Сем разоў падумай — адзiн раз зрабi
Сем разоў падумай — адзiн раз зрабi
На пытанні чытачоў адказваюць загадчык кафедры этналогii i фальклору Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта культуры i мастацтваў, кандыдат фiлалагiчных навук Iван Iванавiч Крук i старшы выкладчык гэтай кафедры Аксана Венiямiнаўна Катовiч (Працяг. Пачатак у нумары за 8 мая.) * — Вам тэлефануе Жана Сцяпанаўна з Мiнска. Мой муж нарадзiўся 2 верасня 1957 года. Але яго зарэгiстравалi толькi 7 студзеня 1958 года, што i ўказана ў пашпарце. У дзяцiнстве яго дзень нараджэння адзначаўся ў вераснi. А потым, калi атрымаў пашпарт, сталi адзначаць у студзенi. Цi правiльна гэта? — Калi ён нарадзiўся ў вераснi 57-га года, дык пры чым тут студзень 58-га? Нават калi гэта i запiсана ў пашпарце. Нараджаецца чалавек не па дакументах, а ў той момант, калi яго "пусцiлi" ў гэты свет. Дзень нараджэння — гэта вельмi важны момант у жыццi. Наступнымi па статусе iдуць iмянiны — дзень хрышчэння. А ўсе афiцыйныя запiсы — гэта ўжо зусiм iншае, хоць i яны таксама пэўным чынам уплываюць на ход i лад жыцця чалавека... Зразумейце нас правiльна — ёсць законы прыроды, законы Космасу, якiм мы — складовая частка гэтага свету — у абавязковым парадку падпарадкоўваемся. На людзей уплываюць i Сонца, i Месяц — мы ўсе дзецi гэтых свяцiл. Таму калi ваш муж вераснёўскi, восеньскi, то стаць зiмовым ён нiяк не зможа. Ды i радуйцеся, што вераснёўскi — значыць, павiнен быць заможным чалавекам. Восеньскiя дзецi — гэта ў будучым заможныя людзi. I, да таго ж, вельмi ўраўнаважаныя. — Дзякуй вам вялiкi! I за кнiгу "Залатыя правiлы народнай культуры" асаблiвы дзякуй — яна стала ў нас настольнай. — Дзякуй i вам, вельмi прыемна. * — Мяне завуць Вера, тэлефаную з Навагрудскага раёна. Нас з мужам у царкве запiсалi хроснымi немаўляцi. Але мой муж падчас хрышчэння знаходзiўся ў царкве, а я не змагла там прысутнiчаць. Цi можна мяне лiчыць хроснай мацi? — Той, хто не быў у храме, хто не трымаў дзiцятка перад алтаром — якi ж ён хросны? Давайце сабе ўявiм, што ў храме запiсана, быццам вы там узялi шлюб, павянчалiся. А насамрэч вы там не былi. Дык што, венчаныя вы? Запiсаць можна ўсё што заўгодна. Але як можна лiчыцца хроснай мацi, калi вы не былi ў храме, калi не выконвалi абрад, калi не бачылi, як пастрыгалi дзiцятка, як яго мiрапамазалi, як яго апускалi ў купель?.. I самае галоўнае — вы не трымалi яго на руках! Што тут можна сказаць? — А муж мой лiчыцца хросным? — Ён — так, бо падчас хрышчэння знаходзiўся ў храме. А вы — не, i не бярыце на сябе больш, чым можаце ўзяць. I ўвогуле муж i жонка не павiнны хрысцiць адно дзiця. Хросныя бацькi — гэта перш за ўсё духоўная еднасць! — Дзякуй, што патлумачылi! * — Дзень добры! Вiктар Васiльевiч турбуе з Жыткавiцкага раёна. Скажыце, калi чалавек памёр, праз якi час трэба ставiць агароджу вакол магiлкi? — Праз год, або блiжэй да гадавiны. — А раней нельга? — А калi памёр ваш сваяк? — У студзенi. I мы хацелi паставiць ужо агароджу... — Не, да Радаўнiцы яе адназначна ставiць нельга. — I яшчэ... Ён быў самагубцам, а да такiх царква не надта лiтасцiвая... — Такая праблема паўстае вельмi часта. Але ёсць на працягу года адзiн дзень — гэта субота перад Тройцай — калi спакон веку нашы продкi памiналi "задушных", заўчасных памерлых, тых, хто скончыў жыццё самагубствам. Вось да гэтага часу ўжо i можна будзе паступова пачынаць афармляць прастору вакол магiлы так, як вы плануеце. * — Тэлефануе Iрына Iванаўна з Нясвiжскага раёна. У нас памёр тата, хутка будзе 40 дзён. Цi можна нам асвячаць усё велiкоднае? — Не, нельга! — А цi можам мы рамантаваць сваю кватэру ў гэтым годзе — тата там не жыў, ён жыў асобна? — У сваёй кватэры можна праводзiць рамонт, калi ласка. — А яшчэ — мы саджалi дзяцей за памiнальны стол... — Дзяцей не садзяць разам з дарослымi за памiнальны стол. Для iх накрываюць асобны стол, пажадана — у асобным памяшканнi. I не даюць iм есцi жалобную куццю, якую ядуць дарослыя — проста кормяць дзяцей звычайным абедам. — А як гэту сiтуацыю цяпер выправiць? — Нiяк — што зроблена, тое зроблена. Вы крыху скарацiлi век гэтым дзеткам. * — Мяне завуць Iна, тэлефаную з Мiнска. У вашай кнiзе "Залатыя правiлы народнай культуры" падрабязна напiсана, як праводзiць уваходзiны ў новы дом. А калi засяляешся ў кватэру, дзе да гэтага ўжо жылi нейкiя людзi — што трэба рабiць? Якiмi правiламi карыстацца? — Ад гэтага статус самога жытла не мяняецца — для вас яно ўсё роўна "новае". Я не ведаю вашай сiтуацыi, але добра было б, каб людзi, якiя выязджалi з гэтай кватэры, вымылi б за сабой падлогу. Ёсць такая магчымасць? — Не. Мы купiлi кватэру пасля таго, як гаспадары ўжо з’ехалi. — Значыць, трэба ўзяць вады, вымыць усю кватэру, а пасля вынесцi i вылiць гэту ваду i выкiнуць тое, чым вы мылi падлогу i ў чым была вада. Зразумелi? Вы зробiце ўсё тое, што павiнны былi зрабiць тыя людзi, якiя выехалi. А калi ўжо будзеце засяляцца, рабiце ўсё так, быццам гэта — новая кватэра. Па-першае, трэба выбраць добры дзень, каб на небе быў маладзiк, малады Месяц... Было б нядрэнна, каб напярэдаднi ў сваiм ранейшым доме вы зварылi каструльку кашы — салодкай цi салёнай, няма рознiцы... Прыйдзiце ў гэты новы дом, пасадзiце сваю сям’ю за стол, з’ешце гэту кашу i пажадайце сабе шчасця! I яшчэ адзiн момант: трэба, каб перад тым, як будзеце ўваходзiць у новым дом, у вас у кiшэнях ляжала крыху жыта i крыху дробных грошай. Увайшлi — кiньце iх на падлогу, i жыта, i грошыкi, зрабiце "засеўкi". Няхай паляжаць, пакуль вы пасядзiце за сталом i з’ясце кашу. З гэтага дня дом будзе лiчыцца вашым незалежна ад таго, застаняцеся вы там начаваць цi не. — I яшчэ пытанне. Цi важна, каб браты ў сям’i жанiлiся па старшынству? — Так, хацелася б. У адваротным выпадку малодшы "перакрывае" дарогу да шлюбу старэйшаму. Святлана БАРЫСЕНКА, Наталля КАРПЕНКА. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытанні чытачоў адказваюць загадчык кафедры этналогii i фальклору Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта культуры i мастацтваў, кандыдат фiлалагiчных |
|