Узгадаць усіх — каб памяталi нашчадкi
Узгадаць усіх — каб памяталi нашчадкi
Спадчына У Бялынiцкiм раёне пры райвыканкаме стварылi камiсiю для мемарыялiзацыi выбiтных асобаў, значных падзей i гiстарычных месцаў. Камiсiю ўзначальвае намеснiк старшынi райвыканкама Надзея Серыкава. У склад камiсii ўвайшлi прадстаўнiкi ўлады, журналiсты, работнiкi культуры, настаўнiкi, краязнаўцы. Блiжэйшым тыднем яны збяруцца на першае пасяджэнне, дзе будзе абмяркоўвацца праграма мемарыялiзацыi Бялынiччыны. Першыя крокi на гэтым шляху ўжо зроблены. Нядаўна ў райцэнтры адкрылi мемарыяльную дошку Вiктара Хаўратовiча: ён быў будаўнiком па прафесii i добрым паэтам па натхненнi. У пачатку лiпеня ў Галоўчыне будзе ўсталяваны памятны камень у гонар 300-годдзя бiтвы памiж шведамi i рускiмi. Шведы тады перамаглi, але гэта была апошняя вiкторыя Карла XII. Пётр I са злосцi расстрэльваў салдат, якiя атрымалi раненне ў спiну — за тое, што беглi з поля бою. Камень у Галоўчыне — у пэўным сэнсе знак прымiрэння: на шыльдзе напiсана "Вечная памяць воiнам, якiя загiнулi ў бiтве" — i шведам, i рускiм. У перспектыўны план мемарыялiзацыi прапануецца ўключыць з паўсотнi пазiцый. Гэта перш за ўсё выбiтныя асобы, якiя пакiнулi значны след у гiсторыi Прыдруцкага краю. Напрыклад, Лёў Сапега, якi заснаваў касцёл i кляштар кармелiтаў, хоць сёння ад iх былой велiчы толькi i засталася выратаваная i складзеная па кавалках фрэска ў музейнай экспазiцыi. Альбо вынаходнiк падводнай лодкi Казiмiр Чарноўскi, ураджэнец вёскi Карытнiца Бялынiцкага раёна. — Гiстарычная падзея адбылася ў 1924 годзе ў вёсцы Васiлькi, што ў Галоўчынскiм сельсавеце, — нагадвае ўдзельнiк камiсii Мiхась Карпечанка. — Яе жыхары пракапалi канал для асушэння балота, за што былi ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР за нумарам 1. I нават камень захаваўся, дзе стаяў Чарвякоў, якi з нагоды ўручэння ўзнагароды прыязджаў у Васiлькi. Камiсiя па мемарыялiзацыi не забудзецца i на знiклыя вёскi. Напрыклад, вёска Галдабуршчына знiкла з карты Бялынiцкага раёна, але яна знакамiтая тым, што тут нарадзiўся Вiталь Сушчынскi. Ён быў адным з першых лётчыкаў Беларусi i першым лётчыкам Запаляр’я. Сушчынскi ваяваў на Першай сусветнай вайне, а загiнуў у час бальшавiцкага тэрору ў 1937 годзе. Праграма па мемарыялiзацыi Бялынiцкага раёна будзе распрацаваная да 2013 года. Iлона Iванова.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Бялынiцкiм раёне пры райвыканкаме стварылi камiсiю для мемарыялiзацыi выбiтных асобаў, значных падзей i гiстарычных месцаў.
|
|