Добрыя людзi
Добрыя людзi
Вова i шыльда
Жонка замовiла шыльду на наш новы дом "Вулiца БЭЗАВАЯ, дом № 7". Зараз жыву я на Чырвонай, а буду жыць яшчэ i на Бэзавай. Мне падабаецца, як гучыць адрас, i ўнук Вова лёгка запомнiць: "Вёска Сёмкава, Бэзавая, сем". Ракiцкi i этажэркаРэстаўратар Ракiцкi, пабачыўшы мой фотаальбом з дзiцячымi здымкамi, звярнуў увагу на адну картачку, дзе я двухгадовы сяджу каля этажэркi з кнiжкамi. Рэстаўратар пачаў разважаць на тэму майго мастакоўскага жыцця: "Табе, каб стаць мастаком, трэба пазбавiцца ад вобраза, якi склаўся на гэтай фотакартачцы. Трэба адкiнуць прэч пiсьменнiцкую пыху, што была ў цябе з дзяцiнства. Толькi выйшаўшы з вобраза пiсьменнiка, ты зможаш стаць мастаком..." Я паслухаў Ракiцкага i паспрабаваў пазбыцца таго вобраза, што быў зафiксаваны фатографам. Чым болей я спрабаваў аддалiцца ад этажэркi з кнiгамi, тым больш яна вабiла мяне. Пэўна, я так i не стаў тым мастаком, якога бачыў у ва мне рэстаўратар Ракiцкi, але я не наракаю на лёс, якi назаўсёды звязаў мяне з кнiжнымi палiцамi. Юнгер i радаслоўнаяУ 1956 годзе Эрнст Юнгер заўважыў: "...менш за ўсё падазрэнняў выклiкае чалавек без якасцяў. Нельга дапусцiць, каб цябе аднеслi да арыстакратаў, да памешчыкаў, капiталiстаў, кулакоў, цыганоў, яўрэяў цi нават проста да гараджанаў. Таму сёння правадыры народных дзяржаў iмкнуцца мець як мага больш нязначную радаслоўную". Разважаючы ўслед за Юнгерам, варта сказаць, што толькi чалавек з малазначнай радаслоўнай можа выглядаць у вачах народа як асоба нi ў чым не вiнаватая i са спакойным сумленнем. Вольга i даведкаАтрымаць даведку пра сваю хваробу значна лягчэй, чым засведчыць сваё здароўе. Чамусьцi дактары з большай радасцю гавораць пра паталогii i з меншай пра нармальнасць i здароўе. Калi ты адчуваеш сябе добра, дык чаго прыйшоў у палiклiнiку? Вольга вырашыла атрымаць вадзiцельскiя правы, таму i наведалася да доктара ды папрасiла сваю медыцынскую карту. А карта не знайшлася. Доктар уважлiва агледзеў наведнiцу i змрочна сказаў: "Вашых дакументаў у нас няма, бо вы памерлi". — "Якое глупства! Я сяджу перад вашымi вачыма жывая i здаровая. Заўважце, я не толькi не мёртвая, я — цалкам здаровы i адэкватны чалавек. А вы што мне гаворыце? Вы набралiся нахабства i сказалi, што я памерла..." — "Не трэба хвалявацца. Нiчога страшнага не здарылася..." — "Вы яшчэ здзекуецеся з жанчыны? Забаўку знайшлi?" — "Я не здзекуюся, я дзейнiчаю па iнструкцыi. Колькi гадоў вы не звярталiся ў палiклiнiку?" — "Не памятаю..." — "Вось так. Вы больш за пяць гадоў не звярталiся ў палiклiнiку, а таму дакументаў вашых больш няма. Калi чалавек пяць гадоў не звяртаецца ў палiклiнiку, значыць што? Значыць, ён памёр!" — "Выдатна, я памерла, а цяпер нарадзiлася. Што мне трэба зрабiць, каб атрымаць даведку пра сваё добрае здароўе?" — "Усе прышчэпкi ад розных воспаў мы вам рабiць не станем, але супрацьслупняковы ўкол давядзецца зрабiць!" І зрабiлi! А толькi потым выдалi Вользе даведку, што яна жывая i здаровая. Гандляр i жонкаСытатвары гандляр брыльянтамi паскардзiўся: маўляў, працуе ён два гады ў амстэрдамскай краме, а сказаць уласнай жонцы пра сваю работу нiчога не можа, бо скажы, i захоча яна каштоўны камень. А так не ведае i не хоча. На расповед лысаватага гандляра я i ўвагi не звярнуў, бо заняты быў падлiкамi. Якая мне справа да жаданняў чужой жонкi, калi я выбiраю брыльянт у падарунак для любай дачкi? У мяне свае праблемы, а ў яго свае перажываннi, ды бачымся мы першы i апошнi раз. Выйшаў я з брыльянтавай крамы з пярсцёнкам у кiшэнi i забыўся пра мяккарукага гандляра. Успомнiў я пра яго выпадкова, у вiленскай рэстарацыi глянуў на руку дачкi, брыльянт востра блiснуў мне ў вока, i згадаўся гандляр з аповедам пра жонку. Тут i падумалася: гандляр iлгаў мне пра тое, што ён не можа набыць камень. Зразумела, расповеды побытавых казак — ягоная праца, але мне ад той даўняй прафесiйнай хлуснi чамусьцi стала кепскавата. Света i паштоўкiМае аднакласнiцы збiралi паштоўкi з тварамi савецкiх кiнаартыстаў. Яны б з радасцю куплялi паштоўкi з тварамi замежных артыстаў, але ў савецкiх шапiках "Саюздруку" прадавалiся адно эсэсэраўскiя кiназоркi. Толькi ў адной Светы былi паштоўкi з усмешкамi замежных кiназорак. Тыя паштоўкi ёй дасылалi сваякi з Польшчы. Усе дзяўчаты зайздросцiлi Свеце, ад зайздрасцi яны казалi, што сама яна — брыдкатварая. Арыстоцель i гняўлiвасцьКаб супакоiць ды абразумiць раз’юшанага цара, Арыстоцель напiсаў Македонскаму так: "Раздражнёнасць i гняўлiвасць павiнна накiроўвацца не супроць нiжэйшых, а супроць вышэйшых. Роўных табе няма". Не буду казаць пра тых, хто крыўдзiць слабейшых ды нiкчэмнейшых за сябе, iх не ўратуем. Скажу пра тых, хто скiроўвае неўтаймоўную гняўлiвасць на вышэйшых за сябе. Выглядаюць яны гнюсна, не раўнучы — падлалюбiвыя гiены побач з iльвом. На мой розум: у спрэчках i змаганнях павiнна быць адпаведнасць, мусiць быць роўны шанец, як на перамогу, так i на паразу. Выказванне Арыстоцеля ў сутнасцi сваёй нагадвае нам пра роўнасць, а не пра нiжэйшасць ды вышэйшасць. Адам ГЛОБУС.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жонка замовiла шыльду на наш новы дом "Вулiца БЭЗАВАЯ, дом № 7". Зараз жыву я на Чырвонай, а буду жыць яшчэ i на Бэзавай. Мне падабаецца, як
|
|