Добрыя людзi
Добрыя людзi
Хадыка i непатрэбнасць Цi тлумачыў табе нехта пра непатрэбнасць тваёй прафесii? Не? А мне патлумачылi на першых занятках, калi я толькi паступiў у мастацкую акадэмiю. Я быў шчаслiвы, мяне раздзiмала ад пыхi, я верыў у сваю абранасць i выключнасць. А тут як вядро вады на галаву вылiлi: "Вы думаеце, што вы неабходныя ў гэтым свеце са сваiмi вiтражамi i роспiсамi? Памыляецеся! Людзi могуць цудоўна абыходзiцца без вашых малюнкаў на вокнах i сценах. Таму, калi ў каго яшчэ засталiся сiлы, уцякайце адсюль. Знайдзiце сабе iншы, сапраўды патрэбны людзям занятак, i працуйце, i атрымлiвайце радасць ад жыцця..." Першая лекцыя, пачутая мною ад Алега Хадыкi, была прысвечана малапатрэбнасцi манументальнага мастацтва i жорсткай волi замоўцы, якi цалкам кантралюе працэс работы. Цi паверыў я тады ў словы выкладчыка? Не так i важна. Галоўнае: я запомнiў мэсiдж, i пыхi ў мяне крыху зменшылася. Мiхась i сон Ён паехаў у Сiбiр зарабляць грошы. Два месяцы яго не было. Да мяне ён завiтаў з бутэлькаю вiна. Мы пiлi, я глядзеў на ягоны бяскроўны твар, i мне было шкада хваратварага Мiхася. Ён распавёў, як згубiў сон: "Першы месяц усё было нiбыта нармальна. Мы рабiлi роспiсы ў школах, малявалi райскiя сады на сценах, малявалi ў доўгiх безаконных калiдорах светлыя адчыненыя наросхрыст вокны, поўныя аблокаў i ластавак. Нас кармiлi i нам плацiлi. Здавалася, што сцены i калiдоры нiколi не скончацца. Яны i не скончылiся. Скончыўся я, згубiўшы сон. Увечары я клаўся на ложак i ляжаў да ранiцы. Я ляжаў як мёртвы, я нават не варушыўся, проста цiха ляжаў у ложку. Я нiчога не думаў. Мне здавалася, што ў наступную ноч я або памру, або засну, але нi памерцi, нi заснуць я так i не змог. Я прыляцеў у Мiнск i дома праспаў цэлыя суткi. Цяпер я магу выпiць, я магу прыйсцi да цябе, але я больш нiколi не змагу паехаць у Сiбiр зарабляць грошы. Ты мяне разумееш?" А я Мiхася так i не зразумеў. Вова i качар Хадзiлi з унукам на рэчку, дзе крышаным батонам кармiлi качак. Галодны нахабны качар схапiў унука за палец. Вова плакаў. Кiсялёў i папера ў клетку Тады мужчыны не падфарбоўвалi валасы, не было такой моды. А Кiсялёў пайшоў у цырульню разам з Палiкарпавай i пафарбаваўся. Яна зрабiлася чарнява-цыганiстаю, а ён — саламяна-славянскiм. Ёй чарнявасць ну зусiм не пасавала, а яму фарбаваная прычоха падыходзiла. Вiдавочна Кiсялёў пахарашэў пасля цырульнi. Усе, не саромеючыся, казалi пра тое. Цяпер у Кiсялёва было дзве адметныя рэчы: выфарбаваныя валасы i фiнка пад рукавом пiнжака на левай руцэ. Ён сам пашыў скураныя похвы з раменьчыкамi, якiя зашпiльваў на руцэ. Фiнка была шырокая, люстранiстая з касцянымi тронкамi. Праз гэтыя дзве рэчы Кiсялёў i прапаў. У пятнiцу ён пайшоў на танцы i натанцаваўся, як апошнi раз. Нейкiм вырадкам не спадабалiся фарбаваныя валасы. Кiсялёў з танцаў сышоў, i сышоў разам з дзяўчынаю, з якой натанцаваўся першы i апошнi раз. Вырадкам не спадабалася, што хлопец з фарбаванымi валасамi сышоў разам з дзяўчынаю. Яны пабеглi ў пагоню i дагналi Кiсялёва. Ён чуў, як пагоня вырадкаў бяжыць да яго. Ён дастаў фiнку i развярнуўся. Ён нават нiкога не бiў той фiнкаю. Проста самы хутканогi наляцеў на шырокае лязо сваiм жыватом. "Парэзалi!" — прахрыпеў хутканогi i скурчыўся на зямлi. Кiсялёў паспрабаваў уцякаць i хавацца, але ў панядзелак яго знайшлi i забралi. Кiсялёва асудзiлi на пяць гадоў. З менскай турмы, што ўсё яшчэ стаiць каля надчыгункавага моста на вулiцы Апанскага, ён дасылаў лiсты Палiкарпавай. У лiстах былi малюначкi турэмных дамкоў ды асуджаных мужчын у ватоўках. Малюначкi былi кепскiя, зусiм кепскiя былi тыя малюнкi, зробленыя сiняй ручкаю на паперы ў клетку. Кепскiя былi малюнкi, але страшэнна запамiнальныя. Прынцып i вайна Першая сусветная бойня распачалася з правiнцыйнай трагедыi. У Сараеве гiмназiст забiў эрц-герцага Франца Фердынанда i ягоную жонку. Тэрарыстычная акцыя сербскага нацыяналiста зрушыла з месца армii розных iмперыяў i краiн. Гiсторыя той вайны вядомая, бо колькасцю ўдзельнiкаў i ахвяраў яна пераўзышла ўсе папярэднiя бойнi. Раней, чытаючы падручнiкi i кнiгi па гiсторыi, я чамусьцi не звяртаў увагi на прозвiшча гiмназiста, а звалi яго Гаўрыло Прынцып. Так-так... Сусветная вайна распачалася з ахвярнай прынцыповасцi гiмназiста Прынцыпа. Нацэўскi i душа Загаварыў я з Нацэўскiм пра душу. Так бывае: вып’еш, абгаворыш з добрым сябруком усё чыста, а калi нiчога не застанецца, згадаецца душа. З Нацэўскiм можна пра такое гаварыць, мы з iм у касцёле працавалi. Тым разам ён сам пра душу i расказаў. Устаў ён ранiцаю, прыняў душ i раскашляўся, кашляў ён кашляў ды так кашлянуў, што душа i выкашлялася. Вылецела з рота сiвенькай аблачынкаю i разарвалася ў паветры на дробныя шматочкi. Перапужаўся Нацэўскi свайго абяздушвання i пайшоў да доктара. Той выслухаў i папрасiў дэталi згадаць. Нацэўскi ўспомнiў, што душа ягоная была смярдзючай, i патыхала ад яе тытунёвым дымам. Доктар параiў Нацэўскаму кiнуць палiць i патлумачыў пра нейкую закаркаванасць часткi лёгкага. Маўляў, Нацэўскi ранiцаю выкашляў цыгарэтны дым, якiм надыхаўся ўвечары. З доктарам давялося пагадзiцца i Нацэўскаму, а за iм i мне; толькi нейкi глыбiнны страх, што сваю душу можна выкашляць, так i застаўся i ў мяне, i ў сябрука майго — Нацэўскага. Бэн i легенда Перачытваючы лiрыку Готфрыда Бэна, натрапiў на думку, што мары народаў жывуць адно толькi ў вершах, дзе гукi i словы бессмяротныя. Гэта замацавала маё перакананне, што кожны народ раней цi пазней увасабляецца ў легенду. Народ можа знiкнуць, а легенда пра той народ застаецца жыць. Каб не знiкнуць бясследна, Іспанiя ўвасобiлася ў легенду пра Дон Жуана, Галандыя нарадзiла Лятучага галандца, а Германiя — доктара Фаўста. Беларусь, дзякучы Максiму Багдановiчу, мае легендарную Пагоню. Нашаму народу наканавана быць Пагоняю, якая пераследуе i забiвае здраднiкаў. Адам ГЛОБУС.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цi тлумачыў табе нехта пра непатрэбнасць тваёй прафесii? Не? А мне патлумачылi на першых занятках, калi я толькi паступiў у мастацкую акадэмiю. Я быў
|
|