Канадцы "азалацiлiся" ў Маскве, а расiяне — на радзiме хакея
Канадцы "азалацiлiся" ў Маскве, а расiяне — на радзiме хакея
Шайбу, шайбу! На працягу 22 гадоў гаспадары турнiру не могуць стаць чэмпiёнамi свету Гамяльчанiн Кiрыл Голуб, сярэбраны прызёр Сусветнага конкурсу хакейнага майстэрства ў Квебеку, меў рацыю, калi пераконваў мяне, што ў фiнале 72-га чэмпiянату свету сустрэнуцца Канада i Расiя, а выйграюць нашы ўсходнiя суседзi. Юнак абгрунтоўваў сваю веру ў расiян так: "Я бачыў матчы з iх удзелам. Наймацнейшай зборнай на чэмпiянаце няма". Як бы там нi было, але перамога расiйскай дружыны (5:4 у авертайме) у чарговы раз пацвердзiла хакейную прымету: гаспадары першынства планеты не становяцца першымi на турнiры. Так павялося з 1986 года, калi ў Маскве перамогу святкавала зборная СССР. Цiкава, што ўдзельнiкi сёлетняга фiналу абмянялiся своеасаблiвымi жэстамi ветлiвасцi: летась канадцы сталi чэмпiёнамi свету ў Маскве, а гаспадары мiнулага сусветнага форуму адабралi ў "кляновых" залатыя медалi на iх радзiме. Заўважым, што Канада ўпершыню прымала чэмпiянат планеты, а Мiжнародная федэрацыя хакея гэтымi ж днямi святкавала 100-гадовы юбiлей. Да гэтай перамогi нашы ўсходнiя суседзi iшлi 15 гадоў (з 1993-га). Цiкава, што ў мiнулы раз яны станавiлiся чэмпiёнамi якраз пры Вячаславе Быкаве. З адной толькi заўвагай: тады ён быў капiтанам каманды, а зараз — трэнерам. Сёлетняе "золата" — другое ў скарбонцы расiйскiх iгракоў i 24-е, калi ўлiчваць тытулы савецкiх хакеiстаў. Столькi ж перамог i ў гiсторыi канадскага хакея. Бронзавымi ж прызёрамi турнiру-2008 сталi фiны, якiя ўпэўнена разграмiлi шведаў — 4:0. Хоць расiяне i сталi наймацнейшымi iгракамi свету, але аргкамiтэт назваў лепшым на турнiры толькi аднаго прадстаўнiка чэмпiёнаў — галкiпера Яўгена Набокава. У астатнiх жа амплуа лепшымi былi названы канадцы — абаронца Брэнт Бернс, нападаючы Дэнi Хiтлi, якога прызналi i самым карысным хакеiстам спаборнiцтваў. А вось у сiмвалiчнай зборнай чэмпiянату-2008 (яе складаюць журналiсты) аказалiся варатар Яўген Набокаў (Расiя), абаронцы Майк Грын (Канада) i Томаш Каберле (Чэхiя), форварды Дэнi Хiтлi (Канада), Рык Нэш (Канада) i Аляксандр Авечкiн (Расiя). Напрыканцы некалькi цiкавых фактаў аб чэмпiёнах. Хакеiстам зборнай Расii давялося... iсцi на фiнал пешшу, бо прыкладна за кiламетр да арэны аўтобус быццам бы за нейкае парушэнне спынiў палiцэйскi. Калi каманда дабралася да месца, галоўны трэнер зборнай Вячаслаў Быкаў выказаў спадзяванне, што гэты iнцыдэнт — добрая прыкмета для яго падначаленых, бо яшчэ больш з’яднала калектыў. Перамогу расiянам прынёс i своеасаблiвы талiсман каманды, 38-гадовы ветэран Сяргей Фёдараў, на рахунку якога ўжо тры тытулы чэмпiёна свету (у 1989, 1990 i 2008-м). Дзякуючы сваёй перамозе расiяне занялi другое месца ў рэйтынгу Мiжнароднай федэрацыi хакея. Узначальвае ж спiс лепшых зборных планеты Канада. Шведы апусцiлiся на трэцюю пазiцыю, фiны — на чацвёртую, а чэхi — на пятую. Шосты i сёмы рэйтынг адпаведна ў ЗША i Швейцарыi. Славакi восьмыя. Дзевятку, якая аўтаматычна едзе на зiмовую Алiмпiяду-2010 у Ванкуверы, замыкае Беларусь. Яшчэ тры пропускi на Белыя гульнi будуць разыграны на квалiфiкацыйных турнiрах. Склад груп на папярэднiм этапе Алiмпiяды-2010 (16—28 лютага) ужо вядомы. Сапернiкамi беларусаў у групе С сталi шведы, фiны i каманда, якая заваюе першую пуцёўку ў квалiфiкацыйным турнiры. У групе А сустрэнуцца Канада, ЗША, Швейцарыя i зборная, якая здабудзе трэцюю пуцёўку ў адборачным турнiры. У групе В згуляюць расiяне, чэхi, славакi i ўладальнiкi другой пуцёўкi квалiфiкацыi. Наступны чэмпiянат свету па хакеi прыме Швейцарыя. На першынстве-2009 (стартуе 24 красавiка) беларусы згуляюць у групе А супраць зборных Канады, Славакii i Венгрыi. У групе В сустрэнуцца расiяне, гаспадары турнiру, немцы i французы. У групе С сiламi памераюцца Швецыя, ЗША, Латвiя i Аўстрыя, а ў групе D — Фiнляндыя, Чэхiя, Нарвегiя i Данiя. Менавiта ў Швейцарыi i вызначыцца, якая краiна стане гаспадыняй чэмпiянату-2014. Сярод прэтэндэнтаў i Беларусь. P. S. З нагоды стагоддзя IIHF у Канадзе была агучана сiмвалiчная шасцёрка хакеiстаў за 100 гадоў. У ганаровую каманду ўключылi ажно чатыры прадстаўнiкi савецкага хакея — варатар Уладзiслаў Траццяк, абаронца Вячаслаў Фяцiсаў, нападаючыя Валерый Харламаў i Сяргей Макараў. У камандзе-мары таксама шведскi абаронца Бер’е Сальмiнг i канадскi форвард Уэйн Грэцкi. У галасаваннi ўзялi ўдзел 56 экспертаў з 16 краiн свету. Iрына ПРЫМАК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На працягу 22 гадоў гаспадары турнiру не могуць стаць чэмпiёнамi свету
|
|