Гісторыя "выходзiць" на паверхню i патрабуе мемарыялу
Гісторыя "выходзiць" на паверхню i патрабуе мемарыялу
11 лiстапада гэтага года споўнiцца 90 гадоў, як завяршылася Першая сусветная вайна. Праўда, мiр на зямлi так i не ўсталяваўся: пасля пракацiлася яшчэ шмат хваляў рэвалюцый, грамадзянскiх войнаў i, нарэшце, Другая сусветная вайна. Мiнула цэлых 90 гадоў, але на тэрыторыi Беларусi так i не з’явiўся буйны мемарыял ахвярам Першай сусветнай. На тое ёсць свае аб’ектыўныя прычыны: у мiжваенны перыяд Савецкай уладзе хапала i iншых праблем — грамадзянская вайна, калектывiзацыя, iндустрыялiзацыя... Польскiя ўлады на тэрыторыi Заходняй Беларусi тое-сёе зрабiлi — разам з Мiжнародным Чырвоным Крыжом прывялi ў парадак вайсковыя могiлкi, усталявалi некалькi невялiчкiх помнiкаў. А потым грымнула Другая сусветная вайна, i, натуральна, пра Першую забылiся. Пасля Вялiкай Айчыннай вайны перш за ўсё пачалi ўпарадкоўваць магiлы чырвонаармейцаў i партызан, падымаць з руiнаў народную гаспадарку. Вось i атрымалася, што да стварэння мемарыяльных помнiкаў ахвярам "iмперыялiстычнай" вайны рукi так i не дайшлi. Аднак гэта не значыць, што нiякiх слядоў 90-гадовай даўнасцi на Беларусi не засталося. Па лiнii Дзвiнск—Паставы—Смаргонь—Баранавiчы—Пiнск, дзе доўгi час стаялi нямецкiя i рускiя пазiцыi, i сёння можна адшукаць рэшткi вайсковых могiлак (як нямецкiх, так i рускiх) ды бетонныя доты i капанiры. Але гэтыя аб’екты ў мемарыяльных ды турыстычных мэтах нiяк не выкарыстоўваюцца: магiлы пакрысе зарастаюць, а пустыя байнiцы дотаў назiраюць за трактарамi на калгасных палях... У дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцяў уключаны толькi недзе каля двух дзесяткаў могiлак. І ўсё! А насамрэч аб’ектаў Першай сусветнай, нiкiм не падлiчаных i закiнутых — у дзесяткi разоў больш. Здавалася б, колькi гадоў ужо мiнула, але тэма Першай сусветнай раз-пораз выходзiць на паверхню. Бывае, што i ў лiтаральным сэнсе. Так адбылося i ў мiнулую пятнiцу: пачатак работ па рэканструкцыi цеплатрасы на рагу вулiцы В. Харужай i Старавiленскага тракта (так званая Старажоўка) ў Мiнску на тэрыторыi былых брацкiх могiлак выклiкаў хвалю абурэння сярод прадстаўнiкоў грамадскiх арганiзацый i жыхароў блiжэйшых дамоў. Што ж такога няправiльнага адбылося на Старажоўцы? У часы Першай сусветнай вайны ў Мiнск прывозiлi шмат параненых салдат рускай армii. Тых, хто памёр у шпiталях, вырашана было хаваць на спецыяльных брацкiх могiлках, у прыватнасцi, вось тут, на Старажоўцы. Гiсторыкi называюць прыкладную лiчбу ў 5 тысяч чалавек — рускiх, украiнцаў, беларусаў... Тут жа была пабудавана i драўляная каплiчка для адпявання салдат-нябожчыкаў, сярод якiх, дарэчы, былi i кавалеры Георгiеўскiх крыжоў. Пасля Вялiкай Айчыннай вайны гэтыя могiлкi пачалi ўладам перашкаджаць: на iх месцы зрабiлi Старажоўскi рынак, дзе гандлявалi жывёлай, пабудавалi некалькi шматпавярховiкаў. У 1996 годзе рынак быў перанесены ў Ждановiчы, а крыху пазней кавалак тэрыторыi памятнага месца быў адваяваны энтузiястамi ад далейшай забудовы — брацкiя могiлкi былi ўнесены ў спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцяў. Дык вось, у мiнулую пятнiцу, 30 мая, на месцы Старажоўскiх брацкiх могiлак з’явiлiся экскаватар i людзi ў вайсковай форме. I закiпела праца: экскаватар каўшом чэрпаў зямлю, вывальваў побач, а вайскоўцы капалiся ў ёй, выцягвалi чалавечыя косткi ды пакавалi iх у пластыкавыя пакеты. У гэты ж час па Мiнску папаўзлi чуткi: маўляў, на тэрыторыi гiсторыка-культурнай каштоўнасцi вядуцца будаўнiчыя работы. На Старажоўку пачалi сцягвацца прадстаўнiкi грамадскiх арганiзацый. Улiчваючы такую цiкаўнасць, работы былi часова прыпынены, а сем назбiраных пакетаў з астанкамi вайскоўцы хацелi спачатку забраць з сабой, але потым скiнулi назад у траншэю i засыпалi зямлёй. Аказваецца, яшчэ ў савецкiя часы па тэрыторыi былых могiлак былi пракладзены камунiкацыi. Прайшло колькi дзесяткаў гадоў i, натуральна, узнiкла неабходнасць у iх рэканструкцыi. Як расказаў Iгар Чарняўскi, намеснiк начальнiка ўпраўлення па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны i рэстаўрацыi Мiнiстэрства культуры Беларусi, спецыялiсты доўга разглядалi розныя варыянты, каб абмiнуць ахоўную дзяржавай тэрыторыю. Аднак, на жаль, альтэрнатыўнага варыянту знойдзена не было, бо паабапал вельмi шчыльна пакладзены iншыя камунiкацыi. I Мiнiстэрства культуры было вымушана ў красавiку 2007 года ўзгаднiць праект рэканструкцыi цепламагiстралi № 31. А 26 мая 2008 года Мiнiстэрства культуры выдала дазвол Адмiнiстрацыi Цэнтральнага раёна горада Мiнска (у прыватнасцi — фiлiялу "Мiнскiя цеплавыя сеткi УП "Мiнскэнергiя") на права правядзення работ на тэрыторыi гiсторыка-культурнай каштоўнасцi. Цiкава, што ў гэтым дазволе чорным па беламу было напiсана: генеральны падрадчык ААТ "Белэнергабуд" павiнен распачаць работы толькi пасля правядзення даследаванняў, якiя павiнна было правесцi ўпраўленне па ўвекавечаннi памяцi абаронцаў Айчыны i ахвяраў войнаў Узброеных Сiлаў Рэспублiкi Беларусь. То бок гэты спецыяльны батальён павiнен быў спачатку агледзець тэрыторыю i вызначыць, дзе можна капаць экскаватарам, а дзе — толькi ўручную. Але, як вы ўжо ведаеце, на справе аказалася iнакш, чым на паперы: спачатку працаваў экскаватар, а потым ужо вайскоўцы выбiралi косткi з кучы пяску. А ў канцы i зусiм надзiвачылi — закапалi косткi назад, хоць паводле заканадаўства павiнны былi здаць апламбаваныя пакеты ў Адмiнiстрацыю Цэнтральнага раёна, каб потым яны былi належным чынам перазахаваныя... Зараз работы па рэканструкцыi цепламагiстралi часова прыпыненыя. I будуць адноўлены, калi ўпраўленне па ўвекавечаннi памяцi абаронцаў Айчыны i ахвяраў войнаў Узброеных Сiлаў краiны будзе ў стане весцi даследчыя работы ў адпаведнасцi з законамi Рэспублiкi Беларусь. У перспектыве на месцы былых брацкiх могiлак на Старажоўцы павiнен быць узведзены мемарыял. Якiм ён будзе ўяўляць i калi з’явiцца — пакуль дакладна невядома. Хутчэй за ўсё, гэта будзе сквер з якой-небудзь архiтэктурнай кампазiцыяй у цэнтры. Дарэчы, у хуткiм часе мемарыял ахвярам Першай сусветнай вайны мусiць з’явiцца i ў Смаргонi. Там напрыканцы мiнулага года ўжо быў праведзены архiтэктурны конкурс. I былi вызначаны пераможцы. Цяпер раённыя ўлады шукаюць крынiцы фiнансавання, каб рэалiзаваць задуманы мемарыял памяцi абаронцаў Айчыны (плануецца, што грошы на праект будуць iсцi з рэспублiканскага бюджэту i з бюджэту саюзнай беларуска-расiйскай дзяржавы). Будзем спадзявацца, што сродкi знойдуцца (можа, нават яшчэ i да гэтай восенi) i добрая iнiцыятыва смаргонскiх уладаў пачне ажыццяўляцца. Бо Смаргонь — гэта сапраўды ўнiкальны горад: 810 дзён праз яго праходзiла лiнiя фронту, а з 16 228 жыхароў горада пасля вайны жывымi засталiся ўсяго толькi 154 чалавекi... Значыць, у недалёкай будучынi на Беларусi з’явяцца як мiнiмум два мемарыялы ахвярам Першай сусветнай вайны: у Мiнску i ў Смаргонi. На большае спадзявацца пакуль бессэнсоўна. Правiльна, усё ўпiраецца ў грошы. Бо, напрыклад, фiнансаванне распрацоўкi праекта мемарыяла на Старажоўцы цалкам фiнансуецца з гарадскога бюджэту. А было б няблага, каб да такой добрай справы далучылiся i расiйскiя ўлады. Але, дарэчы, можна ж i выкарыстоўваць усё тое, што засталося ад падзей падчас Першай сусветнай вайны — доты, капанiры, рэшткi траншэяў рускiх войскаў. I забiваць пры гэтым некалькiх зайцоў адначасова: захоўваць гiстарычныя каштоўнасцi, развiваць турызм ды паказваць маладым пакаленням "iмперыялiстычную" вайну не на пальцах, а на рэальных аб’ектах. Месцаў для арганiзацыi такiх невялiчкiх мемарыялаў хапае: напрыклад, абарончыя збудаваннi каля вёскi Занарач Мядзельскага раёна, дзе праходзiла знакамiтая Нарачанская аперацыя, якая фактычна ратавала Заходнi фронт, цi такiя ж збудаваннi вакол Крэўскага замка... Карацей, можна хоць пяць музеяў пад адкрытым небам накшталт "Лiнii Сталiна" зрабiць. Было б толькi жаданне. У тым лiку i ў мясцовых уладаў. — Мабыць толькi ў адным маршруце, Крэва—Гальшаны—Баруны—Валожын—Вiшнева, i то не заўсёды, некаторыя экскурсаводы, калi з Гальшанаў едуць у Вiшнева, спыняюцца ў Дзесятнiках, дзе стаiць стэла з арлом, — кажа Антон Астаповiч, старшыня грамадскага аб’яднання "Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнiкаў гiсторыi i культуры". — Я лiчу, што мясцiны, дзе засталiся ўмацаваннi з Першай сусветнай вайны, павiнны неяк мемарыялiзавацца i паступова ўключацца ў турыстычныя маршруты, i нават — у пэўную iнвестыцыйную праграму. Я рэалiст: дзяржава ў нас усё не пацягне. Але, можа, на прыватнай iнiцыятыве, можа разам з тымi немцамi нейкi праект трэба закручваць i рабiць... Ды пакуль самастойна раённыя ўлады на такiя праекты не адважваюцца. Хоць не думаю, што прачысцiць дарожку да бетонных абарончых збудаванняў, павесiць пару шыльдаў ды выпусцiць некалькi буклетаў будзе каштаваць мясцовым уладам вялiкiх грошай... А вось з дапамогай некага iншага, то калi ласка: напрыклад, 9 мая 2008 года ў вёсцы Мiхневiчы, што на Смаргоншчыне, пры падтрымцы грузiнскай дыяспары каля царквы быў адкрыты помнiк палкоўнiку грэнадзёрскага палка Акацiю Ахмедзуры, якi падчас Першай сусветнай вайны павёў свой полк у атаку i загiнуў, бо немцы пусцiлi газ, а паколькi аддаваць загады ў процiвагазе было немагчыма, то палкоўнiк быў вымушаны яго зняць... Колькi часу прайшло, а памяць героя ўшанавалi. I гэта правiльна. Глядзiш, патрошку, патрошку i Беларусь запоўнiць белыя плямы ў гiсторыi, звязаныя з Першай сусветнай вайной. Хай i не да 90-годдзя, але хоць бы да сотнi гадоў з моманту яе заканчэння можна i ўправiцца. Павел БЕРАСНЕЎ
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
11 лiстапада гэтага года споўнiцца 90 гадоў, як завяршылася Першая сусветная вайна. Праўда, мiр на зямлi так i не ўсталяваўся: пасля пракацiлася яшчэ |
|