Водгукі далёкай вайны, альбо Як увекавечыць памяць палеглых у Першую сусветную
Водгукі далёкай вайны, альбо Як увекавечыць памяць палеглых у Першую сусветную
Цяжка явiць, што святкаванне Дня Перамогi ў нас будзе праходзiць калiсьцi
без ветэранаў вайны. Iдзе калона i нiводнага франтавiка з медалямi...
Неяк не ўкладваецца ў галаве, але так будзе. Час няўмольны, хоць пакуль
жывыя сведкi вайны, то i гiсторыя яшчэ не мёртвая. А калi адыдуць у вечнасць
ветэраны, то пра тыя далёкiя падзеi (трагiчныя i гераiчныя) будуць
сведчыць помнiкi — мастацкiя i гiстарычныя.
I калi Вялiкая Айчынная ў нас увекавечана, то пра Першую сусветную мы мала што ведаем. Тая вайна ў многiм была супярэчлiвая i асабiста я прытрымлiваюся ў гэтым пытаннi савецкiх поглядаў. Пачаўся перадзел свету i кожная краiна — удзельнiца вайны праследавала свае мэты. Расiя да процiстаяння была найменш падрыхтаванай, а ўрад на чале з царом — бяздарным, i ўсё закончылася тым, чым павiнна было закончыцца — паражэннем i рэвалюцыяй. Але ж якiмi б правiцелi нi былi, салдаты ў акопах гiнулi тысячамi. I дзе iх магiлы? Праз нашу вёску ў Першую сусветную праходзiў фронт. На заходнiм беразе Шчары стаялi немцы, а на ўсходнiм акапалася руская армiя. Тое процiстаянне цягнулася да 1918 года. I маё дзяцiнства прайшло ў тых акопах, якiя цягнулiся ад ракi да самай вёскi. Хоць з тых часоў прайшло сорак гадоў, але патроны добра захавалiся i дзецi бегалi шукаць iх на ўзаранае поле цi з рыдлёўкамi раскопвалi былыя зямлянкi. Аднойчы я выкапаў шаблю i кiшэнны гадзiннiк, але рэчы моцна былi пашкоджаныя iржой. Здаралася адкопваць i снарады. Неяк зацiснуў снарад памiж ног i пачаў малатком i зубiлам разбiваць яго. Жах! Сёння, успамiнаючы тыя дзiцячыя забавы спiна халадзее. А калi пасвiлi кароў, стары, якi вайну 1914 года добра помнiў, паказваў невялiчкiя пагорачкi i казаў, што гэта магiлы салдат. Хто быў забiты, хавалi тут жа пры акопах, а параненых адносiлi за два кiламетры, там знаходзiўся шпiталь i там жа былi могiлкi, бо многiя памiралi. Цяпер на гэтым месцы знаходзiцца Конькаўская сярэдняя школа, стаяць жылыя дамы. А тыя акопы падчас мелiярацыi зруйнавалi i цяпер за вёскай выган. Нават за маю памяць мясцiны дзяцiнства змянiлiся непазнавальна — усё выглядала iнакш. Знiклi сажалкi, старадаўнiя грушы-дзiчкi, пагоркi... Гэта на баку, дзе стаяла руская армiя, а вось за Шчарай захавалiся нямецкiя дзоты, i гэта, бадай што адзiныя сведкi той вайны. Пры чыгунцы Баранавiчы—Лунiнец, насупраць вёскi Зарэчча, стаяў мураваны помнiк, на якiм па-нямецку было напiсана: "Тут пахаваны два аўстрыйскiя салдаты, тры нямецкiя i чатыры рускiя. Слава героям!" З якой нагоды з’явiўся гэты помнiк з такiм дзiўным надпiсам, невядома. У дзевяностыя гады помнiк павалiлi, а магiлу "чорнакапальнiкi" развярнулi. Давялося бачыць толькi параскiданыя косцi ды тое, што засталося ад абутку. Апаганеныя вайсковыя магiлы Першай сусветнай даводзiцца бачыць пастаянна. У мiнулым годзе паехаў па грыбы i каля аўтамагiстралi Iвацэвiчы—Слуцк убачыў "Жыгулi", якраз каля грыбнога месца. Падаўся ў лес, а там двое з металашукальнiкам i рыдлёўкай. У адным месцы выкапалi ямку, у другiм... там iржавая бляшанка, а вось на дрэве вiсiць накрыўка ад салдацкага кацялка. Магiлы зараслi лесам, i спакой загiнулых могуць парушыць толькi такiя вось магiлакапальнiкi. Магiлы нямецкiх салдат у Лiтоўскiм лесе пад Баранавiчамi захавалiся. Там стаяць мураваныя помнiкi i час iх амаль не пашкодзiў. А вось могiлак салдат расiйскай армii амаль няма, бо iм нiхто асаблiва ўвагi не надаваў. Драўляныя крыжы згнiлi, а магiлы асунулiся i ўсё зарасло. Што цяпер рабiць? Мне здаецца, тут неабходны далiкатны падыход, i няма патрэбы ўсё ператвараць у нейкую пiяр-кампанiю. Па-першае, салдаты пахаваны з адпяваннем, бо тады пры кожнай вайсковай часцi быў святар, i не трэба тыя астанкi палеглых парушаць дзеля паўторнай царкоўнай цырымонii. А там, дзе знаходзяцца магiлы, можна паставiць сцiплыя гiстарычныя помнiкi. Але тут ёсць i адваротны момант, бо вызначаныя могiлкi абавязкова прыцягнуць "гiен" з металашукальнiкамi. Хто будзе ахоўваць поле цi лес, на якiм i магiл не вiдаць? У вёсцы Скробава, што ў Баранавiцкiм раёне, пастаўлены невялiкi помнiк, якi сведчыць, што ў бiтве на ўчастку Скробава—Завоссе—Вызарок загiнула каля тысячы вайскоўцаў расiйскай армii. Тут з немцамi ўступiў у бой грэнадзёрскi корпус другой армii. Могiлкi, дзе перапахавана каля 130 астанкаў, прывяла ў парадак птушкафабрыка "Дружба". Салдаты ва ўсiх тых ваенна-палiтычных канфлiктах — бязвiнныя ахвяры, i ў якой зямлi ляжаць, нiхто з iх не выбiраў. Нягледзячы на тое, што ў тагачаснай расiйскай армii служылi прадстаўнiкi многiх народаў iмперыi, усё ж пераважная большасць былi рускiмi. I, магчыма, ёсць сэнс звярнуцца да расiйскага боку з прапановай, каб i Расiя выдзелiла грошы на ўпарадкаванне магiл загiнулых у Першай сусветнай вайне. I калi да гэтага падысцi сур’ёзна, то затраты патрэбны вялiкiя. Паставiць помнiкi, могiлкi агарадзiць, дзе неабходна, правесцi рэстаўрацыю надмагiлляў... На ўсё гэта патрэбны грошы. Ёсць варыянт i больш просты. Сёння нiхто не ведае, чые астанкi ў магiлах, якое прозвiшча загiнулага, адкуль ён родам ды i гэта ўжо, вiдаць, не так важна. Тут хоць бы "разабрацца" з Другой сусветнай. I таму найлепшае выйсце — гэта ўстаноўка невялiкiх памятных знакаў — накшталт помнiка, якi стаiць у Скробаве. Займацца пераносам астанкаў, даставаць iх з магiл няма нiякага сэнсу. Можа, пакiнуць iх у спакоi? Сымон Свiстуновiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цяжка явiць, што святкаванне Дня Перамогi ў нас будзе праходзiць калiсьцi без ветэранаў вайны. Iдзе калона i нiводнага франтавiка з медалямi... Неяк н |
|