21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Алё, народ на провадзе!

26.08.2009 10:20 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Алё, народ на провадзе!

Для пачатку — малюнак з натуры.

"...Кароўкі жвакуюць, паляглi.

Значыць, можна i нам.

Мы — два пастухi (не, не прафесiйныя: так, радоўку адбываем) садзiмся ля жыта, гамонiм.

— Ты ў школку ходзiш? — пытае ў мяне не мой, чужы дзед Раман.

— Хаджу.

— Чытаць умееш?

— Умею.

— Мо i казкi якiя ведаеш?.. То раскажы.

Я пачаў — сваю, на той час самую любiмую — пра Алi-Бабу i 40 разбойнiкаў. Больш за тое, я, заахвочаны дзедавай увагай, дужа стараўся — расказваў блiзка да тэксту, з усiмi дэталямi... Дзед з паўгадзiны маўчаў, пазiраў, а потым — цяжка ўздыхнуў:

— Дурань ты... Хоць, здаецца, i добры...

"Чаму?!" — пыталiся, вiдаць, мае вочкi, бо дзядуля тут жа дадаў:

— Калi так доўга будзеш расказваць, нiхто цябе слухаць не будзе. Трэба — iнакш. Ну вось, напрыклад. Жыла ў вёсцы ўдава Клаўка... I жыў непадалёк навасёл Саўка. Пастукаў ён ёй у акно. Яна дзверы адчыняе, пытае: "Хто там?" "Гэта я, Саўка"... За яе — i на лаўку... Вось так трэба — зразумела, коратка, складна".

Што складна — я пачуў. Што коратка — убачыў. Зразумеў тады, праўда, не ўсё. Але ж думаў...

У тым лiку i над тым, што мазгi ў людзей не безразмерныя, а таму не варта iх тлумiць рознай балбатнёй".

Гэты малюнак з натуры ў якасцi не то эпiграфа, не то кiраўнiцтва да дзеяння прапанаваў нашай рубрыцы спадар Кабачэўскi з Оршы.

А мы ж, здаецца, i так пiшам, як вучыў дзед Раман? Гэта значыць, зразумела, коратка i складна.

Зрэшты, у чарговы раз, мяркуйце самi. I, калi ласка, пiшыце!

Закладаючы, не закладай...

Было гэта, як цяпер кажуць, за саветамi. I якраз у чэрвенi: сонца, гарачыня — самы час кармы нарыхтоўваць. Вёска пра гэта ведае i ў шапку, зразумела, не спiць, працуе. Але ж пакiраваць ёй усё роўна трэба: першы сакратар райкама партыi нараду сабраў. Папрыязджалi на яе старшынi ўсiх калгасаў, сядзяць у кабiнеце, парацца, па чарзе наганяi прымаюць...

Iм ужо i збрыдзела: дачакацца не могуць, калi гэта скончыцца, а адзiн з калег (мажны сам па сабе, твар чырвоны) — спазнiўся, цяпер толькi дзверы адчынiў...

I тут жа... пад раздачу, як кажуць: прамоўца толькi ўбачыў яго, адразу ж пытае:

— Вы вось сёння колькi заклалi?

— Ды колькi там... Драбяза... Грамаў са дзвесце, — прамямлiў старшыня.

— Я... Я... Не пра гарэлку я ў вас пытаю! — аж падскочыў першы. — Я ў вас пра сянаж...

Прыйшлося беднаму адказваць. Спачатку — за нарыхтоўку кармоў, потым — за дзвесце грамаў. Шчырасць падвяла.

Сцяпан Букацiч,

г. Смалявiчы

"З мноства вось такiх, маленькiх перамог..."

Гэту гiсторыю мне паведамiў Максiм Навумавiч Застрэлаў — радавы Вялiкай Айчыннай...

Прызвалi яго ў 1943-м, першае баявое хрышчэнне атрымаў на Быхаўшчыне. Немцы, казаў, умацавалiся ля вёскi Смолiца, ды так, што не падступiцца: з аднаго боку набудавалi дотаў i дзотаў, а з другога — багна, балота. Ну нiяк не прайсцi!

А вышыню ўзяць трэба!

У штабе доўга маракавалi, як гэта зрабiць (з мiнiмальнымi стратамi...), i такi ж прыдумалi. Падышлi ноччу, з боку... балота, адкуль немцы нiяк не чакалi i нават чакаць не маглi...

А далей ужо — справа тэхнiкi: цiха знялi часавых, гранатамi закiдалi ўсе ўмацаваннi, сышлiся ў рукапашную. Факт, што загад быў выкананы, вышыня ўзята, многiя з байцоў — потым узнагароджаныя. У тым лiку i Максiм Навумавiч — сваiм першым медалём "За баявыя заслугi"...

Але ж самай высокай узнагароды заслугоўваў, мусiць, той, хто падаў iдэю праз тое непралазнае балота, летам, прайсцi на... лыжах. Так-так, на звычайных лыжах. Спераду iшлi вопытныя байцы, ззаду — моладзь, каманды аддавалiся шэптам, дух пераводзiлi стоячы ў вадзе, кармiлi крывасмокаў-камароў, але ж справу зрабiлi!

...Апошнiя залпы вайны Максiм Навумавiч пачуў падчас штурму крэпасцi пад Кёнiгсбергам — з мноства вось такiх, маленькiх перамог склалася Вялiкая.

Мiкалай Слабадзянюк,

г. Мiнск

Крывi — мала

У армii я служыў санiнструктарам пры медсанчасцi, у якой быў стацыянар на 10 ложкаў. Не ведаю, як цяпер, а тады (i ў той краiне...) грошай на ўзбраенне хапала, а вось на паляпшэнне салдацкага побыту, на годнае лячэнне — не. Таму з наступленнем лета сярод салдат-будаўнiкоў мы знаходзiлi "хворых", прапаноўвалi iм паляжаць "палячыцца", а заадно — дапамагчы ў рамонце. Што яны i рабiлi, а апроч...

Вечарам неяк (як зараз помню!) заступаю я на дзяжурства, заходжу ў адну з палат i проста нямею: усе ложкi цямнеюць голымi сеткамi — нi коўдраў на iх, нi падушак-прасцiн, нi нават матрацаў. Пытаю ў хлопцаў, дзе? Лыбяцца ў адказ i ў кут паказваюць. А там з усяго гэтага, можна сказаць, гара. Прычым — рытмiчна — падымаецца i апускаецца, падымаецца i апускаецца.

У мяне, як цяпер кажуць, i скiвiца адвiсла. А адзiн з будаўнiкоў — тлумачыць:

— Разумееце, сёння салдата-таджыка прывезлi. З жыватом. Мы спыталi ў яго — аналiзы здаў? Здаў, кажа, кроў, мачу, кал. А пот? — пытаемся. Не, кажа, пот у мяне не бралi. Дык мы i сказалi — выбiрай: альбо заўтра цябе па стадыёне будуць ганяць, як марку па пекле, альбо вось так — тазiк пад ложак паставiм укрыем... Ён другое выбраў: бачыце — як дыхае: ляжыць, пацее...

Трэба сказаць, што да гэткай працэдуры хворы быў падрыхтаваны. У iх у час цвiцення маку (потым сам расказваў) многiя распраналiся дагала i бегалi па макавым полi. Пылок прылiпаў да мокрых целаў, а потым саскрабаўся ў выглядзе... анашы, лёгкага наркотыку.

...Хворага з "укрыцця" я, зразумела ж, вызвалiў. Тады ж убачыў, што ўвесь жывот у яго вымазаны зялёнкай (тыя ж руплiўцы пастаралiся, "каб не так балела"...). Што дужа насмяшыла нашага ўрача, маёра Хайтмана, якi, дарэчы, быў родам з Баранавiчаў i цяпер, мо, таксама чытае гэтыя радкi?

У.К. Лабко,

в. Дзераўная, Слонiмскi раён

Жарсцi мядовага месяца

Жылi некалi ў вёсцы дзве сястры — Ганна з мужыком i Волька з дзецьмi: ейны як паехаў сабакам сена касiць, так i не вярнуўся. А гаспадарка ж — то бульбу пасадзiць трэба, то платы паправiць, то сена пакасiць... Без мужчыны — ну, нiяк... Што рабiць тады — да каго кiдацца гэтай саламянай удаве? Ну, зразумела ж, да швагры. Той, дзякаваць Богу, ёй нi разу не адмовiў.

Цешылася Ганна: харошы мужык — i дома парадак трымае, i ў сястры.

Цешылася так аж да... пакаяннай нядзелi.

А ў тую, пакаянную, калi вернiкi просяць прабачэння ва ўсiх, каго, крый Божа, пакрыўдзiлi, заяўляецца да яе Волька. I ўся ў слязах. Кажа:

— Пакаяцца хачу... Перад табою...

— У чым, сястрыца? — здзiвiлася Ганна.

— Грэшная я... Твой Фёдар, — плача Волька, — ходзiць да мяне не толькi днём, але i ноччу яшчэ. Я прымаю... Бо сказаў, што тады — прападу з малымi — нi ў чым больш не паможа.

Абязвечыла яна вось гэтым прызнаннем. Але ж Ганна вiду не падала. Распытала, як прыходзiць, калi... Разам паплакалi...

