Дзённік бландзiнкi
Дзённік бландзiнкi
ЕВА І ЗЯЛЁНЫ КРАКАДЗIЛ
Ева — не мая сяброўка, а маёй сястры.
Яны хадзiлi ў адзiн клас, пасля ў адзiн iнстытут, цяпер разам гуляюць з дзецьмi-равеснiкамi. Так што ведаю я яе з дзяцiнства. Спартыўная, мэтанакiраваная iнтэлектуалка, якую ўвесь час прымаюць за пацана. Нават калi яна хадзiла цяжарнай! Гэта i зразумела — працу сваю яна цанiла, так што да апошняга прыкрывалася сумкай праз плячо. Прыкрывалася, бо кар’ера для яе — рэч жыццёва важная, зноў жа — Ева не замужам... Равеснiкаў — з пiвам i вечнымi скаргамi на адсутнасць грошай — яна не любiла i не разумела. Ёй трэба быў разумнiк, i яна яго знайшла. Сухенькi, маленькi, крывенькi, але колькi гiсторый назапасiў за жыццё! Яны жылi ў яго аднапакаёўцы, гаварылi пра палiтыку i лiтаратуру, але ...упс! І ад шасцiдзесяцiгадовых бываюць дзецi... У Евы быў узлёт кар’еры, але радзiць ад каханага — цi ж гэта не шчасце? Тым больш, што ён быў не супраць. Толькi блiжэй да дэкрэту Еўка зразумела, што вяселля не будзе. Спачатку яе папрасiлi пераехаць да мамы — "там табе будзе спакайней". Пасля сказалi, што прозвiшча i iмя па бацьку не дадуць — дарослыя дзецi старога прынцыпова супраць, бо калi будзе прозвiшча, то будзе i права прэтэндаваць на аднапакаёўку. Адзiнае — стары разумнiк вельмi хацеў, каб сын быў Алёшам... З раддома Ева выйшла з Данiлам. Сустракала яе мама — бацькi ўжо некалькi гадоў няма на свеце... Дома пазванiла, абвясцiла, што ўжо выпiсалася i можна паглядзець на сына. Ён прыйшоў з зялёным надзьмутым кракадзiлам, сказаў, што яна яго падманула, бо дала другое iмя. I больш не з’яўляўся. Як яму з падманшчыцай справу мець, га? Жыве Ева з мамай i Данiлам на мамiну пенсiю i свае дэкрэтныя. Не скардзiцца, падпрацоўвае перакладамi i марыць вярнуцца на працу. У яе ўсё добра. А вось старога мне шкада. Сустракаю я яго на вулiцы — жывём мы ўсе ў адным месцы — задрыпанага i занюханага i думаю: якi ж ты няшчасны... Нiколi ў жыццi ўжо не палюбiць цябе высокая бландзiнка. Нiхто i нiколi не захоча ад цябе нарадзiць. Дзецi твае, адчуўшы, што аднапакаёўцы ўжо нiхто не пагражае, перастануць цiкавiцца тваiм жыццём. Ты ўпусцiў свой шанц пачаць жыццё спачатку — маленькі стары лысы кракадзiл... НАД-НЁМАНАдно з самых прыгожых i рамантычных месцаў на Беларусi — Над-Нёман. Цяпер — руiны, а некалi родавы маёнтак прафесара электраграфii i магнетызму Якуба Наркевiча-Ёдкi. Ён паходзiў з роду Т. Касцюшкi. Мала хто ведае, што гэты выдатны навуковец пачынаў як пiянiст, нават выступаў з канцэртамi ў Еўропе i Азii. Пасля вярнуўся дадому i заняўся медыцынай — лячыў i людзей, i жывёлу. Ён стварыў некалькi цiкавых методык для лячэння нервовых хваробаў, сярод якiх — лячэнне электрычнасцю, святлом, кумысам, мiнеральнай вадой. У сваiм маёнтку арганiзаваў санаторый "Над-Нёманец" i метэаралагiчную станцыю. Быў ганаровым сябрам вядучых навуковых устаноў Еўропы. Памёр у Вене падчас навуковай камандзiроўкi. Пахаваны ў сваiм маёнтку, ад якога цяпер захавалiся адно сцены... АБУТАКЧаста чую i чытаю пра тое, якiя беларускiя мужчыны недарэкi — у iх пад скуранымi сандалямi — шкарпэткi. Што пярэчыць традыцыйным уяўленням пра стыль. Мiж тым, я лiчу, што для беларусаў трэба рабiць выключэннi з агульных правiлаў. Бо ў iх вельмi пяшчотныя ступнi! Ведаю па сабе. Як толькi надвор’е паляпшаецца, ножкi мае ўшчэнт сцiраюцца... Любы пасак скуры пакiдае на iх пацёртасцi i мазалi. Учора зрабiла чарговую спробу выбраць абутак, кiруючыся прынцыпам туфлёвага мiнiмалiзму, а не кошту, i зразумела, што ўжо ў тым стане, калi адна думка пра прымерку выклiкае боль. Не дзiўна, што я не знайшла сiмпатычнай мне пары нават у вельмi добрых крамах... Затое ўспомнiла, як выбiрала абутак з сяброўкай у Iзраiлi. Крамы там бясконцыя, але мне ўсё не падабалася. Пакуль не знайшлi балеткi "Эка", замшавыя, з паветранымi адтулiнкамi-адсюленкамi. Верх элегантнасцi i камфорту! Адзiная праблема была — убiць у iх нагу. Якi памер нi спрабавала, змучаны ступак не ўлазiў. Мы з сяброўкай адчаялiся. I тут на дапамогу прыйшоў гаспадар. Ён працягнуў мне звычайны цэлафанавы пакет i загадаў адзець яго на нагу, а пасля падаў мне пару майго памеру. I яна ўвайшла, як з маслам! Забаўны спосаб, але дзейсны на такой спёцы. У сувязi з небывалым пацяпленнем клiмату яго варта ўзяць на ўзбраенне i беларускам. ЧАМУ ЛЮДЗI НЕ ЛЁТАЮЦЬ ТАК, ЯК ПТУШКI?Так выглядае, што гэтае пытанне я задала сабе раней, чым навучылася гаварыць. Хадзiць стала рана, у дзевяць месяцаў, i што цiкава, помню гэты момант. А вось момант, калi стала вучыцца лётаць, дакладна не магу згадаць. Факт, што спачатку я скiдвала ў шчылiну пад балконам розныя плоскiя рэчы. Я назiрала за iх рухам i радавалася, а мама — не, бо аднойчы скiнула ў кашальку яе апошнiя грошы. Мяне лаялi, але дапамагала слаба. Гадоў з двух скакала ўнiз з зэдлiка, пасля — з двух зэдлiкаў. Няўстойлiва пастаўленыя зэдлiкi падалi, на грукат прыбягалi мамiны суседзi па лiтiнстытутаўскiм iнтэрнаце... Так мама i даведалася, давялося пакiдаць мяне з сынам грузiнскай паэткi Сэды. Пасля мы пераехалi з Масквы ў Мiнск, i я магла скакаць, колькi маёй птушынай душаньцы заўгодна. З драўляных зялёных зэдлiкаў. З невысокай палiраванай чэшскай шафы, пасля таго, як яна ў нас з’явiлася... Маёй марай было скочыць з гаўбца з парасонам, таму гэтую рэч ад мяне старанна хавалi, замыкаючы на ключ у тую ж палiраваную шафу... Яно прайшло неяк само сабой. Не помню калi. Тут цiкава другое — я з дзяцiнства клiнiчна баюся вышынi... Калi мне было тры, разам з дарослымi дзецьмi залезла на дах драўлянай хаты, а злезцi не змагла. Суседскi юнак, паклiканы дзецьмi на дапамогу, знёс мяне на руках. Калi мне было пятнаццаць, я ноччу залезла разам з кавалерам на рыштаваннi касцёла св. Iосiфа. I, пераможаная страхам, скамянела. Добра, што хлопец быў не зломак i знёс мяне на руках. Цемра, дзiравыя дошкi, мой енк — душараздзiральнае вiдовiшча... У васемнаццаць я паехала ў будатрад, паднялася па лесвiцы з вядром цэменту — i ўсё... Добра, што будатрад быў мужчынскi — знеслi. Чаму чалавек з такой фобiяй выбiрае сабе кватэру ў адной з самых высокiх кропак горада? Не ведаю, але першы раз на ўласны гаўбец я ступiла недзе праз месяц пасля таго, як уехала ў кватэру, прычым мяне страхавалi... Тыя, хто ведае, наколькi я баюся вышынi, цяпер рэгулярна пытаюцца — а як ты мыеш вокны? А вельмi проста! Я нiколi не гляджу ўнiз, я заўсёды гляджу ўверх. Па гэтай жа прычыне я не баялася лётаць. Я Ж ЗАЎСЁДЫ СКАКАЛА ЎВЕРХ! А яшчэ я люблю, калi мяне носяць на руках... Ганна КIСЛIЦЫНА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Часта чую i чытаю пра тое, якiя беларускiя мужчыны недарэкi — у iх пад скуранымi сандалямi — шкарпэткi. Што пярэчыць традыцыйным уяўленням пра стыль.
|
|