21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Паляванне на музаў

26.08.2009 10:12 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Паляванне на музаў

Сёлета праходзiла пад гукi старадаўнiх фанфараў, якiя некалi чулiся ў беларускiх лясах

Такую нечаканую тэму свята музыкi "Музы Нясвiжа" абралi ў гонар 600-годдзя "Белавежскай пушчы". Гэты вялiкi i таямнiчы лес быў сведкам тых жа падзей, як i старадаўнiя беларускiя гарады з iх помнiкамi. Каб даехаць з Нясвiжа да Белавежы, трэба праехаць не адзiн дзесятак кiламетраў. Але яны знiтаваныя не толькi таму, што прадстаўнiкi роду Радзiвiлаў прымалi ўдзел у прыняццi заканадаўчых актаў, паводле якiх пушча стала заказнiкам. I ў Белавежы, i ў Нясвiжы ёсць адбiткi вякоў, i там, i тут былi свае стагоддзi славы. Гiсторыя iх iшла паралельна. I калi сёння становiцца ўсё больш вядома пра шэсць запаведных стагоддзяў Пушчы, то Нясвiжскiя iмпрэзы дапамагаюць раскрываць асаблiвасцi шасцi стагоддзяў беларускай музыкi. Натуральна, што сёлета на свяце музыкi ўзнiкла тэма палявання.

Фанфары паляўнiчых

Яны некалi гучалi як абвестка: князь збiраецца на паляванне. Гучалi i тады, калi трэба было паведамiць, якi звер стаў здабычай. Самыя розныя гукi фанфар сiмвалiзавалi нават розных звяроў. Пра ўсё гэта ведае кiраўнiк паляўнiчага гурта "Бекас" з Драгiчына Мiкалай Шаўчук. Ён не проста ведае — разам з хлопцамi, якiя iграюць на ражках, аднаўляе гэтыя гукi. Яны самi здабываюць матэрыял, якi выконваюць. Менавiта яны сёлета сталi нечаканасцю нясвiжскай iмпрэзы i сiмвалiзавалi паляванне на музаў, якое штогод праходзiць у горадзе. Гукi абудзiлi залу i кожнага прысутнага прымусiлi ўявiць: што за здабыча дастанецца нам сёння?

Але сапраўдныя "Фанфары Белавежскай пушчы" iграў ансамбль трубачоў "Iнтрада". Фанфары забiтага зубра, забiтага лася, аленя, лiсы гучалi па-рознаму. I хiба не цудам стала сама iх знаходка: прафесар, даследчык музыкi Вольга Дадзiёмава выявiла iх ў кнiзе "Найвялiкшыя паляваннi ў Белавежскай пушчы". Такая кнiга сама па сабе рарытэт — яна была выдадзена ў ХIХ стагоддзi. I быццам бы нiякага дачынення да музыкi яна не мае. Але менавiта там знайшлiся гэтыя асаблiвыя музычныя творы, якiя выконвалiся ўпершыню ў Нясвiжы. Дарэчы, фанфары некалi аздаблялi паляванне не толькi ў пушчы, але ў лясах Нясвiжа.

Тэма палявання ў беларускiм мастацтве развiвалася пачынаючы з "Песнi пра зубра" Мiколы Гусоўскага. Першы паляўнiчы паланез у Беларусi напiсаў нясвiжскi князь Мацей Радзiвiл у ХVIII стагоддзi. Яго музыка адкрылася слухачу з самага першага фестывалю "Музы Нясвiжа". Але i сёлета яго твор iграў ансамбль кларнетыстаў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi. Цi як было не ўзгадаць яшчэ аднаго нясвiжскага творцу Яна Голанда, якi на аснове лiбрэта Мацея Радзiвiла стварыў першую беларускую оперу? У "Агатцы" закаханых ратуе пан, якi вярнуўся менавiта з палявання... Натхнялiся ў нас гэтым духам нават творцы, якiя прыязджалi сюды працаваць. Напрыклад, Ян Дусiк, чэшскi музыкант, якi ў Беларусi напiсаў п’есу "Паляванне". Вядома, што родныя мясцiны, iх прыгажосць краналi душы знакамiтых асобаў, нашых землякоў. I дзе яшчэ, як не ў Нясвiжы, можна было пачуць паланез Тадэвуша Касцюшкi, якi быў не толькi цудоўным палкаводцам?..

Невядома, цi быў калi-небудзь на паляваннi кампазiтар Уладзiмiр Солтан, якi стварыў оперу "Дзiкае паляванне караля Стаха" паводле Караткевiча. Але вiдавочна, што кампазiтары ХХ стагоддзя адчуваюць тэму лесу, палявання ў лесе на жывёл i нават палявання на... людзей, якое стала прыкметай войнаў нашага часу. Так Генрых Вагнер стварыў оперу "Сцяжынкамi жыцця" паводле "Воўчай зграi" Васiля Быкава.

Але беларускiя музыканты аднолькава добра адчуваюць розныя стылi, розныя жанры, i аднолькава паспяхова выконваюць музыку розных эпох. Гэта даказаў ансамбль салiстаў на драўляных духавых iнструментах, якiм кiруе прафесар Барыс Нiчкоў. Сваё 15-годдзе ансамбль адсвяткаваў у Нясвiжы асобным канцэртам, дзе гучалi сучасныя творы разам са старадаўнiмi. Увасобiць старадаўнюю музыку калектыву дапамагае Генрых Гедыльтэр, музыкант, якi дапамог адкрыць для слухачоў знакамiты "Полацкi сшытак" ХVII стагоддзя. У гiсторыю ён увайшоў пад такой назвай, хоць даследчыкам вядома, што да Полацку сшытак не мае дачынення — ён насамрэч паўстаў з Берасцейшчыны, магчыма, гучала гэтая музыка недзе ў палацах непадалёк ад Белавежы...

Фанфары пазнавальныя

Навукоўцы, даследчыкi музыкi адчуваюць повязь памiж беларускiмi творцамi розных эпох, а музыка, як i iншыя мастацтвы, прайшла ўсе этапы развiцця ад Рэнесансу да класiцызму, i да ўтварэння сучаснай беларускай кампазiтарскай школы. Шэсць вякоў беларускай музыкi былi насычаныя жыццём, якое яшчэ ўтрымлiвае безлiч тэмаў для даследчыкаў.

— Ад ХV да ХIХ стагоддзя была хутка асвоена гiсторыя беларускага музычнага мастацтва. Былi энтузiясты, якiя зрушылi гэтую справу, — гаворыць прафесар Беларускай акадэмii музыкi Вольга Дадзiёмава. — Творы, якiя маюць дачыненне да музычнай культуры Беларусi, знаходзiлiся ў вiленскiх, польскiх, расiйскiх сховiшчах... Але цяпер гэта ўжо не так даступна, як было яшчэ дзесятак гадоў таму: патрэбныя вялiкiя выдаткi. I таму апошнiм часам пошукавы рух трошкi прыпынiўся. У некаторых краiнах нават за прагляд рукапiсаў бяруць вялiкiя грошы. Нават у Кiеў i Львоў не так проста трапiць. Не сакрэт, што нашу музычную спадчыну можна знайсцi ў архiвах iншых краiн. Напрыклад, у Ягелонскiм унiверсiтэце ў Кракаве захоўваецца ўсё, што звязана з асяроддзем караля Ягайлы. Ён, калi стаў каралём Польшчы, прывёз з сабой усё беларускае, нават беларускiх музыкантаў. Нездарма ў Польшчы часта можна пачуць: "Ваш кароль Ягайла"... За апошнiя дзесяцiгоддзi мы шмат у чым прасунулiся ў даследаваннях старадаўняй беларускай музыкi. Але некаторыя стагоддзi яшчэ патрабуюць армii даследчыкаў, якiя могуць дадаць нам гонару.

Як, напрыклад, веды пра iснаванне "Нясвiжскага канцыяналу". Гэта спеўнiк, якi быў выдадзены ў Нясвiжы ў 1563 годзе — за сто гадоў да пачатку нотадрукавання ў Расii! Гэта быў першы друк, якi паўстаў пасля берасцейскага канцыяналу. Менавiта па гэтых узорах адбывалiся друкi ва ўсходнеславянскiм свеце. Няма чаго дзiвiцца, што да нас працаваць ехалi музыканты з усяго славянскага свету...

Усе шэсць стагоддзяў, пра якiя мы ўзгадваем, музычнае жыццё ў Нясвiжы вiравала. Цяпер тут узнаўляецца музычная даўнiна. I адчуваецца жывая душа тых, хто даўно пайшоў у iншы свет, але пакiнуў пасля сябе штосьцi вечнае. Беларускi кант "Радуймасця хрысцiяне" з даўнiны дайшоў да нашых дзён — яго выканаў Камерны хор Рэспублiкi Беларусь. Музыкант Вацлаў Шамотаў жыў на Берасцейшчыне, з ХVI стагоддзя дайшла да нас ягоная малiтва "Калi дзецi iдуць спаць". Але ж хрысцiянскi гiмн "Багародзiца" гучаў яшчэ ў ХV стагоддзi! Наш сучаснiк Андрэй Шпянёў напiсаў на яго падставе самастойную п’есу, для Камернага аркестра.

Фанфары ў гонар выканаўцаў

Боская iскрынка, адоранасць, чуйнасць, працавiтасць — напэўна, за вякi не змянiлася разуменне сутнасцi таленту. Але нам цяжка ўявiць, як iгралi вiртуозы былых эпох. Затое мы маем магчымасць далучыцца да майстэрства тых, хто ўмее ствараць i iграць музыку сёння. Выдатны кампазiтар Дзмiтрый Смольскi ўзяў для свайго твора вядомую тэму "Чаму ж мне не пець", i яго твор "Канцэрцiна для скрыпкi сола i струннага аркестра" вымагаў выдатнага выканання. У Нясвiжы разам з камерным аркестрам Нацыянальнага канцэртнага аркестра яго выконваў Арцём Шышкоў. Малады музыкант, якi ўжо набыў славу ў свеце пасля паспяховага выступлення на конкурсе iмя Чайкоўскага ў Маскве. На яго звярнулi ўвагу не толькi ў Беларусi, дзе ён стаў лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзiдэнта. Яго ацанiў майстар Уладзiмiр Спiвакоў. Арцём — наш сучасны вiртуоз, якi сёння стварае славу беларускай музычнай школе.

Дзеля ўслаўлення нашай школы ў Нясвiжы другi раз ладзiцца Асамблея выканаўцаў на медных духавых iнструментах. Упершыню разам з беларускiмi ўдзельнiкамi выступiлi музыканты са Швецыi.

— Але ўвагу трэба звярнуць перш за ўсё на цудоўных беларускiх музыкантаў, якiя павiнны быць занесены ў чырвоную кнiгу, — адзначыў мастацкi кiраўнiк "Музаў Нясвiжа" Мiхаiл Фiнберг. — Таму што цяпер вучыцца iграць на духавых iнструментах прыходзiць не так многа дзяцей, як гэта было раней. Цiкавасць да такiх iнструментаў як фагот цi габой — увогуле становiцца рэдкасцю. Цi да такога iнструмента як арфа — сёння ў Мiнску тры арфiсты i новых не рыхтуюць... Таму падобныя Асамблеi павiнны быць не толькi ў Нясвiжы, яны павiнны быць у сталiцы. З кожнага куточка Беларусi прыехалi дзецi, навучэнцы розных музычных устаноў. Я сам з задавальненнем пачуў, якая ў нас ёсць класная моладзь, якiя цудоўныя выканаўцы, якiя так валодаюць iнструментам.

У наступным годзе свята музыкi ў Нясвiжы павiнна змянiць фармат. Мiхаiл Фiнберг лiчыць, што з беларускай музыкай несвiжане ўжо знаёмыя. I трэба будзе iм зразумець цяпер, што "Нясвiж — цэнтр музычнай культуры Еўропы".

Фанфары ля ратушы

Гасцей — замежных i не — у Нясвiжы здаўна прымаць умелi. А сёння iх знаёмства з горадам пачынаецца з яго сэрца — гарадской Ратушы, якая цалкам адноўлена i пакрысе папаўняе калекцыю. Сведкамi гэтага працэсу цяпер будуць Станiслаў i Казiмеж. Але толькi паспрабуйце з iмi загаварыць — не адкажуць, быццам бы сапраўды занятыя сур’ёзнымi справамi. Натуральна, адзiн з iх нi хто iншы, як сам войт, галава адмiнiстрацыi ў сярэднявеччы, i не абы-дзе прымае вас, а ў сваiм персанальным кабiнеце. Не трэба здзiўляцца маўклiвасцi пана Станiслава — ён жа не сапраўдны, а зроблены з пластыку. Тэхналогiя вырабу такiх фiгур больш складаная, чым васковых. На руках Станiслава нават усе жылачкi праступаюць. Скульптар Андрэй Хацяноўскi пастараўся. Майстар Дабранькова з унiверсiтэта культуры спецыяльна шыла касцюмы для скульптур...

Партрэты знакамiтых асобаў Беларусi i тых, якiя мелi дачыненне да гiсторыi Нясвiжа, месцяцца ў ратушнай зале. Адзiн з iх належыць пэндзлю Уладзiмiра Тоўсцiка. Мастак сёлета на "Музах Нясвiжа" прадстаўляў сваю выставу "Падарожжы па мiнулых часах".

— Нясвiж мяне натхняе, багатая гiсторыя горада просiцца на палатно, — сказаў мастак. — Трэба чакаць, што замак пасля аднаўлення будзе напаўняцца творамi мастацтва, як гэта было раней. Нясвiж — гэта энергетычнае месца...

Як горад выглядаў раней, можна прадставiць з дапамогай макета. У БНТУ дапамагалi зрабiць гэты макет, улiчылi ўсе помнiкi архiтэктуры, якiя былi ў той перыяд — манастыр Бернардзiнак, Дамiнiканскi манастыр, Унiяцкую царкву, калегiум, царкву Святой тройцы, сiнагогу. Вакол горада iдзе абарончая сцяна — усё, як тады. А за ёй — дарога на замак...

Ларыса ЦIМОШЫК.

 

Старшыня Нясвiжскага райвыканкама Iгар Макар:

— Вырашана, што ўсе пытаннi па аднаўленнi замка будзе весцi Мiнскi абласны выканаўчы камiтэт разам з Нясвiжскiм раённым выканаўчым камiтэтам. На гэты год было выдзелена 6 мiльярдаў 800 мiльёнаў рублёў, было асвоена каля 5 з паловай мiльярдаў грошай. Мы павiнны вызначыць графiкi выканання далейшых работ i збiраемся прасiць яшчэ 18 мiльярдаў для рэканструкцыi замка. Задача стаiць такая: да кастрычнiка цалкам закрыць контур усiх будынкаў палаца (дахi, вокны) i пусцiць цяпло. Каб потым зiмой можна было займацца рэстаўрацыяй, аздабленнем, камплектацыяй. Iнвестары будуць працаваць i на субпадрадзе, няхай i прыватныя структуры, гэта дасць магчымасць зрабiць больш таннай працу. Але генеральным падрадчыкам будзе наш трэст "Салiгорскпрамбудмантаж".

Першая чарга замка ўжо здадзена. Там будзе пабудаваны гатэль сярэдняга ўзроўню на 80 месцаў, гатовая кавярня на 35 месцаў, будзе рэстаран на 80 пасадачных месцаў. Акрамя таго, 4 VIР-нумары будуць у замку. Здаём у палацы фiзкультурна-аздараўленчы цэнтр "Замкавы", якi разлiчаны на адначасовае наведванне 80 чалавекамi, у iм будзе поўны спектр паслуг: гiмнастычная зала, саўна, басейн, два бiльярды, дзве ванны з джакузi, масажны кабiнет, рознае абсталяванне для заняткаў спортам. Правядзём рэканструкцыю старога парку i парку "Альба".

Сёлета зрушылася пытанне па будаўнiцтве сучаснага гатэля ў Нясвiжы. Ёсць iнвестар, якi гатовы ўкладваць грошы ў будаўнiцтва прыватнага гатэля на 60 месцаў — каля 4 мiльярдаў iнвестыцый атрымае раён. Рыхтуецца дакументацыя на рамонт i рэстаўрацыю памяшкання былой вайсковай часткi на 120 месцаў. I практычна гатовая дакументацыя на рэстаўрацыю дадзенага гатэля таксама на 60 месцаў з прыбудовай. Мы сёння можам адначасова накармiць 600 чалавек. Планы амбiцыйныя, але яны ўсе паступова выконваюцца. Напрыклад, закупленыя карэты карыстаюцца папулярнасцю ў турыстаў. Стаў у нас вельмi папулярны сярод маладых "радзiвiлаўскi абрад". Калi маладая пара рэгiструе шлюб, iх сустракаюць у радзiвiлаўскiх строях, потым яны сядаюць у карэты i едуць у парк, ускладаюць кветкi да Вечнага агню...

 

 

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета праходзiла пад гукi старадаўнiх фанфараў, якiя некалi чулiся ў беларускiх лясах
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика