21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Поле

26.08.2009 10:20 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Поле

Камедыя Янкі Купалы "Паўлiнка". Адольф Быкоўскi ў хаце Паўлiнкi, да якой мае вялiкi iнтарэс, манiць, пахваляецца сваёй гаспадаркай. Ураджай сёлета: "Жыта нажаў коп са дзвесцi, аўса таксама са дзвесцi, ячменю з сотню".

А капа ж гэта 60 снапоў! Зразумелае пытанне: колькi ж у пана Адольфа зямлi?

Добрыя валокi з паўтары. I з iх лесу паўвалокi — сасёнка да сасёнкi, i лугу паўвалокi — мурог, як шафран. Аказваецца, ворнай зямлi ў яго толькi паўвалочкi. Мацi Паўлiнкi дзiвiцца:

"У нас ворнай зямлi, мусiць, i са тры валокi будзе i то мы столькi не нажалi".

Вось дзе галоўны iнтарэс Быкоўскага — тры валокi ворнай зямлi i адна дзяўчына ў сям’i.

Але сёння нас не цiкавiць сюжэт камедыi, пагаворым пра гэтыя самыя валокi.

З 1552 года ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм пачалася, можна сказаць, вялiкая аграрная рэформа — валочная памера. Гэта быў комплекс мерапрыемстваў, у аснове якiх ляжаў абмер i ўлiк зямель на стандартныя ўчасткi, валокi (21,36 гектара). Валокi павiнны былi мець форму чатырохвугольнiка i падзяляцца на тры палi. На сярэднiм полi размяшчалася вёска. Некалькi вёсак складалi войтаўства, некалькi войтаўстваў — воласць. Улады намагалiся пасадзiць кожную сялянскую сям’ю на валоку. Бывала, валоку бралi i дзве-тры малалiкiя сям’i. Было ў рэформе шмат нюансаў, супярэчнасцяў. Але ў цэлым яна мела прагрэсiўны характар. Нездарма валочная сiстэма землекарыстання праiснавала шмат стагоддзяў. Ды i сёння спытайце ў любога старога чалавека ў нашых мясцiнах: колькi iх сям’я мела зямлi да 1939 года. У адказ пачуеце — валока, паўвалочка, чатвартак. Толькi потым разам з вамi ён будзе пераводзiць гэта ў гектары. Справа ў тым, што ад якасцi зямлi i валока ў розных мясцiнах была неаднолькавай.

Да пачатку ХХ стагоддзя праiснавала паўсюль на Беларусi i ўведзеная тады трохпольная сiстэма земляробства. Пры ёй ворная зямля падзяляецца на тры змены. З iх адно поле, папарнае, кожны год гуляе, адпачывае. Увосень на папары сеялi жыта.

Размову пра поле я i не мог пачаць iнакш, як пра поле сялянскае, поле-кармiцельку. Нездарма ў беларускiм фальклоры так багата прадстаўлены жнiўныя песнi, дзе абавязкова ёсць i поле.

Гаварыла поле шырокае,

Жыта ядранае:

— Не магу я на полi стаяцi,

Каласочкам махацi,

Толькi магу на полi капамi,

У гумне стагамi.

I поле — не толькi праца. Гэта сiмвал жыцця (нават не будзем згадваць вядомую прыказку) няпростай, найперш жаноцкай долi.

Ой, не ляжы, вецер, у полi

Памiж горачак у разоры,

Ды ўстань, ветру, памаленьку,

Павей, ветрык, пацiхеньку,

Развей хмарачку цямненьку —

Маю тугу цяжаленьку.

Якiмi ўсё-такi рознымi гiстарычнымi шляхамi iшлi народы, ператвараючыся ў нацыi. Якраз у той час, калi на вялiкакняжацкай Беларусi праводзiлася валочная памера, адкрывалiся шляхi для стварэння фальваркавых, сялянскiх гаспадарак, у Англii адбывалася свая аграрная рэформа, дазволеная парламентам. Яна называлася "агароджваннямi". Сутнасць у тым, што феадалы зганялi сялян з зямлi, канавамi, зыгарадкамi i iншым агароджвалi захопленыя землi, патрэбныя iм найперш для авечкагадоўлi. У рэшце рэшт, гэта рэформа прывяла да знiкнення ў краiне сялянства як класа.

I яшчэ гiстарычнага. Звярнiцеся да былых, да сённяшнiх школьнiкаў з прапановай назваць знаёмыя iм славутыя полi бою. Адказ будзе практычна аднолькавы: альбо Кулiкова, альбо Барадзiнскае. Ну, самы дасведчаны ўспомнiць, магчыма, пра самую вялiкую танкавую бiтву на Курскай дузе. А цi мае тое поле назву? Не помню i я. Помню, што блiжэйшы населены пункт называўся Прохараўкай.

Што ж да Кулiкова поля, то бiлiся мiж сабою там войскi князя Дзмiтрыя, сярод iх i полацкiя дружыны, i войскi Мамая. Але гiстарычныя падзеi гэтага 1380 года даволi цьмяна дайшлi да нас. Малазразумелая i роля беларускага войска на чале з Вялiкiм князем Ягайлам, якое было недалёка ад Кулiкова поля, але ўдзелу ў бiтве не прыняло.

Ды i Барадзiнскае поле ў гiсторыi нашага народа неадназначны сiмвал. Сёння на падставе гiстарычных матэрыялаў даказана, што ў рускай армii вельмi шмат было салдат, набраных, рэкруцiраваных на службу ў беларускiх губернях. Але i ў складзе напалеонаўскiх войскаў неслi службу тысячы выхадцаў з Беларусi.

Дзякаваць богу, сёння слаўным i гучным для нас стала поле Грунвальдскай бiтвы. Ляжыць яно за межамi нашай краiны. Але ў 1410 годзе беларусы разам з iншымi славянскiмi народамi на гэтым полi перамаглi крыжакоў, спынiлi iх экспансiю на нашы землi. Магчыма, нейкi наш далёкi продак за адвагу ў тым пабоiшчы атрымаў надзел зямлi, пабудаваўся. А назву вёсцы доўга не прыдумваў — Грынвальды. Да нядаўняга часу была такая вёска ў Пастаўскiм раёне.

У цяжкiм 1941 годзе пiсьменнiк Канстанцiн Сiманаў пабываў у адной з вайсковых часцей, якая гераiчнага змагалася ў бiтве за Магiлёў. Пабываў як журналiст, паехаў назад. А часць гэта ў наступныя днi панесла вялiкiя страты. Мог загiнуць i ён, каб затрымаўся. Пасля смерцi яго прах па волi пiсьменнiка быў развеяны над тым, Буйнiцкiм полем пад Магiлёвам. Ёсць памятны знак. Ды вось якая акалiчнасць — Буйнiцкае поле стала вядомым не толькi з 1941 года. Яшчэ ў 1595 годзе ў час антыфеадальнага выступлення на Беларусi вялiкi атрад паўстанцаў сустрэўся тут з таксама вялiкiм магнацкiм войскам. Бiтва доўжылася цэлы дзень, перамогi нiхто не атрымаў. Але тысячы людзей ляглi тут, на Буйнiцкiм полi. Ды i невядома, колькi ляжыць загiнулых за стагоддзi на гэтым полi, на iншых вядомых i малавядомых палях беларускай зямлi. Помнiкам iм — наша памяць.

У часы Вялiкага княства Лiтоўскага адным з намеснiкаў Гетмана найвышэйшага быў Гетман польны. Сярод гетманаў польных найбольш вызначылiся ў свой час Януш i Мiхаiл Радзiвiлы.

Але дазвольце таўталогiю: усё-такi поле давала i дае найшырэйшае поле, прастору для паэтычнага натхнення. У розных славянскiх народаў, у розныя часы, ва ўсiх паэтаў яно не проста частка краявiду. I не будзем турбаваць класiкаў. Вось наш песеннiк Адам Русак:

Хадзiлi дзяўчаты лясамi,

Хадзiлi дзяўчаты лугамi,

Хадзiлi у даль палявую,

Збiралi красу веснавую.

У семiдзесятыя-васьмiдзесятыя гады мiнулага стагоддзя жыхарам райцэнтраў даводзiлася вельмi часта выязджаць у падшэфныя гаспадаркi. Найчасцей працавалi на калгасных палях восенню. Жыхары райцэнтраў — у большасцi гараджане ў першым, ну, у другiм калене. Таму вельмi часта, працуючы ў полi, нехта прасiў таварышаў:

— Адпусцiце на гадзiну, тут недалёка наша вёска, пайду, хоць на былую сядзiбу гляну...

Тады i напiсалiся радкi:

Верасень гэты дажджамi, вятрамi ўраджайны —

Чуеш, трывожна i так развiтальна пяе.

I ў талацэ на палях яго зноў гараджане

Бачаць ля лесу забытыя вёскi свае.

Слова поле — шматзначнае. Гэта не толькi абшар зямлi прыдатны для ворыва цi ўжо засеяны.

Гэта проста прастора, напрыклад футбольнае цi лётнае поле.

Гэта i прастора дзеяння электрычных, магнiтных сiлаў.

Фон, на якi наносiцца ўзор, — таксама поле.

Некалi мы ў школе пiсалi, пакiдаючы па краях аркуша палi. Паглядзеў унучкiны сшыткi — там палi на фабрыцы загадзя адлiнееныя чырвоным, не памылiшся.

Полем называецца шырокi бераг капелюша.

А ўстойлiвыя выразы вельмi яркiя i вобразныя?

Аднаго поля ягада — гавораць так часцей з адмоўным адценнем, маўляў, i ў гэтага ёсць тыя ж недахопы.

Шукаць ветру ў полi — спрабаваць, вядома ж, можна, але вынiку не даб’ешся.

Ад поля паходзiць i палявiк — чалавек, якi жыве ў бязлесай вёсцы. Палявiком у старажытнай беларускай мiфалогii называлi гаспадара поля. Ды i адно са старажытных плямёнаў, якое жыло на Беларусi ў лесастэпах Прыдняпроўя, так i называлася — паляне.

Ад поля i паляна — бязлесая прастора на ўскрайку цi ў самым лесе. I палетак — участак поля, якi выкарыстоўваецца пад пасевы. Дарэчы, для таго, каб вызначыць плошчу ўчастка на плане цi карце, выкарыстоўваюць спецыяльную пласцiну з сеткай квадратаў. Называецца яна — палетка. Ад французскага palette — пласцiнка.

Ды луг, паша — гэта ж таксама палi.

Вось заканчваю пiсаць пра поле — чамусьцi зашчымела, успомнiўся даўнi трыялет, якi не напiсаўся, а выдыхнуўся, якi сёння здаецца наiўным, але вельмi дарагiм.

Свет блаславёны ўжо i тым,

Што нам паблажлiва дазволiў

Сустрэцца нiбы ў чыстым полi.

Свет блаславёны ўжо i тым.

I не суцiшыцца нiколi

Чысцейшы ад усiх матыў:

Свет блаславёны ўжо i тым,

Што нам паблажлiва дазволiў.

Алесь Касцень,

г.Паставы.

 

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Камедыя Янкі Купалы "Паўлiнка". Адольф Быкоўскi ў хаце Паўлiнкi, да якой мае вялiкi iнтарэс, манiць, пахваляецца сваёй гаспадаркай. Ураджай
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика