"Лiнiя Молатава"
"Лiнiя Молатава"
Рыштаваннi Бацькаўшчыны Ваенныя ўмацаваннi ў Гродне i яго ваколiцах — драматычныя старонкi гiстарычных трагедый у XX стагоддзiУ мiнулым нумары "Звязды" быў надрукаваны артыкул аб фартах Гродзенскай крэпасцi, а сёння прапануем увазе чытачоў некаторыя старонкi з гiсторыi 68-га Гродзенскага ўмацаванага раёна (так званай лiнii Молатава). У гэтых аб’ектаў — розныя ваенна-палiтычныя абставiны iх стварэння, розныя iнжынерныя рашэннi, свой трагiчны лёс. Але ўсе яны маюць вялiзны ваенна-патрыятычны i турыстычны патэнцыял, тым больш, што знаходзяцца ў непасрэднай блiзкасцi ад Аўгустоўскага канала. Па дарозе з пасёлка Сапоцкiн на Аўгустоўскi канал можна спынiцца ў раёне вёскi Новiкi i, калi вам дазволяць, забрацца на назiральную вышку, якая служыць тутэйшаму ляснiцтву для кантролю за наваколлем у пажаранебяспечны перыяд. Адтуль адкрываецца маляўнiчая панарама Сапоцкiна i Аўгустоўскай пушчы, i ў тым лiку можна ўбачыць шэраг ДАКаў (доўгатэрмiновых агнявых кропак). Гэта — аб’екты 68-га Гродзенскага ўмацаванага раёна, якiя аднымi з першых прынялi на сябе ўдар гiтлераўскага агрэсара. Пасля далучэння Заходняй Беларусi да БССР пачаў распрацоўвацца план стварэння на новых межах краiны сiстэмы ўмацаваных раёнаў накшталт той, што iснавала да 1939 года на старой мяжы. Новая лiнiя ўмацаванняў атрымала ў сучаснай лiтаратуры назву "лiнii Молатава", хоць фартыфiкатарамi, будаўнiкамi, вайскоўцамi i палiтыкамi таго часу гэты тэрмiн не выкарыстоўваўся. Увогуле на новай мяжы будавалася 23 умацаваныя раёны, у тым лiку i 68-ы Гродзенскi, найбольш магутны з чатырох УРаў у Заходняй асобай ваеннай акрузе. Паводле гiстарычнай даведкi, падрыхтаванай кандыдатам гiстарычных навук, дацэнтам кафедры археалогii i этналогii Гродзенскага дзяржунiверсiтэта iмя Янкi Купалы Сяргеем Пiваварчыкам, па фронце за 80 кiламетраў ад Нёмана на ўсход ад Сапоцкiна i да г. Ганендза планавалася пабудаваць 608 ДАКаў, для чаго на месцах былi сфармiраваны 6 будаўнiчых участкаў. Мясцовыя ўлады павiнны былi мабiлiзаваць усе рэсурсы для абарончага будаўнiцтва. Тутэйшае насельнiцтва, якое пражывала ў гэтых раёнах, высялялася ў iншыя месцы. Непасрэдна ўзвядзеннем i аснашчэннем доўгатэрмiновых жалезабетонных абарончых кропак займалiся ваенныя — сапёрныя, iнжынерныя i спецыяльныя тэхнiчныя часцi. На падрыхтоўчых работах (адрыўка катлаванаў, нарыхтоўка пяску, шчэбеню, палявога камення, лесу i драўнiны, транспарт) шырока выкарыстоўвалася цывiльнае насельнiцтва. У раёнах будаўнiцтва ДАКаў размяшчалiся бетонныя i лесапiльныя заводы, праводзiлiся маскiровачныя работы, тэрыторыя вакол аб’ектаў абносiлася калючым дротам, высокай агароджай i маладымi елкамi. Тэхналагiчны працэс спачатку складаўся з дзевяцi, а пазней, у сувязi з больш складаным абсталяваннем i ўзбраеннем, з чатырнаццацi цыклаў. Работы па кожным цыкле выконвалiся пэўным складам камандаў, якiя па меры iх заканчэння паслядоўна пераходзiлi ад аднаго аб’екта на iншы. Аб маштабах работ можна меркаваць па колькасцi ўдзельнiкаў будаўнiцтва УРаў у Заходняй асобай ваеннай акрузе вясной 1941 года — 35 тысяч чалавек штодзённа. Спецыяльныя работы праводзiлiся сапёрнымi i iнжынерна-тэхнiчнымi падраздзяленнямi, а таксама цывiльнымi вольнанаёмнымi спецыялiстамi з цэнтральных раёнаў СССР. На дно падрыхтаванага катлавана шчыльна ўкладваўся 30-сантыметровы слой раздробненага палявога камення i шчэбеню. На яго залiваўся бетонны фундамент, затым устанаўлiвалiся апалубка i арматура, манцiравалiся бранявыя карабы пад узбраенне, пасля чаго прыступалi да бетанавання ДАКа з адначасовай устаноўкай часткi ўнутранага абсталявання. Паводле ўспамiнаў удзельнiкаў будаўнiцтва, якiя ўдалося адшукаць Сяргею Пiваварчыку, працэс бетанавання ДАКа працягваўся няспынна каля двух сутак: "Як пойдзе бетон, то перапынку быць не можа, каб не было расслаення, тады працавалi суткi, двое, а часам i трое сутак. Нас кармiлi прама ў машынах, спалi толькi падчас разгрузкi бетону. Былi спецыяльна прыстаўлены людзi, каб будзiць шафёраў, якiя засыналi пры разгрузцы бетону, iх у жарт называлi будзiльнiкамi". Бетон падвозiўся грузавiкамi з палявога завода. Бранявыя карабы, стальныя лiсты, узбраеннi i ўнутранае абсталяванне дастаўлялiся па чыгунцы да станцый Ласосна i Новая Каменная i затым аўтатранспартам развозiлiся па ўчастках. Таксама чыгункай дастаўляўся з Валынi, Урала i Каўказа гранiтны шчэбень, якi выкарыстоўваўся для будаўнiцтва найбольш важных аб’ектаў. Пасля зацвярдзення бетону да неабходнай кандыцыi апалубка знiмалася i пачынаўся мантаж узбраення i абсталявання. На заключным этапе вонкавыя сцены пакрывалiся смалой, праводзiлiся абсыпка i маскiроўка гатовага ДАКа. Безумоўна, што пасля заканчэння ўсiх запланаваных работ Гродзенскi ўмацаваны раён з’яўляўся вельмi магутнай перашкодай для ворага. Аднак у сувязi з вялiкiм аб’ёмам будаўнiцтва прамысловасць не паспявала забяспечваць ДАКi матэрыяламi, ўзбраеннямi i абсталяваннем. Да пачатку вайны, паводле ацэнак Сяргея Пiваварчыка, удалося пабудаваць 185 ДАКаў рознага тыпу, прычым з гэтай колькасцi толькi каля паловы былi гатовы да бою, але i ў iх не хапала многiх дэталяў абсталявання. На 22 чэрвеня 1941 года ўвесь пагранiчны раён 3-й армii быў гiганцкай будаўнiчай пляцоўкай, дзе праводзiлiся кругласутачныя работы. Размах будаўнiцтва прама перад пазiцыямi працiўнiка, агентурная разведка i здраднiцтва асобных ваеннаслужачых Чырвонай Армii прывялi да таго, што многiя аб’екты 68-га УРа былi вядомы германскаму камандаванню i нанесены на карты, стаўшы з пачаткам вайны мiшэнямi для нямецкай артылерыi. Баявыя дзеяннi ў паласе Гродзенскага ўмацаванага раёна пачалiся з 15-хвiлiннага артылерыйскага налёту на разведаныя цэлi, прычым галоўны ўдар быў нанесены па слабым цэнтры УРа з найменшай гатоўнасцю абарончых аб’ектаў. Тым не менш некаторыя ДАКi ўмацаванага раёна гераiчна абаранялiся аж да 27 чэрвеня. ...Сёння 68-ы Гродзенскi ўмацаваны раён падзелены мяжой на дзве часткi. На беларускай тэрыторыi ў наваколлi Сапоцкiна, на адлегласцi ад пяцiдзесяцi метраў да сямi кiламетраў ад Аўгустоўскага канала знаходзiцца не менш за семдзесят жалезабетонных ўмацаванняў. Гэта ДАКi франтальнага дзеяння, флангавыя, назiральныя, рэшткi палявых заводаў. У ваколiцах вёсак Селiванаўцы-Асташа таксама засталiся ямы-катлаваны для ДАКаў, якiя павiнны былi быць пабудаваныя летам 1941 года. Фактычна ўсе ўмацаваннi УРа знаходзяцца ў такiм выглядзе, як i пасля Другой сусветнай вайны. Часткова недабудаваныя, некаторыя ўзарваныя гiтлераўцамi. А некаторыя аб’екты як на польскiм, так i на беларускiм баку не захавалiся наогул, паколькi ў пасляваенны час былi разабраны мясцовым насельнiцтвам на будаўнiчыя матэрыялы... Як i фарты Гродзенскай крэпасцi, аб’екты 68-га ўмацаванага раёна (многiя з iх з’яўляюцца брацкiмi магiламi савецкiх салдатаў) патрабуюць правядзення археалагiчных, пошукавых работ i музеефiкацыi. Працу ў гэтым накiрунку ўжо распачалi спецыялiсты сталiчнага РУП "Упраўленне ваеннага праектавання". Карэспандэнта "Звязды" азнаёмiлi з канцэпцыяй гiсторыка-культурнага, мемарыяльнага комплексу з магчымай назвай "Лiнiя Молатава". У брацкай магiле на мемарыяльнай прасторы плануецца пахаванне астанкаў воiнаў, знойдзеных у вынiку пошукаў i будаўнiча-земляных работ. Над месцам пахавання мяркуецца ўзвесцi каплiцу для правядзення ўрачыстых рытуалаў, ускладання вянкоў, нясення ганаровай варты. У комплекс мемарыяла будзе ўключаны i Аўгустоўскi канал, уздоўж якога размешчаны фартыфiкацыйныя збудаваннi, з прычалам "Камень спатыкнення" — сiмвалiчным зыходным пунктам ва ўспрыманнi ўсяго аб’екта ў цэлым. Разбураныя фартыфiкацыйныя збудаваннi, паводле задумы праекцiроўшчыкаў, будуць закансерваваныя ў тым выглядзе, якi яны набылi ў вынiку атак працiўнiка. З пляцовак, арганiзаваных каля альбо ўздоўж iх, будзе ажыццяўляцца толькi вiзуальны агляд гэтых аб’ектаў без пранiкнення ўнутр. Што ж датычыцца ўцалелых абарончых збудаванняў, то пасля касметычнага рамонту з наданнем гэтым аб’ектам гiстарычна праўдзiвага знешняга i ўнутранага выгляду iх мяркуецца ўкамплектаваць узбраеннем, каб наведвальнiкi маглi азнаёмiцца з экспазiцыяй. Вектары абстрэлу, па магчымасцi, будуць ачышчаны ад раслiннасцi, што створыць умовы для правядзення мерапрыемстваў па гiстарычнай рэканструкцыi. Узмацнiць ўражанне ад успрымання комплексу плануецца начным падсветам з выкарыстаннем асвятляльнага абсталявання (лiхтароў, пражэктараў) часоў Другой сусветнай вайны, а таксама гукавога суправаджэння (шум рухавiкоў ваеннай тэхнiкi, выццё сiрэн). Акрамя таго, канцэпцыяй мемарыяльнага комплексу прадугледжана сiмвалiчная "Алея Памяцi" — паласа дарожнага пакрыцця з жалезабетону, усаджаная з абодвух бакоў пладовымi (што цвiтуць) дрэвамi. Як жывы сiмвал бессмяротнасцi чалавечай душы, што прыносiць плады асэнсавання — высновы аб немагчымасцi стаўлення да чалавека як да iнструмента ў злачынных, вераломных планах iлжэпрарокаў, дагматыкаў i дыктатараў. Барыс ПРАКОПЧЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ваенныя ўмацаваннi ў Гродне i яго ваколiцах — драматычныя старонкi гiстарычных трагедый у XX стагоддзi |
|