Май халодны — год хлебародны
Май халодны — год хлебародны
Рубрыку вядзе Валянціна Шпілеўская, тэл. 285 88 81 Аб наблiжэннi замаразкаў на гэтым тыднi да мiнус 5 градусаў паведамiлi па радыё i тэлебачаннi. Але вопытныя садаводы-агароднiкi надыход замаразкаў самi могуць вызначыць па народных прыметах. Напрыклад, пасля цёплага дня да вечара рэзка халадае i пахаладанне ўзмацняецца да ночы, бязветрана, неба без адзiнага воблачка, на глебе i траве няма расы — усё гэта сведчыць аб магчымасцi замаразкаў. Садаводы павiнны ведаць, што пры пахаладаннях нераскрытыя кветкавыя бутоны яблынь пашкоджваюцца пры тэмпературы мiнус 4 градусы, кветкi, якiя распусцiлiся, — пры мiнус 2 градусах, завязi гiнуць пры мiнус 1—1,5 градуса. Падрыхтуйце шчыльную паперу, рагожку, а яшчэ лепш полiэтыленавую плёнку, спанбонд — для ўкрыцця садовых сунiц, якiя дзе-нiдзе ўжо цвiтуць. Самы вядомы спосаб засцерагчыся ад замаразкаў — гэта дымленне. Многiя яго прымяняюць, але робяць гэта няправiльна. Паляць вогнiшчы з вечара i ад гэтага мала толку. Шчыльную дымавую заслону стварыце перад усходам сонца, бо менавiта ў гэты час замаразак дасягае найбольшай сiлы i асаблiва небяспечны. Заканчвайце дымленне гадзiны праз дзве пасля ўсходу сонца. Запальвайце не ўсе кучы адразу, частку з iх паберажыце на выпадак паўторных замаразкаў. Кучы для вогнiшчаў павiнны быць заўсёды напагатове, каб не мiтусiцца ў апошнi час. Для iх падыдуць галiнкi, якiя засталiся пасля абрэзкi дрэў i кустоў. У сярэдзiну кучы пакладзiце якi-небудзь сухi матэрыял. У марозныя ранiшнiкi вецер дзьме з усходу цi з захаду, таму кучы трэба раскласцi з гэтых бакоў на адлегласцi адна ад другой. Калi вы падпалiце падрыхтаваную кучу, дым абавязкова пойдзе ўверх, а трэба каб сцялiўся. Для гэтага кiньце ў вогнiшча сырое лiсце, вiльготнае пiлавiнне цi проста зямлю. Ёсць i iншыя спосабы засцерагчыся ад замаразкаў. Пракапайце ўздоўж градак баразёнкi i моцна палiце iх вадой. У садзе, i ў першую чаргу у прыствольных кругах дрэў, таксама шчодра палiце вадой. Пры выпарэннi вiльгацi тэмпература ў гэтым месцы павышаецца. Вядома ж, градку можна ўкрыць полiэтыленавай плёнкай, спанбондам, саломай, мешкавiнай. Пры надыходзе замаразкаў памiдоры, кабачкi i некаторыя iншыя раслiны звычайна ўкрываюць каўпакамi з тоўстай паперы, кардону цi толi. Калi няма нiчога iншага пад рукой, знойдуць прымяненне разрэзаныя i згорнутыя ў некалькi слаёў старыя газеты. Яшчэ адно вырашэнне праблемы — пастаўлены ўверх дном шкляны слоiк. Але пастаўце яго так, каб сценкi не дакраналiся да лiстоў, а то яны могуць абмарозiцца. Часам садаводы загадзя рыхтуюць драцяныя каркасы, абцягнутыя ў некалькi слаёў плёнкай. Па сваёй канструкцыi гэтыя iндывiдуальныя ўкрыццi нагадваюць абажуры настольных лямпаў. * Калi цвiце чаромха — заўсёды бывае холадна. Асаблiва бывае холадна, калi дуб распусцiцца. * Авёс трэба сеяць днi за два пасля або да надыходу поўнiка i нiколi ў час зацьмення. *Калi салавей заспяваў на голыя дрэвы, то чакай неўраджай на садавiну. *Не сей пшанiцу раней дубовага лiста, г.зн. да яго з’яўлення. *На Макея (24 мая) мокра — усё лета будзе мокрае. *Камароў многа — дождж заўтра будзе, камароў мала — аўса i траў не будзе, многа мошак — рыхтуй па грыбы кошык. *З Пахома (28 мая) устанаўлiваецца зусiм летняе надвор’е. *Дуб перад ясенем лiст пусцiць — да сухога лета. *Зацвiтанне бэзу супадае з першым летнiм цяплом, з душнымi начамi. Цвiценне вiшнi — сiгнал для лёту капуснай, маркоўнай i цыбульнай мухi, капуснай молi i капуснай бялянкi. Трэба прадугледзець меры барацьбы з iмi. Часам у канцы мая здараюцца замаразкi, таму неабходна прыняць меры аховы раслiн цеплалюбiвых культур. *Вечарам або ноччу неба зацягнула хмарамi — замаразкаў не будзе. *Замаразкi прыметна змяншаюцца або зусiм знiкаюць, калi вечарам цi ноччу з’яўляецца раса. Адбываецца гэта таму, што пры расе выдзяляецца вялiкая колькасць цяпла, якое награвае калязямны слой паветра. *Калi на паверхню вады выплыла лiсце гарлачыка белага — замаразкаў не будзе.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб наблiжэннi замаразкаў на гэтым тыднi да мiнус 5 градусаў паведамiлi па радыё i тэлебачаннi. Але вопытныя садаводы-агароднiкi надыход замаразкаў сам |
|