"Маю пытанне да ўрада..."
"Маю пытанне да ўрада..."
Парламенцкі дзённiк У Авальнай зале ўчора адбылося сумеснае пасяджэнне парламентарыяў абедзвюх палат, дзе яны маглi задаць пытаннi кiраўнiкам i членам Урада Беларусi. Пра асноўныя сацыяльна-эканамiчныя паказчыкi развiцця краiны паведамiў падчас свайго выступлення вiцэ-прэм’ер Вiктар Бура. У прыватнасцi, паводле яго iнфармацыi, сёлета за студзень — красавiк было ўведзена ў эксплуатацыю прыблiзна 1,4 млн квадратных метраў жылля. Дах над галавой атрымлiвае ўсё больш жыхароў сельскай мясцовасцi i малых гарадоў. Там за гэты час уведзена ажно 620 тыс. квадратных метраў жылля. Агульная "планка" па ўсёй краiне сёлета — больш як 5 млн квадратных метраў. Куды больш жылля было адрамантавана, увогуле сёлета плануецца правесцi капрамонт больш як на 1 млн кв. метраў жылля. Большасць беларусаў карыстаецца лiчыльнiкамi вады — яны ўстаноўленыя прыблiзна ў двух мiльёнах кватэр. Налета пры iнвеставаннi ў будаўнiцтва прыярытэт будзе аддавацца пачатым будоўлям. Шанц на ўключэнне ў Дзяржаўную iнвестыцыйную праграму на 2009 год атрымаюць толькi тыя аб’екты, праекты якiх будуць зацверджаныя да 1 жнiўня. Вiцэ-прэм’ер падкрэслiў сацыяльную накiраванасць дзяржаўнай iнвестыцыйнай палiтыкi — аб’екты культурнага, спартыўнага, адукацыйнага прызначэння, сацыяльнае жыллё. Оптавалаконныя сеткi пракладваюць у сельскай мясцовасцi, каб забяспечыць вяскоўцам магчымасць доступу ў Iнтэрнэт. Актыўна выкарыстоўваецца тэхналогiя Wi-Fi, якая забяспечвае бесправадны доступ у Iнтэрнэт — у сталiцы i абласных цэнтрах функцыянуе 109 пунктаў доступу. Яны размяшчаюцца ў кавярнях, гасцiнiцах, унiверсiтэтах i iншых грамадскiх месцах. Колькасць карыстальнiкаў паслугамi сотавай сувязi, паводле слоў вiцэ-прэм’ера, сёння перавышае 7,3 млн чалавек, а зона пакрыцця складае каля 90 працэнтаў тэрыторыi краiны. Цяжарным жанчынам — бясплатны праезд? Клопат аб цяжарных жанчынах прадэманстраваў на сумесным пасяджэннi дэпутат Вiктар Гумiнскi: — Часта назiраю ў грамадскiм транспарце такую карцiну: жанчыны на апошнiх месяцах цяжарнасцi скрозь натоўп цягнуцца пракампасцiраваць талончык. А побач едуць "зайцы", якiя i не думаюць нiкуды цягнуцца. Вось я i думаю: у той сiтуацыi, калi мы працуем над паляпшэннем дэмаграфiчнай сiтуацыi ў краiне, цi можам мы адмянiць аплату праезду ў грамадскiм транспарце для цяжарных жанчын, калi яны ўжо ў дэкрэтным водпуску? Бо яны свой грамадзянскi абавязак перад дзяржавай i так з лiшкам выконваюць. У адказ на прапанову дэпутата мiнiстр працы i сацыяльнай абароны Уладзiмiр Патупчык прапанаваў павышаць дапамогi жанчынам па цяжарнасцi i родах. — I гэта пытанне ўжо прапрацоўваецца, — адзначыў мiнiстр. — Памер дапамогi павiнен дазваляць жанчыне купляць столькi праязных бiлетаў, колькi неабходна. Цэны на ялавiчыну i малако Адказваючы на пытаннi дэпутатаў, мiнiстр сельскай гаспадаркi i харчавання Сямён Шапiра, запэўнiў, што рэзкага павелiчэння цэнаў на прадукцыю жывёлагадоўлi не будзе. Закупачныя цэны, скажам, на мяса птушкi i свiнiну ў Беларусi адпавядаюць аналагiчным у суседнiх краiнах. А вось цана ялавiчыны, як высветлiлася, iстотна нiжэйшая: — Сёння ялавiчына ў жывой вазе каштуе ў сярэднiм 3 тыс. рублёў, а ў суседнiх краiнах — ад 8 да 12 тыс. рублёў. I складваецца сiтуацыя, калi гэта мяса транзiтам iдзе мiма буйных гарадоў, у тым лiку i Мiнска, — патлумачыў мiнiстр. — Запасы ялавiчыны на складах тут невялiкiя, хоць у краiне дастаткова ялавiчыны для таго, каб забяспечыць насельнiцтва Беларусi ды яшчэ i прадаваць за мяжу. У сувязi з гэтым мы просiм падняць закупачныя цэны на ялавiчыну на 10 працэнтаў. Неабходнасць павышэння выклiкана таксама i тым, што даражэйшымi сталi ўгнаеннi. Крыху нiжэйшыя ў нашай краiне ў параўнаннi з суседнiмi i цэны на малако. — Мы хочам падняць цэны на малако пасля заканчэння так званага перыяду "вялiкага малака" — увосень, — дадаў Сямён Шапiра. Школьнае пытанне ўсё яшчэ без адказу Без адказу засталося каверзнае пытанне Галiны Мазуркевiч, намеснiка старшынi Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па дзяржаўным будаўнiцтве, мясцовым самакiраваннi i рэгламенце. Спадарыня Мазуркевiч не стала хадзiць вакол ды каля i напрамую запытала першага намеснiка мiнiстра адукацыi Аляксандра Жука: "У практыцы мiжнароднай супольнасцi ў выпадку правалу таго цi iншага дзяржаўнага праекта галаўное ведамства поўным складам iдзе ў адстаўку. Цi збiраюцца мiнiстр адукацыi i яго намеснiкi здзейснiць гэта? Атрымлiваецца, тыя ж людзi, адмовiўшыся ад таго, што прапагандавалi доўгi час i вельмi настойлiва, працягваюць працу ад процiлеглага". Галiна Аляксееўна цiкавiлася таксама, чаму адмяняецца профiльнае навучанне ў школах, як патлумачыць мяркуемую адмену прадмета "Чалавек. Грамадства. Дзяржава"? Першы намеснiк мiнiстра заявiў, што створана мiжведамасная камiсiя, у працы якой бяруць удзел чыноўнiкi, навукоўцы, кiраўнiкi навучальных устаноў i чакаецца, што ў хуткiм часе праца яе будзе завершана, аднак "пакуль рашэнне не прынята (а прымацца яно будзе на самым высокiм узроўнi), абмяркоўваць гэтыя пытаннi заўчасна". Дэпутаты цiкавiлiся таксама пра размеркаванне выпускнiкоў ВНУ: чаму выдатнiкi выконваюць дзяржзаказ i размяркоўваюцца на дзяржаўныя прадпрыемствы, а менш паспяховыя студэнты атрымлiваюць магчымасць размеркавацца па сваёй заяўцы i нярэдка на прыватныя прадпрыемствы? Тым самым яны, па сутнасцi, аказваюцца ў больш прывiлеяваным становiшчы. — Гэта першае размеркаванне ў адпаведнасцi з новай пастановай. Вынiкi сёлетняга размеркавання абавязкова будуць прааналiзаваныя. Безумоўна, арганiзацыi з рознай формай уласнасцi могуць прэтэндаваць на маладых спецыялiстаў, — пракаментаваў Аляксандр Жук. — Я думаю, што да гэтага пытання мы яшчэ вернемся. Вось, напрыклад, Парк высокiх тэхналогiй, якi сёння на перадавых рубяжах развiцця iнфармацыйна-камунiкацыйных тэхналогiй i мае вялiкую патрэбу ў спецыялiстах гэтай сферы. Абураныя Еўрабачаннем Дэпутат Генадзь Давыдзька пацiкавiўся, якiя сумы з бюджэту выдаткаваныя на падрыхтоўку да Еўрабачання i чаму з беларускiмi выканаўцамi займаюцца пераважна замежныя спецыялiсты, "у той час як мы прызнаём, што ў нас найлепшы балет, добрая эстрада, вялiкi вопыт правядзення "Славянскага базару"? Намеснiк мiнiстра культуры Уладзiмiр Грыдзюшка запэўнiў, што на падрыхтоўку да ўдзелу ў сёлетнiм конкурсе з бюджэту Мiнiстэрства культуры не было патрачана нi капейкi. "Фiнансавала Беларускае тэлебачанне", — дадаў ён. "Мы накiроўваем туды чалавека ў рамках тэлевiзiйнага праекта. Пакуль, на жаль, не атрымлiваецца, каб наш чалавек прыехаў з дастойным вынiкам адтуль". Леташнi вынiк Дзмiтрыя Калдуна, вiдаць, не задаволiў Мiнiстэрства культуры... Сяргей Касцян, намеснiк старшынi пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па мiжнародных справах i сувязях з СНД, надзвычай эмацыянальна выказаў сваё абурэнне тым, што беларускiя выканаўцы спяваюць па-англiйску. Уладзiмiр Грыдзюшка заўважыў, што песня на англiйскай мове можа быць лепш успрынятая еўрапейскай аўдыторыяй, праўда, дадаў, што нашы выканаўцы не заўсёды спяваюць на добрай англiйскай мове. "Iдзiце ў лазню"? Пазбаўляць насельнiцтва гарачай вады не на некалькi тыдняў, адключаючы яе ў раёнах, а максiмум на дзень, адключаючы пад’езд цi дом, прапанаваў Уладзiмiр Здановiч, старшыня Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па адукацыi, культуры, навуцы i навукова-тэхнiчным прагрэсе. Ён таксама пацiкавiўся ў мiнiстра жыллёва-камунальнай гаспадаркi Уладзiмiра Белахвостава, цi ёсць такая практыка ў iншых еўрапейскiх гарадах. Мiнiстр адказаў, што гарачую ваду адключаюць у многiх буйных гарадах. У нас па тэхнiчнай дакументацыi прадугледжана адключэнне гарачай вады на 24 днi — у гэты час праводзяцца тэмпературныя выпрабаваннi цеплавых сетак, неабходныя для iх безаварыйнай працы. Згодна з даручэннем кiраўнiка краiны, гэты тэрмiн быў скарочаны да 12—14 дзён. I можа быць падоўжаны ў iндывiдуальных выпадках. Як выйсце, мiнiстр прапанаваў наведваць дзяржаўныя лазнi. Ала МАЧАЛАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Авальнай зале ўчора адбылося сумеснае пасяджэнне парламентарыяў абедзвюх палат, дзе яны маглi задаць пытаннi кiраўнiкам i членам Урада Беларусi. Пра
|
|