Дзве "зоны" аднаго раёна
Дзве "зоны" аднаго раёна
Сёлета ў Касцюковiчах адбудзецца па-сапраўднаму значная падзея — святкаванне 500-гадовага юбiлею горада. Факт цiкавы, адметны i, зразумела, прыемны. І асаблiва з улiкам вядомай акалiчнасцi — яшчэ не так даўно сёй-той недвухсэнсоўна сумняваўся ў перспектывах як горада, так i ўсяго раёна. Касцюковiччыну "накрыла" чарнобыльская пляма, прычым у забруджанай радыяцыяй зоне тут апынулiся 78 cа 183 населеных пунктаў. Усё вырашалi кiламетры Першая i даволi абмежаваная iнфармацыя з’явiлася толькi ў пачатку мая, калi ўсiм жыхарам раёна настойлiва параiлi не пiць малако, ваду з адкрытых студняў, не спажываць ягады i грыбы. Спачатку гэтаму проста не надалi вялiкай увагi, нiякай панiкi не было, падавалася, што "Чарнобыль — вельмi далёка". Аднак ужо праз некалькi тыдняў больш дэталёвыя замеры засведчылi высокае ўтрыманне радыенуклiдаў на 40 працэнтах тэрыторыi Касцюковiччыны. Як вынiк, у мясцовыя крамы пачаўся масавы завоз малочных, мясных, рыбных кансерваў i марской капусты, а на прыватныя падворкi — чыстага сена. Потым сталi актыўна асфальтаваць вулiцы ў вёсках, будаваць артэзiянскiя свiдравiны. А затым надышла i чарга перасяленняў. Уласна кажучы, некаторыя вырашылi перабрацца да сваякоў яшчэ ў 1986 годзе. А неўзабаве многiм сталi даваць кватэры i дамы ў незабруджаных раёнах i гарадах, пры гэтым правам на адсяленне актыўна карысталiся моладзь, iнтэлiгенцыя, высокаквалiфiкаваныя спецыялiсты. Аднак "зону рызыкi" пакiнулi далёка не ўсе. I не таму, што не было жылля. Ехаць не хацелi самi людзi, а спробы неяк "падштурхнуць" да змены месца жыхарства часам мелi драматычныя наступствы — былi нават адзначаны два выпадкi суiцыду. — Асаблiва складана ўспрымалi неабходнасць ад’езду простыя вяскоўцы. патлумачыць, што заставацца ў родных мясцiнах ужо небяспечна, калi-нiкалi было проста немагчыма, — узгадвае намеснiк старшынi Касцюковiцкага райвыканкама Вiктар Сугака. — I тады з’явiўся кампрамiсны, менш балючы варыянт — перасяляць з бруднай у чыстую зону ў межах нашага ж раёна, разам са сваякамi i сябрамi. Прычым месцы, дзе будаваць новыя дамы, вызначалi непасрэдна жыхары забруджаных вёсак. ....Паўтара дзесятка кiламетраў у паўднёва-ўсходнiм напрамку ад райцэнтра. Пакручасты, маляўнiчы бераг рэчкi Бесядзь тоне ў веснавой зелянiне. Кажучы па-сучаснаму, вёска Клеявiчы — цi не iдэальнае месца для развiцця экатурызму. Калi б не закiнутыя напаўразбураныя хаты, рэшткi платоў i незвычайная цiшыня. Клеявiчы знаходзяцца ў зоне "звыш 40 кюры". Вёска мае статус нежылой. — У Клеявiчах я жыла, працавала, нарадзiла сямёра дзяцей, i пакiдаць вёску было невыносна цяжка, асаблiва таму, што лiтаральна перад гэтым мы пабудавалi там новы дом, — кажа пенсiянерка Зямфiра Конанаўна Казакова. — Вось чаму калi паўстала пытанне аб перасяленнi i нам прапанавалi жыллё пад Мiнскам, мiжволi засвярбела адна думка: а куды я паеду i што лепшае там знайду? Тым больш што малодшы сын быў яшчэ маленькiм, у Касцюковiцкiм раёне жыў бацька i старэйшая дачка, якая ўжо мела сваю сям’ю. Так i засталiся — падалiся ў суседнюю вёску Белая Дубрава. Прызвычаiцца было няпроста, даводзiлася пачынаць практычна з нуля, а тут яшчэ сёй-той з беладубраўцаў, калi што не так, мог нават кiнуць у вочы, маўляў, "панаехалi тут"... Але з часам усё ўсталявалася. Сёння Зямфiра Казакова трымае гаспадарку, побач, таксама ў Белай Дубраве, жыве сын, гадуе двух унукаў. Клеявiчы? Зрэшты, яны застаюцца зусiм побач, за нейкiх пяць кiламетраў — пры жаданнi да iх заўсёды можна прайсцiся пяшком. Насенне замест фуражу Пасёлак для перасяленцаў з навакольных вёсак у Белай Дубраве мясцовая гаспадарка будавала сама ў 1986—1989 гадах. Разлiк быў просты: было неабходна "пакiнуць" працоўную сiлу. I гэта стаўка спрацавала спаўна — неўзабаве ў вёсцы павялiчылася нараджальнасць. Цяпер у Белай Дубраве жыве 757 чалавек, тут вялiкiя выпускныя класы ў школе, запоўнены дзiцячы садок, будуецца (i галоўнае — не пустуе) новае жыллё. Насельнiцтва вёскi не павялiчваецца, але i не змяншаецца. Прычым, лiчыць старшыня сельгаскааператыва "Дубрава" Тамара Бясцэнная, у блiжэйшы час чакаць ад’ездаў таксама не варта — менавiта сёння тут рамантуецца школа, дзiцячы садок, комплексны прыёмны пункт, будзе пабудаваны новы ФАП, з’явiцца ўласная школа мастацтваў. Белая Дубрава ператвараецца ў аграгарадок. I ўсё ж асобная гаворка — аб сельгасвытворчасцi. Не так даўно праблемы з ёй былi. З-за высокага ўтрымання радыенуклiдаў з абароту СВК "Дубрава" была выведзена частка зямель, на астатнiх жа вырошчваць экалагiчна чыстую прадукцыю атрымлiвалася не заўсёды. А адсюль даводзiлася канстатаваць i нiзкую рэнтабельнасць вытворчасцi. Сiтуацыя стала змяняцца дзякуючы "чарнобыльскай" праграме пераспецыялiзацыi, у вынiку чаго на больш чыстых землях гаспадаркi пачала развiвацца малочная жывёлагадоўля, а на больш брудных занялiся... насеннем. Прычым калi па харчовым цi фуражным збожжы пытаннi сапраўды ўзнiкалi, то па насеннi — ужо не. Насенне, што вырошчваецца ў "Дубраве" зараз, ужо нiяк не можа адбiцца на здароўi чалавека цi жывёлы, без рызыкi яго можна выкарыстоўваць паўсюль. I да таго ж справа аказалася выгаднай — у параўнаннi з фуражом новая прадукцыя каштуе значна даражэй. — Зразумела, у пераспецыялiзацыi шмат дапамагла дзяржава, справiцца ўласнымi сiламi мы б не змаглi, — распавядае Тамара Бясцэнная. — Але ўкладаннi былi не дарэмнымi — людзi бачаць, што вёска адраджаецца, што якiх-небудзь прычын для ад’ездаў, па сутнасцi, няма. Большасць адчувае сябе тут не горш, чым у горадзе, асаблiва калi ўзяць пад увагу, што ў нас i лес, i дзве рэчкi, i невялiкая адлегласць ад райцэнтра. А што да "чарнобыльскiх" наступстваў, то цi не галоўны напамiн аб iх — медыцынскiя абследаваннi. Да таго ж цяпер ужо вырасла новае пакаленне, шмат хто з моладзi ведае аб той бядзе толькi па кнiжках. Цэзiй цi... "максiмка"? Усяго пад перасяленне патрапiлi 12 тысяч жыхароў Касцюковіччыны. Калi б усе яны з’ехалi за межы раёна, сёння тут проста не было б каму працаваць. Аднак малюнак атрымаўся iншым, таму спецыяльна да юбiлею ў райцэнтры разлiчваюць правесцi буйное добраўпарадкаванне, пабудаваць гасцiнiцу, а ў далейшых планах — новыя Дом культуры, фiзкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам i нават уласная лёдавая арэна. Людзi ёсць, а значыць, ёсць i попыт. Аднак цi не галоўнай адметнасцю "чарнобыльскага" раёна стала бальнiца. Яе ўвялi напрыканцы 2002 года, i сёння бальнiца не без падстаў лiчыцца адной з лепшых на Магiлёўшчыне. Тут маюць самае сучаснае абсталяванне, утульныя i невялiкiя палаты на 1—4 чалавекi, а лiтаральна сёлета адчынiлася мiжраённае аддзяленне гемадыялiзу — падобныя на тэрыторыi вобласцi ёсць толькi ў Магiлёве i Бабруйску. Словам, праблема засталася толькi адна — кадры. На 60 "патрэбных" ставак прыпадае 40 урачоў, з якiх 12 ужо знаходзяцца на пенсii. Прычым з папаўненнем узнiкаюць цяжкасцi. Нiбыта па размеркаваннi маладыя спецыялiсты i прыязджаюць, аднак затрымлiваюцца далёка не заўсёды. Пры практычна аднолькавым кошце квадратнага метра кааператыўнай кватэры ў Касцюковiчах i Магiлёве амаль заўсёды выбар робiцца на карысць абласнога цэнтра, тым часам паўнамоцтваў прадстаўляць медыкам службовае жыллё ў раёне цяпер няма. I, на думку галоўнага ўрача райбальнiцы Алега Перагарулькi, гэта недахоп заканадаўства. Пытаннi, каму даваць службовую кватэру, павiнны вырашацца на месцах — прынамсi, у малых гарадах. — Недаацэньваць вынiкi аварыi на Чарнобыльскай АЭС нельга, першапачатковы "ўдар" па шчытавiдцы на самай справе быў, — адзначае Алег Перагарулька. — Аднак час прайшоў, i цяпер па захворваннях на тую ж анкалогiю мы апынулiся на сярэднiх па вобласцi лiчбах. Таму не трэба залiшнiх фобiй, неабходна проста адсочваць сiтуацыю, праводзiць абследаваннi, а яшчэ — звярнуць увагу на лад жыцця. На жаль, мы не ведаем свайго цiску, узроўню халестэрыну, курым, злоўжываем алкаголем, а ў вынiку губляем здароўе. Не адкрыю вялiкай таямнiцы, калi скажу, што часта ў вёсцы куды больш значнай праблемай з’яўляецца не радыяцыя, а ўжыванне расiйскага тэхнiчнага спiрту, сумнавядомай "максiмкi". I гэта праблема застаецца актуальнай па сутнасцi для ўсiх памежных рэгiёнаў. Сяргей ГРЫБ. Фота аўтара.Касцюковiцкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета ў Касцюковiчах адбудзецца па-сапраўднаму значная падзея — святкаванне 500-гадовага юбiлею горада. Факт цiкавы, адметны i, зразумела, прыемны. І |
|