На што здатны "цюнiнгавы" "Беларус"?
На што здатны "цюнiнгавы" "Беларус"?
Ведай нашых! Днямi ў Растоўскай вобласцi прайшлi спаборнiцтвы на званне лепшага трактарыста Расii. Прычым, да ўмоў правядзення гэтага конкурсу арганiзатары i ўдзельнiкi падышлi адмыслова, з "агеньчыкам": замест, падавалася б, звыклага для тэхнiкi ворыва, трактары "выпусцiлi" на трасу тыпу "джып-трыал". Самае цiкавае, што асноўным "жалезным конiкам" такiх незвычайных спаборнiцтваў сталi нашы айчынныя "Беларусы".Яны так лiха ляталi па трасе, што для гледачоў загадзя адвялi месцы далей ад яе. А што вы хочаце: пры максiмальнай хуткасцi 40 кiламетраў у гадзiну "спартсмены" выдавалi ўсе 70 кiламетраў у гадзiну! У тэлесюжэце цiкава было назiраць, як "Беларусы", нiбы тыя "ластаўкi", узнiмаюцца ў паветра, праходзячы складаную трасу. Безумоўна, i арганiзатары спаборнiцтваў, i ўдзельнiкi не хавалi, што такую хуткасць дэманструюць не базавыя мадэлi, а ўдасканаленыя рукамi майстроў. "Трактарны цюнiнг", як гаварылася, папярэдне праводзiўся на працягу некалькiх месяцаў — у кожнага ўдзельнiка на свой густ. Канкрэтныя сакрэты, вядома, нiхто агучваць не iмкнуўся. У якасцi агульнай iнфармацыi гаварылася толькi пра тое, што было навiдавоку i што схаваць нават пры жаданнi было немагчыма. Так, для лепшай устойлiвасцi на трасе (пры такой хуткасцi) на трактары навешвалi дадатковы груз над пярэднiмi коламi, больш цяжкiмi рабiлi i заднiя. Згадвалася замена газагенератараў, больш магутныя палiўныя помпы. А як ставяцца ў нас да такiх спаборнiцтваў? Па невялiкi каментарый мы звярнулiся на Мiнскi трактары завод да в.а. галоўнага канструктара прадпрыемства Васiля Жука. Паводле яго слоў, афiцыйна завод не рыхтаваў машыны да такiх спаборнiцтваў, не аказваў нiякай тэхнiчнай падтрымкi арганiзатарам, хоць апошнiмi быў праiнфармаваны пра маючы адбыцца конкурс. А чаму б i не, хто адмовiцца ад рэкламы? — Гэта рэгiянальная задумка наконт спаборнiцтваў, такiя своеасаблiвыя шоў характэрныя для некаторых рэгiёнаў Расii, у тым лiку i Растоўскай вобласцi. Чаму былi абраныя менавiта беларускiя трактары для ўдзелу ў iх? МТЗ — самы масавы, самы папулярны трактар не толькi на поўднi, але i ўвогуле ва ўсёй Расii. Дарэчы, наколькi вядома, пераможца ў якасцi прыза павiнен атрымаць таксама новы трактар МТЗ ад нашага рэгiянальнага прадстаўнiка, — сказаў Васiль Уладзiмiравiч. Паводле слоў спецыялiста, удзельнiкi шоў "дабiвалi" ўласныя машыны, паколькi перароблены такiм чынам трактар, калi ў трансмiсiю ўносяцца змяненнi, змяняецца перадатачнае чысло, фарсiруецца рухавiк, працаваць у якасцi звычайнай сельскагаспадарчай тэхнiкi ўжо не можа. "Гэта не рабочая машына, цяпер яна можа выступаць толькi вось на такiх спаборнiцтвах. Але органы тэхнiчнага нагляду, Дзяржаўтаiнспекцыя, вiдавочна, дазволiлi зрабiць такую "мадэрнiзацыю". Падчас выпрабаванняў трактароў на спецыяльным палiгоне, як сказаў далей суразмоўца, яны таксама развiваюць высокую хуткасць ("не 70 кiламетраў у гадзiну, вядома ж"), высока "скачуць" на спецыяльнай трасе з перашкодамi. Разлiковы тэрмiн эксплуатацыi машыны без капрамонту складае больш за 10 гадоў, таму выпрабаваннi i праводзяцца ў такiм паскораным рэжыме. Як кажуць, на карысць справе, а не дзеля шоў. Дарэчы, яшчэ пра апошнiя. На Захадзе спецыяльна абсталяваныя трактары цягнуць за сабой баласт — хто далей (такi ж этап быў i ў спаборнiцтвах у Растоўскай вобласцi, калi машыны цягнулi за сабой груз вагой у адну тону). У краiнах СНД такiя забавы яшчэ не вельмi папулярныя. Спаборнiцтвы мы папрасiлi пракаментаваць (завочна, зразумела) i нашага чытача — трактарыста сельскагаспадарчага фiлiяла "Крынiца" ААТ "Мiнскрамбуд" Капыльскага раёна Уладзiмiра Логмана, якi ў гэты момант на "Амкадоры-332" трамбаваў сiласную яму. — А што, нармальная з’ява. Сам працаваў на "Беларусах", максiмальная хуткасць у iх 36—37 кiламетраў у гадзiну. Колькi я асабiста максiмальна "выцiскаў"? Ну, было неяк на МТЗ-82... (Рэдакцыя пакiдае названую лiчбу ў тайне.) Так, мог бы i паўдзельнiчаць у такiх спаборнiцтвах, не гаворачы, што i проста паназiраў бы з задавальненнем. Сяргей РАСОЛЬКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Днямi ў Растоўскай вобласцi прайшлi спаборнiцтвы на званне лепшага трактарыста Расii. Прычым, да ўмоў правядзення гэтага конкурсу арганiзатары i ўдзел
|
|