Шчасце побач
Шчасце побач
Спрэчныя зацемкi Сам факт з’яўлення нас на гэтым свеце неабходна лiчыць найвялiкшым падарункам Прыроды — яго магло i не быць.Нам даводзiцца жыць на даволi абмежаванай прасторы, пастаянна кантактаваць з людзьмi, а гэта часта нараджае праблемы, якiх iншым разам нялёгка бывае пазбегнуць. Ёсць рэчы, якiя моцна псуюць жыццё чалавеку. Разбуральная сiла зайздрасцi, сквапнасцi цi звычайнага глупства добра вядомая, але яшчэ iснуе i нецярпiмасць. Калi чалавек цi група людзей жыве цiха, нiкому не перашкаджае i прытрымлiваецца нейкiх сваiх установак на жыццё, то гэта выклiкае непрыязнасць у iншых. Вось суседзi папракаюць: "Вы на агародзе працавалi ў градавую сераду i ў нас з-за гэтага не было ўраджаю!" Мы не ведалi, якая там серада i калi якое свята, бо Вялiкдзень асабiста для нас як Першамай. I мяне абсалютна не турбуе, што робiцца ў суседзяў за плотам. Толькi чаму ў нас, грэшнiкаў, на агародзе ўсё расце, а ў вас — кволае? Можа, уся справа ў тым, што не трэба халоднай вадой палiваць агуркi ды раслiны пажадана некалькi разоў з вясны падкармiць, пачытаць спецыяльную лiтаратуру... I найчасцей нецярпiмасць выклiкаюць дробязi, рэчы другарадныя. Напрыклад, у пратэстантаў няма абразоў, яны не хрысцяцца, а гэта выклiкае непрыязнасць у праваслаўных i католiкаў, а рэлiгiйная сутнасць да ўвагi не бярэцца. Чалавек з аднаго асяроддзя — чужы ў другiм. Нават не колер скуры, а валасы, сабраныя хлопцам у пучок "а-ля дыякан", у навакольных выклiкаюць асуджэнне. Чалавек не павiнен адрознiвацца ад масы, ён усё яшчэ з’яўляецца часцiнкай калектыву, яго вiнцiкам — гэта моцна засела ў нашай свядомасцi. А трэба прывыкаць, што мы ўсе розныя, у кожнага з нас свой характар, здольнасцi, магчымасцi... Кожны найперш павiнен адстойваць сваё "я", змагацца за сваё месца ў жыццi, за дабрабыт сваёй сям’i, бо грамадства якраз на гэтым i трымаецца. Заходнi iндывiдуалiзм доўгi час супрацьстаяў сацыялiстычнаму калектывiзму, i ён перамог. Чаму на Захадзе не звяртаюць увагi на розныя парады сэксменшасцяў, а ў нас гэтая з’ява выклiкае варожасць? Заходнi чалавек заняты сваiмi праблемамi i яму "да лямпачкi" тыя, хто па сваёй волi вар’яцее. А нас гэта кранае, бо яны не такiя, як мы. Хоць тое, што гомасэксуалiзм супярэчыць законам, устаноўленым Прыродай, застаецца на другiм плане. Адным словам, калi чалавек ходзiць з кольцам у носе — мяне гэта не датычыцца, а вось калi тое кольца ён паспрабуе навесiць на мой нос — атрымае рашучы адпор. Так можна ахарактарызаваць цярпiмасць. Чалавек можа любiць сабе падобных, быць у захапленнi ад зорнага неба, цi аддаваць перавагу коням i любавацца iх грацыёзнасцю — чалавеку многа дадзена, але чалавек не можа ахапiць у сваёй любовi ўвесь свет. Заклiк любiць сваiх ворагаў за дзве тысячы гадоў так i не быў запатрабаваны. Любоў — гэта ўсяго толькi прывязанасць чалавека да месца пражывання, сваёй сям’i, свайго акружэння... У кожным чалавеку ёсць любоў, бо мы заўсёды да нечага маем прывязанасць. Але не любоў узвышае чалавека над iншымi iстотамi, а спагада, бо толькi чалавек ёю надзелены. Спагада — пачуццё прыроджанае. Яно ёсць альбо яго няма: выклiкаць спачуванне розумам немагчыма. Спагада дае магчымасць бачыць свет больш поўна, звяртаць увагу на рэчы, якiх часта не прыкмячаеш. Я не веру ва ўсеабдымную любоў. Як можна любiць чалавека i з пагардай ставiцца да жывёлы?! Спачуванне прыблiжае нас да Прыроды — свайго Творцы. I хiба мы не самае яго дзiўнае тварэнне. * * * Думаю, што жыць трэба не так, як хочацца, а так, як жыццё складваецца, i знаходзiць у iм свае шчаслiвыя хвiлiны. А яны ёсць, хоць успрыманне шчасця ў кожнага сваё. Мае таксы многа даставiлi радасных iмгненняў. Бывала, iдзём з электрычкi, а да дачы нейкi кiламетр полем. I пакуль дойдзем, то сабакi, здаралася, трох зайцоў падымуць. Заяц у канюшыну, а яны за iм i заблытаюцца там разам з зайцам. А якi азарт — енк са скавытаннем. Шэры ўжо за гарызонтам, а яны следам, на кароценькiх ножках, плачуць... Сёння застаўся толькi адзiн сабака. Яму ўжо шаснаццаць гадоў, а па чалавечых мерках — гэта сто. Iрма ўжо глухая i сляпая. Ныркi адмаўляюць i страўнiк не працуе. Прынясеш з вулiцы, а праз гадзiну зноў выносiць трэба, а бывае, што i ноччу. Завесцi ў ветлячэбнiцу i ўсыпiць я не магу, каб затым не перажываць, бо вельмi ж вялiкi перыяд жыцця быў з гэтым сабакам звязаны. Вось i застаецца насiць таксу з пятага паверха... I тут высветлiлася, што жыхары не толькi свайго, але i суседнiх дамоў падзялiлiся на два лагеры. Адны не могуць перажыць, што сабака носiцца на руках, бо, па iх разуменнi, сабака павiнен быць на ланцугу. "Каб падлу гэтую яшчэ насiць", — нехта абураецца, а самая бяскрыўдная абраза ўслед: "Сабачы пастух". Але хапае i спагадлiвых людзей, якiя спыняцца i пачынаюць распытваць, шкадаваць сабаку — iх гэта цiкавiць. I тут ёсць адзiн момант. Пазiцыя людзей у гэтым пытаннi не залежыць ад iх сацыяльнага становiшча. Рэакцыя дворнiка i чалавека пры пасадзе можа быць аднолькавай. Якая ўнутраная начынка, такi i пасыл. У кожнага свая ўстаноўка на жыццё, але самае важнае, каб яна не перашкаджала жыць iншым. Усе мы народжаныя, каб прайсцi свой жыццёвы шлях, а якiм ён будзе — залежыць ад нас i тых, хто побач з намi. А адзiн са шчаслiвых момантаў у сваiм жыццi я адлюстраваў у карцiне, ён умясцiўся ў памеры 70x70 см. Сымон СВIСТУНОВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сам факт з’яўлення нас на гэтым свеце неабходна лiчыць найвялiкшым падарункам Прыроды — яго магло i не быць. |
|