21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Сімвал грацыёзнасцi i эталон пужлiвасцi

26.08.2009 10:10 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сімвал грацыёзнасцi i эталон пужлiвасцi На тэрыторыi Астравецкага лясгаса атрымалi новую "прапiску" 60 ланяў. І не толькi яны 

Новыя насельнiкi вальера ва ўрочышчы Мяшкуцi (на сёння гэта 60 ланяў, 34 высакародныя аленi i 10 плямiстых аленяў) не баяцца хiба што толькi егера Станiслава Пашкевiча, якi iх даглядае. А рэакцыя на чужынцаў iмгненная i на "фотасесiю" гэтыя жывёлы пакiдаюць журналiсту лiчаныя секунды. Вiдаць, iх генетычная памяць захоўвае не толькi прыемнае. І адсюль гэты, можна сказаць, эталон пужлiвасцi. Але, разам з тым, лань — гэта i сапраўдны сiмвал грацыёзнасцi!

 

Праект "Сарачанскiя азёры" рэалiзуецца на Астравеччыне ў адпаведнасцi з Дзяржаўнай праграмай развiцця паляўнiчай гаспадаркi на 2006—2015 гады. Згодна з ёй прадугледжана стварэнне новых папуляцый жывёл (высакародны алень, плямiсты алень, лань, муфлон i iншыя) шляхам iх рассялення ў найбольш спрыяльных для далейшага размнажэння месцах. Навуковае абгрунтаванне (з улiкам кармавой базы, iншых батанiчных i бiялагiчных магчымасцяў) праводзiлi спецыялiсты Iнстытута заалогii НАН Беларусi. Загадчык лабараторыi тэрыялогii Пётр Козла адобрыў будаўнiцтва вальера ва ўрочышчы Мяшкуцi, а работнiкi лясгаса пастаралiся ўлiчыць яго рэкамендацыi.

206-гектарны вальер складаецца з трох секцый — для аленя высакароднага, аленя плямiстага i ланi. Першымi сюды ў мiнулым годзе трапiлi з Белавежскай пушчы трыццаць высакародных аленяў i ўжо атрыманы першы прыплод — чацвёра аленянят. Сёлета, спадзяецца намеснiк дырэктара Астравецкага лясгаса Пётр Крупенчык, папаўненне будзе значна большым.

Дзесяць плямiстых аленяў купiлi ў Валожынскiм лясгасе. А вось для набыцця ланяў Мiнiстэрствам лясной гаспадаркi быў праведзены тэндар, у якiм перамагла фермерская гаспадарка з Лiтвы, дзе, дарэчы, няма адбою ад ахвотнiкаў папаляваць, асаблiва немцаў. За 54 самкi i 6 самцоў, што пераехалi на Астравеччыну, Мiнлясгас заплацiў амаль 60 тысяч долараў. Грошы немалыя i цi вартая, як кажуць, аўчынка вырабу?

Наконт гэтага маецца не толькi шмат прыкладаў у замежжы, але i наш айчынны вопыт, паколькi i аленям, i ланям Беларусь знаёмая з даўнiх часоў. Вось толькi некаторыя факты, з якiмi знаёмiць доктар бiялагiчных навук Пётр Козла.

Лань еўрапейская. У працы "Белавежская пушча" (1903 г.) Георгiй Карцаў паведамляе, што падчас царскага палявання ў 1860 годзе на лiнii стралкоў з’явiлiся ланi. На думку Карцава, яны эмiгравалi з арыстакратычных паркаў Польшчы, дзе пры сядзiбах мелiся звярынцы. У наступныя гады ланяў неаднаразова завозiлi ў пушчу, ператрымлiвалi ў спецыяльным звярынцы, а затым выпускалi на волю. У 1895 г. у пушчы ўжо мелася 740, у 1908 г. — 1209, у 1914 г. — 1488 (па iншых звестках — каля 2000) ланяў. Аднак неўзабаве iх, як i зуброў, па вядомых прычынах (вайна, браканьерства, драпежнiкi) цалкам вынiшчылi. У 1920 годзе ланяў у пушчы ўжо не было.

Цiкава, што згодна з Лiтоўскiм статутам (1811 г.) незаконны адстрэл ланi караўся штрафам у памеры "6 рублёў грошай", што ў сучасных цэнах складае прыкладна 3600 амерыканскiх долараў. Значыць, лань вадзiлася ў лясах Вялiкага княства Лiтоўскага. I вопыт пушчы, лiчыць Пётр Козла, пераконвае, што ёсць усе падставы для таго, каб гэта жывёла стала новым i даволi масавым вiдам паляўнiчай фаўны ў Беларусi. Прычым яе перспектывы звязаны не толькi з паляваннем. Ланi могуць упрыгожыць заасады нашых лясгасаў — на радасць турыстаў i ўсiх, хто неабыякавы да прыроды.

Дарэчы, лань вельмi непераборлiвая да корму. Харчуецца травянiстымi раслiнамi, апалымi жалудамi, арэхамi i пладамi, лiсцем дрэў i кустоўя, грыбамi i ягадамi, зiмой таксама ўжывае кару, пупышкi i парасткi, зрэдку хваёвыя лапкi.

Гон адбываецца восенню. Стук рагоў падчас бязлiтаснай бойкi самцоў чуваць за сотнi метраў. Бывае, зверы стукаюцца з такой сiлай, што ламаюць рогi. Але часцей яны абмяжоўваюцца дэманстрацыяй сваёй моцы i абыходзiцца без сур’ёзнага паядынку.

Самкi прыносяць першае аленяня (амаль заўсёды адно) у два—тры гады. Спачатку малы ляжыць нерухома ў густой траве, а мацi пасецца паводдаль, каб не наклiкаць драпежнiкаў, i толькi некалькi разоў у дзень прыходзiць пакармiць. Праз сем—дзесяць дзён аленяня пачынае хадзiць за мацi i есцi траву, а да зiмы перастае ссаць малако.

Плямiсты алень. Радзiма — Усходняя Азiя, але ён шырока рэаклiматызаваны ў многiх краiнах свету, у тым лiку ў рэспублiках былога СССР. Па комплексу прыродных умоў практычна ўся тэрыторыя Беларусi прыдатная для развядзення плямiстага аленя, але перавагу, мяркуе Пётр Козла, трэба аддаць паўднёва-заходняй i цэнтральнай частцы краiны. Менавiта тут ужо арганiзавана некалькi фермаў пры сельгаспрадпрыемствах i лясгасах.

Перыяд гону — з апошняй дэкады верасня да канца кастрычнiка. Пры добрых кармавых умовах да дваццацi працэнтаў самак прыносяць двойнi.

Акрамя таго, у рамках праграмы Мiнлясгаса ў Беларусь плануецца завезцi еўрапейскага муфлона, якi раней таксама вадзiўся ў нашых лясах. Вядома, што ў 1968 годзе ў Белавежскую пушчу завезлi дванаццаць муфлонаў. Нягледзячы на страты шасцi асобiнаў, у 1979 годзе ў невялiкiм вальеры на тэрыторыi зубрагадавальнiка ўтрымлiвалася дваццаць муфлонаў. Аднак у далейшым гэтыя жывёлы не атрымалi належнага клопату. Хоць яны па шэрагу якасцяў проста ўнiкальныя. Чаго вартыя толькi прыгожа выгнутыя цёмна-карычневыя рогi, якiя з’яўляюцца зайздросным трафеем для паляўнiчага. Высока цэнiцца i мяса. Да таго ж, муфлон выкарыстоўваецца для вывядзення новых пародаў свойскiх авечак, дае пладавiтае патомства.

Што ж датычыцца галоўных ворагаў муфлона (як i ланяў, аленяў), то гэта ваўкi. Нованароджаныя могуць таксама стаць ахвярай рысi, лiсы i, верагодна, янотападобнага сабакi. Вось калi трэба падзякаваць вальернаму ўтрыманню.

...Такiм чынам, пасля рассялення па розных рэгiёнах Беларусi белавежскiх зуброў пачынаецца стварэнне новых папуляцый i iншых вiдаў жывёл. I сапраўды, нашы ўмовы нiчым не горшыя, чым у той жа Германii, дзе ў 2002 годзе было здабыта 42 140 ланяў, 5763 муфлоны i 4568 сернаў. Колькасць высакародных i плямiстых аленяў, паведамiў Пётр Козла, перавышае ў Еўропе 412 тысяч асобiнаў, у Азii гэтых i iншых вiдаў — больш за 1 мiльён 170 тысяч асобiнаў. А ў Новай Зеландыi толькi высакародных аленяў i ланяў налiчваецца каля 2 мiльёнаў 560 тысяч асобiнаў. Штогод на 4,5 тысячах фермах тыпу "ранчо" ў гэтай краiне вырабляецца ад 15 да 25 тысяч тон мяса дзiчыны (у параўнаннi са свойскай жывёлай у iм больш карысных для чалавека мiкраэлементаў i меншае ўтрыманне тлушчу) i 500—700 тон пантоў. У Англii 120 вальерных фермерскiх гаспадарак, у Чэхii — 91. Вальернае развядзенне звычайна накiравана на вырошчванне жывёл высокiх трафейных якасцяў для продажу лiцэнзiй, правядзення палявання i развiцця паляўнiчага турызму на камерцыйнай аснове.

Цалкам лагiчна, што ў гэтым накiрунку пачынаем дзейнiчаць i мы. Першыя крокi абнадзейваюць. У прыватнасцi, жывёлам, якiя цяпер даглядаюцца ў вальеры ва ўрочышчы Мяшкуцi, голад не пагражае i нiякай патрэбы наносiць урон пупышкам i парасткам дрэў, пэўна, не iснуе. Угоддзi самi па сабе багатыя на корм плюс яшчэ ўнутры вальера ёсць участкi для вырошчвання рапсу, маслянiчнай рэдзькi, клеверу. Летась пасеялi дзевяць гектараў кукурузы, убралi на сiлас i цяпер егер кормiць iм сваiх гадаванцаў. А яшчэ — сена, збожжа, буракi...

Дарэчы, у Астравецкiм лясгасе плануюць завоз у вальер новых насельнiкаў, у прыватнасцi, аленя высакароднага не толькi белавежскай, але i iншай папуляцыi.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Астравецкi раён.

 

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Новыя насельнiкi вальера ва ўрочышчы Мяшкуцi (на сёння гэта 60 ланяў, 34 высакародныя аленi i 10 плямiстых аленяў) не баяцца хiба што толькi егера Ста
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика