Нам рана жыць пенсiянерамi...
Нам рана жыць пенсiянерамi...
Сацыяльна-дэмаграфічная бяспека Ужо сёлета прырост працаздольнага насельнiцтва пачынае змяняцца стратай, значыць, колькасць атрымальнiкаў пенсiй будзе няўхiльна расцi На павелiчэнне колькасцi асобаў працаздольнага ўзросту ў Беларусi да 2005 года ўплывалi два моманты: выхад на рынак працы пакалення, якое нарадзiлася ў 80-я — перыяд адноснага ўздыму нараджальнасцi i выхад з вышэйпамянёнай катэгорыi малаколькасных груп насельнiцтва, якое нарадзiлася ў часы Вялiкай Айчыннай. Аднак у далейшым будзе назiрацца натуральнае старэнне працаздольнага насельнiцтва. Гэта вызначаюць таксама два фактары: малаколькаснае пакаленне асобаў, народжаных у першай палове 90-х i выбыванне з рабочых узростаў больш шматлiкага пасляваеннага пакалення. Да чаго ж у гэтым сэнсе варта рыхтавацца таму, хто сёння працуе i заўтра стане пенсiянерам? Паводле слоў дырэктара Еўрапейскага цэнтра геранталогii Ўнiверсiтэта Мальты, дырэктара Мiжнароднага iнстытута праблем старэння ААН, прафесара Джозефа ТРОЙЗI, старэнне ў шырокiм сэнсе — не праблема, а натуральны i незваротны працэс, якi фактычна пачынаецца з моманту нараджэння, а не з выхадам на пенсiю, як можна было б меркаваць. Больш за тое, старэнне — гэта прыклад поспеху, шматлiкiх дасягненняў цывiлiзацыi, паколькi магчымасць жыць даўжэй забяспечана некаторымi медыцынскiмi аспектамi (перамогай над шэрагам iнфекцыйных захворванняў, развiццём гiгiены i санiтарыi i iнш.), дасягненнямi ў сацыяльнай галiне. Дзякуючы чаму, з 1950 па 2000 год у сярэднiм зямляне атрымалi дадатковыя 20 гадоў жыцця. Яшчэ 10 дабавяцца, паводле прагнозаў, у перыяд з 2000 па 2050-ы. Як вядома, працэсамi, якiя нельга спынiць, лепей кiраваць. Але як? Заходняя прэса б’е трывогу: "крызiс сiвеючага грамадства!", "калапс эканамiчных сiстэм!" i г.д. I яны маюць рацыю. Да 2050 года колькасць людзей ва ўзросце пасля 60 гадоў можа патроiцца. Колькасць сталых людзей на той момант перавысiць пакаленне дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў. У еўрапейскiх краiнах гэта праблема актуальная ўжо сёння, а да 2050 года колькасць сталых людзей у рэгiёне перавысiць колькасць дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў больш як удвая. Скарачэнне колькасцi насельнiцтва працаздольнага ўзросту шматразова павялiчыць нагрузку на эканомiку "старых" краiн Еўропы i, перш-наперш, iх пенсiйную сiстэму i сiстэму сацыяльнай абароны. Паводле ацэнак экспертаў, у шэрагу краiн Еўрапейскага саюза да 2020 года кошт пенсiйнага забеспячэння падвоiцца i дасягне 20 працэнтаў ВУП замест у сярэднiм 10 працэнтаў ВУП на сённяшнi дзень. У краiнах СНД пад’ём агульнага iндэксу дэмаграфiчнай нагрузкi (суадносiны колькасцi непрацуючага насельнiцтва — пенсiянераў i дзяцей — да колькасцi людзей працаздольнага ўзросту) пачнецца раней, чым у Заходняй Еўропе — з 2010 года. З другога боку, iснуюць пэўныя спосабы адаптацыi да вышэйпамянёных працэсаў старэння насельнiцтва. Адзiн з iх — рэфармаванне пенсiйных сiстэм. Лiчыцца, што тыя ж Злучаныя Штаты маглi б на працягу блiжэйшых 50 гадоў жыць без праблем, калi б пенсiйны ўзрост у гэтай краiне складаў 70 гадоў. Пакуль права на атрыманне дапамогi па ўзросту ў ЗША маюць асобы ва ўзросце пасля 67 гадоў. Да павелiчэння пенсiйнага ўзросту прыйшлi, напрыклад, i Францыя з Германiяй. Праўда, спачатку насельнiцтва ўспрыняло такую неабходнасць "у штыкi"... У нашай краiне неабходнасць адсоўвання пенсii на больш познi тэрмiн (на думку некаторых спецыялiстаў, аптымальным можа быць тэрмiн 62 гады для мужчын i жанчын) выклiкае ў насельнiцтва стойкае непаразуменне, маўляў, як такое магчыма ў краiне, дзе сярэдняя працягласць жыцця ў тых жа мужчын — 63 гады?! Аднак самая першая пенсiйная сiстэма Германii ў сярэдзiне ХІХ стагоддзя грунтавалася на ўзросце 70 гадоў, пры тым што сярэдняя працягласць жыцця на той момант складала... 52 гады. Паводле слоў начальнiка аддзела развiцця пенсiйнай сiстэмы Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Рэспублiкi Беларусь Таццяны ПАГОНЫШАВАЙ, цяпер у нашай краiне 21,5 працэнта людзей знаходзяцца ў непрацаздольным узросце (жанчыны — пасля 55 i мужчыны — пасля 60). Насельнiцтва Беларусi ўжо не проста "стар", а "суперстар". 26 працэнтаў насельнiцтва атрымлiваюць тыя цi iншыя пенсii. У апошнiя гады на iх выплату расходуецца каля 11 працэнтаў ВУП. Дзеля захавання фiнансавай стабiльнасцi пенсiйнай сiстэмы i стварэння стымулаў для больш позняга звароту за пенсiяй плануецца перайсцi да схемы з устаноўленымi ўзносамi. Акрамя таго, мяркуецца вывесцi раннiя пенсii па ўмовах працы ў аўтаномную сiстэму прафесiйнага страхавання. Разам з тым пытанне старэння насельнiцтва — гэта не толькi праблема аказання iм фiнансавай i сацыяльнай падтрымкi, але i неабходнасць вырашэння пытанняў якасцi жыцця пажылых, стварэння такой сiтуацыi ў грамадстве, пры якой сталыя людзi максiмальна доўга не выключаюцца з грамадскага жыцця. "Праўда ў тым, што нават у найбольш эканамiчна развiтых краiнах Захаду навучылiся толькi "дадаваць гады" да працягласцi жыцця, але не ўмеюць дадаць якасцi гэтым гадам, — кажа Джозеф Тройзi. — Сталыя людзi, мякка кажучы, успрымаюцца маладымi пакаленнямi i дзяржавай як абуза, якую варта трываць. Дзяржаўная ж палiтыка павiнна быць сканцэнтравана на рэiнтэграцыi сталых асобаў у грамадства". Святлана БАРЫСЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ужо сёлета прырост працаздольнага насельнiцтва пачынае змяняцца стратай, значыць, колькасць атрымальнiкаў пенсiй будзе няўхiльна расцi |
|