Вячорка
Вячорка
Стары Ігнат вёў Вячорку — карову чорнай масцi з белымi астраўкамi на баках i з такой жа белай плямкай-зорачкай на лбе — з Грушаўкi ў Чырвоную Буду. Карове было сем гадоў, калi паглядзець на яе перад дойкай, улетку, вядома ж, то адразу скажаш, што не скупая яна на малако: вымя пад цяжарам ледзьве не цягнецца па зямлi. Ды i без малака яно прыкметнае, вымя, не параўнаць, як у шмат якiх кароў. Вялiкае. Кiдаецца ў вочы, замiнае нават вяртацца Вячорцы з пашы дамоў, тады яна наколькi можна шырэй ставiць заднiя ногi. Але карова, чаго б гэта ёй нi каштавала, заўсёды спяшаецца, а iншы раз i бегма бяжыць да сваiх гаспадароў, каб парадаваць тых. Добры характар у яе, Вячоркi. Мяккi i пакорлiвы. Мо таму, што любiць Вячорка прагна скубцi траву калi i дождж хвошча, i навальнiца грымiць-блiскоча, i ў самую спякоту, — мо таму i лёс у яе крыху больш цяжкi, гаротны, чым у iншых кароў. Вячорка капыцiць па ўскрайку дарогi, жвiр пад яе нагамi трашчыць, а пыл пырскае па баках, яна раз-пораз паглядае на старога, якi трымае ў руцэ ланцужок i ступае побач, плячо ў плячо. Нешта сёння Iгнат маўчыць. Той раз, помнiць Вячорка, ён надта быў разгаворлiвы, а сёння, гляньце на яго, надзьмуты ўвесь, як сыч. Карова разумее старога: кажы не кажы, а карысцi? Ды i хiба ж пачуюць тыя, каму трэба было б пачуць? Бо яны, нехрысцi, засталiся недзе там, у сваёй загаджанай — адзiн раз у шыбу падгледзела — хаце, а тут жа, на гравiйцы, iх няма. Тут толькi яны ўдвух. Ды яшчэ розная драбяза, якая лiпне, бы мухi на мёд, да Вячоркi: лезе ў вочы, у вушы, у ноздры. Тады яна хвошча сябе, матляе галавою, адганяючы мух i мошак, аднак ненадоўга: i адкуль яны, назолы, толькi бяруцца зноў? — Пацярпi, зараз прыйдзем, небагата засталося, — спачувае Вячорцы стары Iгнат i махае кашчавай рукой перад яе мызай. — Прэч, прэч, шалудзiўцы!.. Бач, расселiся!.. Так i едуць на табе, Вячорка... Каб жа хоць мiрна сядзелi, дык жа не, кусаюць, пэўна ж... Прэч, каму сказаў!.. Кыш!.. Вячорка любiць Iгната, таму паслухмяна iдзе з iм, роўна, як пад шнурок, хоць i хочацца iншы раз не прамiнуць, адшчыкнуць травiнку, што расце ўзбоч дарогi i просiцца ў рот, але яна не дазваляе сабе гэтага: паспрабавала неяк, аднак рука старога, якою ён трымае ланцужок, тады ўпiраецца ёй у шыю, Iгнат пачынае лаяцца, а сам дыхае ёй у вуха гарачым паветрам. Не, не трэба псаваць настрой старому. Вячорка плацiць яму за дабрыню дабрынёй, бо разумее: калi б не ён, стары, невядома яшчэ, як бы жылося ёй на белым свеце... Гэта ж раней была яна на калгаснай ферме. Ферма стаiць у сасоннiку, за вёскай, i калi пачынае цвiсцi сасна, — хоць у вiр галавой. Але ад машкары нiдзе не знойдзеш паратунку. Хоць чаму? На пашы, калi вецер, бывае i курорт. Аднак гэта нядоўгае шчасце. Вячорка тады неахвотна вярталася на ферму, як i астатнiя, мусiць жа, каровы, i думалася ёй: навошта яе хата ў тым праклятым сасоннiку? Хто прыдумаў? Няўжо нельга было яе пабудаваць там, дзе гуляе вецер, якi адганяе ад яе няпрошаных гасцей? I яшчэ па адной прычыне не хацелася вяртацца на ферму — гразка там, стаяць яшчэ можна, а каб легчы, тут i падумаць трэба: цi варта? Потым бакi такiя брудныя, што куды там! Быка вунь з-за мяжы прывезлi, а ён i не глядзiць на сваiх нявестаў. Схаваўся. Толькi хто зразумее? Даярка Кацька хiба? Чакайце. Ад яе так прэ iншы раз перагарам, што Вячорка адварочвае мызу, заплюшчвае вочы: колькi можна трываць? Той раз дык зусiм хiсталася, ад сцяны да сцяны кiдала яе, паразлiвала малако, а потым i спала з ёю побач. П’яная-п’яная, а сцямiла, што трэба галаву пакласцi на цёплую шыю Вячоркi. Трывала карова сваю даярку, цярпела, а калi яна яшчэ i храпцi пачала, нервы здалi: паднялася, адскочыла крыху ўбок у стойле, а ты, Кацька, як хочаш. Надакучыла. Абрыдла. I куды старшыня глядзiць, каб папытаць? Хоць зразумееш i старшыню. Колькi разоў ён Кацьку звальняў, тады яе даiў нейкi мужчына, той не толькi пiў шмат, але i курыў. Ды такiм смярдзючым курыў, што i яна, Вячорка, здавалася, пачне вось-вось перхаць. А тады зноў прыходзiла Кацька. Казала кожнаму стрэчнаму: я паразумнела! Не пiла, i праўда, пэўны час i ўсё хвалiлася, што збярэ грошай i купiць сабе новы палiтон, шапку i каляровы тэлевiзар з дыстанцыйным кiраваннем. Ага, купiла!.. Да першай палучкi... Хоць Вячорка заўважыла яшчэ раней, што яе малако яна злiвала ў асобны посуд i потым, сама прызналася, адносiла дачнiкам: iх тут, каля фермы, наляпiлася процьма. I ўсе чамусьцi ласыя былi на яе малако. Вячорка ганарылася гэтым, не сакрэт. Стары Iгнат абудзiў Вячорку ад думак: — Вунь i наша вёска. Бачыш? Баба Моця прыгатавала табе смачнае пойла, а потым, калi пап’еш-падсiлкуешся, я адвяду цябе на выган. У нас у вёсцы ўсяго дзве каровы, то статку няма. Кожны пасвiць сваю худобу, як можа. Не крыўдуй, але я цябе навяжу. А то забрыдзеш у шкоду, тады бяды не абярэшся. Травы цяпер хапае. Не тое што раней: за кожны жмуток сена бiлiся людзi. Больш за ўсё Вячорцы, калi яна была ў калгасным статку, хацелася, каб яе забраў хто з вяскоўцаў. Там, кажуць, у хляве чыста, харчы добрыя. Яно i зразумела: калi на калгаснай ферме кожны, хто там робiць, стараецца нешта ўкрасцi прама з-пад носу ў каровы, то якi ж гаспадар стане абдзяляць яе дома? ...Гады два таму, калi ёй, Вячорцы, споўнiлася пяць, у Грушаўку пераехалi з горада маладажоны Сцяпан i Зiна. Памыкалiся там без кватэры, багацця не нажылi, таму налегцы i вярнулiся на родны поплаў. Важную ролю тут адыграў i бацька Сцяпана стары Iгнат. Ён параiў тым абразумiцца, сказаў, што на цэнтральнай сядзiбе, блiжэй да крамы i школы, ёсць хаты, у якiх можна жыць. Так людзi аддаюць, бясплатна, бо за афармленне тое цяпер больш здзяруць грошай, чым сама хата каштуе. Прыязджайце i жывiце. А што ж вы, маўляў, будзеце боўтацца ў тым горадзе, як непрыкаяныя, не ўяўляючы нават заўтрашняга дня, што ж вы будзеце жыць без перспектывы? А тут, у вёсцы, рукi маладых патрэбныя. Стары Iгнат так i сказаў: "А карову я вам куплю. Пакуль маладыя, у вёсцы без каровы не пражывяце. Карова трэба". Кацька плакала, хоць яна сама ж i параiла Сцяпану i Зiне: калi ўжо выбiраць карову для ўласнага падворка, дык толькi яе, Вячорку. Яна i добрая, яна i кармiцелька: пашукай — не знойдзеш. А калi яшчэ здзелку гэтую добранька абмыць, то i не пытайцеся!.. Вячорка, як цяпер помнiць, надта абрадавалася: нарэшце!.. Тады яна ўпершыню i пазнаёмiлася з Iгнатам. Як жа лёгка ёй iшлося з калгаснай фермы да хлява, у якiм яна марыла жыць у згодзе i ладзе з гаспадарамi, радаваць iх малаком!.. Каб жа ведала яна, што чакае наперадзе... Кацьку не адзiн раз прыгадвала потым Вячорка i нават дакарала сябе, што не хацела з ёй спаць у адным стойле. Кацька — золата, калi параўнаць з Зiнкай. Ды i Сцяпан таксама харошы: ён хоць i не ўмее даiць, але не прымушае гэта рабiць i сваю жонку. Не адну ноч карова мучылася ў хляве з поўным вымем малака, задыхалася, стагнала, не магла, як раней на калгаснай ферме, жаваць жвачку. Яна клiкала гаспадароў, разрывалася ад болю i адчаю. Але тых не было чуваць. Пазней Вячорка даведалася — чаму ўсё так. Даведалася ад старога Iгната. Той прыйшоў да яе ранiцай з вядром, выдаiў малако, а тады накiнуў на шыю ланцужок i павёў у свой хлеў. — Не будзе з iх толку, Вячорка, — скарадзiўся стары па дарозе. — Ты чуеш мяне, гаротнiца? Не будзе... У гарэлку ўюшылiся. Што сын, што нявестка. Так пiць!.. Беспрабудна. Тыдзень не прасыхаюць. Нават на цябе забылiся. Гэта ж людзi перадалi. Iдзi, кажуць, забяры, Iгнат, карову, а то прападзе. Вось я i вяду цябе, Вячорка, вось я i забраў... А што з тымi будзе — не магу табе сказаць. Цябе я выратую. А хто, якi доктар выратуе тых?.. Гора мне, Вячорка, з дзецьмi, гора!.. Потым стары Iгнат зноў адвёў карову назад, пасарамацiў сына i нявестку. Тыя паабяцалi ўзяцца за розум. Вячорка таксама ўзрадавалася, яна чула, як дакараў iх стары Iгнат. I вось ён зноў вядзе Вячорку да сваёй хаты. Якi ўжо раз. Тут ёй будзе добра. Вячорка гэта ведае. Стары Iгнат шкадаваў i ўслых прызнаваўся, што ў яго няма ўжо той сiлы, каб пастаянна трымаць карову ў сябе. Выдыхся. Раней бы яму такую кароўку. Хоць грэх сказаць, што тыя, якiх трымаў ён з жонкай на працягу свайго доўгага жыцця, былi горшыя. Удавалiся. Але ж гэтая — асаблiвая, разумнiца. Вячорка разумела, што гаварыў чалавек. I надта баялася, што калi-небудзь не прыйдзе ў цяжкую хвiлiну да яе стары i спагадлiвы Iгнат... г. Гомель.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Стары Ігнат вёў Вячорку — карову чорнай масцi з белымi астраўкамi на баках i з такой жа белай плямкай-зорачкай на лбе — з Грушаўкi ў Чырвоную Буду. Ка
|
|