21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Каплiца Ажэшкаў у Закозелi будзе адноўлена

26.08.2009 10:11 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Каплiца Ажэшкаў у Закозелi будзе адноўлена

Рыштаванні Бацькаўшчыны

Сёння гаворка пойдзе пра яшчэ адзiн адметны куток краiны, дзе больш за стагоддзе жыццё ладзiлася вакол сядзiбы аднаго са старадаўнiх шляхецкiх родаў Беларусi — Ажэшкаў. Закозельскi маёнтак, як i многiя фальваркi тагачаснага беларускага краю, цесна звязаны з гiсторыяй паўстання 1863—64 гадоў, а таксама з жыццём i творчасцю знакамiтай пiсьменнiцы Элiзы Ажэшкі.

Закозельскiмi землямi ў другой палове ХIХ стагоддзя валодалi Юзэф, Нiкадзiм, iншыя прадстаўнiкi роду Ажэшкаў. Памесце ўключала ў сябе шэсць фальваркаў — Валавель, Белiн, Дзятлавiчы, Вавулiчы, Карлавiчы i Дошнiк. Закозель быў галоўнай рэзiдэнцыяй. Выгляд сядзiбнага дома дайшоў да нас найбольш дакладна ў выглядзе акварэлi Напалеона Орды. Шмат разоў рэканструяваны, перароблены, удасканалены новымi гаспадарамi, дом быў спалены ў 1939 годзе. Да нашых дзён захавалiся будынак бровара, некалькi гаспадарчых памяшканняў ды сцены каплiцы-пахавальнi роду Ажэшкаў — галоўнай славутасцi гэтых мясцiн.

Сядзiба адрознiвалася арыгiнальнымi паркамi, алеямi, незвычайнай воднай сiстэмай. Галоўную лiпавую алею, якая вяла да сядзiбнага дома, а цяпер стала вясковай вулiцай, акалялi з двух бакоў каналы шырынёй па чатыры метры. Дрэвы высаджвалi на адлегласцi ў шэсць метраў адно ад аднаго i яны не закрывалi краявiд паўнаводных каналаў, уздоўж вонкавых берагоў якiх узвышалiся дубы. З тых волатаў-дубоў засталося ўсяго некалькi. На тэрыторыi сядзiбы было пяць вадаёмаў. У iх упадалi каналы-збiральнiкi вады за межамi сядзiбы. Вадаёмы злучалiся памiж сабой пратокамi i напаўнялi вадой цэнтральныя каналы, якiя з’яўлялiся галоўнымi элементамi сядзiбнай планiроўкi. Складанай, вельмi своеасаблiвай назваў водную сiстэму Закозеля ў сваiм творы "Старадаўнiя сядзiбы Берасцейшчыны" Анатоль Федарук. Сапраўды, дзiвосны малюнак вадаёмаў з каналамi надаваў ўсяму памесцю i асаблiва парку непаўторны каларыт. Дык вось у рагу парку ў 1839 годзе паводле праекта архiтэктара Францiшка Яшчалда была ўзведзена каплiца-пахавальня ў стылi неаготыкi. На будаўнiцтва такога аб’екта патрабаваўся нават дазвол вiленскага епiскапа. У Анатоля Федарука чытаем: "Каплiца — рэдкае па кампазiцыi, гармонii i якасцi выканання, ляпным дэкоры, дэкаратыўным лiццi збудаванне i не толькi ў Беларусi. Пабудавана яна са светла-чырвонай цэглы. У плане цэнтрычны квадратны будынак са спiчастымi двухскатнымi дахамi, пакрытымi меднымi лiстамi, у перакрыжаваннi якiх уздымаецца ўгору чатырохгранная сiгнатурка з вострым шпiлем i чыгунным крыжам на канцы..."

У скляпеннях гэтай прыгожай каплiцы была крыпта, дзе хавалi прадстаўнiкоў роду. Дарэчы, графiня Бабрынская, якая пазней купiла маёнтак на аўкцыёне, прыняла ўмовы былых гаспадароў у адносiнах да каплiцы. Храм нельга было выкарыстоўваць у якiх-небудзь iншых мэтах, разбураць яго або перабудоўваць. I хоць сядзiба ў Ажэшкаў была канфiскавана, фармальна iм пакiнулi права хаваць членаў сям’i ў каплiцы. Гэтым правам хацела скарыстацца Эмiлiя Ажэшка, сын якой памёр у Парыжы на пачатку мiнулага стагоддзя, ды атрымала адмову ад расiйскiх уладаў. На сваё шчасце. Але пра тое крыху пазней.

Дык вось жыхаркай гэтых маляўнiчых мясцiн паўтара стагоддзя таму стала маладая Элiза Паўлоўская, якая паспела ўжо стаць Ажэшкай. 16-гадовая будучая пiсьменнiца, выпускнiца Варшаўскага пансiёна, сустрэлася ў Гродне з Пятром Ажэшкам i неўзабаве звязала з iм лёс. Пасля вяселля яны прыехалi з мужам у яго радавы маёнтак Людвiнава, што зусiм побач з Закозелем. А ў Закозелi гаспадаром быў малодшы брат Пятра — Фларыян, выпускнiк Санкт-Пецярбургскай медыка-хiрургiчнай акадэмii. У Фларыяна часта бывалi сябры-аднадумцы, у iх размовах i дыскусiях патыхала атмасферай паўстання. Iх iдэямi загарэлася i маладая Элiза. Яна спачувала бедным, гаротным, хворым. Дапамагала мясцовым сялянам, адкрыла ў 1861 годзе для вясковых дзяцей школу. Паўстанне 1863—64 гг., паводле яе слоў, стала для яе ўнiверсiтэтам: "Усё гэта зрабiў са мной i ўва мне год 1863. Калi б не яго молат i разец, мой лёс быў бы iншым, i, вiдаць, я не была б пiсьменнiцай".

Той год перамалоў лёс не адной толькi Элiзы. На сход у Новую Папiну да пана Жука прыехалi ўсе памешчыкi акругi. На парадку дня было адно пытанне: падтрымлiваць паўстанцаў цi займаць нейтральную пазiцыю. Доўгая дыскусiя нiчога не дала. Меркаваннi раздзялiлiся. Тады было прынята рашэнне правесцi тайнае галасаванне (вось узровень местачковага калектывiзму i дэмакратыi! — С. Я.). Калi падлiчылi галасы, то высветлiлася, што гаспадары палескага краю паўстанне падтрымаюць. Праўда, зброю ў рукi яны амаль не бралi, а дапамагалi змагарам за волю хлебам, коньмi, зброяй, грашыма, адзеннем, медыкаментамi. Не меней важнай была i маральная падтрымка. Напрыклад, калi адзiн з кiраўнiкоў паўстанцкага войска Рамуальд Траўгут быў паранены, ён некаторы час знаходзiўся ў доме Элiзы i Пятра Ажэшкаў. А калi мяцежнага генерала пачалi шукаць, паводле падання, Элiза хавала яго колькi дзён у патайным пакоi каплiцы. Пазней дапамагла выехаць Траўгуту ў Варшаву.

Потым, калi паўстанне пацярпела паражэнне i яго кiраўнiкi былi пакараны смерцю, паступова сталi арыштоўваць суседзяў. Прыйшлi i па Ажэшкаў. Пётр атрымаў меншы тэрмiн, а Фларыян быў асуджаны надоўга. 13 месяцаў ён iшоў пешшу па этапу да сiбiрскага Томска. Лёс асуджанага падзялiла яго нявеста. У ссылцы нарадзiлiся iх дзецi. А вязень стаў знакамiтым на ўсю акругу ўрачом. Элiза спачатку мела намер пайсцi за мужам, але потым намер памяняла. Iх сямейны саюз i да гэтага займеў трэшчыну, таму яны вырашылi ўзяць развод. Элiза вярнулася ў Гродна, на радзiму.

А радавыя маёнткi Ажэшкаў за ўдзел у паўстаннi былi канфiскаваныя i выстаўленыя на аўкцыёны. Закозель купiла графiня Надзея Аляксандраўна Бабрынская. Цiкавая дэталь: муж графiнi быў унукам пазашлюбнага сына Кацярыны II i графа Арлова. Сядзiбай кiравалi павераныя графiнi, i варта зазначыць, удала. Гаспадарчая дзейнасць вялася прыбыткова, будавалiся новыя прадпрыемствы. Напачатку ХХ стагоддзя ў Закозелi ўзвялi дрожджававiнакурны завод, якi захаваўся да нашых дзён. Бровар мае сваю цiкавую гiсторыю, вiдаць, з-за сваёй "стратэгiчнай" прадукцыi. Два разы, напрыклад, яго адбiвалi партызаны ў немцаў падчас акупацыi. Што цiкава, пасля гэтага не праводзiлiся звычайныя для фашыстаў рэпрэсii. Акупанты латалi дзiркi ў ёмiстасцях i запускалi прадпрыемства наноў. Завод быў закрыты канчаткова адносна нядаўна. Вiдаць, аджыў бровар свой век у прамым сэнсе.

Гiсторыю закозельскiх славутасцяў на адным дыханнi як лекцыю можа прачытаць дырэктар мясцовай гаспадаркi доктар сельскагаспадарчых навук Мiкалай Якоўчык. З яго ўласна i пачалося адраджэнне памяцi тутэйшых мясцiн. Мiкалай Сцяпанавiч узначалiў цяперашнi племзавод "Закозельскi" ў жнiўнi 1991 года. Гаспадарка была ў цяжкiм эканамiчным становiшчы, пра культурна-гiстарычныя каштоўнасцi нiхто не дбаў, мякка кажучы... А на справе гэта выглядала так: каплiца працягвала развальвацца. Яе нават не было вiдно за хмызняком i бур’яном. Рэшткi парку зараслi дзiкiм кустоўем, кругом буялi крапiва i лопух, валялiся гурбы смецця. Усё гэта расчысцiлi, прывялi ў парадак. А калi Якоўчык падняў даведнiкi, энцыклапедыi, дакументы, даведаўся, якой славутай, цiкавай, неардынарнай была гiсторыя Закозеля i навакольных вёсак, то лiтаральна "захварэў" гэтай тэмай. Дырэктар саўгаса некаторы час нават факультатыў у школе вёў па гiсторыi свайго краю. Кажа, "абурэнне ўзяло, што дзецi старанна вучаць мiнулае старажытнай Грэцыi i Рыма, а што было ў ваколiцах Закозеля, i блiзка не ўяўляюць". Зараз у Мiкалая Сцяпанавiча сабраны добры архiў па гiсторыi роду Ажэшкаў. Знайшлася адна з нашчадкаў. Унучка Фларыяна Ажэшкi жыве ў Парыжы. Сазванiўся з ёй, збiраўся ехаць мiнулай восенню. Пажылая жанчына паабяцала аддаць для будучага музея шэраг матэрыялаў. Ужо i вiза была адкрыта, ды пасяўная зацягнулася, паездку давялося адкласцi. На некаторы час.

Адначасова з паступовым уздымам гаспадаркi ўздымалi лiтаральна з зямлi i попелу памяць. Тады яшчэ саўгас за свой кошт адрэстаўраваў спiртзавод — былы панскi бровар, за што дырэктар нажыў вялiкiя непрыемнасцi. Аказалася, не ўзгаднiў рэстаўрацыю з усiмi патрэбнымi ўстановамi. Вядомая справа, калi бур’яном зарастае i валiцца, нiкога да адказнасцi не прыцягнуць, а вось калi зрабiў добрую справу без адной паперы, прыцягнуць нагода ёсць. Але нiчога, гэта ў Закозелi перажылi. I спадзяюцца, што вёску яшчэ больш знакамiтай зробiць яе гiсторыя.

Такое спадзяванне выказаў адзiн са сталых жыхароў Закозеля Уладзiмiр Георгiевiч Хiлько. Ён жыве тут з 1955 года, але ад суседзяў-старажылаў шмат ведае пра лёс тутэйшых славутасцяў. Расказаў, што каплiцу пачалi рабаваць немцы яшчэ ў Першую сусветную вайну, яны знялi меднае пакрыццё, i будынак некалькi гадоў прастаяў без даху. Потым новы ўладальнiк маёнтка ў 20-х гадах яе адрамантаваў. А вось пасля Другой сусветнай вайны яна была разбураная i апаганеная. Скляпеннi раскопвалi, косцi валялiся побач з будынкам. А аднойчы Уладзiмiр Хiлько, тады ён працаваў намеснiкам старшынi калгаса, разам са старшынёй позна вярталiся з калгаснага сходу. I на цёмнай вулiцы сутыкнулiся з мумiяй-шкiлетам. Нехта так "пажартаваў", паставiў чалавечыя астанкi вертыкальна прама на дарозе. Ранкам кiраўнiкi гаспадаркi папрасiлi дырэктара спiртзавода, каб ён камандзiраваў рабочага. Апошняму ў якасцi авансу была выдадзена бутэлька спiрту, ён i закапаў усе косцi, якiя валялiся, побач з каплiцай.

***

На сёння пытанне пра аднаўленне каплiцы вырашанае. Праведзеныя даследчыя работы. Аляксандр Башкоў, спецыялiст "Брэстрэстаўрацыяпраект" i дацэнт Брэсцкага ўнiверсiтэта iмя Пушкiна расказаў карэспандэнту "Звязды", што падчас раскопак яны знайшлi астанкi чатырох чалавек, прадстаўнiкоў роду Ажэшкаў. Знойдзена шмат прадметаў побыту, фрагменты адзення, нават кавалак слуцкага пояса.

Аблвыканкамам прафiнансаваны на гэты год выраб праектна-каштарыснай дакументацыi. Сродкi на рэканструкцыю чакаюцца ў наступных гадах. Патрэбна 600—700 мiльёнаў рублёў. Ёсць задумка стварыць у будынку музей шляхецкiх родаў Палесся. А чакаюць яе ўвасаблення ў Закозелi, так бы мовiць, актыўна. За свае сродкi гаспадарка ўзялася рэканструяваць вадаём i дарожкi вакол каплiцы. А ў суседняй вёсцы, таксама з цiкавай гiсторыяй — Селiшча пабудавалi невялiкую турыстычную базу. Правiльней сказаць, перарабiлi пад сядзiбу будынак старога прычала на маляўнiчым беразе Днепра-Бугскага канала побач з самым высокiм пунктам Брэсцкай вобласцi. Турыстаў трэба ж недзе сустракаць, размяшчаць. А яны паедуць у Закозель. У гэтым тут упэўнены.

Святлана ЯСКЕВIЧ.

Драгiчынскi раён.

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння гаворка пойдзе пра яшчэ адзiн адметны куток краiны, дзе больш за стагоддзе жыццё ладзiлася вакол сядзiбы аднаго са старадаўнiх шляхецкiх родаў Б
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика