падчас вайсковай службы на Каўказе. З-за таго, што часта мяняў клiматычныя ўмовы, здаралiся праблемы са здароўем. Вось тут i ўзгадаў, як некалi яго бабуля травамi вылечылася ад сухотаў. Як заўважае Аляксандр, яму заўсёды падабалася нешта нетрадыцыйнае. Так узнiкла захапленне лекавымi травамi, якое спачатку было "ў статусе" хобi. Да таго часу, пакуль не пачаў сам iх вырошчваць. Гэтая справа для Беларусi не такая ўжо i незвычайная, аднак даволi рэдкая. Некалькi гадоў таму (калi фермеры толькi пачалi раскручвацца) на лекавых травах спецыялiзавалiся некалькi аграпрамысловых прадпрыемстваў. Самыя вялiкiя аб’ёмы сыравiны нарыхтоўвалiся ў сельгаскааператыве "Вялiкае Мажэйкава". Вытворчая база сапраўды саюзнага маштабу тут стваралася яшчэ ў савецкiя часы, былi ўкладзены вялiзныя фiнансавыя сродкi. А фермерам давялося разлiчваць на ўласныя сiлы, прынамсi, на першым этапе, каб даказаць, на што вартыя былыя вайскоўцы. Лафант, iсоп, растаропша ды iншыя Спачатку на выдзеленых землях Аляксандр i Iгар спрабавалi займацца вырошчваннем агароднiны, аднак хутка стала зразумелым, што гэта — не тая справа. I засеялi ўсе палеткi лекавымi травамi. Значная частка плошчаў адведзена пад "папулярныя" зёлкi, якiя найбольш запатрабаваныя спажыўцамi. Пад валяр’янам 10 гектараў, сардэчнiкам — каля 8, мятай — 4, календулай — 2 га. Гэта сапраўды прамысловыя аб’ёмы, якiя патрабуюць дакладнай тэхналогii. "Зёлкавы" бiзнэс вельмi няпросты. Падчас вырошчвання i ўборкi часта выкарыстоўваецца ручная праца, за якую людзям трэба заплацiць, i зусiм не факт, што пасля грошы ўдасца вярнуць. Фермеры пакрысе пачалi набываць неабходную тэхнiку, каб зменшыць долю ручной працы (уявiце, колькi работнiкаў неабходна для апрацоўкi 36 гектараў. Прыватнiкi пачалi актыўна супрацоўнiчаць з Батанiчным садам, дзе працуе лабараторыя лекавых раслiн пад кiраўнiцтвам Лiдзii Кухаравай. Цяпер на палетках прыватнiкаў вырошчваецца каля двух дзесяткаў розных вiдаў лекавых раслiн — сапраўдная палявая аптэка. Сярод iх шэраг унiкальных, "нераскручаных" раслiн. Да прыкладу, растаропша, якая выкарыстоўваецца ў вытворчасцi прэпаратаў для лячэння захворванняў пячонкi. Насенне гэтай травы можна здрабняць на кавамолцы i ўжываць з вадой i малаком. Атрымлiваецца эфект ачысткi пячонкi i жоўцевага пухiра. З лiсця выцiскаюць сок, якi таксама гаючы — паляпшае абмен рэчываў. Дарэчы, танiзуючымi ўласцiвасцямi валодае i лiсце валяр’яну (у большасцi ўжываецца толькi карэнне гэтай раслiны). Эхiнацыя карысная для iмунiтэту, а iсоп ледзьве не бiблейская трава. Апошняя выкарыстоўваецца пры алергii i астме, а ёсць меркаваннi, што прымяняецца для стабiлiзацыi гарманальнага абмену. Катоўнiк лiмонны i ўвогуле сродак шырокага спектра — карысны для прафiлактыкi захворванняў страўнiка, падчас прастуды, неўрозаў, паляпшае апетыт. Вельмi карысны лафант (адна назва чаго вартая!), яго Ганчароў нават дома вырошчвае. Акрамя гэтых зёлак фермеры яшчэ займаюцца шалфеем, мелiсай, радыёлай ружовай, святаяннiкам. Нарыхтоўваюць таксама i крапiву. "Касмiчная лабараторыя" Прыватнiкаў уключылi ў дзяржаўную праграму вырошчвання лекавай сыравiны. Дапамаглi з тэхнiкай — выдзелiлi трактар, сеялку, сушылку. З-за мяжы хутка да iх прывязуць найноўшае абсталяванне для перапрацоўкi лекавых траў i фасоўкi яго ў фiльтр-пакеты. Аналагаў такой лiнii цяпер няма ў Беларусi. Аднак з размяшчэннем сучаснай лiнii перапрацоўкi, якая неўзабаве прыбудзе з Кiтая, узнiкаюць праблемы. Пакуль у фермераў няма ўласнага памяшкання, а толькi арандаваныя. На працягу двух гадоў яны не могуць выкупiць будынак у птушкаплемпрадуктара "Праўда" (хоць кiраўнiцтва гаспадаркi, Мiнскага раёна, а таксама спецыялiсты Мiнсельгасхарча шчыра iмкнуцца дапамагчы ў вырашэннi праблемы). Гэта паўразбураны цялятнiк, якi ўжо даўно не выкарыстоўваецца па прызначэннi. Пэўны час таму тут размяшчалася пiларама, аднак цяпер памяшканнi пустуюць. Каб iх выкупiць, прыватнiкам неабходна прайсцi ўзгадненнi ў шэрагу iнстанцый — ад райвыканкама да Савета Мiнiстраў i Камiтэта дзяржкантролю. Аднак дакументы па ацэнцы будынкаў (якую робiць БТI, а пасля аблмаёмасць праводзiць экспертызу) дзейнiчаюць толькi на працягу трох месяцаў. За гэты тэрмiн паперы проста не паспяваюць прайсцi праз шматлiкiя ведамствы i ўсю працэдуру неабходна пачынаць зноў. Як заўважае Аляксандр Ганчароў, атрымлiваецца нейкае замкнёнае кола, каб разабрацца з праблемай, патрэбна рашэнне на дзяржаўным узроўнi. З пачатку гэтага года прыватнiкi ў якi ўжо раз пачалi ўзгадненне продажу паўразбуранага цялятнiка, але дзе гарантыя, што яны паспеюць у тэрмiн? Прасцей было б вырашаць пытаннi на арандаваных плошчах, аднак той будынак, за якi змагаюцца, вельмi зручна размешчаны — непадалёк ад палеткаў. Да таго ж побач падстанцыя, адкуль без цяжкасцяў можна падключыць электрычнасць. Фермеры гатовыя зрабiць капiтальны рамонт, падвесцi неабходныя камунiкацыi. Яны ўпэўненыя, што пасля таго, як паступiць абсталяванне для перапрацоўкi лекавых траў, праз год пачне працаваць мiнi-завод. Вытворчасць мяркуюць арганiзаваць па самых сучасных тэхналогiях. Прычым усе сакрэты не маюць намеру хаваць ад зацiкаўленых — кожны ахвотнiк зможа сюды прыехаць i на свае вочы пераканацца, на што здольная прыватная iнiцыятыва ў вёсцы. Дарэчы, Аляксандр Ганчароў не зусiм звычайны фермер. Ён кандыдат навук, выкладае ў Беларускiм дзяржаўным эканамiчным унiверсiтэце (колiшнiм наргасе) прававое рэгуляванне знешнеэканамiчнай дзейнасцi i мiжнароднае прыватнае права. У кожнай справе, лiчыць, неабходна iмкнуцца дасягнуць дасканаласцi. — Зёлкi маюць свае зоркi на небе — такая своеасаблiвая "касмiчная лабараторыя", — упэўнены Аляксандр Аляксеевiч. — I ў гэтым няма нiякага чарадзейства, а толькi веды, якiя фармiравалiся на працягу стагоддзяў. Нездарма многiя людзi выконваюць работы на полi па месяцавым календары — чыстая "фiзiка", якая, тым не менш, мае вынiк. Так што да вырошчвання лекавых траў варта вельмi сур’ёзна ставiцца. Яны рэальна праграмуюць арганiзм чалавека на здароўе. Мiкалай ЛIТВIНАЎ, Мiнскi раён.
Мiнскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Фермер (былы афiцэр-разведчык)з-пад Звенячоў вырошчвае лекавыя травы i выкладае ва ўнiверсiтэце |
|