21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Танк iмя правадыра

26.08.2009 10:20 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Танк iмя правадыра

На конкурс апавяданняў

 

Наша памяць — гэта, пэўна, нешта незалежнае ад нас. Не выкрываючы сябе, яна можа моўчкi спаць у нашай свядомасцi,  каб раптам нечакана абудзiцца. Абудзiцца, паглядзець на жыццё чалавека зусiм iнакш, чымсьцi пра гэта ён сам думаў. Зазiрнуць у вочы яго душы i праўды. Адчуць i ўбачыць тую мiнулую праўду з далечы бягучага дня, як гэта спрабуе зрабiць у сваiм апавяданнi Валянцiн Крыжэвiч з горада Чавусы.

Вiктар КАЗЬКО.

  Валянцін Крыжэвiч

Танк iмя правадыра

 

У вёсцы Сенская Завадзь было дзве мясцовыя славутасцi: мост цераз раку Сенка i танк Т-34 пад гэтым мостам.

Вёска месцiлася на бальшаку, якi звязваў два райцэнтры. Iншай дарогi i ў даваенны, i адразу ў пасляваенны час не было. Мост у 1941 годзе, адступаючы, спалiлi нашы. Нямецкiя сапёры аднавiлi яго, нарасцiўшы палi на старыя агаркi. А потым восенню 1943 года мост спалiлi немцы, мяркуючы затрымаць наступленне Чырвонай Армii на гэтым напрамку. I зноў яго аднавiлi, толькi ўжо цяпер савецкiя сапёры. Потым, скляпаны на жывую нiтку, мост часта рамантавалi, машыны ехалi ўброд, буксавалi ў рацэ. Шафёры праклiналi i рамонтнiкаў, i сваю долю.

Пры наступленнi экiпаж танка Т-34 у азарце атакi паспрабаваў фарсiраваць Сенку ўброд, але танк завiс наглуха на нябачных пад вадой рэштках паляў i нахiлiўся бокам у глеiстую багну. Выручаць танк не было калi, трэба было гнаць ворага. Ды i не было чым, бо цягачы рамонтнага батальёна прайшлi недзе збоч, за дзесятак кiламетраў. Пакiнуць спраўны, з боезапасам танк без прыгляду было нельга, таму быў загад экiпажу заставацца ў вёсцы i паспрабаваць знайсцi нейкую магутную тэхнiку ў адным з райцэнтраў, каб выцягнуць танк. Але дзе ты яе знойдзеш, калi ўсё для фронту, усё для перамогi... Танк з рудымi падпалiнамi ржы на бартах, з поўным узбраеннем, з надпiсам на вежы белай фарбай "За Сталiна!", нiбы агромнiсты сталёвы рак, надоўга застыў нерухома ўшчыльную да адноўленага сапёрамi моста.

Чырвоная Армiя мiж тым спынiла наступленне, натыкнуўшыся на глыбока эшаланiраваную абарону немцаў усцяж ракi Проня. Ад Сенскай Завадзi да Пронi цi ў напрамку Чавус, цi ў напрамку Прапойска было ну мо кiламетраў 40. Такiм чынам, экiпаж танка "За Сталiна!", якi складаўся з чатырох чалавек, апынуўся як бы ў тылавым рэзерве. Магчыма таму, ды яшчэ па прычыне прыпынення баёў, танкiстаў асаблiва не турбавалi.

Хлопцы ж дарэмна часу не гублялi. Не ў сэнсе, што настойлiва шукалi спосаб, як выцягнуць танк, а ў сэнсе, што пры вострым дэфiцыце мужчын, якiх усiх пабралi на вайну, даволi хутка перажанiлiся на мясцовых дзяўчатах. Бо i для мужыкоў на фронце быў хранiчны жаночы дэфiцыт. А маладая душа i цела прагнулi кахання.

Калi вясной 1944 года пачаўся апошнi этап падрыхтоўкi наступлення на Пронi, прыехала машына з танкавага палка за экiпажам. Танкiсты паспрабавалi было намякнуць, што як жа баявога сталёвага сябра пакiдаць без пiльнага вока — на iм жа зброя. Стомлены доўгай дарогай па ўхабiстым бальшаку, капiтан-пасыльны сказаў:

— Ат, вернемся потым... Замок з гарматы i затвор з кулямёта забiраем, снарады, патроны — таксама. Танк нiхто не ўкрадзе... А танкiстаў з баявым вопытам у палку — кот наплакаў...

Камандзiр танка лейтэнант Угараў заўважыў:

— Надпiс з вежы трэбы было б саскрэбцi. А то "За Сталiна!" — i пад мостам...

Капiтан згадзiўся. Паколькi паўз берага яшчэ трымаўся рыхлы лёд, Угараў прабраўся па iм да танка i паспрабаваў саскрэбцi надпiс трафейным цесаком. Але фарба так уелася ў шурпатую браню, што зрабiць гэта не атрымалася.

— На сумленне зроблена! Сам пiсаў! — пахвалiўся Угараў.

— Добра, кiдай гэту справу! — крыкнуў капiтан. — Мы павiнны вярнуцца ў полк у вызначаны тэрмiн, а то нядоўга i ў штрафбат загрымець....

Танкiсты развiталiся са сваiмi наваспечанымi жонкамi, якiя заходзiлiся ад плачу — такiм нядоўгiм было iх жаночае шчасце, — скокнулi ў кузаў палутаркi i скiравалiся па бальшаку ў вайну.

... У 1953 годзе Валерку Партызану споўнiлася 8 гадоў. Партызан — гэта не прозвiшча, а мянушка. У Сенскай Завадзi ўсе хлапчукi пагалоўна былi з мянушкамi. I што адметна, большасць iх чамусьцi пачыналася з лiтары "К": Кеша, Каля, Капач, Куя, Кера, Кацёл, Кудзяк... Так што Валерка ў нейкiм сэнсе быў выключэннем. Яго бацька ваяваў у партызанах, а пасля злучэння з Чырвонай Армiяй быў прызваны на фронт i там загiнуў, пакiнуўшы сыну ў спадчыну мянушку Партызан.

Мацi гадавала Валерку адна. Добра яшчэ, што ў Сенскай Завадзi, пакуль не высеклi ўвесь спелы лес, iснаваў леспрамгас. Мацi працавала на нiжнiм складзе, гэта там, адкуль сплаўлялi лес па Сенцы ў Сож i далей — у Гомель. Рабочым леспрамгаса выдавалi пайкi, у асноўным амерыканскiя кансервы, i гэта вельмi выручала.

Норавы сярод вясковай дзятвы таго часу былi даволi жорсткiя. "Бязбацькавiча" Валерку часта крыўдзiлi большыя. Як бы сказалi зараз, статус бязбацькавiча наклаў свой адбiтак на характар Валеркi — баючыся быць лiшнi раз пакрыўджаным, ён не iмкнуўся ў кампанii. Сякiя-такiя сяброўскiя адносiны падтрымлiваў толькi з сынамi тых самых танкiстаў па мянушках Каток, Качан i Крук. Танкiсты, за выключэннем камандзiра Угарава, усе вярнулiся да сваiх жонак. Пра лейтэнанта сказалi, што ён знайшоў сабе iншую жанчыну.

Валерка Партызан чытаць навучыўся рана, па газетах, якiмi былi абклеены сцены хаты. А таму любiў кнiжкi. I яшчэ ён захапляўся рыбалкай, калi сам-насам толькi з лугам, рэчкай i вудамi, i нiхто цябе не крыўдзiць. Ну хiба толькi авадзень прычэпiцца. Кручкi былi куплёныя, вудзiльны рэзаў з арэшнiку, i лёскi плёў сам з валасоў конскiх хвастоў. У спякотны дзень конi хавалiся пад мост шчыльным табуном, а хлапчукi звешвалiся з моста, падчэплiвалi хвасты i дралi з iх валасы.

Любiмым месцам для малога рыбака быў мост. Летам у яго цянi хавалiся не толькi конi, але i ў вадзе — блiшчастыя плоткi i паласатыя акунi, а на водмелi — шэрыя тоўсценькiя бабуры-пiскары. Валерка мог гадзiнамi праседжваць на мосце дзеля дзесятка акунькоў цi бабуроў у металiчным чайнiку з адламаным носiкам, дзiрка ад якога была залепленая каланiцай — загусцелым дзёгцем з калёснай восi.

А ўшчыльную да моста ржавела грозная некалi машына. За пакiнутым танкам так нiхто i не вярнуўся. Надпiс "За Сталiна!" на вежы яшчэ добра чытаўся. Накупаўшыся ў рацэ да пасiнення, самыя спрытныя з вясковай дзятвы спускалiся, трымаючыся за палi моста, на барты танка, нагрэтыя сонцам, — i аж пара курэла з трусоў.

Аднойчы, калi Валерка Партызан рыбачыў чарговы раз з моста, па беразе да месца, адкуль блiжэй было да танка, падышлi старшыня мясцовага калгаса iмя Сталiна дзед Цiмох з нейкiм нетутэйшым дзядзькам i пачалi прыкiдваць, як бы парэзаць танк на металалом, прадаць яго, а на выручаныя грошы купiць хамуты i iншую вупраж для калгасных коней.

Нетутэйшы дзядзька кiваў галавой, быццам згодны з iдэяй старшынi, потым раптам сказаў:

— Не, таварыш старшыня. Бачыш, на вежы надпiс "За Сталiна!". Ну як ты будзеш яго аўтагенам рэзаць? Па iмю правадыра — аўтагенам... Гэта — цi ведаеш, чым пахне?

— А саскрэбцi цi зафарбаваць надпiс? — прапанаваў дзед Цiмох.

— Не лепшае рашэнне... Хто-небудзь стукане туды, — нетутэйшы паказаў пальцам уверх. — Гэты ж танк у вас як помнiк таварышу Сталiну, яго жалезнай волi ў вайне з немцамi... Ды i калгас ваш iмя Сталiна...

Ранняй вясной 1953 года Сталiн памёр. Лiтаральна ўся вёска плакала. Быццам памёр чалавек, якi радней за родных бацьку i мацi. I гэта былi шчырыя слёзы, бо ўсе так лiчылi. А калi цяпер знаходзiцца хтосьцi, хто кажа, што з калыскi ведаў пра Сталiна як пра тырана i дыктатара, — не верыцца. Бо нават дзецi рэпрэсаваных, нават самi рэпрэсаваныя, лiчылi, што вiнаваты не таварыш Сталiн, а яго атачэнне.

Валерка Партызан, зразумела, цьмяна ўяўляў Сталiна, больш па карцiнках з кнiжак i з таго, што гаварылi ў школе. Ды i не ў дзiцячым характары маркоцiцца з прычыны смерцi самага вялiкага начальнiка ў Крамлi. Аднак назiраючы, як убiваюцца дарослыя, i ў яго сэрца запаўзала нейкае тужлiвае пачуццё.

У канцы мая 1953 года ў час рыбалкi на мосце Валерка Партызан зноў убачыў на беразе насупраць танка дзеда Цiмоха i таго самага нетутэйшага дзядзьку. Яны аб нечым пагаманiлi, а потым нетутэйшы гучна сказаў:

— Будзем рэзаць!

Праз тыдзень да моста падагналi пад’ёмны кран, два грузавiкi ЗiС, машыну-будку, з якой выкацiлi блакiтныя балоны з надпiсам "Кiсларод", нейкi бак з прыборамi, што нагадвалi гадзiннiкi. Вакол тэхнiкi стоўпiлiся з дзесятак чалавек, нешта плануючы.

Валерка Партызан з цiкавасцю назiраў за мiтуснёй на беразе Сенкi. Хутка прыбеглi яшчэ вясковыя хлапчукi i нават падышлi некалькi дарослых цiкаўных вяскоўцаў. Вiдовiшча i сапраўды мелася быць адметнае — стануць рэзаць танк, якi дзесятак гадоў быў славутасцю вёскi i напамiнкам аб вайне.

Неўзабаве ў паветры непрыемна запахла. Як потым даведаўся Валерка, так пахне ацэтылен, што выдзяляецца з карбiду, апушчанага ў ваду, i, змешаны з кiслародам, дае агонь, якi рэжа жалеза. Рабочы запалiў гарэлку, цягнучы за сабой шлангi, па насланых загадзя дошках узлез на танк. Вогненнае джала ўпiлося ў браню вежы, якраз над словам "Сталiн", пад высокай тэмпературай метал нагрэўся да чырванi, а потым пацёк пякучымi кроплямi-слязамi, нiбы танк плакаў i па сабе, i па таварышу Сталiну. Вертыкальны вогненны шрам разрэзу паступова перасек iмя "Сталiн", металiчныя слёзы падалi ў ваду з гучным сiпеннем — быццам растрывожаныя цi незадаволеныя чымсьцi.

Гледзячы, як смела рэжа рабочы танк "За Сталiна!", як глыбокi шрам перасякае выцвiлыя, але яшчэ бачныя лiтары, з якiх складаецца вядомае iмя, Валерка Партызан яшчэ па-дзiцячы няясна пачаў адчуваць, што нешта мяняецца цi будзе мяняцца ў жыццi. Ён не ведаў, ды i нiхто не ведаў — да добрага гэта або да дрэннага. Але тужлiвае пачуццё, якое нiбы вiсела ў паветры з таго часу, калi вёска аплаквала правадыра, стала пацiху растварацца. Нiбы падала ў ваду разам з расплаўленымi "слязамi" танка. Гэта, напэўна, iшло яшчэ i ад усведамлення таго, што баявая машына, увасабленне бязлiтасцi i жорсткасцi, парэзаная на металалом, ператворыцца ў карысныя для людзей рэчы. Можа, нават у такi вось чайнiк, як у Валеркi Партызана, толькi ў новенькi i з цэлым носiкам.

г. Чавусы. 

 

 

 

 

 

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наша памяць — гэта, пэўна, нешта незалежнае ад нас. Не выкрываючы сябе, яна можа моўчкi спаць у нашай свядомасцi, каб раптам нечакана абудзiцца. Абуд
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика