Цвёрда стаяць на зямлi Гайшына
Цвёрда стаяць на зямлi Гайшына
— Я мару, каб наша зямля не гiбалася пад нагамi, — вобразна расказвае сваю мару стараста вёскi Гайшын Слаўгарадскага раёна Марыя Ігнаценка. — Стаяць i не баяцца, што ўпадзеш. А каб пусцiць корань у зямлю, трэба за нешта ўчапiцца. Нам вельмi патрэбны праца i заробак, каб людзi былi задаволеныя жыццём. Ад Гайшына да Парыжа Гэту жанчыну называюць "выканаўчым цэнтрам" Гайшына. Жарт, у якiм адна праўда: актыўная Марыя Мiхайлаўна, якую абралi старастай вёскi паўгода таму, з лёгкасцю ўздымае вяскоўцаў на серыю веснавых суботнiкаў i не губляецца перад начальствам, калi трэба дапамагчы пенсiянерам з пасяўной кампанiяй. Больш за тое, Iгнаценка мае сваю праграму развiцця Гайшына. Iнтуiцыя i прарочыя сны (!) падказалi ёй, што да 2010 года ў роднай i любiмай вёсцы павiнна аднавiцца нармальнае жыццё, перарванае 22 гады таму. Гайшын пацярпеў ад чарнобыльскай катастрофы, а цяпер рэабiлiтаваны. — Да катастрофы ў Гайшыне жылi больш за тысячу чалавек, у нас пасвiлi тры статкi кароў, — узгадвае Iгнаценка. — Так, наўрад цi мы дасягнем таго дааварыйнага ўзроўню. Цяпер у нас усяго каля сотнi жыхароў. Але мы хочам жыць тут: а потым нiбыта галiны разыдуцца, i паступова вёска адродзiцца. Так павiнна быць. Марыя Мiхайлаўна, як i многiя аднавяскоўцы, выехала з Гайшына, ратуючы дзяцей ад радыяцыi. За дзесяць гадоў так i не здолела па-сапраўднаму прыжыцца на новым месцы, i разам з мужам яна вярнулася. Падняцца на ногi дапамагла мiжнародная праграма "Супрацоўнiцтва дзеля рэабiлiтацыi" (СОRЕ). Пяць гадоў таму Iгнаценкi i iншыя зацiкаўленыя сем’i атрымалi элiтнае насенне бульбы i спецыяльна падабраныя ўгнаеннi. Добры ўраджай апраўдаў спадзяваннi: бульба вырасла не забруджаная. На наступны год поле пашырылася, i цяпер каманда гайшынцаў вырошчвае на сваiх прысядзiбных участках цыбулю, часнок, буракi. Яны атрымалi ў крэдыт жывёлу. Гаспадарка кормiць i дае прыбытак. — Паглядзiце на мае клубнiцы, я расаду прывезла з Францыi, — паказвае свой агарод Марыя Мiхайлаўна. — Па праграме СОRЕ я трапiла пад Парыж, дзе знаёмiлася з вопытам жывёлагадоўлi i раслiнаводства. Там веды перадаюцца наступным пакаленням стагоддзямi, таму нам "да Парыжа" яшчэ нямала пяцiгодак. Але я буду iмкнуцца. Паглядзiце, пасадзiла кусты малiны i парэчак. Будзе i ў нас тут добрая i чыстая ягада. Вясковыя культурныя пасядзелкi Гайшын робiць на вандроўнiкаў дзiўнае ўражанне. Не, гэта не закiнутае месца, дзе жывуць чарнобыльскiя пустэльнiкi. Тут ёсць новыя дамы i прыметы сучаснай цывiлiзацыi ў выглядзе спадарожнiкавых талерак на хатах i прыпаркаваных каля падворкаў прыстойных аўтамабiляў. Аднак разам з iмi суседнiчаюць паўразбураныя будынкi i ўжо зусiм руiны з аголенымi падмуркамi, якiя пахаваюць у наступным годзе. А вясковыя вулiцы маюць нейкi незавершаны выгляд: нiбыта хацелася большага, але пакуль не атрымлiваецца. Гайшын мае багатую гiсторыю. Да рэвалюцыi гэта было вялiкае паселiшча: яно славiлася сваiмi магутнымi млынамi, якiя належалi заможным яўрэям Гейшыным, i вялiкiмi кiрмашамi. — Вось тут, у цэнтры, стаяла царква, якую потым разбурылi ў гады калектывiзацыi, — паказвае бiблiятэкарка Аляксандра Мацюшава. — Iмкненне да новага ладу жыцця было такое моцнае, што нават плiты з магiл святароў павыкiдалi. А ў вёсцы былi царкоўна-прыходская школа i бiблiятэка, вядомая з 1894 года. Цяперашняя бiблiятэка — невялiкi пакой, напоўнены кнiгамi. Да Чарнобыля тут чытачоў налiчвалi сотнямi, а цяпер заўзятых аматараў чытання набiраецца дзесяткi тры. Але гэта не нагода для таго, каб скардзiцца на жыццё i сядзець склаўшы рукi. Так вырашыла Мацюшава разам з сяброўкамi, i яны арганiзавалi культурную праграму. Першае свята вёскi адбылося ўвосень: Гайшынскiя пасядзелкi ў гонар "Кузьмiнак — восенi памiнак". Расказвалi гiсторыi, спявалi i танчылi, сустракалi гасцей з хлебам-соллю. Цяпер жанчыны рыхтуюць новую праграму "Вяселле ў Гайшыне". Святы праходзяць у невялiкiм сельскiм клубе. Тут усё па-сялянску, проста i акуратна. У холе стол з вышываным абрусам, бiльярдны стол для мужчын, сцэна для канцэртаў i невялiкi пакой са старымi сялянскiмi рэчамi. Iх збiрала па ўсёй акрузе загадчыца клуба Алена Громава. Яе муж катэгарычна адмовiўся з’язджаць з родных мясцiн. А Алена Канстанцiнаўна — кухар дзiцячай установы. I ў вёсцы, дзе цяпер жыве толькi 7 дзяцей, працы ёй не знайсцi. Тады яна памяняла прафесiю. — У нас тут людзi добрыя, — расказвае работнiца культуры. — Усе добразычлiвыя i заўсёды адзiн аднаму дапамагаюць. Дарэчы, у музейным кутку знайшлася мастацкая рэпрадукцыя, якая была выраблена ў друкарнi выдавецтва "Звязда" за савецкiм часам. Набыў яе за 63 капейкi вясковец i потым аддаў у клуб. Сюжэт з карцiны Макоўскага "Дзецi, якiя бягуць ад навальнiцы" можна лiчыць сiмвалiчным. — Не ведаю, мiнула чарнобыльская навальнiца цi не, — разважае Аляксандра Дзмiтрыеўна. — Людзi беглi тады ад яе, але цяпер вяртаюцца. Уцёкi ад Чарнобыля 22-ю гадавiну радыяцыйнай катастрофы, якая, гавораць мясцовыя, "сапсавала ў Гайшыне ўсё жыццё", адзначаць лiтаратурнай вечарынай у бiблiятэцы. Жанчыны вырашылi чытаць вершы пра родны край, якiя напiсалi ўраджэнцы гэтых мясцiн Кастусь Кiрэенка i Мiхась Стральцоў. Потым будуць успамiны пра вясну 1986 года. — Я працавала ў Магiлёве на "Хiмвалакне" i ў нас забарахлiлi прыборы, якiя працавалi на iзатопах, — узгадвае Аляксандра Мацюшава. — Урэшце прыйшоў вайсковец, якi i паведамiў, што быў знешнi выкiд радыяцыi. А 1 мая я завiтала да бацькоў у вёску. Тады пра Чарнобыль не дазвалялi асаблiва казаць, але да суседзяў прыехалi людзi з 30-кiламетровай зоны. Яны расказвалi, як беглi праз лес, а ён свяцiўся. Мы малiлiся штодня, каб гэты жах скончыўся... Нягледзячы на сумныя ўспамiны, у Гайшыне, падаецца, нiхто не шкадуе, што давялося вярнуцца ў вёску з чыстых мясцiн. Наадварот, шкадуюць, што з’ехалi. — Дурное перасяленне, — шчыра выказвае сваё меркаванне Марыя Iгнаценка. — Не трэба было нашу вёску чапаць. Усюды амаль што аднолькавая радыяцыя. А вось нашым старым мы скарацiлi жыццё, калi скранулi iх з абжытага месца — як мiнiмум, гадоў на пяць. — Я вярнулася на Слаўгарадчыну з чыстага Круглянскага раёна, — працягвае бiблiятэкарка. — Можаце не верыць, але мы тут патрыёты, каранямi прыраслi. Мне снiлася мая хата i мае сцяжынкi. I цяпер тут нiбыта дыхаецца лягчэй. Таму будзем лячыць гэтую зямлю, ратаваць яе. Няхай ужо не для нас самiх, але для дзяцей i ўнукаў. Сама Мацюшава збiраецца блiжэйшым часам стала пераехаць у Гайшын з суседняй вёскi. Разам з ёй прыедуць двое дзяцей, якiх яна ўзяла пад апеку. Плануе забраць у сям’ю яшчэ двух малых. А пакуль жанчына ўсiх частуе цукеркамi: у Аляксандры Дзмiтрыеўны нарадзiўся ўнук i яна хоча, каб яго жыццё было сапраўды салодкiм. Можа, у Гайшыне?.. Добра гэта цi дрэнна, але нiхто з жыхароў Гайшына, з якiмi давялося весці гутарку, не ведае дакладны ўзровень радыяцыйнага забруджання ў вёсцы. Вылiчылi так: было, напэўна, вышэй за 15 кюры на кiламетр, бо людзей адсялялi. А цяпер, пасля рэабiлiтацыi, меней за 5 кюры, бо мясцовых дзяцей возяць на аздараўленне толькi раз на год. I хоць у бiблiятэцы стаiць застаўка "Не сцiхае рэха Чарнобыля", яно, вiдаць, усё ж такi сцiхае. — Не, зусiм забыцца на Чарнобыль, зразумела, немагчыма, — гавораць жанчыны. А далей прызнаюць: — Але калi памятаць пра гэта штодня, звар’яцець можна! — Час лечыць любое гора, i гэта ратуе, — працягваюць гайшынкi. — Сумна, бясспрэчна, што так здарылася. Але бiцца галавой аб сценку не выпадае. Гайшынская рэабiлiтацыя Людзi гавораць, што цяпер для iх наладзiць нармальнае жыццё ў вёсцы — справа больш важная, чым сумныя думкi пра радыяцыю, яе шкоду i наступствы. — У нас ёсць вольныя працоўныя рукi, а прыкласцi iх няма куды, — просiць садзейнiчання ўладаў стараста Марыя Iгнаценка. — Так, мы працуем на зямлi i пракармiцца можам. Але хацелася б яшчэ i трывалага працоўнага месца ад дзяржавы, каб быў пастаянны заробак. Паглядзiце, iдзе хлопец: ён добры, але месяц пахадзiў у брыгаду i зарабiў 26 тысяч рублёў. Цi гэта грошы? А маладыя застануцца, калi б у iх добрая праца была. Людзi сюды пойдуць i будуць жыць. Нам бы толькi крышачку дапамагчы. I тады ў нас будзе сапраўдная рэабiлiтацыя. — Iнвестыцыйныя праекты Гайшына пакуль, на жаль, не рухаюцца, — паведамiла старшыня Слаўгарадскага раённага Савета дэпутатаў Таццяна Кананчук. — Мы прапаноўвалi зрабiць тут лесапiлку, але так i не знайшоўся iнвестар. Тут ёсць неблагi будынак на былым мехдвары, i любы камерсант мае магчымасць зрабiць тут вытворчасць. Але пакуль на гэтую нерухомасць нiхто не "клюнуў". Так што адзiная рэальная перспектыва, лiчыць кiраўнiцтва раёна, — ствараць працоўныя месцы ў сферы абслугоўвання турыстаў, пакуль на Сажы добра клюе рыба. Самая вялiкая тутэйшая адметнасць — прырода. Гайшын месцiцца на гары над ракой. Далягляды i краявiды — цудоўныя. А яшчэ i добрая рыбалка! Увесь Слаўгарад прыязджае сюды на Сож лавiць рыбу: ад мiкраскапiчных пячкурыкаў да вялiзных шчупакоў. Таму менавiта з развiццём аграэкатурызму звязваюць будучае Гайшына. I адна з мясцовых жыхарак спрабуе цяпер арганiзаваць вясковы Дом адпачынку. Тым больш што непадалёк славутая Блакiтная крынiца, якую лiчаць святой i гаючай i якая прыцягвае шмат людзей. Гайшынцы, якiя просяць падтрымкi ў дзяржавы, i самi гатовыя працаваць на будучыню сваёй вёскi. З дапамогай замежнiкаў яны навучылiся вырошчваць чыстыя харчы. Жанчыны мяркуюць адрадзiць тут казiны промысел, каб падтрымлiваць iмунiтэт каштоўным малаком. Гайшынцы просяць праваслаўных святароў дапамагчы пабудаваць на месцы старой царквы каплiцу для вернiкаў. Сваiмi сiламi наводзяць парадак у вясковым парку i запланавалi на сёлета зрабiць пляж на Сажы. — Ведаеце, гэтыя людзi зразумелi, што да iх нiхто не прыйдзе i не зробiць, калi яны самi не будуць дзейнiчаць i ажыццяўляць свае мары, — падтрымлiвае iнiцыятыву Гайшына Таццяна Кананчук. Што ж, гайшынскi дзейсны аптымiзм — гэта частка багатай спадчыны гэтай вёскi на Слаўгарадчыне. Гавораць, што Гайшын быў спрадвеку вядомы гумарам сваiх жыхароў, iх жартамi i розыгрышамi. Гайшынцы любiлi пасмяяцца з чалавечых недасканаласцяў, i на свой вясёлы лад змагалiся з лянотай, сквапнасцю i глупствам. Праўда, цяпер падрабязных звестак пра гайшынскiя забавы не знайсцi: у вёсцы, па якой пранеслiся разбуральнымi смерчамi рэвалюцыя, вайна ды Чарнобыль, мала ведаюць пра мiнулае. Толькi рэха засталося ад тых часоў, але рэха добрае. Сучасныя гайшынцы ўпэўненыя, што чым скардзiцца ды злавацца, лепш папрацаваць ды пасмяяцца. Таму i кажуць, што ў Гайшыне адчуваецца асаблiвы дух, якi i дапаможа вёсцы выжыць i адрадзiцца. Iлона Iванова. Слаўгарадскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Я мару, каб наша зямля не гiбалася пад нагамi, — вобразна расказвае сваю мару стараста вёскi Гайшын Слаўгарадскага раёна Марыя Ігнаценка. — Стаяць i |
|