Праз дзень-другi Ганна кажа мужыку:

— Пайду я да кумы — тэлевiзар пагляджу (тады iх толькi два на ўсю вёску было).

— Iдзi, — мужык "дазваляе", — а я дык лепей пасплю. Натамiўся за дзень.

На тым i сышлiся. Але ж Ганна — адразу не да кумы, а да... сястры. Толькi распранулася ў яе спальнi, чуе — так i ёсць — у шыбку хтось стукае. Адчыняе ў цемрань — родны мужык... Праз акно... Ды з такiмi абдымкамi, з такiмi любошчамi — ну як мядовы месяц у iх...

Але ж яму, беднаму, i дадому карцiць: давай апранацца, давай тое акно адчыняць. А жонка з ложка яму:

— Пачакай, Федзечка. Разам пойдзем. Ды праз дзверы.

— Ты?! — аж знямеў мужык.

— Я... Ведала, што ты да Волькi бегаць стаў, вось i прыйшла — на спатканне з табой... Як некалi. Помнiш?

...Цяжка сказаць, што той мужык помнiў, што пасля той ночы зразумеў, але ж па начах да Волькi бегаць перастаў. А днём прыходзiў, дапамагаў, бо швагерка, пляменнiкi — радня.

А раднi трэба трымацца разам i жыць дружна.

А.А. Зелянкевiч,

в. Мачуль, Столiнскi раён

Ляжыць — хай ляжыць!

Гiсторыя з даўнiны, з тых далёкiх часоў, калi на многiх градах, апроч цыбулi-часнаку, з не меншай пашанай вырошчваўся тытунь, калi ў кожнага курца (а звалi iх яшчэ i табакурамi) у кiшэнi была не толькi табакерка (кiсет, капшук з табакай), але i спецыяльны рулончык паперы (цi з яе ж загадзя нарэзаныя прамавугольнiчкi)... Калi смалiлi (каб бабы — ды Божа баранi!) зусiм не так, як цяпер — на хаду, упохапкi, абы-дзе, а няспешна, грунтоўна: па-першае, у добрым месцы прысеўшы, па-другое, кагось сваёй табакай пачаставаўшы (цi пачаставаўшыся), па-трэцяе, у прадчуванннi прыемных хвiлiн, старанна скруцiўшы папяроску — так званую самакрутку цi казiную ножку...

Дык вось. У тыя самыя далёкiя часы два нашыя мужыкi схадзiлi ў заробкi: некаму нешта зрабiлi — людскае. Iм, як водзiцца, па-людску i аддзячылi — падпаiлi, ад пуза накармiлi. Але ж да "кайфу" сапраўднага яшчэ не дайшло: дзядзькам курыць вельмi хацелася. I галоўнае — табака — у iх была. А вось паперкi — ну хоць бы шматок.

Iдуць яны па вулiцы, перажываюць, можна сказаць, нават пакутуюць. Магазiн тым часам... Зразумела ж, закрыты, бо ноч на дварэ, але ж, думаюць, быць не можа, каб тут паперкi якой не валялася. Сагнулiся абодва, пасталi ракачом — давай траву ля платоў абмацваць.

— Знайшоў! — крычыць нарэшце адзiн. — Толькi яна як бы граззю крыху аблеплена... I пакамечана.

— Не бяды! — пацiрае рукi другi. — Ты галоўнае гразь не адкалупвай, — абгарыць. I паперку не раўняй, бо яшчэ падзярэш... Давай, я скручу...

Сеў ён (дружбак побач), узяў тую знаходку ў пальцы, насыпаў на яе тытуню, указальным "прытаптаў" крыху, захiнуў... Засталося толькi паслiнiць, каб папяроска склеiлася. Толькi прылажыўся...

I п’яны ж добра быў, а ўсё роўна дапяў, што... паперка таго... У карыстаннi была.

Зразумеўшы ў якiм, дзядзька што толькi нi рабiў: i мацюкаўся, i рукавом язык свой цёр, i пляваўся, i з паўвядра вады праз рот прапусцiў, а глынуць усё роўна не мог. Нiчога. Думаў, нават курыць больш рады не дасць... Ды прывычка, кажуць, страшная сiла. Засмалiў... Назаўтра.

Але ж цвёрда рашыў, што цяпер, на вулiцы хай што хочаш ляжыць, нават цэлая паўлiтэрка (!), усё адно не падыме, бо цi мала што...

Соф’я Кусянкова,

в. Лучын, Рагачоўскi раён

Рубрыку вядзе Валянцiна Доўнар.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Для пачатку — малюнак з натуры. "...Кароўкі жвакуюць, паляглi. Значыць, можна i нам. Мы — два пастухi (не, не прафесiйныя: так, радоўку адбыва
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика