Траецкая памiнальная субота
Траецкая памiнальная субота
Народная энцыклапедыя Мы ўжо неаднаразова расказвалi пра тое, што сярод практычна ўсiх святочна-абрадавых комплексаў беларусаў важнае месца належала культу продкаў. Ушанаванне памерлых было настолькi моцным, татальным i ўплывовым, што парадзiла цэлую сiстэму абярэгаў i паводзiнных рэгламентацый.Падкрэслена акцэнтаваны статус мелi свяшчэнныя дрэвы i гаi, якiя, бадай што, успрымалiся своеасаблiвым духоўна-культурным аналагам вясковых могiлак (а некалi, вiдаць, i былi тым адзiным абрадавым цэнтрам, у якiм спальвалi памерлых i адначасова бласлаўлялi саюз новаўтворанай маладой пары). Калi "клады" (рускае — кладбище, беларускае — кладавiшча, кладовiшча) характарызавалiся месцам апошняга прыстанiшча фiзiчнага цела таго цi iншага сваяка, то свяшчэнны бярозавы цi дубовы гай — гэта "зямны рай", у якiм свой прытулак знаходзiлi душы сканалых сваякоў. Магчыма, якраз таму пад пагрозай смерцi забаранялася ламаць галiнкi дуба або зразаць дрэва цалкам. Таму дыялог з продкамi меў у сабе адценне ўмiласцiўлення i адначасова — ахвярапрынашэння. I ўсё ж перш-наперш зварот да продкаў быў, хутчэй, механiзмам падтрымання i штогадовага аднаўлення свету, якi мог бы сканаць, калi б чалавек раз за разам не аднаўляў механiзм супрацьдзеяння Хаосу. Шэраг абрадава-паводзiнных прадпiсанняў датычыўся традыцыi ўшанавання закладных нябожчыкаў. На Гомельшчыне ў тых сем’ях, у якiх быў тапелец, косцi з велiкоднага стала (ад пасхальнага парася) кiдалi ў ваду (Мазырскi раён). А каб памянуць вiсельнiкаў, косцi падвешвалi да столi. Сярод славян шырока бытавалi павер’i аб тым, што парушэнне iснуючых забаронаў можа ў будучым адмоўна паўплываць на ўсiх членаў сям’i або на вядзенне iх гаспадаркi. Так, балгары лiчылi, што знакам бяды з’яўляецца зачацце i нараджэнне дзiцяцi, а таксама смерць чалавека на Русальным тыднi. Такiя людзi пасля смерцi могуць стаць вампiрамi. А.I. Нiкiфароўскi сведчыць, што на Вiцебшчыне забаранялася займацца шэрагам спраў: круцiць, плесцi, вязаць, калоць дровы, стрыгчы дзiця, авечку — iначай у сям’i народзiцца няўдалае дзiця. На Смаленшчыне забаранялася вiць вяроўкi, плесцi карзiны, рэзаць i калоць дровы, iначай у дзiцяцi будзе "заячая губа" або "зашыта" попка. Памiнальныя абрады Траецкага тыдня: "папарыць" i "замкнуць у кола" Разам з тым неабходна сказаць пра самую галоўную адметнасць памiнальных абрадаў Траецкага тыдня. Акрамя таго, што ў Траецкую суботу ўшаноўвалi ўсiх памерлых, як i на Радаўнiцу, аднак асаблiвую ўвагу надавалi тым, хто скончыў жыццё самагубствам. Адразу ж напрошваецца пытанне: а чаму менавiта ў гэты час узгадвалi тых, да каго славянская i перш за ўсё хрысцiянская традыцыя ставiлiся як да злосных парушальнiкаў запаветнага правiла "Бог даў, Бог узяў"? Нашы сучаснiкi ўжо практычна не прытрымлiваюцца гэтага правiла, але яшчэ памятаюць, што людзей-самагубцаў не дазвалялася хаваць на агульных могiлках побач з астатнiмi прадстаўнiкамi вашага роду. Некалi iх хавалi па-за межамi агульнавясковага кладавiшча. А шматлiкiя гiстарычныя i этнаграфiчныя крынiцы больш ранняга часу сведчаць пра тое, што "задушных" або "закладных" нябожчыкаў (а iмi лiчылi не толькi самагубцаў, але i немаўлят, якiя нарадзiлiся нежывымi або памерлi нехрышчонымi) спачатку захоўвалi ў спецыяльных ямах за межамi населеных пунктаў i толькi ў суботу перад Тройцай iх хавалi па канонах адвечнай традыцыi. За ўсiмi гэтымi нечаканымi для нас этыкетнымi нормамi стаялi старажытнаславянскiя ўяўленнi аб тым, несвоечасовае пахаванне самагубцы паўплывае на ўрадлiвасць зямлi, якая тут жа адгукнецца неўраджаем. Таму ў перыяд памiж Пакровамi i Тройцай самагубцаў хаваць катэгарычна забаранялася. I толькi тады, калi завершыцца веснавая сяўба, калi зерне прарасце новай сцяблiнай, зямля зачала новым ураджаем, неабходна было "ачысцiць" яе ад заўчасна сканалых i пахаваць iх на вечны спачын. Таму хочацца далiкатна нагадаць нашым чатачам: калi ў вашым родзе былi людзi, якiя пакiнулi гэты свет па сваёй уласнай волi, то не забудзьце ўшанаваць iх памяць якраз у памiнальную суботу перад Тройцай. Разам з тым яшчэ раз паўторым: Траецкая субота адрасавалася i даўно памерлым продкам — дзядам. Адсюль i адпаведныя назвы Траецкай суботы: Троецкiя Дзяды, Трояшные Деды, Радзiцельская субота, Стаўроўскiя Дзяды, Духаўская субота. Вядомы два варыянты святкавання Траецкай суботы. У адным выпадку жывыя наведвалi могiлкi i "гасцявалi" ў памерлых дзядоў, у другiм — памерлыя "запрашалiся ў госцi" дадому i ў хаце ладзiлася святочнае сталаванне. Разгледзiм кожны з варыянтаў больш падрабязна. Нашы шматгадовыя назiраннi сведчаць пра тое, што ўшанаванне памерлых на Тройцу ў абрадавай i атрыбутыўнай частцы мела шмат падобнага да памiнання на Радаўнiцу, толькi з адной папраўкай на больш аддалены час ад Вялiкадня. З самай ранiцы людзi цэлымi сем’ямi прыходзяць на могiлкi, наводзяць парадак на магiлах сваiх продкаў. Аднак — вельмi важная дэталь абрадавага кантэкста — калi на Радаўнiцу i Восеньскiя Дзяды магiлы прыбiралi венiкам-галяком (дзеркачом), то на Траецкiя Дзяды венiк быў "жывым" — яго рабiлi з зялёных бярозавых галiнак. Фактычна перад намi абрад-мадыфiкацыя або той самы абрад памiнання продкаў на Восеньскiя Дзяды, толькi з яго перамяшчэннем у прасторы — непасрэдна могiлкi. Такiм чынам, атрымлiваецца, што Траецкiя Дзяды статусна вылучалiся з шэрагу памiнальных святаў не толькi структурай абрадавых падзей, але i характарам трохбаковага дыялогу, у якiм бралi ўдзел прадстаўнiкi свету жывых, "свету" памерлых i свяшчэннае дрэва — галiнкi бярозы — як увасабленне душаў гэтых самых памерлых. Чаму раптам чалавеку спатрэбiлася прысутнасць усiх "суб’ектаў" вiртуальна-абрадавага дыялогу? Магчыма, таму, што ў гэты час рэзка актывiзавалiся душы закладных нябожчыкаў — русалак, якiя пачыналi ўсё больш i больш авалодваць прасторай зялёнага наваколля i маглi прынесцi жывым бяду, калi iх своечасова не ўшанаваць, не прытрымлiвацца шматлiкiх забаронаў i прадпiсанняў, звязаных з траецка-русальным перыядам. Д.К. Зяленiн адзначае, што на Вiцебшчыне iснаваў звычай, калi ў Траецкую суботу кожны са сваякоў прыносiў на могiлкi бярозавую галiнку. Самы старэйшы звязваў усе галiнкi разам i тым венiкам "парыў" магiлкi. А затым па ўзросце гэту абрадавую працэдуру выконваў кожны з прысутных. Надзвычай цiкавы ход у развiццi памiнальнага абраду. Структурна ён блiзкi да перадачы чаркi па крузе на Радаўнiцу. Непасрэдна да гэтых шляхоў фармiравання абрадавай семантыкi прымыкае яшчэ адзiн, якi паўплываў на ўзнiкненне паняцця "опахивать" магiлу (беларускiя эквiваленты: абворваць, акрэслiваць, узвесцi мяжу, адмежавацца, лакалiзаваць з мэтай перасцярогi). За гэтым рытуальным вызначэннем стаяць не толькi дзеяннi па навядзеннi парадку, але яшчэ i ўзвядзення сiмвалiчнай мяжы вакол магiлы. Зноў-такi напрошваецца паралель: калi на Радаўнiцу з мёртвымi "хрыстосавалiся" — крыжападобна качалi чырвонае яйка па магiле, цалавалi крыж, г.зн. адбываўся прамы кантакт з месцам захавання продка, то на Траецкiя Дзяды надмагiльнае ўзвышша быццам бы iмкнулiся iзаляваць ад наваколля, у тым лiку i нават ад самой прасторы iншасвету. Навошта паўставала такая неабходнасць i каго спатрэбiлася iзаляваць? Магчыма, усё ж за гэтай мэтанакiраванай перасцярогай стаялi постацi тых самых закладных нябожчыкаў, людзей, якiя пры жыццi займалiся чарадзействам або вядзьмарствам, а пакiнуўшы гэты свет, сталi бiяэнергетычнымi вампiрамi i працягвалi шкодзiць людзям нават i пасля смерцi. Забiтага асiнавага кала было мала, каб утаймаваць iх ненажэрнасць, тады ў ход пускалi самы надзейны магiчна-ахоўны сродак — месца яго пахавання замыкалi ў кола. Выкарыстанне свежых бярозавых венiкаў у абрадзе "парыць" нябожчыкаў дазваляе зразумець сэнс забароны нарыхтоўваць iх для мыцця ў лазнi да Тройцы. Мы зноў сутыкаемся з дзейнасцю звычаёвага нарматыву "перш, чым для сябе — падзялiся з продкамi". Гэта ж залатое правiла народнай культуры вымагала выканання яшчэ аднаго абрадавага дзеяння: назаўтра будзе Тройца, i падворкi будуць упрыгожаны маладой зелянiнай, але ж паперад гэту рытуальную працэдуру неабходна было выкарыстаць i ў дачыненнi да памерлых. Таму ў Траецкую суботу на Смаленшчыне магiлкi i крыжы ўпрыгожвалi свежымi бярозавымi вянкамi. Яшчэ адной адметнасцю вызначалiся абрадавыя кантакты памiж жывымi i продкамi на Тройцу. Калi на Радаўнiцу сiмвалам родавай пераемнасцi было чырвонае яйка, асвечанае на Вялiкдзень, то да Траецкiх Дзядоў асобна гатавалi яйкi i фарбавалi iх у жоўты або зялёны колер. Апошнi дасягаўся якраз тым, што ў гаршчок дабаўлялi бярозавае лiсце. А вось сiмволiка жоўтага колеру можа быць больш складанай i апасродкаванай. Калi ўлiчыць, што жоўты колер тоесны сiмволiцы золата, то няцяжка зразумець, што ў гэтым выпадку прасочваецца прамая сувязь з iншасветам, з нячыстай сiлай, д’яблам. "Дзядоў" запрашалi дадому, або Траецкая памiнальная вячэра У Беларусi адначасова з варыянтам шанавання продкаў непасрэдна на могiлках iснавала традыцыя запрашаць "дзядоў" да сябе дадому. Па ўсiм бачна, што Траецкая субота займала ў сiстэме памiнання продкаў вельмi важнае месца. Аб гэтым сведчыць характар падрыхтоўкi да самога свята: ён у пэўнай ступенi нагадваў перадвелiкоднае абнаўленне хаты i падворка. Хлопцы старанна вымяталi двор, гаспадыня з дочкамi прыбiралi ў хаце: абнаўлялi фiранкi, вешалi новы ручнiк-набожнiк, выбiралi попел ў печы. Асаблiвая ўвага надавалася чырвонаму куту. Е.I. Крук (бабуля аднаго з аўтараў) расказвала, што на сходзе дзвюх лаў на вечка ад дзяжы клалi жытнi бохан хлеба, выпечаны ў чацвер — на Сямiк, з якiм хадзiлi на могiлкi. Аднак наведвалi могiлкi прадстаўнiкi толькi тых сем’яў, у якiх памерлi маленькiя дзецi ("гадоў да трох"). У хлеб уторквалi грамнiчную свечку, побач ставiлi сальнiчку з асвячонай велiкоднай соллю. Як толькi непачаты бохан хлеба забяруць, на вечка клалi невялiкi акраец ад ужо распачатага бохана i загортвалi яго канцамi ручнiка. Назаўтра ж, калi хату будуць упрыгожваць зелянiнай, на вечка пакладуць: а) калi памерла дзяўчынка, то вянок з бярозавых галiнак, у якiя ўпляталi лекавыя зёлкi, б) калi памёр хлопчык, то дзеразовы вянок. Побач з вёскай працякае рэчка Гаць, i праз тыдзень гэтыя вянкi пускалi на ваду, прычым пускалi, паварочвалiся i iшлi да вёскi, не азiраючыся. Траецкая субота вылучалася з шэрагу iншых тым, што ў гэты дзень у печы палiлi двойчы. Каб прыгатаваць стравы для памiнальнай вячэры, печ падпальвалi ўжо адвячоркам. Яшчэ адзiн цiкавы нюанс. Калi ж збiралiся гатаваць стравы для дзядоўскiх памiнак у Траецкую суботу, то ў печ клалi толькi бярозавыя паленцы. Як на Восеньскiя Дзяды, так i на Траецкiя гаспадыня гатавала няцотную колькасць страў, сярод якiх зноў-такi былi тыя, якiя з’яўлялiся абавязковым атрыбутам усiх жалобна-памiнальных сталоў: перш за ўсё блiны, асаблiва грэцкая, ячная або пшонная каша, яечня, просвiрка, купленая ў храме або яе вясковы абрадавы эквiвалент — "канон" ("канун") з крышанага хлеба, размочанага ў вадзе з мёдам. Калi выпякалi хлеб пшанiчны, то ў "канон" дадавалi тоўчаны мак. Адной з абавязковых памiнальных страў быў ягадны кiсель. Правядзенне святочнай урачыстасцi адбывалася за вялiкiм сямейным сталом, якi ставiлi не так, як заўсёды — паралельна асноўным сiлавым лiнiям, уздоўж сцяны ад двара, а, наадварот, пад трэцяй — радаводнай — бэлькай: ад чырвонага кута i ўздоўж сцяны ад вулiцы. У чырвоным куце садзiўся гаспадар, злева ад яго — жаночая палавiна сям’i, справа — мужчынская. Памiнальная вячэра пачыналася з малiтвы i рытуальнага запрашэння душаў памерлых продкаў да сумеснага сталавання. Заўважым, што ў некаторых сем’ях пералiк радаводных пакаленняў — мама, дзядуля, прадзед i iнш. — меў характар дакладнай канкрэтызацыi: iмёны даўно памерлых сваякоў былi "запiсаны" ("упiсаны" на другой бэльцы хаты, якая i выконвала ролю радаводнай кнiгi. Таму i гэты жалобны стол ставiлi ўпоперак хаты, непасрэдна пад бэлькай. На самым пачатку па чарзе пускалi абрадавую кашу або "канон": кожны з прысутных браў з агульнай мiсы па тры лыжкi. Затым адбывалася самае галоўнае абрадавае дзеянне, якое было сiмвалам памiнальнай трызны, знакам лучнасцi, непадзельнасцi розных пакаленняў людзей — жывых i памерлых. Гэтым амулетам-абярэгам i адначасова знакам родавай непарыўнасцi была чарка, якая перадавалася зноў-такi па чарзе i была за сталом толькi адна. Гаспадар налiваў чарку i перадаваў яе самаму старэйшаму прадстаўнiку вялiкай сялянскай сям’i. Той адлiваў некалькi кропель на абрус або на край посуду. А большую частку выпiваў сам. Чарка далiвалася i перадавалася наступнаму. Вось так яна хадзiла над сталом, быццам чаўнок над кроснамi, i знiтоўвала ў адзiнае цэлае прадстаўнiкоў розных пакаленняў. Часцей за ўсё асноўныя стравы-закускi таксама падавалiся ў адной мiсе, з якой кожны браў па старшынству. Але першую лыжку ўсе прысутныя (i абавязкова кожнай стравы) адкладвалi ў агульную мiсу, якую затым ставiлi ў адной з рытуальных зонаў хаты: на покуцi, на парозе або на падваконнi. Вячэра працягвалася нядоўга. Людзi елi моўчкi, гаварыць дазвалялася толькi старэйшым членам сям’i, якiя дзялiлiся ўспамiнамi аб дзядах-прадзедах, засяроджваючы ўвагу на больш важных падзеях i на тых постацях, жыццё якiх ужо даўно "абрасло" легендамi. Напрыканцы памiнальнай вячэры зноў чыталi малiтву пры запаленай свечцы, а затым адпраўлялi "запрошаных" гасцей дадому: "Няхай са святымi пачываюць, а нам хлеба-солi засылаюць". Адзначым i тое, што ўяўны кантакт з душамi памерлых продкаў вымагаў ад старэйшых членаў сям’i не толькi выканання рытуальна-магiчных дзеянняў засцерагальнага характару (чытанне малiтвы), але i выкарыстання адпаведных атрыбутаў-абярэгаў. Напрыклад, у Слонiмскiм павеце Гродзенскай губернi на працягу ўсёй вячэры ў хаце былi адчынены дзверы, у якiх стаяла барана. Гэта ўжо другi выпадак выкарыстання адной з земляробчых прылад у магiчна-абрадавай практыцы траецка-русальнага тыдня. Барана выконвала функцыю абярэга, якi, як рэшата, свабодна "прапускаў" душы сваiх родных, а з другога боку, рабiў адчыненыя дзверы неперадольным бар’ерам для прадстаўнiкоў нячыстай сiлы. Аксана Катовiч. Янка Крук.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мы ўжо неаднаразова расказвалi пра тое, што сярод практычна ўсiх святочна-абрадавых комплексаў беларусаў важнае месца належала культу продкаў. Ушанава |
|