Не вароты, а рэшата?
Не вароты, а рэшата?
Во даюць! Гэта гісторыя вартая, напэўна, таго, каб яе занесцi ў Кнiгу рэкордаў Гiнеса. А мела месца яна ў Гомелi ў спартыўным асяроддзi, на чэмпiянаце горада па мiнi-футболе. На фiнiшы, у фiнале, разыгралiся такiя падзеi, што аматары футбола толькi рукамi разводзiлi: во даюць, маўляў! Трэба ж такое фантастычнае майстэрства паказаць пераможцу: 47 (!) галоў "усадзiць" у вароты працiўнiка! За шэсцьдзесят хвiлiн. Працiўнiк што, з дзiцячага сада? Але па парадку. Самымi моцнымi камандамi лiчылiся студэнты Беларускага гандлёва-эканамiчнага ўнiверсiтэта спажывецкай кааперацыi (БГЭУ) i будаўнiча-мантажнага поезда (СМП-54). У лiдарах перад апошняй гульнёй аказалiся студэнты, якiя чакалi вынiку сустрэчы чыгуначнiкаў (СМП-54) i каманды ГарСАП-ЖКГ. Каб стаць пераможцам, першым трэба было адолець камунальнiкаў з рознiцай у 33 мячы. Задача даволi сумнеўная, бо другая каманда не лыкам шытая, што было засведчана ў чэмпiянаце. Ды i першыя пяць хвiлiн матча паказалi гэта, калi чыгуначнiкам удалося "размачыць" лiк толькi на пятай хвiлiне. Але што пайшло далей... Галы ўляталi ў вароты камунальнiкаў ледзь не кожную хвiлiну, i канчатковы вынiк фiналу — 47:1 (!). Вядома ж, на карысць каманды чыгуначнiкаў. Неверагодна, але факт! Гэту ну проста незвычайную сiтуацыю разглядала абласная федэрацыя футбола на сваiм пасяджэннi. Як гэта нi парадаксальна, а даказаць змову вынiкаў сустрэчы не ўдалося, бо СМП сапраўды моцная каманда, а камунальнiкi заявiлi, што ў iх адсутнiчалi на гэтым матчы лепшыя спартсмены, i ў камандзе былi выпадковыя iгракi. Тады сталi правяраць спiс iх, i былi выяўлены два спартсмены з каманды камунальнiкаў, якiя не былi заяўлены на ўдзел у чэмпiянаце. Згодна з палажэннем, камандзе ГарСАПа-ЖКГ залiчваецца тэхнiчнае паражэнне з лiкам 0:5. Такiм чынам, чэмпiёнам горада стала каманда студэнтаў, другiмi — чыгуначнiкi, а камунальнiкi былi строга папярэджаны. Здаецца, справядлiвасць адноўлена, толькi чамусьцi думаецца: нешта тут не так! I каму гэта дадае аўтарытэту? А можа сораму i ганьбы? Бо, як кажуць, такi футбол нам не патрэбен. Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэта гісторыя вартая, напэўна, таго, каб яе занесцi ў Кнiгу рэкордаў Гiнеса. А мела месца яна ў Гомелi ў спартыўным асяроддзi, на чэмпiянаце горада па
|
|