Без цырозу i гастрыту, язвы i панкрэатыту
Без цырозу i гастрыту, язвы i панкрэатыту
Прамая лiнiя Госць нашай чарговай "прамой лiнii" — урач-гастраэнтэролаг вышэйшай квалiфiкацыйнай катэгорыi. Дацэнт 2-й кафедры ўнутраных хваробаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўнiверсiтэта, кандыдат медыцынскiх навук Мiкалай КАПРАЛАЎ ведае лiтаральна ўсё аб хваробах стрававода, страўнiка, падстраўнiкавай залозы, печанi i кiшэчнiка. За яго практыку змянiлiся многiя падыходы ў лячэннi тых цi iншых захворванняў вышэйпамянёных органаў. Узяць хоць бы пякотку. Цяпер гэта не проста нейкi сiмптом цi прыкмета непрыемнага стану, а самае што нi на ёсць асобнае захворванне — гастраэзафагеяльны рэфлюкс, якi можа быць цесным чынам звязаны з... бранхiяльнай астмай. На шчасце, гэты стан досыць эфектыўна дазваляюць перамагаць сучасныя прэпараты. Адным словам, дадзеная "прамая лiнiя" заклiкана пазнаёмiць вас, паважаныя чытачы, з найноўшымi дасягненнямi дыягностыкi i лячэння хваробаў гастраэнтэралагiчнага профiлю.(— Добры дзень! Званю з Ляхавiчаў, завуць Людмiла Iванаўна. Чатыры гады таму мне была зроблена аперацыя з прычыны iнсуломы падстраўнiкавай залозы. Апошнiм часам з’явiлася пякотка. Можа, гэта звязана з рэжымам харчавання? Як правiльна харчавацца ў маiм выпадку? — Пры хваробе падстраўнiкавай залозы i, у прыватнасцi, у пасляаперацыйны перыяд рэкамендуецца так званы стол № 5. Гэта дыета мае пэўныя абмежаваннi. Варта выключыць тлустую ежу, асаблiва жывёльны тлушч. Ежу трэба гатаваць толькi на алеях. Неабходна пазбягаць вострых, салёных, вэнджаных прадуктаў. Яны валодаюць празмерным сакагонным дзеяннем, iнакш кажучы, павышаюць узровень выпрацоўкi салянай кiслаты ў страўнiку. А саляная кiслата з’яўляецца рэгулятарам функцыi падстраўнiкавай залозы. I гэту функцыю трэба берагчы, тым больш што ў вас з’явiўся такi сiмптом, як пякотка. Гэта гаворыць аб парушэннi выпрацоўкi салянай кiслаты або аб тым, што адбываецца яе закiд са страўнiка ў стрававод i ротавую поласць. Таму вам рэкамендаваныя ўсе крупяныя вiды каш, прыгатаваныя на вадзе, ненаварыстыя супы, бульбяное пюрэ, бульба, але не смажаная, рыба — у вараным i запечаным выглядзе, смажаную таксама нельга. Дыета павiнна быць вельмi строгай. (— Петрыкаў на провадзе, Ганна. У мяне катаральны рэфлюкс — эзафагiт, хранiчны змешаны гастрыт, умераныя з’явы праксiмальнага дуадэнiту. Якое найбольш эфектыўнае лячэнне магчымае ў маiм выпадку? Была ў двух урачоў, i яны даюць мне розныя рэкамендацыi. — У вас у страваводзе з’явiлiся запаленчыя з’явы i мае месца закiд страўнiкавага змесцiва ў стрававод. Гэта паталогiя цяпер называецца гастраэзафагеяльная рэфлюксная хвароба. На жаль, яна вельмi распаўсюджаная, ад яе пакутуе 40 працэнтаў дарослага насельнiцтва. Лячэнне праводзiцца пры дапамозе антысакраторных прэпаратаў, такiх, як фаматыдзiн — 40 мiлiграмаў i антырэфлюксорных — матылiум. Тэрапiя катаральнага эзафагiту, як правiла, цягнецца да трох тыдняў. Пры гэтым неабходна захоўваць строгi рэжым харчавання. Ужываць ежу, якая валодае несакагонным дзеяннем, выключыць перчанае, салёнае, вэнджанае, смажанае. Харчаванне павiнна быць маленькiмi порцыямi. — А можна лячыцца раслiнамi? — Звычайна пры такiх хваробах мы гэта не рэкамендуем. Скажу толькi, што антысакраторным дзеяннем валодаюць сокi бульбы i белакачаннай капусты. Аднак працэс iх прыгатавання вельмi працаёмкi. Таму, я думаю, вам можна абысцiся лекавай тэрапiяй. (— Васiль Васiльевiч, Бабруйск. Мне зроблена ў анкадыспансэры аперацыя на страўнiку. Анкалагiчны дыягназ не пацвердзiўся, выдалiлi язву. Але не менш чым два разы ў год абвастраюцца болi. Што можаце параiць? Акрамя таго, у мяне таксама недастатковая знешнесакраторная функцыя падстраўнiкавай залозы. Мне прызначаны панкрэатын. Цi дастаткова гэтага? — Што датычыцца страўнiка, то гэта праблема патрабуе падбору строгай дыеты. Рэкамендуюцца нераздражняльныя кашы, супы. Харчавацца трэба дробнымi порцыямi... Цяпер пра падстраўнiкавую залозу. Вам абгрунтавана прызначаны ферменты падстраўнiкавай залозы, у прыватнасцi, панкрэатын. Яшчэ б я парэкамендаваў даследаваць кал, зрабiць капраграму. I па вынiках абследавання спецыялiсты вызначаць узровень ператраўленай i неператраўленай клятчаткi, нейтральнага тлушчу. Менавiта так можна ацанiць ферментатыўную функцыю падстраўнiкавай залозы i адпаведна рэгуляваць дазiроўку ферментаў падстраўнiкавай залозы. Таксама пад увагу бярэцца i клiнiчнае самаадчуванне самога хворага. — Тры гады таму ў мяне знайшлi палiпы ў страўнiку. Яны на нiзкай ножцы i выдалiць iх фiбрагастраскопам немагчыма. Цi iснуюць iншыя метады, якiя дапамогуць пазбавiцца ад палiпаў? — У гэтым выпадку вам паказаны толькi метад назiрання. Калi палiпы будуць хутка расцi цi з’явяцца элементы iх перараджэння, або павялiчыцца iх колькасць, то адпаведна сiтуацыi спецыялiсты прымуць рашэнне. (— Алена, званю са Жлобiна. Тры гады таму абследавалася. Печань была ў норме. А цяпер на ёй знайшлi кiсты: ад мiнiмальных памераў да 16 мм, печань павялiчана. Што рабiць? — У вас кiсты вельмi маленькага памеру, i гэта не iстотна ў дыягностыцы. Вялiкiмi кiстознымi ўтварэннямi з’яўляюцца тыя, што маюць 3 см i болей. Iншая справа, у гэтай сiтуацыi з’яўляецца важным вывучэнне функцыi печанi, неабходна ведаць, як гэты орган спраўляецца са сваёй работай. Я параiў бы зрабiць дадатковае абследаванне — зрабiць бiяхiмiчны аналiз крывi са спецыяльнымi iнгрэдыентамi. Парайцеся наконт гэтага са сваiм урачом. Калi ж высветлiцца, што печань не пашкоджана, то наяўнасць кiстаў на ёй, хутчэй за ўсё, выклiкана генетычнымi фактарамi. У iншым выпадку тактыка лячэння вызначаецца ступенню пашкоджання функцыi печанi. Трэба даабследавацца i назiрацца ва ўрача. (— Жлобiн, Марыя Фiлiмонаўна. Пастаянна турбуе дыярэя, няма апетыту. Знайшлi камень у жоўцевым пухiры. Быў прыступ пячоначнай колiкi. Як быць? — Прыступ пячоначнай колiкi — вельмi сур’ёзны сiгнал для выдалення жоўцевага пухiра. На сёння гэта адзiны навукова абгрунтаваны метад лячэння жоўцекамянёвай хваробы. Сучасныя метады такой аперацыi вельмi эфектыўныя i хуткiя. Пры аперацыi робiцца маленькi разрэз у межах 3 см i праз спецыяльную трубачку — лапараскоп — без болю, пад мясцовай анестэзiяй выдаляецца жоўцевы пухiр з камянямi. На трэцi дзень хворы ўжо дома. Важна зрабiць аперацыю, калi няма прыступу. У iншым жа выпадку хiрургiчнае ўмяшанне будзе больш сур’ёзным: разрэз шырынёй да 16 см, знаходжанне ў стацыянары два-тры тыднi, вялiкая траўма... Раю вам абавязкова выдалiць жоўцевы пухiр. Iнакш гэта жоўцекамянёвая хвароба можа прывесцi да запаленчага працэсу печанi, развiцця жаўтухi, хранiчнага панкрэатыту i iншых непрыемных ускладненняў. Ужо нават такiя вашы сiмптомы, як дыярэя, страта апетыту звязаны з жоўцекамянёвай хваробай. Камянi закупорваюць пратокi i жоўць не трапляе ў кiшэчнiк, адпаведна, парушаецца працэс стрававання. Рабiце аперацыю. (— Званю з Капыля. Завуць Мiкалай Iванавiч. Мне ставяць дыягназ — сiндром раздражнёнага кiшэчнiка. Наколькi гэта небяспечна i што рабiць? — Сiндром раздражнёнага кiшэчнiка — гэта функцыянальнае захворванне, якое, як правiла, суправаджаецца расстройствам стула, успушваннем жывата. Хвароба небяспечнай не з’яўляецца. I яе сiмптомы часцей звязаныя з нервовымi стрэсамi. Яна лечыцца простымi, нават немедыкаментознымi метадамi. Варта захоўваць паўнацэнны рэжым працы i адпачынку, правiльна харчавацца, пазбягаць стрэсаў. Аднак, на мой погляд, вам трэба яшчэ грунтоўна даследаваць кiшэчнiк, каб пацвердзiць дыягназ i выключыць больш сур’ёзныя захворваннi. (— Рагачоў турбуе, Валянцiн Анатольевiч. У мяне ў роце кiслы смак, адчуваю на кончыку языка пякоту. З чым гэта можа быць звязана? — На жаль, у 40 працэнтаў дарослых людзей перыядычна ўзнiкаюць такiя сiмптомы. Хутчэй за ўсё, у вас гастраэзафагеяльная рэфлюксная хвароба. Пры ёй адбываецца закiд змесцiва страўнiка ў стрававод i далей у ротавую поласць. У вынiку церпiць функцыя так званага кардыяльнага жому — спецыяльнай разеткi, якая замыкае i аддзяляе стрававод ад страўнiка. Для пацвярджэння гэтага дыягназу трэба зрабiць фiбрагастраэндаскапiю i правесцi спецыяльнае даследаванне, з дапамогай якога мы дыягнастуем гэту хвалю зацякання змесцiва страўнiка ў стрававод. Калi дыягназ пацвердзiцца, будзе прызначана антысакраторная i антырэфлюксорная тэрапiя. Як правiла, лячэнне працягваецца да трох тыдняў. Захворванне небяспечнае тым, што кiслае страўнiкавае змесцiва, якое зацякае ў стрававод, лiтаральна разбурае апошнi. На першым этапе адбываецца простае запаленне, потым з’яўляецца эрозiя, затым язва, а ў вынiку мы маем стрававод Барэта — перараджэнне шматслойнага плоскага эпiтэлiю стрававода на цылiндрычны, i сiтуацыя патрабуе ўжо анкалагiчнага назiрання. "Прамую лiнiю" правялi Святлана БАРЫСЕНКА, Вольга ШАЎКО. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Госць нашай чарговай "прамой лiнii" — урач-гастраэнтэролаг вышэйшай квалiфiкацыйнай катэгорыi. Дацэнт 2-й кафедры ўнутраных хваробаў Беларус
|
|