На "Славянскiм базары" музыкi выступяць супраць СНІДу
На "Славянскiм базары" музыкi выступяць супраць СНІДу
У Вiцебску з 10 па 18 лiпеня паралельна з ХVII Мiжнародным фестывалем мастацтваў пройдзе першы маладзёжны фестываль электроннай музыкi "360 Ореn аir: Музыка супраць СНIДу". Летась на плошчы Тысячагоддзя ўжо адбывалася пробная музычна-танцавальная "прыстрэлка", якая, паводле даных Вiцебскага РАУС, збiрала каля 20 тысяч чалавек штоноч. I гэта нягледзячы на традыцыйнае для "Славянскага базару" надвор’е — зацяжныя дажджы. "Больш як 70 працэнтаў хворых на СНIД у Беларусi — маладыя людзi ва ўзросце 15—30 гадоў. Якраз гэта актыўная частка насельнiцтва пераважна слухае электронную музыку, таму менавiта яе мы абралi зброяй у барацьбе", — расказаў арганiзатар i заснавальнiк фестывалю Вячаслаў Батурчык, вядомы таксама як дыджэй S.Соmа i арт-дырэктар аднаго са сталiчных клубаў. Iдэю правядзення фестывалю пад слоганам "Мы супраць СНIДу!" падтрымалi праграма ААН "Прафiлактыка i лячэнне ВIЧ/СНIДу ў Рэспублiцы Беларусь", Iнтэрнэт-навiгатар сталiчнага жыцця 360.bу, кампанiя сотавай сувязi "БеСТ", а таксама шэраг кампанiй-вытворцаў. На адкрытай пляцоўцы фестывалю выступяць 25 дыджэяў з Беларусi, Расii, Украiны, ЗША, Iспанii. Прычым гэта не толькi выканаўцы, але i аўтары, якiя самi пiшуць электронную музыку. Паводле слоў арганiзатараў, сярод iх нямала сапраўдных "зорак", аднак нiхто з iх не запатрабаваў вялiкiя грошы, усе ўдзельнiкi пагадзiлiся на вельмi сцiплыя ганарары. Больш за тое, некаторым ахвотнiкам выступiць давялося адмовiць, каб захаваць часовы рэгламент фэсту. Што тычыцца наведвальнiкаў — уваход для iх будзе бясплатным, але пры жаданнi можна будзе зрабiць дабрачынныя ахвяраваннi, якiя потым будуць накiраваныя на дапамогу ВIЧ-iнфiцыраваным дзецям у Светлагорску. У праграме 9-дзённага ореn аir — ультрамодныя танцавальныя кампазiцыi, якiя слухаюць у розных кутках зямнога шара, грандыёзнае светлавое шоў, перфомансы, разнастайныя тэатралiзаваныя прадстаўленнi. "Наша галоўная мэта — аб’яднаць маладых людзей з дапамогай электроннай музыкi i Iнтэрнэт-тэхналогiй, а разам з тым яшчэ раз звярнуць увагу грамадскасцi на праблему СНIДу i яе актуальнасць у наш час", — адзначыў Вячаслаў Батурчык. З гэтай жа мэтай, напрыклад, наведвальнiкам фэсту будуць раздаваць прэзерватывы. Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Вiцебску з 10 па 18 лiпеня паралельна з ХVII Мiжнародным фестывалем мастацтваў пройдзе першы маладзёжны фестываль электроннай музыкi "360 Ореn
|
|