Майскія вяселлi: любiцца альбо "маяцца"?
Майскія вяселлi: любiцца альбо "маяцца"?
Народ прыдумаў, што жанiцца ў маi — усё жыццё "маяцца" Вяскоўцы яшчэ кажуць, што добрыя людзi ў маi не жэняцца — працуюць: стары ўраджай з’елi — новых харчоў няма, затое хапае працы на полi. Ёсць нават больш суровыя папярэджаннi пра страту здароўя i дзяцей. Аднак цi апраўдвае сябе ў рэальным жыццi дрэнная рэпутацыя самага прыгожага веснавога месяца? Паркалёвае вяселле ...Яна стаяла на прыпынку i курчылася ад халоднага лiстападаўскага ветру. Тралейбусы ўзялi i знiклi з прасторы, а тут проста цудам спыняецца аўтамабiль, з якога выходзiць прыгожы мужчына i прапаноўвае свае транспартныя паслугi. I ўсё гэта галантна, нiбыта як у старамоднай кiнастужцы. Шчырыя камплiменты растапiлi лёд недаверу, маладыя людзi пазнаёмiлiся, размову працягнулi ў цёплым кафэ i больш не расставалiся. Наташа i Iгар пажанiлiся год таму ў маi, цяпер у iх нарадзiўся сын Iван. — I нiчога мы не "маемся"! — запэўнiла маладая мацi. — Я, калi шчыра, прымхлiвы чалавек, але забабону пра вяселле ў маi абсалютна не прызнаю. Усё з дакладнасцю наадварот: добра жанiцца, калi прырода расцвiтае i нiбыта нанова пачынаецца жыццё. Перамога i вяселле — Я асабiста ведаю 5 сямейных пар, якiя жанiлiся 13 мая i дажылi да залатых i брыльянтавых вяселляў, — адразу рэагуе на слова "май" начальнiк аддзела ЗАГС Магiлёўскага гарвыканкама Алена Казлова. — Уяўляеце сабе? Не толькi ў маi, а яшчэ i 13-га! Таму скажу ўсiм: усё залежыць не ад месяца i даты, а ад людзей, якi вырашылi стварыць сям’ю! Яе бацькi пажанiлiся 9 мая 1948 года i шчаслiва пражылi разам больш за 50 гадоў. Для iх Дзень Перамогi быў сiмвалiчным, а майскае вяселле пад квiтнеючымi дрэвамi засталося выдатным успамiнам на ўсё жыццё. Шчаслiвае жыццё жанчыны i мужчыны, якiя кахалi i паважалi адно аднаго. — Проста цяпер людзi мала вераць у каханне! — лiчыць Алена. — Адным трэба ўзяць шлюб 08.08.08, каб забяспечыць вечныя пачуццi. Iншыя патрабуюць жанiцьбу ў жнiўнi, каб абавязкова быў дабрабыт. А трэцiм, каб пераканаць усiх, што яны не горшыя, патрабуецца рэгiстрацыя ў залатой зале а 14-й гадзiне — такая новая магiлёўская мода. Але зусiм не знешнiя атрыбуты, а толькi каханне можа выратаваць свет i людзей. Усё астатняе прыходзiць i сыходзiць. Вясельны цот — А вы колькi кветак дорыце маладым на вяселлi? — сустрэла нечаканым пытаннем загадчыца Музея этнаграфii ў Магiлёве Святлана Рыбакова. — Як i ўсё — няцотную колькасць. — Але гэта няправiльна з пункту гледжання народных традыцый, — патлумачыла Рыбакова. — Парная колькасць кветак дорыцца ў пару. Каб маладыя былi парай — патрэбен цот. А нябожчыку наадварот: каб ён не шукаў пару, на могiлкi трэба несцi лiшку кветак. Магiлёўскiя знаўцы народных абрадаў гавораць, што цот i лiшка — гэта традыцыя, якая склалася ў беларускай культуры ў спрадвечныя часiны. Але за час савецкай улады, калi народнымi звычаямi грэбавалi, бо камунiсты стваралi новую савецкую абраднасць, з’явiлiся культурныя перакруты, калi сэнс абраду губляўся i ўсё пераварочвалася з ног на галаву. Да iх лiку, у пэўнай ступенi, адносяцца i майскiя вяселлi. — Май беларусы называлi i траўнем, але ўвогуле "маяцца" — гэта паняцце з сучаснага жыцця, — упэўнена старшы навуковы супрацоўнiк Магiлёўскага музея этнаграфii Жана Клiмуць. — Нашы продкi ўспрымалi жыццё як лёс, долю. Жыццё нiколi не было лёгкiм, але яны не маялiся, а жылi. А паводле традыцый, якiя нарадзiлiся яшчэ да хрысцiянства, жанiцца можна была ў любую пару года i ў любы дзень. Этнографы расказваюць, што ў беларускiх вёсках за мiнулымi часамi жанiлiся i ў маi. Выбар даты залежаў ад жыццёвых абставiнаў. Бедная сям’я, якой тэрмiнова патрабавалiся яшчэ адны рабочыя рукi, прымала да сябе дзяўчыну перад пасяўной альбо жнiвом. Хто быў багацейшы i лiчыў, што шчодрае застолле будзе спрыяць заможнаму жыццю маладых, гуляў вяселле ўвосень. I да нашых дзён дайшла традыцыя жанiцца пасля заканчэння ўсiх палявых работ — на Пакроў, якi пакрывае ваду лёдам, а дзяўчыну чапцом, сiмвалам замужняй жанчыны. Вясельныя сезоны Часiны змянiлiся, сёння пануе iншы лад жыцця, якi нараджае новыя традыцыi. Прычым часам вельмi дзiўныя: царкоўнае вянчанне "на ўсё жыццё" спакойна спалучаецца са шлюбным кантрактам, дзе абгаворваецца развод. Сёння ёсць дзве асноўныя прычыны, якiя кiруюць шлюбным графiкам у ЗАГСах: пустыя месцы ў iм — рэлiгiйныя пасты i май. Цяпер у Магiлёве за ўвесь май жэнiцца прыкладна столькi пар, колькi за адзiн wееk-еnd у жнiўнi. Выключэннем стаў бадай што сёлетнi май, бо на яго прыпала Красная горка. Руская праваслаўная традыцыя жанiцца ў першую нядзелю ад Вялiкадня мае ўплыў i на Магiлёўшчыне. Яшчэ 15—20 гадоў таму, сведчаць супрацоўнiцы Магiлёўскага Палаца шлюбаў, усе месяцы ў шлюбным сэнсе былi прыкладна аднолькавымi. Майскiя забабоны — гэта, як нi дзiўна, здабыткi сучаснага дасведчанага часу. — Хоць, наколькi я ведаю, каранаваныя i знакамiтыя асобы ў замежжы жэняцца менавiта ў маi, — зазначае Алена Казлова. — Бо ўвесну расцвiтаюць прырода, душа i цела чалавека. Статыстыка разводаў не пацвярджае майскiя перасцярогi. Можна i пасля цалкам "палiткарэктнага" жнiвеньскага вяселля "прамаяцца" i хутка разысцiся. — Маяцца трэба пры выбары жанiха альбо нявесты, — раiць Святлана Рыбакова. — А калi ўжо выбраў, тады трэба не пра забабоны меркаваць, а прыкласцi высiлкi, каб стварыць i захаваць сваю сям’ю. Зоркi i вяселле Меркаваннi сучасных астролагаў наконт майскiх вяселляў падзяляюцца. Адны гавораць, што майскiя шлюбы нiчым не лепшыя i не горшыя за iншыя. Праўда, папярэджваюць: калi ўсё ж верыце ў забабоны — лепш не жанiцца ў маi, каб потым не думалася. Бо, вядома ж, у сямейным жыццi хапае складанасцяў, якiя тлумачацца далёка не толькi зоркамi. Iншыя астролагi папярэджваюць пра сур’ёзныя нябесныя супрацьпаказаннi менавiта ў маi. Па iх словах, мiр i згода ў маладой сям’i можа сапраўды пахiснуцца ад неспрыяльных зорных уплываў. I толькi вялiкае каханне можа iх пераадолець. Ёсць звесткi, што ад вяселляў у маi засцерагалi яшчэ Авiдзiй i Плутарх. Звычайна самым страшэнным прыкладам нешчаслiвага майскага шлюбу называюць вяселле Марыi Сцюарт i яе фаварыта Босуэла ў ХVI стагоддзi, дзе ўсё скончылася не толькi разводам, але i пакараннем каралевы смерцю. Аднак, з iншага боку, iснуе яшчэ незлiчоная колькасць прыкладаў, калi людзi, якiя ажанiлiся ў маi, не "маялiся", не мучылiся i не мардавалiся. А жылi шчаслiва. Залатое вяселле На паўвекавы юбiлей сумеснага жыцця магiляўчанiн Аляксандр Мiтрафанавiч Пуставойт набыў новыя заручальныя пярсцёнкi i напiсаў жонцы верш: "... Узгадаем, як сады цвiлi, калi я вёў цябе па вулiцы, маю нявесту. Не вёў, а крылы радасцi i шчасця нас няслi!" У 1957 годзе маладую настаўнiцу размеркавалi ў школку ва ўкраiнскiм сяле. Клапатлiвыя сяброўкi папярэджвалi Тоню, каб асцерагалася дзяўчына першага хлопца на той вёсцы — маўляў, надта прыгожы i надта актыўны. Аднак на першых жа танцах яны сталi ў пару, i неўзабаве пажанiлiся. — Наша першая шлюбная ноч прайшла ў амбары! — радасна ўзгадвае Пуставойт. — Я быў з беднай сям’i: малодшы з пяцi дзяцей, бацьку забiлi на вайне, а хату разбурыла бомба. Вось i прывёў нявесту ў амбар, ды ў тую ноч мой самаробны ложак зламаўся! Затое ёсць пра што расказаць унукам! — У нас вяселле было наладжана ў строгай адпаведнасцi з народнымi традыцыямi, — вяртаецца да сур’ёзнай размовы Антанiна Якаўлеўна. — I вяселле ў маi iм не супярэчыла. У вёсцы толькi сачылi, каб не быў пост. Мне падаецца, што ўсе забабоны наконт мая — абсалютная лухта! Усё залежыць ад пачуццяў сужэнцаў, цярплiвасцi i ўзаемаразумення. Вясельная эканомiя Алена Казлова паказвае фотаздымак: яна з мужам у дзень вяселля, прыгожая маладая пара. Жанчына расказвае, як у савецкi час дэфiцытаў удалося прыбрацца да вяселля: жанiху выпадкова набылi строй у краме на раёне, а сваю сукенку i вэлюм нявеста з сяброўкамi рыхтавала з усiх даступных тканiн i матэрыялаў. Алена выходзiла замуж у жнiўнi, пасля завяршэння студэнцкай практыкi. Сем’ям маладых канец лета пасаваў для вяселля i ў сэнсе харчовых запасаў: свае бульба, агуркi i таматы значна аблягчалi фiнансавы цяжар. — А цяпер гэта не актуальна, — сцвярджае загадчыца ЗАГСа. — I не толькi таму, што агуркi ды таматы ёсць на палiцах круглы год. А таму, што цяпер таннае вяселле нiхто не робiць. Калi паставяць на стол бульбу з агароднiнай, хто гэта будзе есцi? Цяпер некалькi змен вытанчаных страў у прыстойнай рэстарацыi — неабходны мiнiмум. Цяпер дэфiцытаў няма — былi б толькi грошы. Строi, картэжы, забавы i застолле разам каштуюць дзесяткi мiльёнаў рублёў. Але як гэта нi дзiўна, зэканомiць можна якраз у маi. Магiляўчане Алена i Аляксей падзялiлiся сваiм вопытам: — Пажанiцца ў маi значна лягчэй! Графiк у ЗАГСе свабодны, можна спакойна выбраць тамаду i фотамайстра. Выбраць не з таго, што засталося, а што пасуе менавiта табе. Ажыятажнага попыту на вясельныя паслугi няма, таму абсалютна рэальна ў маi атрымаць значныя скiдкi. Сапраўднае вяселле Новае непрымхлiвае пакаленне, верагодна, пазбавiцца ад майскiх вясельных забабонаў. — Мы з мужам наконт гэтага "маяцца ў маi" абсалютна не парымся! — весела паведамiла студэнтка Кацярына, якая выйшла замуж 4 мая. — Бацькi маёй сяброўкi пажанiлiся ў маi: яны да таго ж несумяшчальныя па знаках Задыяка i кiтайскiм календары, але жывуць 25 гадоў абсалютна бесканфлiктна. Кацярына пайшла яшчэ далей: яна не проста выйшла замуж у маi, ды яшчэ i ў высакосны год, але i нават у басаножках, што паводле нейкiх традыцый лiчыцца абсалютным жахам для нявесты. Дзяўчына паабяцала, што насуперак усяму яе сямейнае жыццё будзе цалкам шчаслiвым. ...Прыгожая белая сукенка як у казачнай Папялушкi ў фiнале казкi, прэстыжныя аўтамабiлi, паўсотнi запрошаных гасцей i вяселле 3 мая — пра гэта марыла Таццяна. Усё спраўдзiлася. Яна сустрэла Мiхаiла на набярэжнай Дняпра ў Магiлёве: сяброўка пазнаёмiла яе з братам, якi аказаўся тым самым суджаным. — Муж называе глупствам майскiя падазрэннi, а мне вельмi падабаецца вясна i лiчба 3, — паведамiла шчаслiвая маладая. — Але i гэта ўсё па вялiкiм рахунку не мае значэння. Таму што як наканавана лёсам — так i будзе. Супрацоўнiцы ЗАГСа ўпэўненыя, што чалавек, якi бярэ шлюб, павiнен разумець, што вяселле — гэта не спектакль, а крок у новае жыццё. — Патрэбна ўпэўненасць, што ён альбо яна гатовыя для таго, каб стварыць сям’ю, — раiць Алена Казлова. — Каб было жаданне жыць разам i мець дзяцей. I тады якая рознiца, дзе i калi жанiцца. Як бы гэта пафасна нi гучала, трэба дзялiць гора i радасцi, i ўсё будзе добра. Iлона Iванова.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Народ прыдумаў, што жанiцца ў маi — усё жыццё "маяцца"
|
|