21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Ляска

26.08.2009 10:21 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ляска

Назваў гэту простую рэч ляскай — так, як у нашых мясцiнах называлi яе здаўна, ды старыя людзi называюць i цяпер. Але... У акадэмiчных слоўнiках такога азначэння не знайшоў. Ёсць "ляск" i "ляскат" i таму падобнае. Ды ўсе ж мы чулi пра жанчыну ласкавую, якая абцасамi палясквала. Але на маёй Вiцебшчыне iснуе гэта слова, няхай яно будзе з адзнакай — абласное. Дарэчы, у пачатку ХХ стагоддзя запiсана тут прыпеўка:

Дайце мне лясачку папiрацiся,

Пайду к дзевачкам заляцацiся.

Вы зразумелi, што размова пойдзе пра такую простую, i сёння яшчэ часта самаробную рэч, на якую абапiраецца чалавек у час хады, найчасцей хворы цi кульгавы, часам проста для надання сабе важнасцi, а часам па сваiм службовым стане цi сацыяльным становiшчы.

Найчасцей гэту рэч на Беларусi называюць кiем. Паходзiць слова ад польскага kij. Яго можна выламаць з арэшыны, з бярозы, ды з любога дрэва, калi ў дарозе, як кажуць, спатрэбiлася трэцяя нага. А можна выштукаваць i зусiм прыгожы, можна набыць крамны.

У старца кiй адабраць — забраць у беднага апошняе, што ён мае, небарака.

Чалавек з кiйком выклiкае мiжволi нейкую спагаду. Але беларус умее пасмiхнуцца i з не зусiм смешнага. Помнiм жа песню?

А як бабка паднырне,

То дзед кiем папiхне.

I ўсё-такi кiй — гэта найчасцей паважны ўзрост, а то i глыбокая старасць, якой трэба аддаваць данiну павагi. На фотаздымках апошнiх гадоў свайго жыцця Якуб Колас заўсёды з кiем. Праўда, ствараючы помнiк на плошчы яго iмя, скульптар змясцiў паэта сярод сваiх герояў без гэтай простай рэчы.

Ёсць у Аркадзя Куляшова, вiдаць, апошнi прыжыццёвы зборнiк "Хуткасць". Кнiга невялiкая, але вельмi важкая, па сутнасцi гэта падрахунак усяго жыцця i творчасцi, якi зрабiў паэт. I гэта сапраўды паэзiя:

Заглух той дом, што быў маiм гняздом,

Што ў свет пусцiў i радасць i бяду маю.

Не вечна ўсё пад месяца сярпом,

Хоць ён не зжаў нiкога, — так я думаю,

Сялом i полем iдучы з кiйком.

А ёсць жа яшчэ кiй патончаны на канцы, якi выкарыстоўваюць для гульнi ў бiльярд. Нiколi не захапляўся гэтай гульнёй, хоць яна ў нашым юнацтве была ў гарадку распаўсюджанай. Ёю захаплялiся шматлiкiя афiцэры мясцовага гарнiзона. У Доме афiцэраў стаяла некалькi сталоў, дзе на грашовы iнтарэс змагалiся як афiцэры, так i мясцовыя майстры з цывiльных. Мы бралiся за кiй толькi ў перапынках, калi сталы былi вольныя. I як правiла кiксавалi. Кiкс — няўдалы ўдар кiем па шары. Гэта ад англiйскага kicks.

Але ж i ляска, i кiй — гэта тая ж палка.

Нездарма, каб сказаць пра нешта аднолькавае, роўнае, гавораць — не кiем дык палкай альбо цi кiем цi палкай.

Раней распаўсюджаны вобраз селянiна: у лапцях, на плячы на сукаватай палцы торбачка з хлебам. Але i абапiралiся, абапiраюцца на палкi-крывулi. Дарэчы, палка (горача) можна кахаць дзяўчыну. Палачкай карыстаецца дырыжор, кiруючы аркестрам. А на вяселлi людзi i ўсмiхалiся: свату першая чарка i першая палка. I вось такое народнае мудраслоўе:

Грэх у мех.

Палкай па мяху —

Будзе без граху.

Так, з палкай звязаны i гвалт, прымус. У Пятра Глебкi:

Вам з нараджэння невядома

Нядоля палкi i ярма.

З-пад палкi — пад прымусам, змушана.

Палка з двума канцамi — пра тое, што можа скончыцца i добра, i дрэнна.

Перагнуць палку — перастарацца, зрабiць зашмат i на шкоду.

Устаўляць палкi ў колы — перашкаджаць, шкодзiць некаму, нейкай справе.

Цяпер часам выкарыстоўваецца выраз "палачная дысцыплiна", але гэта ўжо вобраз. Калiсьцi ж такая дысцыплiна мела прамы сэнс.

Слова шпiцрутэн паходзiць ад нямецкага Spitzruten, сёння яно, вiдаць, малазразумелае маладым. А для рэкрутаў-беларусаў, якiя заклiкалiся ў царскую расiйскую армiю на 25 гадоў — гэта было страшнае слова. Выстройвалiся дзве шарэнгi салдатаў з гнуткiмi палкамi, шпiцрутэнамi ў руках. I праз гэты строй (часам у тысячу чалавек) праганялi вiнаватага, на погляд камандзiраў. Не ўдарыш — сам пойдзеш скрозь строй. Часам пад гэтымi палкамi i памiралi. Прыйшло гэта ў Расiю з Еўропы. I прыжылося, праiснавала з 1701 да 1863 года. Бiлi такiмi палкамi i салдатаў, i ўдзельнiкаў сялянскiх хваляванняў.

Не падумайце, што ў мiнулыя часы на Беларусi не было цялесных пакаранняў. Былi для сялян батагi, тая ж самая палка. I пакутнiку мала важна: iшоў ён пад палкамi скрозь строй альбо ляжаў пад iмi на зямлi. Ва Ўладзiмiра Караткевiча:

Лёс аднолькава нас адзначаў,

Але

Муж — не той, хто не знаў батагоў,

А той, хто пад iмi маўчаў.

Ды не будзем так скрушна. Дарэчы, сёння i ў правiнцыйных крамах прадаюць доўгiя булкi белага хлеба. Называем мы iх батонамi. А гэта ж ад французскага baton, што азначае — палка.

Даўгi кiй, якiм абапiраюцца пры хадзе, называецца посахам. Як там насамрэч адбылася трагедыя з забойствам сына Iвана Жахлiвага — пакрыта туманам гiсторыi. Але на вядомай карцiне расiйскi цар падтрымлiвае на руках сына, а побач ляжыць посах, як прылада забойства.

Посах абавязкова трымаюць у руках свяшчэннаслужыцелi высокага рангу, iерархi, асаблiва праваслаўнай веры. Вось як у Аляксея Талстога ў рамане "Пётр I" апiсваюцца падзеi стралецкага бунту ў Маскве:

"Вонзая в дубовый пол острие посоха, вошел патриарх Иоаким. Исступленные, в темных впадинах, глаза яго устремились на низенькие окна под сводами. С той стороны к цветным стеклышкам прильнули головы стрельцов, влезших на лестницы. Патриарх поднял сухую руку и погрозил. Головы отшатнулись".

Без посаха не можам мы ўявiць i Дзеда Мароза, якi прыходзiць да дзетак у навагоднiя святы.

У беларускай мове посах яшчэ называецца — жазло.

Ёсць жа, напрыклад, i маршальскае жазло, iншыя жэзлы, якiя служылi сiмвалам улады, ганаровага звання, становiшча.

Жазло — гэта i палачка ў руках iнспектара дарожна-патрульнай службы. Палачка, якая не сыходзiць з языкоў гумарыстаў.

Загаварылi пра жазло рэгулiроўшчыка. Так атрымалася, што ў час вайсковай службы мне давялося шмат патрымаць яго ў руках. У час маршаў палка па сельскiх дарогах наша восьмая мотастралковая рота станавiлася рэгулiровачнай. Апраналi спецыяльныя камбiнезоны з катафотамi, бралi жэзлы. I расстаўлялi нас на ўсiх паваротках па маршруце палка, каб паказвалi напрамак руху. Бывала, выкiнуць у чыстым полi, а, бывала, што i ў якой глухой вёсачцы, дзе салдата з вайны не бачылi. Тут ужо выгоды. Нясуць i каўбасiну, i малачка, а то i чарачку. I вось у апошняй машыне калоны, якая падбiрае рэгулiроўшчыкаў, уязджаем у вёску. Тут на перакрыжаваннi павiнен стаяць салдат. Яго няма (знойдзем потым у садочку спячага на сваiм аўтамаце), але на перакрыжаваннi забiты калок, да яго прывязана гэта самае паласатае жазло. Напрамак руху абазначаны.

На пасашок — так налiваюць апошнюю чарку. Але гэта рускi досцiп. Не ведаю, як у сталiцы, але ў нашай правiнцыi, у вяселлi, у iншай бяседзе, калi адыходзiць госць, то налiваюць яму, запрашаюць выпiць аглаблёвую. Нават моладзь, якая не надта лашчыцца да роднай мовы, добра ведае гэты выраз. А каталiкi, дык яшчэ i на польскi лад прамаўляюць — аглаблевэго.

Думаеце, гэта i ўсе назвы простай рэчы, пра якую сёння iдзе гаворка? Ды не.

Ёсць кавяня, кавенька — тая ж палка цi кiй для апоры пры хадзе. Не блытайце з кавялой. Кавялы — самаробны драўляны пратэз для нагi. Чалавека з кавялой цяпер цяжка ўбачыць. Ёсць лёгкiя пратэзы. Але i з пратэзам бязногаму чалавеку цяжкавата з адной кавенькай цi кiйком. Патрэбны мылiцы — спецыяльныя палкi з папярочынамi ўверсе i ў сярэдняй частцы, на якiя цi на якую абапiраецца бязногi чалавек, альбо чалавек з хворымi нагамi.

Кульба цi кульбака — палка з загнутым верхнiм канцом таксама для апоры пры хадзе.

Янка Брыль распавядае пра земляка-аферыста, якi самахоць прысвоiў сабе званне маёра. Самазванец? Так, але ж ваяваў гэты самазванец сумленна.

"Насустрач мне iшоў, злёгку пакульгваючы, шыкоўны савецкi маёр — з залатымi пагонамi, з двума ордэнамi i, як адразу здалося, мноствам медалёў. Ён падпiраўся далiкатнай кульбачкай, вiдаць, не толькi для большай важнасцi, але i з патрэбы, бо на яго парадным кiцелi была i жоўтая стужка цяжкага ранення".

Так, у асноўным, усе гэтыя рэчы — ад лясачкi да кульбачкi — трымаюць у руках з не вельмi радаснай прычыны. Але ёсць, што i для шыку. Створаны Чарлi Чаплiным вобраз смешнага чалавечка быў бы няпоўным менавiта без палачкi, па руску — тростачкi. А "Залатое цяля" Iльфа i Пятрова? Панiкоўскi расказвае Балаганаву, як ён жыў у "раньшие" часы. Яго кармiлi палачка i цёмныя акуляры.

А як часта чыталi мы пра смяротныя клiнкi ў гэтых самых палачках. А што сабой уяўляла булдавешка кiя Воланда з "Майстра i Маргарыты" Булгакава?

Такая вось простая рэч.

Алесь Касцень.

г. Паставы.

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Назваў гэту простую рэч ляскай — так, як у нашых мясцiнах называлi яе здаўна, ды старыя людзi называюць i цяпер. Але... У акадэмiчных слоўнiках такога
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика