21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Вясна Белавежскай пушчы

26.08.2009 10:10 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вясна Белавежскай пушчы

НАЦЫЯНАЛЬНЫ ПАРК ПАЧЫНАЕ ПАДРЫХТОЎКУ ДА СВЯТКАВАННЯ 600-ГОДДЗЯ

Размова з генеральным дырэктарам Дзяржаўнай прыродаахоўнай установы "Нацыянальны парк "Белавежская пушча" Мiкалаем Мiкалаевiчам Бамбiзам

— У час падрыхтоўкi да юбiлею на тэрыторыi Нацыянальнага парку будуць узведзены новыя аб’екты. Якiя з iх вы вызначыце як найбольш адметныя i важныя?

— Адзiн з галоўных новых аб’ектаў, на будаўнiцтве якога засяродзiм вялiкую ўвагу, будзе экалагiчна-асветны цэнтр. Мы пачалi яго праектаваць, ужо склалi заданне. У маi павiнны пачацца работы. Гэта будзе комплекс, у склад якога ўвойдуць музей, бiблiятэка, актавая зала, офiс для адмiнiстрацыi. Будуць ужытыя, па прыкладзе замежным, самыя сучасныя тэхналогii. Каб чалавек адчынiў яго дзверы, увайшоў... i выйшаў адтуль з такiм адчуваннем, што пабываў у лесе. Мы павiнны дабiцца, каб чалавек часам хацеў пайсцi не ў лес, а ў музей.

Ёсць пастанова Савета Мiнiстраў i распараджэнне Прэзiдэнта наконт падрыхтоўкi да святкавання 600-годдзя пушчы. Распрацавана праграма, вызначаны арганiзацыi, якiя адказныя за правядзенне мерапрыемстваў.

— Цi будуць папаўняцца экспазiцыi для музея?

— Так, яны папаўняюцца i цяпер, бо з кожным годам з’яўляюцца новыя. Летась, напрыклад, калi праводзiлiся раскопкi, знайшлi стаянку старажытных людзей, якая была на тэрыторыi Белавежскай пушчы дзесяць тысяч гадоў таму. Археолагi знайшлi наканечнiк стралы ў форме сэрца. Я яго бачыў — насамрэч, такiм сапраўдным сардэчкам зроблены, амаль так, як цяпер уяўляем. Таму абавязкова ў музеi мы зробiм раздзел археалогii.

— Якая сёння самая галоўная задача па развiццi iнфраструктуры Белавежскай пушчы?

— Будаўнiцтва новых гасцiнiц, пунктаў харчавання, распрацоўка новых турыстычных маршрутаў, аднаўленне дарог. На тэрыторыi пушчы дзейнiчае спрошчаны пераход праз мяжу, паток заходнiх турыстаў з кожным годам толькi павялiчваецца. Дарогi нашы не для таго, каб па iх машыны ездзiлi, у нас запаведны рэжым, мы ствараем iх, каб наведвальнiкi, па жаданнi, маглi ездзiць на веласiпедах цi, напрыклад, лыжаролерах. Гэта будзе магчыма ў самым хуткiм часе. Праграма па аднаўленнi дарог у Белавежскай пушчы будзе завершана. Дарэчы, апошнiм разам гэтым пытаннем займалiся яшчэ пры цары, у далёкiм 1914 годзе.

— Як распрацоўваюцца новыя турыстычныя маршруты?

— З улiкам асаблiвасцяў гiстарычных месцаў на тэрыторыi, правядзення даследчых работ. Вярнуся да тэмы раскопак — будзе адкрыты i археалагiчны маршрут, каб людзi пабачылi, дзе жылi iх далёкiя прашчуры i чаму яны выбiралi месцам для паселiшча Белавежскую пушчу.

— А чаму, сапраўды цiкава?

— Жылi яны тут таму, што спрадвеку пушча была багата на птушак i звяроў, давала людзям ежу, прытулак i абарону ад стыхii.

— Белавежская пушча — прывабнае месца для адпачынку. Для развiцця гэтага накiрунку ўжо зроблена шмат, што яшчэ ў планах?

— Павiнна развiвацца сiстэма гасцiнiц i турыстычных паслуг не толькi ў самой Белавежскай пушчы, але i ў навакольных раёнах — Камянюкi, Пружаны... У iх радыусе будзе зроблена адпаведная зона, мы будзем ствараць яе па ўласнай методыцы, якая зараз адпрацоўваецца.

— Як вы ўзаемадзейнiчаеце з польскiм бокам, на тэрыторыю якога таксама прасцiраецца пушча?

— У нас няма канкурэнцыi, кожны мае ўласныя турыстычныя тэхналогii. На сёння вядзецца ўзаемаабмен памiж бакамi. Мы робiм усё, але, напрыклад, толькi год таму на польскiм боку з’явiлiся паказальныя знакi аб тым, што можна ажыццявiць пераход на беларускую тэрыторыю пушчы. Дагэтуль людзi, якiя прыязджалi ў Польшчу ў Белавежскую пушчу, нават маглi i не ведаць, што яна прасцiраецца на дзве краiны.

— Умовы працы ў Нацыянальным парку здавальняючыя. Кажуць, яны нават прыцягваюць спецыялiстаў i з iншых абласцей?

— Калi, напрыклад, Мiнская вобласць знаходзiцца пасярэдзiне краiны, то яе магчымасцi выбару спецыялiстаў прасцiраюцца на 360 градусаў — уявiце круг, у сярэдзiне якога знаходзiцца Мiншчына. Мы можам шукаць спецыялiстаў, якiя жывуць толькi ў межах "паловы круга" — у 180 градусаў, з усходнiх абласцей. Зараз у Нацыянальным парку працуюць 1430 чалавек. Усе атрымлiваюць даволi высокую заработную плату, сярэднi заробак у нас складае 700 тысяч рублёў. Гэта, я лiчу, нармальна.

— Дзе вы шукаеце "вузкiх" спецыялiстаў для зверагаспарадкi, такiх як егеры, напрыклад? У Беларусi iх калi i рыхтуюць, то для патрэб такога волата, як Белавежская пушча, прафесiяналiзм трэба адшлiфоўваць гадамi...

— Уменнi гэтыя перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Увогуле, выпадковыя людзi надоўга ў нас не затрымлiваюцца. Трэба любiць лес, прыроду, усё жывое навокал. Прозвiшчы мясцовых людзей, якiя працуюць у нас цяпер, напрыклад, Седун, прыгадваюцца яшчэ ў царскiх указах. Гэта былi родзiчы сённяшнiх нашых работнiкаў. Я ўпэўнены, майстэрства егера, паляўнiчага, чалавека, якi даследуе звычкi i жыццё дзiкiх звяроў, перадаецца амаль на генетычным узроўнi i становiцца сямейным заняткам. Таму большасць такiх спецыялiстаў — мясцовыя жыхары, якiя ўсё жыццё аддалi пушчы, як i iх бацькi таксама.

— З вышынi вашага вопыту, назiранняў, скажыце, калi ласка, на якой ступенi свайго развiцця знаходзiцца Нацыянальны парк зараз? У якiм стане яго багаццi?

— У любой краiне запаведныя, прыродаахоўныя зоны знаходзяцца пад юрысдыкцыяй i абаронай дзяржавы. У параўнаннi з рэспублiкамi былога Савецкага Саюза, я не буду крывiць душой, Беларусь утрымлiвае Белавежскую пушчу на самым высокiм узроўнi, i гэта прызнаюць усе. Матэрыяльна-тэхнiчная яе база, фiнансаванне навуковых даследаванняў, распрацоўка ўсiх галiновых праграм вядзецца выключна "на выдатна".

У наступным годзе, увосень, у той час, калi па ўсiх старажытных традыцыях было прынята весялiцца i радавацца, бо ўсе традыцыйныя вясенне-летнiя клопаты скончылiся, не толькi нашая краiна, але i ўся зацiкаўленая сусветная грамадскасць будзе адзначаць вельмi прыемную дату. І, што незвычайна, звязана яна фактычна з усiмi сферамi жыцця нашай, ды i не толькi, краiны. З яе гiсторыяй i экалогiяй, культурай, мастацтвам i навукай, яе эканомiкай, гаспадарчым ладам i  турызмам, якi ў апошнiя часы ўсё больш i больш развiваецца. Налета Нацыянальны парк "Белавежская пушча" адзначыць шасцiсотгоддзе з часу ўвядзення першых элементаў запаведнасцi (альбо аховы). Упершыню азначэнне "Белавежская пушча" з’яўляецца ў лiтоўскiх i польскiх граматах у 1409 годзе.

Як ацанiць, шмат гэта цi не вельмi? Насамрэч, нямала. Разам з Беларуссю праз стагоддзi пушча пранесла розныя перыяды станаўлення i развiцця. Аднак заўсёды яна заставалася месцам асаблiвым, незвычайным. Хто б нi гаспадарыў у ёй, разумеў, што зямля гэтая — запаветная i векапомная. I вельмi прыемна, што велiч i слава пушчы, найпрыгажэйшай мясцiны нашай краiны, сёння ўзнята на самую высокую ступень. У 1992 годзе ўчастак высокаўзроставага лесу Нацыянальнага парку быў уключаны ў спiс Сусветнай Спадчыны Чалавецтва. У 1993-м Белавежскай пушчы быў дадзены мiжнародны статус бiясфернага запаведнiка, праз чатыры гады Савет Еўропы ўзнагародзiў Нацыянальны парк Еўрапейскiм дыпломам — яго прызналi эталонам прыродаахоўных устаноў. Летась Нацыянальны парк наведала 196 тысяч чалавек, прычым кожны дзесяты з iх з’яўляўся грамадзянiнам замежнай дзяржавы. Вандруючы, турысты знаходзяць для сябе адметнае — малодшыя школьнiкi, вядома ж, хочуць паглядзець на зубра, людзей сталага ўзросту прыцягвае паветра, подых якога больш не адчуеш больш нiдзе. Цiкаўныя да жывога, да прыроды маюць рэдкую магчымасць пабачыць унiкальныя экзэмпляры раслiн, iм прадастаўлена магчымасць сустрэць у натуральным асяроддзi рэдкiх жывёл.

Сучасныя ўмовы патрабуюць ад Нацыянальнага парку вырашэння адразу ж некалькiх задач. Галоўная з iх — захаваць i памножыць уласнае нацыянальнае багацце. Аднак час на месцы не стаiць, пушча заўсёды лiчылася турыстычнай зонай, месцам для правядзення навуковых даследаванняў, тэрыторыяй для вывучэння гiсторыi, а з легендаў i паданняў пра яе можна скласцi не адзiн фальклорны стос.

Цяпер яна рыхтуецца да юбiлею, i святкаванне 600-годдзя, так супала, прыйшлося якраз на чарговы этап яе развiцця — ужо вызначаны новыя планы i напрамкi, па якiх Нацыянальны парк будзе крочыць у будучыню. Два гады запар, у 2006-м i 2007-м, ён справядлiва атрымлiваў залаты медаль конкурсу "Брэнд года", у намiнацыi "Спадчына". I каб даведацца, што менавiта вызначае любоў i цiкавасць людзей да пушчы, чым яна вабiць i што можа прапанаваць замежным турыстам i закаханым у прыроду роднага краю людзям, што цiкавага могуць знайсцi для сябе навукоўцы, вандроўнiкi, дзецi i дарослыя, карэспандэнты "Звязды" накiравалiся ў Белавежскую пушчу. Як аказалася, уяўленнi нашы пра гэтыя мясцiны былi далёка не поўнымi — каб больш-менш поўна пазнаёмiцца з яе славутасцямi, выдатнымі мясцiнамi, неабходна правесцi тут не адзiн дзень, а каб удосталь нацешыцца асалодай яе прыгажосцi, трэба пражыць у пушчы ўсё жыццё.

"Пушча — загадка, разгадка хаваецца ў лесе"

У новым асобным памяшканнi экалагiчна-асветнага цэнтра, якi будзе пабудаваны, размесцiцца, як адзначыў Мiкалай Бамбiза, i музей, якi будзе адпавядаць сусветным стандартам — там з’явяцца манiторы, на якiх можна будзе паглядзець вучэбныя фiльмы, даведацца пра раслiны, жывёл, пабачыць стужку-расказ пра тое, чым жыве пушча сёння. У такiх iнфармацыйных электронных скрынях будуць знаходзiцца навушнiкi-перакладчыкi — каб замежныя наведвальнiкi пачулi iнфармацыю на сваёй роднай мове. Таксама плануюць, што з’явiцца i музей пад адкрытым небам, якi наглядна зможа расказаць пра ўсе часы жыцця чалавека ў пушчы. Часы старажытныя, з прыкладамi коп’яў i стрэлаў, i перыяду, калi людзi жылi ў курных хатах (iх ужо практычна не захавалася ў музеях краiны), i да сучаснасцi. Сваё пачэснае месца атрымае i наканечнiк стралы ў форме сэрца, знойдзены на леташнiх раскопках.

Экспазiцыi дзеючага музея прыроды перамесцяцца ў музей у будучым экацэнтры. Яны ўтрымлiваюць усё, чым багаты жывёльны i раслiнны свет пушчы. У музеi прадстаўлены калекцыi грыбоў, такiя, што зайздросцяць усе мiколагi краiны, унiкальныя калекцыi насякомых таксама з’яўляюцца вельмi цiкавымi. Ну i, вядома ж, прадстаўлены ўвесь свет фаўны i флоры пушчы. I не толькi — музей можа ганарыцца ўласнай калекцыяй фотаздымкаў паляванняў расiйскiх iмператараў, яны даюць нам уяўленне, як на самай справе выконваўся паляўнiчы рытуал, якi называецца штрэка, — урачыстае мерапрыемства, пры якiм кожны трафей абкладваўся вянком з дубовых лiстоў, для кожнай з жывёл быў створаны ўласны гiмн, а потым адбывалася дэманстрацыя ўсiх паляўнiчых здабыткаў. "Да царскага палявання ў пушчы былi заўсёды дваякiя адносiны. Кажуць, што вельмi шмат аленяў, казуль было пабiта за iх час. Аднак менавiта i дзякуючы паляванню пушча, хоць i высякалi яе актыўна стагоддзi таму, захавалася, таму што рускiя i польскiя каралi ўсё ж такi бераглi яе для сябе першапачаткова", — мяркуе дырэктар музея прыроды Людмiла Грачанiк.

Увогуле багаццi пушчы вабiлi да сябе аматараў хуткiх грошай — ужо з ХVI стагоддзя тут пачалiся актыўныя высечкi лесу. У складзе Расiйскай iмперыi, пры Кацярыне II, Паўлу I шмат зямель было раздадзена, а праз гады яшчэ i замежныя лесапрамысловiкi далучылiся да высечкi лясоў. У Першую сусветную вайну з пушчы вывезлi каля чатырох з паловай мiльёнаў кубаметраў драўнiны. Для гэтага праклалi 300 кiламетраў вузкакалейкi. Нават захавалася да сённяшняга часу паляна, куды звозiлi драўнiну. Кара, якая ў вялiкай колькасцi асыпалася з дрэў, выдзелiла тады столькi рэчыва, што да сёння на гэтай паляне нiчога не расце. Але з iншага боку, у перыяд Вялiкай Айчыннай фашысты не чапалi яе, а наадварот — паставiлi вакол вайсковую заслону i не дазвалялi нiкому нi прайсцi, нi праехаць. Таму што хацелi ператварыць тэрыторыю ў месца для адпачынку высокапастаўленых нямецкiх чыноў. Кажуць, што сам Герынг, якi па запрашэннi польскага боку паляваў у 1939 годзе ў пушчы, звярнуў увагу на багацце белавежскiх лясоў, тым больш, што яго бацька быў галоўным лесаводам Германii. I вырашыў не знiшчаць дрэвы. Аднак не трэба думаць, што да навакольных людзей фашысты ставiлiся з такой жа беражлiвасцю. Хоць не было на тэрыторыi пушчы баявых дзеянняў, аднак у яе нетрах у 1990-х гадах знайшлi астанкi людзей — загубленых сялян, якiя жылi ў час вайны ў блiжэйшых вёсках. Гiсторыкi пачалi даследаванне, i быў знойдзены нават дзённiк нямецкага афiцэра, якi кiраваў расстрэлам. Мiж iншым, фашыст цынiчна пiсаў, што яго каты-салдаты трымалiся добра, нi ў кога не назiралася паслабленне страўнiка... Цяпер у глыбiнi лесу стаiць помнiк жыхарам, на якiм высечаны iх прозвiшчы. "Падаючыя крыжы" — такая яго назва, нагадвае адначасова i гiганцкую свастыку, i праваслаўны крыж — у памяць аб жорсткасцi i смутку аб загiнулых.

Гiсторыя пушчы тоiць у сабе яшчэ шмат загадак, i каб разгадаць iх, яшчэ патрэбен час. Ёсць i навуковыя — напрыклад, гiстарычныя архiвы яе яшчэ не сiстэматызаваныя, але ёсць i тыя, аб якiх яшчэ будзе разважаць не адно пакаленне. Не толькi спецыялiстаў. Напрыклад, у глыбiнi яе захаваўся на каменi след нагi... Багародзiцы. Вернiкi кажуць, што Божая мацi iшла па свеце, i на месцы, дзе зараз Белавежская пушча шумiць, ёй у абутак парушынка трапiла. Яна спынiлася, каб зняць яго, i з гэтага часу на каменi след застаўся — абутай i босай нагi. Да яго прыходзяць малiцца, збiраюць ваду з гэтага месца, каб абмыць ёю твар.

Як месца з доўгай, яшчэ да канца не разгаданай таямнiцай, захоўвае лес яшчэ адзiн старажытны артэфакт — камень з паглыбленнем накшталт чашы, куды нашыя продкi прыносiлi дары паганскiм багам. Недалёка стаiць i дуб са скразным дуплом, якiм раней... лячылi людзей. Было такое павер’е — хвораму трэба было наноў нарадзiцца, i гэта лiчылася магчымым, калi ён праходзiў скрозь ствол дрэва. Хто прыносiў ахвяры, якое племя? Цi лячыла гэтае дрэва? У гэтым яшчэ трэба разабрацца. Дарэчы, турысты, якiх вабiць чароўнасць даўнiны, таксама могуць паспрабаваць знайсцi адказ на гэтыя пытаннi.

"Асобныя навуковыя звесткi аб раслiнным i жывёльным свеце Белавежскай пушчы вядомыя яшчэ з ХVI—ХVII стагоддзяў. Захавалiся асобныя запiсы паслоў, якiя наведвалi яе. Зрэдку тагачасныя натуралiсты вычэрчвалi карты, адзначалi, якiя вiды раслiн ёсць. Да рэвалюцыi планавых даследаванняў не iснавала, увагу вучоных прыцягвалi асобныя падзеi, напрыклад, такiя, як нашэсце шкоднага шаўкапрада-манашанкi, колькасць i ўмовы iснавання зуброў i iншых жывёл, наяўнасць высокаўзроставых дрэў i т.п. Тады пачыналiся распрацоўкi — як змагацца з гэтай з’явай, як утрымлiваць пушчу, як абыходзiцца з зубрам. Больш планава даследаваннi разгарнулiся, калi пушча перайшла да палякаў, ды i ў свеце навука тады ўжо развiвалася на больш высокiм узроўнi. У 1939 годзе, калi тэрыторыя пушчы далучылася да БССР, быў створаны навуковы аддзел, з пачатку 1944 года ён аднавiў сваю дзейнасць. Сёлета спаўняецца ўжо паўстагоддзя з таго часу, як быў выдадзены першы зборнiк "Белавежская пушча", — кажа вядучы навуковы супрацоўнiк, кандыдат бiялагiчных навук Ганна Дзянгубенка.

I па сёння момант распрацоўкi, навуковыя даследаваннi, сумесна i з Акадэмiяй навук, i са студэнтамi-гiсторыкамi, i ўласным штатам навукоўцаў, працягваецца. Тое, што ў пушчы яшчэ шмат чаго не даследавана — перакананы ўсе.

"Безлiч у пушчах i звера, i птушкi Пушча сваёю красой захапляе"

Не ўсе ведаюць, але менавiта дзякуючы намаганням, iнiцыятыве Мiкалая Бамбiзы, у 2006 годзе да Белавежскай пушчы былi далучаны землi Камянецкага, Пружанскага, Свiслацкага раёнаў. Частка iх лясных масiваў такiм чынам набыла статус Нацыянальнага парку, i агульная яго плошча павялiчылася на вельмi добры кавалак. Бо пушча, якая б вялiкая яна нi была, на геаграфiчнай карце толькi кропка сярод прамысловых мегаполiсаў. I таму ўсё роўна адчувае ўздзеянне цывiлiзацыi. Далучаныя землi, якiя з цягам часу ператворацца ў густыя лясы, будуць ахоўваюць асноўную, галоўную частку пушчы ад магчымых наступстваў чалавечай дзейнасцi, быць бар’ерам для гэтых запаведных месцаў. Зараз агульная плошча пушчы складае 163 505 гектараў, а працягласць яе з поўначы на поўдзень больш за 60 кiламетраў, з захаду на ўсход — ад дзесяцi да пяцiдзесяцi.

У Белавежскай пушчы жыве адно з самых маленькiх сысуноў у свеце — буразубка малая, яна важыць каля 4 грамаў. Пушчу насяляе, вядома ж, i зубр — самая вялiкая жывёлiна Еўропы на сушы i адно з самых вялiкiх у свеце стварэнняў прыроды. У 1939 годзе налiчвалася 52 зубры ў заапарках, а на волi — нiводнага. Удалося тады сабраць дзесьцi пяць галоў i перасялiць iх у пушчу. Прадзед беларускiх зуброў, чучала якога стаiць на ўваходзе ў музей, — Пугенал, адзiн з першых, якога прывезлi сюды. Яго родзiчамi былi зубры каўказскай лiнii, i ўвогуле, усе белавежскiя зубры цяпер — памiж сабой сваякi. У "Песнi пра зубра" сцвярджаецца, што памiж рагамi старажытнага зубра маглi ўсесцiся тры чалавекi, аднак вучоныя лiчаць, што ўсё ж такi гэта быў тур. Цi людзi былi не такiя вялiкiя, як цяпер. Спрэчка, дарэчы, не сцiхае па сёння. Цяпер у Белавежскай пушчы жыве дастатковая колькасць легендарных жывёл. Iх можна сустрэць i на пешых маршрутах для турыстаў у глыб пушчы. Зубр жыве нават... на дрэве. Ёсць на адным з дрэў у лесе нараст, якi зрабiла прырода. Каля самай дарогi расце яно, i яшчэ здалёк бачнае, — сапраўды, нiбыта маленькi зубр абляпiў ствол. Раней, у 1860 годзе, па загаду Аляксандра II у пушчы быў пастаўлены помнiк зубру, пасля аднаго з удачных паляванняў 6—7 кастрычнiка. На яго былi запрошаны аўстрыйскiя i прускiя прынцы. У гонар заканчэння царскай забавы быў адлiты зубр у натуральную велiчыню, i паставiлi яго на гранiтны пастамент. Цяпер гэты помнiк знаходзiцца ў Польшчы, але вось пастамента з шыльдай, якая тлумачыць паходжанне зубра, на жаль, не захавалася

Белавежская пушча па колькасцi вiдаў жывёльнага i раслiннага свету прызнана адным з найбагацейшых месцаў на планеце, тут з’яўляецца ўсё больш новых прадстаўнiкоў флоры i фаўны. Напрыклад, была заўважана самая што нi на ёсць сапраўдная архiдэя, кветка якой мела пах ванiлi. Расце i плюшч, якi ў нашай краiне сустракаецца (i тое кропкава) толькi ў раёне Мар’iнай Горкi. У пушчы пачалi гнездавацца знiкаючыя вiды птушак — арлан-белахвост i белая чапля. Птушкi пасялiлiся ў пушчы дзякуючы ў тым лiку i стварэнню тут штучных азёраў. Яны ўзводзiлiся з 1960-х гадоў. Запаведна-паляўнiчая гаспадарка, якая працавала тады ў пушчы, мела патрэбу ў развядзеннi дзiкiх вадаплаўных птушак. Для гэтай мэты i пачалi праводзiць мелiярацыю, стварылi вадасховiшчы. Яны станоўча паўплывалi на павелiчэнне разнастайнасцi арнiтафаўны. Напрыклад, арлан-белахвост, якi харчуецца рыбай з вадаёмаў, можа жыць толькi ў месцах, дзе не адчуваецца прамысловага ўздзеяння чалавека на навакольнае асяроддзе. Хiмiкаты i адходы, iншыя забруджвальнiкi трапляюць у ваду, адтуль у арганiзм рыбы. У страўнiк арлана, якi спажывае рыбу, i могуць трапiць шкодныя рэчывы, якiя потым назапашваюцца ў арганiзме птушкi. Зразумела, нiчога добрага яны ёй не прыносяць. Таму арлан-белахвост можа жыць толькi ў экалагiчна чыстых мясцiнах. Азёраў у пушчы некалькi дзесяткаў, на некаторых абсталяваны пляжы для адпачываючых.

Адно з самых старых дрэў у пушчы — дуб, якому каля 600 гадоў. Да яго любяць хадзiць людзi. Цяпер велiкан ужо рэдка прыносiць жалуды. Але, як сцвярджае па‑ данне, той, хто яго знойдзе, i пасадзiць у зямлю, можа загадваць любое жаданне — яно абавязкова збудзецца. Яго вышыня — 28 метраў, дыяметр — два (каб яго абхапiць, патрэбна пяць чалавек). Яго драўнiны хапiла б, каб пабудаваць невялiкi дом. Аднак, безумоўна, знiшчаць такое дрэва i ў галаву нiкому не прыйдзе. Хоць былi спробы — на яго кары выразна вiдаць след ад цыркулярнай пiлы. Яго пакiнулi англiйскiя лесарубы з фiрмы "Century European Corporation", цi, як называлi яе мясцовыя жыхары, "Цэнтурыя". Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны, згода з Рыжскiм пагадненнем, частка пушчы перайшла да палякаў. Яны i аддалi вялiкую частку яе плошчы пад канцэсiю лесапрамыслоўцаў-"цэнтурыянцаў". Аднак нават iх магутным пiлам не пакарыўся асiлак. Яны не здолелi звалiць яго, толькi паспрабавалi падпiлаваць. Некалькi гадоў таму ўраган зламаў тры галiны дуба — з iх атрымалася амаль дзве машыны дроў. Увогуле, дуб у пушчы — адно са знакавых дрэў. Ёсць яшчэ адзiн, таксама знакамiты — удзельнiк першых кiнафiльмаў пра Белавежскую пушчу. У сярэдзiне яго прырода зрабiла адтулiну, у якую майстры ўладкавалi статую дзядулi-лесавiчка. Кажуць, дзядуля вельмi мудры, ён ведае мову птушак i звяроў, а асаблiва любiць ён дапамагаць закаханым. Калi падысцi i цiхенька расказаць яму пра каханага чалавек, то ўжо не разлучышся з iм нiколi.

Яшчэ адно векапомнае дрэва — сасна, вышынёй у 30 метраў, i ўзростам больш за 350 гадоў. Не так даўно вучоныя праводзiлi даследаванне i высветлiлi, што ў насеннi "маладых" хвойных дрэў на 30 працэнтаў карыснага геннага матэрыялу менш, чым у "старых" елак i соснаў. Сярэднi ўзрост дрэў пушчы — 100 гадоў. Сярод дрэў, характэрных для гэтых мясцiн, расце яшчэ ясень, лiпа, асiна, бяроза, граб, вяз. Дарэчы, апошнi жыве толькi на вельмi ўрадлiвых глебах. Нават з’явiлася здагадка, што назва "Брэст" пайшла не ад слова "бяроста", як меркавалi раней, а ад азначэння "бераст" (па-сучаснаму — вяз). У пушчы можна сустрэць i рэдкiя дрэвы — у прыватнасцi, пiхта белая, алешына, якая расце адным ствалом, а не як мы прывыклi бачыць, парасняком.

"Пушча нiколi не надакучыць, то ельнiк, то вясёлы бярэзнiк, магутныя дубы стаяць... Такая пастаянная мазаiчнасць характэрна для натуральных лясоў, якiя растуць у адпаведнасцi з экалагiчнымi патрэбамi кожнай драўлянай пароды", — тлумачыць Ганна Дзянгубенка.

На жаль, уздзеянне навакольнага асяроддзя ўплывае на стан лясоў. I не толькi ў Белавежскай пушчы, такая з’ява назiраецца ва ўсiм свеце. Нацыянальны парк выконвае i ролю "вартаўнiка" Еўропы на шляху тэхналагiчна забруджанага паветра. Таму актуальна пытанне захавання ляснога багацця, адна з галоўных задач работнiкаў — дапамагчы характэрным для пушчы раслiнам i дрэвам. Для гэтага запланавана спецыяльна вырошчваць добры пасадачны матэрыял для аднаўлення лясных дрэвастанаў, падтрымкi колькаснай i вiдавой разнастайнасцi

"Пушча напоена, нетры яе i прылескi — месцы iгрышчаў"

У часы Савецкага Саюза пушчу наведвалi каля 200 тысяч турыстаў у год. У пачатку 1990-х гадоў паток знiзiўся да 15 тысяч чалавек. Цяпер цiкавасць людзей да гэтага месца адноўлена — толькi за чатыры сёлетнiх месяцы сюды завiтала ўжо 50 тысяч турыстаў. Кола гасцей, якiя б хацелi не толькi даведацца пра цуд Беларусi, але i на ўласныя вочы яго пабачыць, пашыраецца. I гэта заканамерна, бо турыстам з кожным годам прапануецца ўсё больш паслуг, пастаянна распрацоўваюцца ўсё новыя i новыя метады прыцягнення. Улiчваюць усе дробязi. Да шасцiсотгоддзя нават Iнтэрнэт-сайт www.npbp.brest.by хуткiм часам зменiць свой выгляд i склад.

— Цяпер сайт створаны на рускай мове. З-за гэтага за мяжой недастатковая колькасць людзей, якая можа прыехаць да нас, можа скарыстацца iнфармацыяй, размешчанай на яго электронных старонках. Таму з мэтай больш шырокага прыцягнення замежнай публiкi ўсiх узростаў, мы вырашылi змянiць сайт, i ўжо хутка ён будзе даступны i на англiйскай мове. Увогуле, уся iнфармацыя будзе дапоўнена, дабаўлена шмат новых матэрыялаў. Сайт будзе складацца з навiнаў, iнфармацыi аб Белавежскай пушчы, навуковых даследаваннях у ёй, актыўна будзе працаваць раздзел турызму. Увагу звернем i на старонку, прысвечаную беларускаму Дзеду Марозу... Зменiцца i знешнi выгляд — створым новы дызайн Iнтэрнэт-старонак, — распавядае вядучы спецыялiст па iнфармацыi Людмiла Куземка.

Дарэчы, пра Дзеда Мароза... Калi раней у пушчу прыязджалi для таго, каб захапiцца зубрамi, паблукаць па цудоўным лесе, паглядзець на музейныя экспанаты, i проста насыцiцца свежым паветрам, якога ў горадзе больш няма, то цяпер пушча стала вядомай яшчэ i як месца пражывання навагодняга цудадзея — Дзеда Мароза. Завiтаць у яго сядзiбу прыязджаюць не тое што палякi, украiнцы, немцы, i, вядома ж, беларусы, але i расiяне — а ў iх дзядуля гэты жыве нават у двух месцах, у Вялiкiм Усцюгу i маскоўскiх Кузьмiнках. Летась 75 тысяч чалавек пажадалі прыехаць у госцi да белавежскага Дзеда Мароза i яго ўнучкi Снягуркi. Прычым не толькi дзецi, але i дарослыя з нецярпеннем чакаюць, калi прыедуць сюды яшчэ раз — бо кожны год тут з’яўляецца ўсё больш новага i цiкавага.

I зразумела чаму. Ужо каля варот у сядзiбу вас сустрэнуць два драўляныя вартаўнiкi, зробленыя мастаком i рэзчыкам па дрэве Аляксандрам Масло — ён сваiмi рукамi аздобiў цi не ўсё гэтае месца. Вартаўнiкi, кажуць, прапускаюць толькi людзей з добрымi думкамi, бо злым i дрэнным асобам у Дзеда Мароза рабiць няма чаго. Захавальнiца сядзiбы Марыя Бядок расказвае паданнi i казкi чароўнай сядзiбы. Iх, аказваецца, столькi, што, здаецца, не хопiць i ўсяго дня, каб праслухаць.

"У мiнулым годзе ў сядзiбе пачалося перабудаванне. Памянялi iлюмiнацыю — толькi ў доме, дзе жыве Дзед Мароз, з’явiлася каля 40 тысяч агеньчыкаў. Пабудаваны на новым месцы Млын, якi перамолвае дрэнныя людскiя ўчынкi, ператварае iх у пыл i пясок, каб зла на зямлi стала менш. Калi дакрануцца да яго рукой i так пастаяць некалькi хвiлiн, жаданнi абавязкова спраўдзяцца. Аднавiлi палянку, на якой стаяць казачныя Дванаццаць месяцаў. У халодную, марозную пару года, на свята Масленiцы ў яе сярэдзiне раскладваецца вялiзнае вогнiшча, i каля яго могуць грэцца ўсе ахвотнiкi.

Iснуе старажытная гiсторыя, што навагодняя ёлка, самае высокае дрэва ў краiне, пасадзiў Дзед Мароз з адзiнага зярнятка. Ён палiваў i прыглядваў за ёй, калi раптам наляцеў злы вецер Сухавей i так моцна дзьмуў, што нават старыя дубы павалiлiся. Але ёлачка выстаяла, расце ў сядзiбе на радасць людзям, i цяпер кожны год каля яе весяляцца людзi. Калi паглядзець у вокны дома Снягуркi, можна ўбачыць у люстэрку на процiлеглым баку сваё адлюстраванне. Мужчыны пасля гэтага стануць больш мужнымi, а жанчыны — яшчэ прыгажэйшымi. Ёсць у нас i яшчэ адно люстэрка — менавiта тое, якое разбiла мачаха ў казцы пра Спячую прыгажуню. Яго аскепкi трапiлi ў Белавежскую пушчу, iмi абкладзены калодзеж Дзеда Мароза. Калi да яго наблiзiцца чалавек, якi не зрабiў нiводнага злога ўчынку за ўсё жыццё, чароўнае люстэрка зноў стане цэлым".

Шчыра кажучы, захапляльная прагулка па ўзгорках сядзiбы, дзе на кожным кроку цябе сустракаюць казачныя персанажы, героi, пра якiх мацi чытала гiсторыi ў дзяцiнстве, нават дарослых людзей пераконвае ў тым, што цуд iснуе, i што з Дзедам Марозам можна сустрэцца i цяпер. Хоць i прайшло свята Новага года, але ён усё роўна жыве ў сваiм доме, i чакае кожнага дарослага i дзiця, сустракае сваiх гасцей не ў зiмовай футры, а ў летнiм уборы. Вось толькi яго Снягурка паехала пагасцiць да бабулi Зiмы. Але вернецца з надыходам халадоў.

З пачаткам кожнага новага турыстычнага сезона традыцыйна Белавежская пушча прапануе сваiм гасцям усё больш паслуг. Хутка адчынiць свае дзверы новая гасцiнiца, якая будавалася з разлiкам на атрыманне статуса чатырохзоркавай. У ёй будзе бiльярдная зала i саўна, басейн, месцы для адпачынку, рэстаран. Аднак, акрамя яе, i цяпер кожны госць можа знайсцi сабе занятак для больш цiкавага адпачынку. Можна пайсцi на чатыры—шэсць гадзiн на рыбалку, працуе цудоўная спартыўная зала, саўна, тэнiсны корт. Аматары актыўнага баўлення часу могуць узяць на пракат веласiпед, а хутка — i ролiкавыя канькi, выбрацца на шматгадзiнны пешы маршрут у глыб пушчы, дзе ёсць усе шанцы ў жывой прыродзе сустрэць аленя, дзiка, зубра... Дзiкiх звяроў — зуброў, аленяў, тарпанаў — можна ўбачыць i ў вялiкiх вальерах. Iх можна таксама ўбачыць, калi ажыццявiць на вясёлым "цягнiчку" падарожжа па Нацыянальным парку.

Калi прагаладалiся — на выбар рэстаран цi некалькi кафэ. Дарэчы, у рэстаране Белавежскай пушчы нават знакамiтая галiвудская актрыса Джэйн Фонда i не менш вядомы медыямагнат Тэд Цёрнер з апетытам каштавалi стравы паляўнiчай кухнi. Бо гэта адно з нямногiх месцаў у краiне, дзе гатуюцца спрадвечна беларускiя стравы з дзiчыны, цудадзейныя напоi, настоеныя на пушчанскiх травах.

Новая гасцiнiца будзе ўжо чацвёртай па лiку, тут ужо працуюць дзве, i яшчэ адна — у блiжэйшай вёсцы Камянюкi. Прычым яны маюць статус трохзоркавых, у iх вельмi ўтульныя, з усiмi выгодамi, паўлюксавыя i люксавыя нумары, якiя разлiчаны на аднаго, два чалавекi, цi сям’ю. Высокi ўзровень сэрвiсу ў iх нiяк не ўплывае на кошт — ён, вiдавочна, невысокi. У параўнаннi з гасцiнiцамi такога ж узроўню ў iншых месцах нашай краiны (ужо не будзем казаць пра замежжа), Белавежская пушча прапануе сваiм гасцям рэальна даступны кошт адпачынку. Напрыклад, паўлюксавы нумар на аднаго чалавека каштуе 56 тысяч, у цану ўваходзiць i сняданак. Не дзiва, што нумары запоўнены круглы год. А яшчэ акрамя iх на тэрыторыi ляснiцтваў, якiх у Нацыянальным парку шаснаццаць, адпачываючым прапануюць i гасцявыя домiкi. Яны знаходзяцца ў самiм лесе, што, згадзiцеся, для людзей, якiя прыехалi адмыслова паблукаць па пушчы, адчуць гоман яе дрэў, вельмi зручна. Кампанiя з дзевяцi-дванаццацi чалавек можа нават размясцiцца ў былым маёнтку графа Тышкевiча. Дом яго цяпер вядомы як,гiстарычнае месца i карыстаецца папулярнасцю. Дарэчы, стаiць ён на поўначы пушчы, у запаведнай зоне, якая ўключана ў Спiс сусветнай спадчыны чалавецтва.

Тое, што аб высокiм узроўнi сэрвiсу тут клапоцяцца пастаянна, улiчваюць кожную дробязь, бачна нават па тым, як утрымлiваюцца дарогi. Яны сваiмi артэрыямi аб’ядноўваюць Белавежскую пушчу. Калi раней, каб дабрацца з паўночных ляснiцтваў да адмiнiстрацыйнага цэнтра ў вёсцы Камянюкi, трэба было ехаць некалькi дзён, то цяпер гэты прамежак пераадольваецца за тры-чатыры гадзiны. Былi адноўлены ўнiкальныя чыгунныя масты, што стаяць на дарогах пушчы. Яны былi пабудаваны больш за стагоддзе таму расiйскiм iмператарам — усяго iх дзесяць на беларускай, i два на польскай тэрыторыi. Раней, пры цару, на мастах былi замацаваны барэльефы з выявай двухгаловага арла з вензелем цара. Потым у ХХ стагоддзi гербы iмперыi былi з мастоў знятыя. I толькi некалькi гадоў таму па iнiцыятыве Мiкалая Бамбiзы выявы былi па-новаму адлiты i замацаваны на ранейшых месцах. Масты, такiм чынам, набылi свой першапачатковы выгляд. Увогуле, гiсторыя стварэння пушчанскiх дарог можа даць iнфармацыi не менш, чым экскурсаводы. Некаторыя былi перароблены з вузкакалейкi — таго самага чыгуначнага шляху, з якога немцы ў першую сусветную вывозiлi драўнiну. Адну з першых за ўсю гiсторыю мясцовыя жыхары ўмоўна называюць "28 паваротаў". Яна выводзiць турыстаў да вялiкай паляны, дзе раней у польскага караля Станiслава Аўгуста Панятоўскага былi смалакурнi. Цяпер на гэтым месцы праводзяцца святы i ўрачыстасцi, умацавана невялiкая сцэна, пабудаваны месцы для адпачынку. Па гумарыстычных расказах мясцовых жыхароў, дарогу праклалi адмыслова перад прыездам караля Панятоўскага ў пушчу. Яго высокасць вырашыў праверыць, як працуюць яго гаспадаркi. Дык вось, нанялi спецыяльнага майстра, якi рабiў сваю справу не тое што дрэнна — але марудлiва. А тут ужо вестка разнеслася, маўляў, Панятоўскi выехаў. Пачалi хуценька да смалакурняў прачышчаць шлях, i выйшла дарога крывая, з паваротамi, каляiнамі i калдобiнамi. Прыехаў, нарэшце, кароль, i адразу ж майстра да сябе падзывае. А той падыходзiць i думае — усё, не даруюць яму за такую дрэнную дарогу. З жыццём развiтаўся. А ў карэце, па баках караля, мiж iншым вялiкага ахвотнiка да паненак, сядзяць дзве дзяўчыны прыгажосцi неапiсальнай. Ехалi яны з Панятоўскiм увесь час, i як паварот трапляў, дык то адна, то другая да яго высокасцi прыхiлiцца, а як каляiна — дык увогуле i на яго каленi, да радасцi караля, скачуць. I кажа Станiслаў Аўгуст майстру, што той малайчына, добрую дарогу зрабiў. Толькi адзiн недахоп. "Павароты?" — з жахам пытаецца майстра. "Так, — адказвае кароль, пазiраючы на паненак. — Павароты. Мог бы ўжо i больш iх зрабiць"...

...На сёння для карысцi, развiцця дзяржаўнай прыродаахоўнай установы "Нацыянальны парк "Белавежская пушча" зроблена шмат. I, як адзначае Мiкалай Бамбiза, работа працягваецца, вызначаныя прыярытэтныя задачы выконваюцца. Захаванне i аднаўленне прыродных багаццяў пушчы, навуковыя распрацоўкi i даследаваннi, развiццё турыстычнай iнфраструктуры — гэта толькi асноўныя напрамкi, па якiх працуюць людзi. Усiм нам Белавежская пушча яшчэ з дзяцiнства ўяўлялася запаветным, векапомным, магутным, у нечым казачным месцам. Такая яна на самай справе i ёсць — прыгожая i бясконца мудрая, нiбыта сама мацi-прырода сваёй рукой пяшчотна, з любоўю падарыла нам сваё стварэнне. Падарыла не толькi для захаплення, але i для таго, каб людзi вучылiся любiць i аберагаць усё жывое, каб мы адчувалi, што вось гэтае месца i ёсць родны край. Рыхтуючыся да свайго 600-годдзя, Нацыянальны парк уступае ў яшчэ больш высокую стадыю свайго развiцця i станаўлення. Зараз стала магчыма зрабiць тое, аб чым толькi марылi яшчэ дваццаць гадоў таму. I таму можна з упэўненасцю казаць, што гiсторыя Белавежскай пушчы толькi пачынае свой новы адлiк.

Дзмiтрый АЛЬФЕР,

Алена ДАЎЖАНОК,

Марыя ЖЫЛIНСКАЯ (фота).

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Размова з генеральным дырэктарам Дзяржаўнай прыродаахоўнай установы "Нацыянальны парк "Белавежская пушча" Мiкалаем Мiкалаевiчам Бамбiза
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика