Эдуард Малафееў: "Людзi павiнны перадаваць адзiн аднаму толькi добрыя iмпульсы падтрымкi"
Эдуард Малафееў: "Людзi павiнны перадаваць адзiн аднаму толькi добрыя iмпульсы падтрымкi"
Асоба З нагоды Дня работнiкаў фiзiчнай культуры i спорту, якi адзначаецца 17 мая, мы сустрэлiся з чалавекам, якi мае непасрэднае дачыненне да гэтага свята. Ды i прадстаўляць яго асаблiва нiкому не трэба. Можна назваць толькi першыя лiтары яго iмя, iмя па бацьку i прозвiшча — ЭВМ — i адразу стане зразумела, хто наш суразмоўца.Эдуард Васiльевiч Малафееў — гэта цэлая эпоха савецкага i беларускага футбола. У адрозненне ад большасцi iгракоў, якiя дасягаюць вяршынь цi то як футбалiсты, цi то як трэнеры, Эдуард Васiльевiч вызначыўся i як iгрок, i як футбольны настаўнiк — прычым i на клубным узроўнi, i ў зборнай. Малафеева можна назваць шчаслiвым трэнерам: не кожнаму настаўнiку ўдаецца ўзначалiць галоўную каманду краiны, а тым болей стаяць ля руля зборнай СССР. Акрамя таго, разам з мiнскiм "Дынама" Эдуард Васiльевiч выйграў чэмпiянат СССР. Не дзiва, што ў такога паспяховага спецыялiста хапала "добразычлiўцаў". Хоць у кар’еры трэнера былi не толькi ўздымы, але i падзеннi, Малафееў нiколi не здаваўся i заўжды знаходзiў сабе месца пад сонцам. I ў свае 65 гадоў ён працягвае дапамагаць развiццю гульнi № 1: зараз працуе кiраўнiком аддзела дзiцяча-юнацкага футбола Беларускай федэрацыi футбола. Аб юных талентах мы яшчэ пагаворым. А вось тэму трэнерскай прафесii мы абмiнуць увагай не змаглi. Усё ж Дзень работнiкаў фiзкультуры i спорту! Гутарку ж мы пачалi з актуальных падзей у сучасным футболе. Як Машэраў паставiў "медзведзяня" на месца — Неўзабаве стартуе Еўра-2008. Якiя ў вас прадчуваннi, хто можа стаць чэмпiёнам кантынента? — Дык справа ж у тым, што я — вернiк, таму па-хрысцiянску мне гэтага рабiць нельга. Як кажуць, я не вяшчун, я — просты чалавек. Падчас чэмпiянату Еўропы я толькi жыву тым, што сачу за рознымi зборнымi, трэнерскiмi канцэпцыямi i перажываю за футбол вельмi моцна. Бо развiццё ж футбола не стаiць на месцы. I для таго каб нацiснуць на адну са струн павышэння ўзроўню футбола, трэба назiраць за iм, за iншымi вiдамi спорту i чалавечай дзейнасцi, за самiм жыццём. — Тады хоць скажыце, за каго "хварэць" будзеце? — Вядома ж, за расiян! Я за iх хварэю як балельшчык, а вось як трэнеру, футбол мне больш падабаецца англiйскi. З тых часоў, калi ў англiйскiм футболе было мала iншаземцаў — у 60-я гады. Калi напярэдаднi чэмпiянату свету 1966 года мы былi месяц у Англii, я глядзеў англiйскi футбол рознага ўзроўню — вышэйшая лiга, чацвёртая — якая заўгодна гульня — у футболе я там не бачыў фальшу, а толькi поўную самааддачу. Я нават такое слова, як шчыры футбол, у дачыненне да англiйскага далучыў, г. зн. футбол да самазабыцця. Калi чалавек цалкам аддаецца сваёй справе i заахвочвае iншых людзей суперажываць, дастаўляе сваёй гульнёй задавальненне iншым людзям, тады гэта сапраўдны спартсмен. — Англiчане прапускаюць Еўра, затое ў фiнале Лiгi чэмпiёнаў сустрэнуцца ажно два прадстаўнiкi прэм’ер-лiгi... — Я вельмi рады гэтаму. А хварэць буду за "Манчэстар Юнайтэд". Проста мне па стылi ён больш iмпануе, хоць i "Чэлсi" — вельмi нядрэнная каманда, ды i ў ёй наш суайчыннiк працуе — Абрамовiч. Аднак, як кажуць, душы не загадаеш. "Манчэстар" жа мне запаў у душу. — Каб завяршыць тэму англiйскага футбола, хачу даведацца, якое ў вас меркаванне на магчымы пераход Аляксандра Глеба з "Арсенала" ў "Iнтар". Ва ўсякiм разе, такiя чуткi даўно ходзяць. Цi адаптуецца, па-вашаму, беларус у iтальянскiм чэмпiянаце? Вось Андрэй Шаўчэнка перабраўся з "Мiлана" ў "Чэлсi" i ... — Безумоўна, англiйскi футбол больш жорсткi i "шчыльны" ў параўнаннi з iтальянскiм (у кожнай краiне ён мае свае адрозненнi па нейкiх кампанентах). I ўсё ж я вам хачу сказаць, што да гэтых пераходаў iгракоў я стаўлюся не пахвальна. Калi я перайшоў з маскоўскага "Спартака", дзе не часта гуляў за асноўны склад, у мiнскае "Дынама", то мая кар’ера наладзiлася. Праз паўгода мяне ўзялi ў зборную Савецкага Саюза, а потым сталi клiкаць i маскоўскiя каманды, i "Дынама" (Кiеў) i "Шахцёр" i "Тбiлiсi". I калi б я не сустрэў Пятра Мiронавiча Машэрава!.. Ён мне сказаў (выклiкаў да сябе, калi даведаўся аб маiм магчымым пераходзе): "Медзведзяня (ён мяне так называў), ты разумееш, у чым справа. Я табе хачу сказаць не як кiраўнiк, а як твой старэйшы таварыш, а можа, i бацька, якi прайшоў пэўны ўчастак жыцця i мае дастатковы вопыт. Я лiчу, што там, дзе ты загуляў, i павiнна быць твая каманда. Зараз у цябе цэльная душа, а калi ты пакiнеш "Дынама", то станеш непрыкметным, цябе будзе вабiць цi матэрыяльны рэсурс, цi нешта яшчэ". Вось ён мне так вобразна ўсё намаляваў, што я зразумеў, што не трэба рваць сэрца i душу. Я ўдзячны "Дынама", што там мяне так добра прынялi, i людзям, якiя мяне туды прывялi. Таму ва ўсiх iнтэрв’ю кажу, што мая другая радзiма — Беларусь. — А цi можа не здраджваць свайму клубу трэнер? Вось Iгар Крыушэнка выйграў i чэмпiянат, i Кубак Беларусi з БАТЭ, а затым перабраўся ў сталiчнае "Дынама"... — Тут iншая сiтуацыя. Трэнеру даводзiцца мяняць каманду не па сваёй волi. Вось у мяне як атрымалася? Я спачатку працаваў у "Дынама" ў Брэсце, потым пайшоў на павышэнне ў Мiнск. Зразумела, хацелася дасягнуць поспеху. I калi я зрабiў мiнскiх дынамаўцаў чэмпiёнамi, мяне запрасiлi ў алiмпiйскую зборную СССР, потым — у першую. А пасля, напэўна, я нешта не тое зрабiў i мне давялося iсцi, куды паклiчуць. Працаваць жа трэба: дзеткi ж ёсць, i iх кармiць трэба. Вось тут i паняволi трэнеру даводзiцца мяняць каманду. А калi ёсць магчымасць быць у адным клубе, як Фергюсан ужо ў "Манчэстар Юнайтэд" гадоў 20 працуе цi болей, то чаму б не? Праўда, не ва ўсiх так атрымлiваецца. Узнiкаюць жа i канфлiктныя сiтуацыi з iгракамi i кiраўнiцтвам каманды. — Вы не абмiнулi iх у сваёй практыцы. Вы ўжо даравалi тым, хто калiсьцi пакрыўдзiў вас, здрадзiў? — Бывалi такiя выпадкi, але я хрысцiянiн, таму не трымаю на людзей зла. Бо я лiчу, што адна з найгалоўнейшых якасцяў чалавека — незлапамятнасць. Безумоўна, наогул не пакрыўдзiцца нельга, бо мы ж людзi. Але ж старайся ўсiмi фiбрамi душы, хоць цябе гэта ўсё раз’ядае, памяншаць узровень трывожнасцi. Зрабi так, каб табе палягчэла. Тады, упэўнены, i iншым людзям ты не зробiш дрэннага. Абавязкова. Патрэбна даваць адзiн другому свае добрыя iмпульсы падтрымкi, каб людзi былi ўпэўненыя ў сваiх сiлах. Няўпэўнены чалавек, iгрок цi трэнер, любы чалавек — значыць, злы. Ён пачынае зайздросцiць, а так нельга. А ў трэнерскай прафесii асаблiва. Бо табе ж заплацiлi i матэрыяльна, i духоўна. "Я ўставаў з кален у любым узросце" — Каго вы вызначыце ў сучасным беларускiм футболе сярод iгракоў i трэнераў? — Таленавiтыя ёсць, але я нiколi не выдзяляю кагосьцi. Я лiчу гэта няправiльным. — Вам не абыякавае "Дынама", i МТЗ-РIПА, дзе вы таксама працавалi. А цi суперажываеце ў час матчаў беларускага чэмпiянату за iх аднолькава? — Ёсць такi выраз: "Я не болею за "Спартак". Что делать, если это так? Я не болею за "Торпедо", но все же я рад, когда победа той команды, в которой работаю я". У дадзеным выпадку я хварэю за зборныя Расii i Беларусi, бо зараз працую ў Федэрацыi футбола. Больш за тое! Я гатовы дапамагчы зборнай i словам, i справай, калi гэта патрэбна. — Цi думалi вы, калi ўзначальвалi зборную Беларусi, што калiсьцi камандай будзе кiраваць нямецкi настаўнiк! На вашу думку, Бернду Штанге складана зразумець менталiтэт беларусаў? — Я думаю, што, несумненна, патрэбна ведаць больш дэталёва футбол i краiну, дзе ты працуеш. А для гэтага патрэбна тут дастаткова пажыць. Аднак я перакананы, што гэта — каштоўны спецыялiст. Яму не так проста ў працы, бо зараз будзе i змена пакаленняў, i група ў нас няпростая (адборачная група да чэмпiянату свету-2010. — Аўт.). Вось чаму я i сказаў, што гатовы дапамагчы, калi спатрэбiцца. Яшчэ патрэбна, каб усе былi настроены ў адзiным парыве на найвышэйшае дасягненне. I я, i вы — давайце разам пажадаем Штанге, каб у яго ўсё атрымалася, каб яму спадарожнiчала ўдача. У нас з iм, дарэчы, склалiся вельмi добразычлiвыя адносiны. Мы ж часта бачымся ў федэрацыi. — Нямецкiя трэнеры патрабуюць жорсткую дысцыплiну ў камандзе, некаторыя ж беларускiя настаўнiкi занадта мяккiя да сваiх падначаленых. Па-вашаму, якiм павiнен быць для футбалiстаў трэнер — другiм бацькам, сябрам цi тыранам? — Ёсць i аўтакраты, i дэмакраты, i людзi, якiя больш прымяняюць псiхалагiчны метад у рабоце. Дыстанцыя ў адносiнах памiж трэнерам i iграком павiнна iснаваць, але яе не трэба ствараць спецыяльна. Дыстанцыя сама з’яўляецца, калi ў цябе хапае ведаў. Галоўнае — цвёрда стаяць на нагах i валодаць пэўнай граматнасцю. Наогул стаць трэнерам няцяжка. Калi ты добры футбалiст i хочаш стаць трэнерам, i ў цябе для гэтага ёсць патрэбныя якасцi, то, безумоўна, — гэта для цябе вялiкая падмога. Калi ж ты не футбалiст, то таксама можаш стаць трэнерам. У любым выпадку патрэбна мець пэўны багаж ведаў — па футболе, фiзiялогii, бiяхiмii, фiзвыхаванні, псiхалогii. — Якi спосаб вы б параiлi маладым трэнерам, каб забыцца аб няўдачах, без якiх нiяк не абысцiся ў прафесii настаўнiка? — У мяне таксама ўзнiкалi сiтуацыi, калi мне было сорамна. Iншая справа, што я заўжды каяўся i як мага хутчэй уставаў з кален у любым узросце. Сказана ж: "Какое горе мелких неудач, какая бы беда ни подступала, руками стисни горло и не плачь, садись за дело (или выходи на футбольное поле), начинай сначала". Спосаб забыцца на няўдачы ў мяне адзiны — гэта духоўнае аднаўленне. Першым духоўным пачаткам у чалавека з’яўляецца сумленне. Калi зможаш да яго дастукацца, то ўсё ў парадку. Кожны раз патрэбна звяртацца да свайго сумлення: цi правiльна я сябе вяду, што я раблю не так? Быць факелам i запальваць iншых — Вы цытуеце многа вершаў. А самi iх пiсаць спрабавалi? — Сапраўдныя вершы я нiколi не пiсаў, так толькi спрабаваў. У мяне душа ж паэтычная. Я вельмi люблю вершы — Пушкiна, Блока, Ясенiна, Лермантава, Някрасава i iншых. Я ўдзячны, што яны такiя выдатныя рэчы напiсалi. Вершы ж супакойваюць. Настрой становiцца прыемным. Больш нiчога i не трэба. I зноў ляцiш. Паэзiя — гэта мой надзённы хлеб. Я таксама ведаю шмат малiтваў. — Вы рэалiзавалi сябе ў футболе i як iгрок, i як трэнер. А па-чалавечы можаце назваць сябе шчаслiвым? — Было б блюзнерствам казаць, раз Гасподзь даў мне жыццё, што я iм незадаволены. Патрэбна радавацца, як бы нi склалася. Так выйшла, што ў маiм жыццi мая воля супала з воляй Бога. Я атрымаў адукацыю, загуляў у асноўным складзе i стаў трэнерам. Калi ў кагосьцi нешта не заладзiлася ў жыццi, у першую чаргу глядзi на сябе, штосьцi ў цябе не ў парадку. Я заўжды знаходзiў, у чым памыляўся. А колькi яшчэ ёсць мудрага, аб якiм так хочацца даведацца! Дай Божа, яшчэ пажыць. — Вы хацелi б, каб хтосьцi з родных пайшоў па вашых слядах у футболе? — Патрэбна не маё жаданне, а каб усё супала ў жыццi. У кожнага ж чалавека ёсць выбар i свой жыццёвы абавязак. I яго патрэбна выканаць. Можа, у кагосьцi з маiх родных атрымаецца стаць трэнерам, але ў мяне ж тры дачкi. Можа, унукi? Аднак iм патрэбна многаму вучыцца, у тым лiку цярпець цяжкасцi, i галоўнае — гарэць сваёй працай. Без гэтага немагчыма здзейснiць подзвiгi. Калi гарыш, будзе цiкава i табе, i людзям, якiя побач. Гары i запальвай iншых. Праўда, быць факелам не кожнаму дадзена. — Вы не раз называлi сябе чалавекам-вернiкам. А якiя запаведзi для вас iснуюць у трэнерскай прафесii? — Найгалоўнейшая запаведзь — трэнер абавязаны iмкнуцца да найвышэйшых дасягненняў. Гэта закон жыцця i волi. Калi гэтага няма, то лепш не iсцi ў трэнеры. Як я ўжо казаў, трэба не быць злапамятным, а дараваць людзям. Трэба быць прафесiйна гатовым да работы, каб усё было, як двойчы два. I, безумоўна, любiць футбол. I так у кожнай справе. Iнакш ты займаеш чужую пасаду. I трэба быць цярплiвым. — Узгадаеце, калi вы апошнi раз самi гулялi ў футбол? — Я i зараз магу выйсцi на поле. Праўда, ужо нячаста ўдаецца. Смяшыць людзей ужо не варта (усмiхаецца). Лоўкасць i каардынацыя ў мяне ўжо не тыя. Магу i ўпасцi на футбольным полi. Аднак пабiць па варотах магу. Рухаюся яшчэ! Iрына ПРЫМАК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З нагоды Дня работнiкаў фiзiчнай культуры i спорту, якi адзначаецца 17 мая, мы сустрэлiся з чалавекам, якi мае непасрэднае дачыненне да гэтага свята.
|
|