Адраджэнне Нараўлянскага краю
Адраджэнне Нараўлянскага краю
Жыццё Кожнаму даросламу жыхару нашай рэспублiкi (ды не толькi iм) добра вядома, што адзiн з раёнаў, па якiм найбольш ударыў нябачны, але вельмi небяспечны чарнобыльскi атам, —Нараўлянскi. Радыеактыўнаму забруджванню падверглiся ўсе тэрыторыi, усе населеныя пункты. Асабiста мне давялося ў 1986 годзе некалькi разоў знаходзiцца там у камандзiроўках i бачыць тую паспешлiвасць людзей, якiя пакiдалi родны край са слязамi на вачах, як вялася вайскоўцамi дэзактывацыя тэрыторый, як асфальтавалiся дарогi, пракладвалiся водаправоды. Нiхто тады не думаў, што развiтанне з малой радзiмай — гэта надоўга, гэта назаўсёды. Бо кожны верыў i спадзяваўся: вернемся назад.На жаль, надзеi гэтыя для большасцi не спраўдзiлiся. Для параўнання: калi да выбуху на АЭС у Нараўлянскiм раёне пражывала 27 900 чалавек (16 400 — у вёсках i 11 500 — у горадзе), дык сёння ўсяго 12 300 чалавек, 3800 з якiх — вяскоўцы. А гэта азначае, што многiя населеныя пункты проста знiклi з карты раёна, што перасталi iснаваць некалькi калгасаў i саўгасаў, што з’явiлася зона адчужэння, куды чалавеку забаронена наведвацца... Стаяла пытанне аб тым, каб наогул Нараўлянскага раёна не было. — Балюча да глыбiнi душы было чуць такое, — расказвае старшыня райвыканкама Валерый Шляга, якi ў красавiку 1986 года быў намеснiкам старшынi райвыканкама. — Але, на шчасце, разважлiвасць вышэйстаячых уладаў перамагла. Наш край адраджаецца, глядзiць у будучае, бачыць перспектыву. Зусiм нядаўна я быў на Нараўляншчыне па даручэннi рэдакцыi, у тыя ж днi яе наведала прадстаўнiчая дэлегацыя федэрацыi прафсаюзаў Беларусi пад кiраўнiцтвам старшынi Леанiда Козiка. I гэта не было выпадковасцю, бо федэрацыя з яе 28 галiновымi прафсаюзамi ўзяла шэфства над пацярпелым раёнам i дапамагае школам, дзiцячым садкам, медыцынскiм установам, клубам i г.д. Вось i на гэты раз (дарэчы, ужо трэцi па лiку) з Мiнска прывезлi сюды шматлiкiя падарункi: тэлевiзары, ксеракапiравальныя i факсiмiльныя апараты, халадзiльнiкi, розныя прысмакi i цэлую фуру сокаў. Усё гэта было раздадзена ўстановам, людзям, i вялiся перамовы аб тым, якая дапамога патрэбна будзе Нараўлянскаму краю ў далейшым. — Акцыя федэрацыi прафсаюзаў краiны, — працягвае далей Валерый Васiльевiч, — для нас каштоўная не толькi матэрыяльнай падтрымкай, але не менш — i маральнай. Народ бачыць, што iм цiкавяцца, што яго не пакiдаюць сам-насам з бядой, што яму дапамагаюць як дзяржаўныя структуры, так i розныя грамадскiя арганiзацыi i фармiраваннi, што ў раёне жыццё не проста цеплiцца, а паэтапна аднаўляецца... Мы пабывалi ў адкрытым акцыянерным таварыстве "Чырвоны мазыранiн", дзе працуе чатырыста чалавек i вырабляецца больш за 90 найменняў цукерак, мармеладу, зефiру, iрысу, пасцiлы i г.д. Шмат якая прадукцыя мае сертыфiкаты якасцi Рэспублiкi Беларусь, адпавядае патрабаванням мiжнародных стандартаў ИСО серыi 9001-2001 i сiстэмы якасцi НАССР. Нам паказалi новую лiнiю па выпуску мармеладу, якая здольная вырабiць яго за змену тры тоны. Наогул мясцовыя прадпрыемствы прамысловасцi хоць i ў невялiкiх памерах, але пастаянна нарошчваюць тэмпы росту i нармалiзуюць свае фiнансавыя справы. Праведзена рэканструкцыя гасцiнiцы "Нараўлянка", 20-кватэрнага дома па вулiцы Мiнскай, рэканструюецца сярэдняя школа № 1, будынак школы мастацтваў. На рэканструкцыю раней недабудаванага кафэ на Акцябрскай плошчы пад Дом дзiцячай творчасцi на гэты год выдзелена 480 мiльёнаў рублёў i амаль столькi ж запланавана на рэканструкцыю цэнтральнай раённай бальнiцы i закупку для яе медыцынскага абсталявання. Асобнае пытанне — будаўнiцтва жылля. Летась яго ўзвялi 3,9 тысячы квадратных метраў, у вёсках з’явiлася 20 новых дамоў. Значныя сумы на фiнансаванне жылля плануецца накiраваць i сёлета. Характэрным фактам таго, што людзi не збiраюцца пакiдаць раён, а застаюцца тут, стала стварэнне калектываў iндывiдуальных забудоўшчыкаў. У гэтым годзе чакаецца ўвод у эксплуатацыю трох васьмiкватэрных жылых дамоў агульнай плошчай 1665 квадратных метраў. У райцэнтры з’явiлiся людзi, якiя за свае ўласныя грошы пачалi будаваць дамы, дваровыя памяшканнi. Гэта таксама добры знак. Ёсць надзея, што i ў вёсцы тэмпы будаўнiцтва жылля будуць нарастаць. Так, у аграгарадку Галоўчыцы плануецца засяленне трох аднакватэрных дамоў i рэканструкцыя васьмiкватэрнага дома для работнiкаў адукацыi, у КСУП "Брацтва" (аграгарадок Дзямiдаў) — засяленне пяцi аднакватэрных i ў КСУП "Аграфiрма "Чырвоны баец" сямi такiх жа дамоў. Дарэчы, пабудаваныя ўжо тры аграгарадкi i ўзводзiцца яшчэ адзiн. За апошнiя пяць гадоў вытворчасць валавой прадукцыi ўзрасла тут на 80 працэнтаў. I гэта адбылося ў многiм дзякуючы рэфармаванню, пераспецыялiзацыi, адна з галоўных задач — атрыманне нарматыўна чыстай прадукцыi — малака i мяса. У раёне перайшлi на iншую структуру кармоў жывёлы. I гэта дало свае вынiкi. Так, са здадзеных 4,8 тысячы тон малака ў мiнулым годзе 4,7 тысячы ўтрымлiвала ўсяго да 50 бекерэляў на кiлаграм пры дапушчальнай норме 100 бекерэляў. А ў КУП "Уладзiмiраўскi — Галоўчыцы" малако адпавядае нормам, устаноўленым для дзiцячага харчавання. Цi ж гэта не поспех? Актыўна пачалi займацца пашырэннем пасеваў кукурузы. Калi раней яе пускалi на корм, дык зараз будуць вырошчваць яшчэ i на зерне. Нараўлянскi край аблюбавалi iндывiдуальныя прадпрымальнiкi i бiзнэсмены. Тут ажно 22 малыя прадпрыемствы як па гандлёвых паслугах, так i па вытворчасцi. 36 працэнтаў кансалiдаванага бюджэту складаюць iх паступленнi. Летась у раёне з’явiлася некалькi прыватных прадпрыемстваў па перапрацоўцы драўняных адходаў, i адно з iх — "Экапланета", дзе створана дзесяць рабочых месцаў, на экспарт вырабляюцца пiлеты. На стадыi рэалiзацыi (у вераснi) — iнавацыйны праект прыватнага прадпрыемства "БелЕўраДом". А таварыства з абмежаванай адказнасцю "БелКансалт-А" заняло першае месца ў абласным конкурсе-аглядзе прадпрымальнiцкiх структур у намiнацыi "Вытворчасць будаўнiчых матэрыялаў". Як гэта нi дзiўна, але аптымiзмам прасякнуты былi i жыхары вёскi Грыднi, якую мы наведалi i якая была ў свой час адселеная ў чыстыя ад радыяцыi раёны. Большасць людзей прыжыліся там, але сорак чалавек пакiнулi i зноў з’явiлiся на радзiме. Нiкуды не хочам, заявiлi адзiнадушна, з чым i звярнулiся да кiраўнiка рэспублiкi. у час свайго першага вiзiту ў Нараўлянскi раён Прэзiдэнт дазволiў iм жыць тут. Я гутарыў з 73-гадовым Пятром Якаўлевiчам Дубянком. Ён расказаў, што сёння ў Грыднях 26 чалавек — 16 пенсiянераў, 7 працаздольных грамадзян i трое дзяцей, якiя ходзяць у суседнiя Вербавiчы ў школу. У Пятра Якаўлевiча з жонкай Яўгенiяй Антонаўнай 30 сотак зямлi, ёсць такая-сякая гаспадарка, а з пенсii яшчэ дапамагаюць дзецям, якiя жывуць у гарадах. Два разы ў тыдзень вёску наведвае аўтамагазiн i бiблiятэкар, адзiн раз — фельчар, пенсiянераў абслугоўвае сацыяльны работнiк, а паштальён прыходзiць кожны дзень. У людзей — свае клопаты, свая гаспадарка: ёсць конi, каровы, куры i г.д. Жыць можна, кажуць яны, да радыяцыi ўжо прывыклi. Ведалi, куды вярталiся. Дык што, наступствы чарнобыльскай катастрофы ўжо зусiм не адчуваюцца? Гэта не так. Супакойвацца нельга. Ва ўмовах радыяцыйнага ўздзеяння людзям проста трэба цвёрда выконваць тыя правiлы, якiя рэкамендаваныя медыцынай, вучонымi. Асаблiва — не ўжываць лясныя прадукты, захоўваць гiгiену, не ўхiляцца ад дыспансэрызацыi, праверкi свайго здароўя i г.д. Адной з праблем раёна, над якой трэба працаваць i працаваць, — накапленне стронцыю ў збожжы, што характэрна i для некаторых iншых раёнаў Гомельшчыны. Iснуе таксама i праблема пакiнутых i, як правiла, забруджаных дамоў, а таксама ачаговае забруджванне глебы павышанымi дозамi радыецэзiю i стронцыю на тэрыторыях асобных прадпрыемстваў i ўстаноў раёна. Работы ў гэтым накiрунку вядуцца, але не такiмi тэмпамi, як хацелася б. Недастатковая яшчэ i кадравая насычанасць раёна квалiфiкаванымi спецыялiстамi, асаблiва медыкамi, ветэрынарамi, аграномамi, галоўнымi iнжынерамi сельгаспрадпрыемстваў, якiм пры паступленнi на работу выдзяляецца жыллё i якiх раён запрашае да сябе. ...Выкананне Дзяржаўнай праграмы па пераадоленнi наступст-ваў катастрофы на ЧАЭС i Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС" паказвае, што раён жыве, працуе, развiваецца, што ў яго ёсць будучае. Ужо хоць бы таму, што з года ў год растуць iнвестыцыi ў асноўны капiтал i сёлета яны дасягнуць 18,5 мiльярда рублёў. I, галоўнае, апошнi штрых: нараджальнасць дзяцей у Нараўлянскiм раёне, зыходзячы з колькасцi яго жыхароў — адна з самых высокiх у краiне... Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожнаму даросламу жыхару нашай рэспублiкi (ды не толькi iм) добра вядома, што адзiн з раёнаў, па якiм найбольш ударыў нябачны, але вельмi небяспечны ч
|
|