Пензенскіх пустэльнiкаў... пакiнуць у спакоi?
Пензенскіх пустэльнiкаў... пакiнуць у спакоi?
Нефармат Ведаючы, што Вабiшчэвiчы з вёскi Глiнянка Кобрынскага раёна, якiя нядаўна вярнулiся з Пензенскай вобласцi, чужых на парог не пускаюць, нi з кiм не размаўляюць, я накiравалася да Валянцiны Панядзельнiк у суседнiя Мацясы Жабiнкаўскага раёна. Напомню, Валянцiна разам з трыма дзецьмi ў кастрычнiку мiнулага года таксама выязджала ў Нiкольскае, але ў пячору яны не трапiлi, крышку прыпазнiлiся, i былi дэпартаваныя на радзiму. Скажу адразу, што ехала я не з мэтай знайсцi нейкую сенсацыю, хацелася зразумець: што прымусiла людзей поўнасцю памяняць сваё жыццё? Сустрэла гаспадыня дома няпрошаную госцю стрымана-напружана, але потым мы ўсё ж разгаварылiся. I трэба сказаць, што ў спадзяваннях убачыць людзей зацiснутых у догмы сваёй веры, я падманулася. Валянцiна i яе старэйшая дачка Людмiла — людзi з адкрытымi добразычлiвымi позiркамi i прыгожымi ўсмешкамi. I зусiм не ствараюць уражанне вясковых, маласвядомых людзей. Пятнаццацiгадовая Люда — для свайго ўзросту дзяўчынка начытаная. Найбольшай абразай для сябе яны называюць кляймо сектантаў. Яны лiчаць сябе сапраўднымi праваслаўнымi, якiя не пакланiлiся д’яблу. Пакланенне нячысцiку — пашпарт з асабiстым нумарам, банкаўскiя карткi, штрых-коды на прадуктах — гэта i ёсць галоўная фiшка iх веры, тое, з чым яны не могуць прымiрыцца. А яшчэ адна з галоўных iдэй — блiзкi канец свету, бо, паводле iх перакананняў, Гасподзь не будзе далей цярпець разбэшчанасць у шырокiм сэнсе гэтага свету. На маю заўвагу, што i ў Пiсаннi сказана: "Дзень i час апошнi не ведае нiхто, нават анёлы", а для вечнасцi, якую ўвасабляе сабой Бог, сто гадоў сюды, сто туды — вялiкага значэння не мае, таму можа на ўсялякi выпадак варта было б адпраўляць дзяцей у школу, у iх свой адказ. Аказваецца, далей за прыведзенай мной цытатай гаворыцца, што час можна будзе распазнаць па знаках, якiя пасылаюцца зверху, як пазнаём прыблiжэнне дня i ночы. I час, паводле пераканання Валянцiны i яе таварышаў, настае. Таму галоўная задача зараз — адмовiцца ад усяго цялеснага, свецкага i паспрабаваць уратаваць душу. Валянцiна раней была звычайнай жанчынай, у царкву хадзiла. Але да цяперашняй сваёй веры, як яна кажа, прыйшла праз хваробу дачкi. У Люды была астма, аб’ехалi многiя клiнiкi i ў Брэсце, i ў Мiнску. "Нiхто дапамагчы не змог, дзяўчынка хадзiла ўжо з балончыкам. А потым паехалi з ёй па святых мясцiнах, па манастырах, — расказвае мацi, — i Гасподзь вылечыў, цяпер яна зусiм здаровая. Калi Ён мне явiў такую мiласць, такую любоў, уразумiў мяне неразумную, як я магу ад Яго адступiцца?!" — задае рытарычнае пытанне жанчына i слёзы выступаюць у яе на вачах. I гэта мне зразумела. Але чаго ж тады трэба было лезцi ў падзямелле? I Валянцiна тлумачыць, што нiхто гэтага рабiць не збiраўся. Як i пiсалi ў газетах, група людзей з Расii, Беларусi, Украiны вырашыла пасялiцца ў Бекаўскiм раёне Пензенскай вобласцi, на тое iм быў знак. Для гэтага яны купiлi ў вядомай цяпер вёсцы пустуючыя домiкi, меркавалi там жыць абшчынай, малiцца i чакаць канца свету. Але ўлады сталi iх прыцясняць. А прыцяснялi, бо ў групы людзей не было законных падстаў на сваю абшчыну — не было рэгiстрацыi. Прайсцi рэгiстрацыю, па-iхняму, пакланiцца д’яблу. Вось i знайшлi з тупiка выйсце — выкапалi зямлянку i прынялi рашэнне пайсцi пад зямлю... Дарэчы, яны ўжо сустракалiся з сям’ёй Вабiшчэвiчаў. Кажуць, што суседзi адчуваюць сябе добра i знаходзяцца на духоўным уздыме. У сям’i Панядзельнiкаў вельмi шануюць расiйскага салдата Яўгена Радзiвонава, якога замучылi чачэнскiя баевiкi, за тое, што не зняў крыж з шыi. Царква яго пазней кананiзавала. Для дзяцей Валянцiны гэта самы сапраўдны герой i прыклад. Прыклады для iх таксама — пустэльнiкi, якiя аддалялiся ад свету, каб прысвяцiць сябе веры. Цяжка сказаць, што аказала такi ўплыў на свядомасць людзей, на такую фанатычную адданасць iдэi, але пагаварыўшы з iмi, становiцца ясна, што яны хутчэй памруць, але не адступяцца ад сваiх перакананняў. I таму найлепшае выйсце, на мой погляд, пакiнуць iх у спакоi. Гэта iх выбар у рэшце рэшт. Як яны кажуць, "мы нiкога не забiлi, не абрабавалi, не пакрыўдзiлi нават, чаму да нас столькi ўвагi?" Вядома, дрэнна, што дзецi не вучацца. Але ва ўсе часы былi выпадкi, калi вельмi юныя дзяўчаты, хлопцы сыходзiлi, скажам, у манастыры. А калi нешта памяняецца ў свядомасцi дзяцей, можна будзе, пры жаданнi, нагнаць упушчанае, тым больш што дзецi не без здольнасцяў. Мы доўга гаварылi з Валянцiнай пра ўсе заганы сучаснага грамадства, асаблiва прытулкi, поўныя дзяцей, бацькоў, якiя ў бутэльцы даўно ўтапiлi сумленне i ўсведамленне бацькоўскага абавязку, наркаманiю i злачыннасць, "культуру", якую нярэдка нясуць у маладыя душы сучасныя сродкi камунiкацыi. Усе яе аргументы былi лагiчныя i пераканаўчыя. Толькi мы называем гэта праблемамi, наступствамi глабалiзацыi i iнфарматызацыi, а Валянцiна — прыступкамi да канца свету, якi прыспешвае ўсiх паклапацiцца пра душу. Пензенскiя пустэльнiкi вельмi пакрыўджаныя на сродкi iнфармацыi. Яны лiчаць, што iх свядома аславiлi на ўвесь свет, называлi сектантамi, ледзь не вар’ятамi. I вось цiкава, як прызналася мая суразмоўнiца, яшчэ ўчора яна для сябе вырашыла, што размаўляць больш нi пры якiх абставiнах з прадстаўнiкамi нашай прафесii не будзе, але чаму наша размова адбылася, сама не ведае. На ўсё, мусiць, воля Божая. Я ў сваю чаргу папрасiла дазволу прыехаць да яе гадоў праз пяць, каб вярнуцца да нашай дыскусii. На што яна са шкадаваннем на мяне паглядзела. Святлана ЯСКЕВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ведаючы, што Вабiшчэвiчы з вёскi Глiнянка Кобрынскага раёна, якiя нядаўна вярнулiся з Пензенскай вобласцi, чужых на парог не пускаюць, нi з кiм не раз
|
|