"Маўклівае цунамi"
"Маўклівае цунамi"
Экспертыза Сусветнае падаражэнне прадуктаў харчавання будзе працягвацца?.. За апошнiя гады мы адвыклi ад таго росту цэнаў, якi назiраўся напрыканцы 2007 года, а сёлета працягваецца. Нагадаем, што летась iстотны "ўзнос" у прырост iнфляцыi ў чацвёртым квартале зрабiлi цэны на мясную, малочную прадукцыю i алей. Сёлета сiтуацыя з iнфляцыяй у Беларусi таксама застаецца напружанай: за чатыры месяцы яна склала 5,3 працэнта. Што датычыцца фактараў, якiя разагналi летась iнфляцыю, то яны i сёння на слыху: цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю на сусветным рынку толькi растуць. У такiм выпадку, якiх "сюрпрызаў" з цэнамi нам чакаць далей? Як паўплываюць тэндэнцыi на сусветных харчовых рынках на рынак Беларусi? З гэтымi i iншымi пытаннямi мы паспрабавалi разабрацца з дапамогай дырэктара Інстытута эканомiкi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi Пятра Нiкiценкi. Чаму расце iнфляцыя? Як лiчыць Пётр Георгiевiч, у гэтым годзе фактычныя паказчыкi сведчаць пра тое, што iснуе вялiкая верагоднасць выхаду да канца года за рамкi прагнознага паказчыка па iнфляцыi ў 6—8 працэнтаў. За студзень—красавiк цэны на спажывецкiя тавары выраслi на 5,3 працэнта (да ўзроўню снежня 2007), а цэны вытворцаў прамысловай прадукцыi — на 4,5 працэнта. Рост жа iнфляцыi, падкрэслiвае Пётр Нiкiценка, правакуюць многiя фактары. — Па-першае, гэта паэтапнае павелiчэнне цэнаў на рэсурсы, што вядзе да росту выдаткаў прадпрыемстваў i ў сувязi з гэтым да павышэння цэнаў на прадукцыю, якую выпускаюць нацыянальныя вытворцы, — гаворыць ён. — Акрамя таго, прычыны павышэння цэнаў — рост у свеце непрадукцыйных расходаў на ўтрыманне i развiццё ваенна-прамысловых, сiлавых, кантрольных i iншых бюракратычных сiстэм разам з амерыканскай даларызацыяй сусветнай эканомiкi. Таксама ўплывае на сiтуацыю i высокi ўзровень iнфляцыi ў краiнах-суседках, якi прыводзiць да iмпарту iнфляцыi як вынiку выраўноўвання адносных цэнаў. I, зразумела ж, рост цэнаў на сусветных рынках на харчовыя i iншыя тавары. Гэта вядзе да адпаведнага росту цэнаў iмпарту гэтых тавараў. Асаблiвы ўплыў на iнфляцыйныя працэсы аказвае грашова-крэдытная палiтыка, прыток замежных займаў, валюты, таму што ўвоз краiнай валюты i скупка яе цэнтральным банкам павялiчвае iнфляцыйную складальную грашовай масы ў краiне, дапамагаючы тым самым абясцэньванню ўласных грошай. Каб знiзiць тэмпы iнфляцыi i давесцi яе да прагнознага значэння, на думку нашага суразмоўцы, неабходна прыняць адпаведныя меры ў структурнай i iнстытуцыянальнай палiтыцы. Гэта, у прыватнасцi, прадугледжвае максiмальнае выкарыстанне перадавых тэхналогiй i фармiраванне новага ўкладу "эканомiкi ведаў", стварэнне ўмоў i адпаведных гаспадарчых механiзмаў для доўгатэрмiновага ўстойлiвага iнавацыйнага сацыяльна-арыентаванага i пераважна рынкавага эканамiчнага росту — асноўнага сродку нейтралiзацыi iнфляцыi. Харчовы крызiс — Сярод фактараў, што ўплываюць на рост iнфляцыi, вы ўзгадалi высокiя цэны на харчаванне. Мiжнародная харчовая праграма, што дзейнiчае пры ААН, нават назвала падаражэнне прадуктаў харчавання "маўклiвым цунамi", якое пагражае голадам дзесяткам мiльёнаў чалавек ва ўсiм свеце. — Паводле даных Сусветнага банка, сусветныя цэны на харчаванне за апошнiя тры гады павысiлiся на 83 працэнты. I, заўважу, што на гэта паўплываў шэраг фактараў: рост кошту энерганосьбiтаў, падаражэнне асноўных вiдаў угнаенняў у 3—4 разы, рост у свеце людзей, якiя заняты не ў сферы прадукцыйнай працы, павелiчэнне попыту на харчаванне жыхароў краiн, якiя развiваюцца, скарачэнне сельскагаспадарчых плошчаў i iнш. Адным з асноўных фактараў, якi спрыяе павышэнню цэнаў, стала пашырэнне вытворчасцi i выкарыстання бiяпалiва. З 1990-га па 2005 год спажыванне зерня ў свеце вырасла на 21 млн тон у год у асноўным па прычыне павелiчэння колькасцi насельнiцтва. Затым быў iстотны попыт на зерне ў ЗША для яго перапрацоўкi на этанол. Калi ў 2006 годзе попыт складаў 54 млн тон, то летась ён павялiчыўся да 81 млн тон. Зараз будуюцца 62 заводы па вытворчасцi этанолу. Калi да канца гэтага года 80 працэнтаў згаданых прадпрыемстваў запрацуюць, патрэбы ў зернi для атрымання аўтамабiльнага палiва ўзрастуць да 114 млн тон (28 працэнтаў усяго мяркуемага ўраджаю зерня ў Злучаных Штатах). Гэта прывяло да структурных змяненняў ворыва ў ЗША — скарачэння пасяўных плошчаў харчовага зерня на карысць кукурузы i рапсу. Растуць цэны i на iншыя сельскагаспадарчыя культуры. Пшанiца падаражэла на 130 працэнтаў, соя — на 90, рыс — на 80, кукуруза — на 35 працэнтаў. Як вынiк, выраслi цэны на тавары, што вырабляюцца на аснове гэтых прадуктаў, — хлеб, макарону, муку i т.п. Выраслi цэны на свiнiну, птушку, ялавiчыну, малако, яйкi. За 2007 год у ЗША малако ў сярэднiм падаражэла на 29 працэнтаў, яйка курынае — на 36. У Кiтаi ўклад росту цэнаў на харчаванне ў агульны iндэкс спажывецкiх цэнаў складае 89 працэнтаў, у краiнах еўразоны — 53 працэнты. Тэндэнцыi на сусветных харчовых рынках уплываюць i на рынак Беларусi. Цэны на харчаванне будуць павялiчвацца. Паступова растуць закупачныя цэны на малако i мяса. У нашай краiне цэны на харчаванне выраслi за мiнулы год на 15,9 працэнта. У леташнiм снежнi ў параўнаннi са снежнем 2006 года цэны на крупы i бабовыя павялiчылiся на 14 працэнтаў, у тым лiку на крупы манныя — на 17, крупы пшонныя — на 30, гарох i фасолю — на 31 працэнт. Хлеб i хлебабулачныя вырабы падаражэлi на 11 працэнтаў, яйкi — на 12, ялавiчына, свiнiна, каўбасныя вырабы i вэнджанiна, мяса птушкi, макаронныя вырабы — на 14—18 працэнтаў, маргарын, маянэз, масла, сыры — на 21—24, малако i малочныя прадукты — на 28 працэнтаў. Гароднiна падаражэла на 19 працэнтаў, цытрусавыя — на 34, яблыкi — на 39 працэнтаў. Сусветны рост цэнаў на зерне прывёў да скарачэння экспарту гэтага прадукту. Расiя, якая ўваходзiць у пяцёрку сусветных экспарцёраў, у канцы студзеня ўстанавiла пошлiну ў памеры 40 працэнтаў, тым самым фактычна забаранiўшы вываз зерня. Аргенцiна спынiла рэгiстрацыю лiцэнзiй на экспарт пшанiцы на няпэўны тэрмiн да таго моманту, пакуль спецыялiсты не ацэняць аб’ём ураджаю гэтага года. Другi экспарцёр рысу пасля Тайланда — В’етнам — увёў на некалькi месяцаў забарону на яго вываз. З iншага боку, многiя краiны ўводзяць рэжым найбольшага спрыяння для iмпарту харчавання. Напрыклад, краiны Цэнтральнай Амерыкi прынялi сумеснае рашэнне аб адмене мытных пошлiн на iмпарт пшанiчнай мукi. "Спрыяльная" кан’юнктура Як мяркуе Пётр Нiкiценка, Беларусь можа выкарыстаць "спрыяльную" цэнавую кан’юнктуру на знешнiх рынках i павялiчыць аб’ёмы экспарту харчовай прадукцыi. Так, перспектыўным можа быць экспарт зерневых культур. Буракi i кукуруза — базавая сыравiна для вытворчасцi этанолу. Пры гэтым, лiчыць ён, рост экспарту не павiнен рабiцца ва ўрон унутраным патрэбам эканомiкi, улiчваючы, што гэтая галiна для краiны датацыйная. Неабходна павышаць эфектыўнасць працы аграпрамысловага сектара за кошт павышэння ўраджайнасцi культур, паляпшэння тэхнiчнага аснашчэння сельгаспрадпрыемстваў, рэзерваў пасяўных плошчаў. — Найбольшы попыт на беларускiя прадукты харчавання прад’яўляе Расiя, — канстатуе Пётр Георгiевiч. — Аднак тут неабходна праводзiць эфектыўную палiтыку па прамых продажах прадукцыi беларускiх вытворцаў непасрэдна ў расiйскiя рэгiёны, а не праз пасрэднiцкiя структуры Масквы i Санкт-Пецярбурга. Беларуская прадукцыя карыстаецца попытам i ў краiнах ЕС. Знешнi гандаль нашай рэспублiкi харчовымi таварамi летась характарызуецца ростам велiчынi станоўчага сальда. Пры гэтым павышэнне вартасных аб’ёмаў вывазу харчовых тавараў над iх увозам адбылося ў асноўным за кошт росту экспартных паставак малочнай прадукцыi: малака i вяршкоў згушчоных i сухiх, сыроў i тварагу, сметанковага масла. Мэтазгодна ўдзялiць увагу развiццю iншых вiдаў экспартнай прадукцыi. Цэны: iстотнага знiжэння не прадбачыцца Сусветныя цэны на харчаванне да 2010 года могуць знiзiцца толькi пры нейтралiзацыi iнфляцыйных фактараў i адмове ад вытворчасцi бiялагiчных вiдаў палiва ва ўсiм свеце, упэўнены Пётр Нiкiценка. Калi асноўныя краiны-вытворцы бiяпалiва i бiядызеля адмовяцца ад iх, то ўжо праз 2 гады сусветныя цэны на кукурузу знiзяцца на 20 працэнтаў, на пшанiцу — на 8—10, на цукар — на 12 працэнтаў. Аднак, улiчваючы тэндэнцыi росту мiжнароднага "мафiёзнага кошту" нафтавага i ядзернага палiва, прыняцце такога рашэння праблематычнае. — Цэнавая карэкцыя ў бок знiжэння можа адбыцца, калi павялiчацца аб’ёмы вытворчасцi зерневых ва ўсiх зерневырабляючых рэгiёнах, а таксама ў вынiку росту сусветных запасаў, што намецiўся, — зазначае Пётр Нiкiценка. — Сёлета пасяўныя плошчы пад фураж i харчовую пшанiцу павялiчацца на 2 працэнты. Агульны ж аб’ём прыросту зерневых, што чакаецца, складзе 630—645 млн тон. Пры спрыяльных умовах надвор’я трэба чакаць росту сусветнай вытворчасцi зерневых на 5—10 працэнтаў. На столькi ж павялiчацца i сусветныя запасы, у першую чаргу, за кошт накопленых летась зерневых рэзерваў ЗША. У Расii плошча пасяўных вырасце з 45 млн да 48,5 млн гектараў, а чакаемы ўраджай складзе 85—90 млн тон, што на 3—7 больш за ўраджай 2007 года. Аднак, гаворыць эксперт, весцi гутарку аб пераадоленнi крызiснай сiтуацыi заўчасна. Цэны не апусцяцца нiжэй узроўню пачатку мiнулага года. Дынамiка вытворчасцi харчавання адстае ад росту спажывання: попыт на харчовую пшанiцу павялiчваецца ў краiнах, якія развіваюцца, а на фуражнае зерне — ва ўсiм свеце. Значыць, iстотнага знiжэння цэнаў на харчовыя тавары ў блiжэйшы час не адбудзецца. Iгар ШЧУЧЭНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За апошнiя гады мы адвыклi ад таго росту цэнаў, якi назiраўся напрыканцы 2007 года, а сёлета працягваецца. Нагадаем, што летась iстотны "ўзнос&qu |
|