ПАМЯЦЬ АЛЯКСАНДРА КУЗЬМІНА
ПАМЯЦЬ АЛЯКСАНДРА КУЗЬМІНА
24 лiпеня споўнiлася б 90 гадоў Аляксандру Кузьмiну
На працягу амаль двух дзесяцiгоддзяў Аляксандр Трыфанавiч Кузьмiн працаваў побач
з Пятром Мiронавiчам Машэравым — сакратаром ЦК КПБ па iдэалогii.
Пра Кузьмiна i цяпер гавораць з удзячнасцю: апякаў таленавiтых творцаў, падтрымлiваў энтузiястаў, абараняў справядлiвасць. Аляксандр Кузьмiн — чалавек з незвычайнай ваеннай бiяграфiяй. У 1940 годзе скончыў Краснадарскае авiяцыйнае вучылiшча (вясковы юнак з Кiраўскага раёна трапiў туды па камсамольскiм наборы), у Вялiкую Айчынную вайну — штурман звяна бамбардзiровачнага авiяпалка на Паўднёвым i Закаўказскiм франтах, шмат разоў быў на валаску ад смерцi ў бязлiтаснай паветранай вайне з фашыстамi. Мне пашчасцiла некалькi разоў гутарыць з Аляксандрам Трыфанавiчам "для друку". Потым прыносiла матэрыял на вiзаванне — i размаўлялi ўжо так, пра жыццё. Да гэтых гутарак далучалася i яго абаяльная жонка Таiса Андрэеўна (яны пазнаёмiлiся ў 1941-м)...
Вось што расказваў Кузьмiн пра адраджэнне Мiнска: "Той Мiнск, якi мы бачым сёння, — прадукт iдэй i намаганняў Панцеляймона Кандратавiча Панамарэнкi. Не памятаю дакладна, у канцы 44-га цi ў пачатку 45-га года была нарада: як быць з амаль цалкам зруйнаваным горадам. Абмяркоўвалiся тры прапановы. Першая — у Магiлёве будынак аблвыканкама падобны на Дом Урада, ён уцалеў, там можна размясцiць асноўныя рэспублiканскiя органы, ды i мяжа адсунецца далей. Другая — у Мiнску суцэльныя руiны, замест таго, каб разбiраць iх, прасцей i значна эканомней узвесцi горад побач, у чыстым полi (тады будуць бачныя на вякi злачынствы фашызму). Трэцяя — адбудаваць Мiнск на старым месцы. За апошнюю прапанову выказалiся крыху больш удзельнiкаў нарады... Потым ужо Панамарэнка мне расказваў: ад некаторых цагляных будынкаў засталiся сцены, "каробкi". Калi аднавiць iх, адновiцца старая планiроўка горада. Ён дамовiўся з камандзiрам сапёрнай дывiзii, каб за адну ноч iрвануць усе "каробкi". Так i зрабiлi (папярэдне з падвалаў выселiлi ўсiх, хто там жыў). Нiводнай скаргi ў Маскву: бессэнсоўна. Перад архiтэктарамi i будаўнiкамi была пастаўлена задача: распрацаваць новы план горада. Зараз мы маем прамыя вулiцы, прыгожыя дамы. ...Панамарэнка расказваў, як суправаджаў Сталiна ад Брэста да Оршы, калi той вяртаўся з Патсдамскай канферэнцыi. "Бачу — у Сталiна добры настрой, таму вырашыў папрасiць яго даць указанне Дзяржплану СССР выдзелiць Мiнску сродкi на будаўнiцтва дзесяцi 5-павярховых дамоў. А Сталiн у адказ: таварыш Панамарэнка, я меркаваў, што вы — дзяржаўны дзеяч буйнога маштабу. Хiба кiраўнiк рэспублiкi будзе весцi гаворку пра дзесятак дамоў? Ну, дадзiм вам сродкi. На будучы год вы звернецеся ў Дзяржплан зноў, а вам ужо выдзелiлi летась... На вашым месцы я паставiў бы так пытанне: таварыш Сталiн, дапамажыце пабудаваць у Мiнску, скажам, такiя заводы, як трактарны i аўтамабiльны. А гэта i жыллё рабочаму класу, школы, бальнiцы, клубы, камунальная гаспадарка. I тады вы ўжо не прасiць будзеце, а патрабаваць..." Пра пераацэнку падзей Вялiкай Айчыннай вайны: "У любым грамадстве iснуюць самыя розныя погляды на адну i тую ж падзею — гэта нармальна. Але ў ацэнцы вайны нельга памыляцца: яшчэ да пачатку вайны немцы паставiлi задачу пэўным чынам абыходзiцца са славянамi — i яны выконвалi гэтую праграму. А тое, што частка нашых людзей стала на бок немцаў — дык, напэўна, немцы i iх бы прыкончылi, калi б iм удалося перамагчы ў вайне. ...Хiба можна пярэчыць супраць таго, што хтосьцi бярэцца нешта дасказаць — каб лiквiдаваць "белыя плямы"? Кожны сумленны чалавек пагодзiцца, што павiнна ўсталёўвацца праўда. Аднак калi пачаўся "выкрывальнiцкi" працэс, пайшла суцэльная "чарнуха", якая захлiснула ўсё — нiчога святога не пакiнула. Хлусня становiцца ўсё больш нахабнай. Разлiк, вiдаць, на недасканаласць iнтэлекту, адукаванасцi, здольнасцяў чытачоў, спажыўцоў iнфармацыi. Гэта ж зневажальна, калi вiдавочны падман падаецца са спасылкай на нейкiя дакументы — прыпудрываецца iншай хлуснёй..." Пра Машэрава: "Якi гэта цiкавы быў чалавек! Вось гавораць: кантроль, цэнзура... Пры Мазураве, пры Машэраве не было цiску з боку ўлады — наадварот, мы абаранялi таленты ад бездараў, кар’ерыстаў, ад усялякiх сукiных сыноў. Так спрадвечна было, i пры Сакраце, Платоне, Герадоце, — i зараз, праз тысячагоддзi, мала што змянiлася: як толькi на шэрым фоне з’яўляецца хто-небудзь не зусiм стандартны, тут жа яго пачынаюць нiвелiраваць. Чаму? Таму што на фоне шэрасцi ён — ШТОСЬЦI, але шэрасць на яго фоне — НIШТО. Тады i пачынае дзейнiчаць закон бiялагiчнага выжывання: свайго блiжняга з большымi здольнасцямi, цi больш працавiтага, цi больш сумленнага, прыстойнага гэтыя сукiны сыны гатовы растаптаць. Яны фiзiчна не пераносяць таленавiтых людзей. ЦК падтрымлiваў усё лепшае, чым зараз ганарыцца Беларусь. Меркаванне аб народзе персанiфiцыруецца праз канкрэтных прадстаўнiкоў народа. Мне пашанцавала ў жыццi: я добра ведаю многiх прадстаўнiкоў навуковай iнтэлiгенцыi, многiх мастакоў, музыкантаў, артыстаў, пiсьменнiкаў..." Пра Ўладзiмiра Караткевiча: "Угаварыў Караткевiча аб Мсцiслаўлi напiсаць, хаця ён i не хацеў... Вось такi кур’ёзны эпiзод быў. Звонiць Караткевiч: "Хачу да вас зайсцi". Прыходзiць: "Ты ведаеш, дастаў такiя таблеткi, як вып’еш — нiякага паху, нiякага перагару". (пасля добрай п’янкi). Ён лiчыў, што аказвае такую вялiкую паслугу... Прыемна, што Караткевiч адносiўся да мяне "нефармальна" — не як да партыйнага чыноўнiка". Пра Верхнi горад: "У нас была доўгая палемiка наконт Верхняга горада. Некаторыя архiтэктары задумалi разбурыць Верхнi горад i "пасадзiць" там Палац Рэспублiкi. Гэтыя прапановы раз-пораз паступалi да Машэрава... Я сустракаўся з архiтэктарамi, гiсторыкамi, лiтаратарамi, музыкантамi — амаль усе гавораць: трэба захаваць ад старога Мiнска, што засталося, там жа гiсторыя наша... А Пятра Мiронавiча той-сёй стараўся ўгаварыць наконт разбурэння... Аднойчы прыйшло вялiкае калектыўнае пiсьмо ад iнтэлiгенцыi з просьбай не чапаць Верхнi горад. Машэраў на бюро гаворыць: "Кузьмiн падбухторвае iнтэлiгенцыю..." Раскрытыкаваў мяне ўшчэнт. Калi ён быў у адпаведным настроi, так крытыку ўмеў наводзiць — будзь здароў! Пасля бюро прыходжу: "Пётр Мiронавiч, вас падбiваюць на гэты крок: маўляў, пабудуем горад будучынi. А якiм быў Мiнск да гэтага? Скажуць: што не спалiлi немцы, разбурыў Машэраў". Заслуга Машэрава ў тым, што ён умеў выслухаць любы альтэрнатыўны пункт гледжання... Праз пару дзён — званок Пятра Мiронавiча: ён сабраў кiраўнiкоў горада, архiтэктурных i будаўнiчых арганiзацый, прадстаўнiкоў творчай iнтэлiгенцыi, яшчэ раз выслухаў усiх. I паставiў задачу захаваць Нiжнi i Верхнi горад, гiстарычную частку Мiнска. Даў заданне прадумаць, да якога месца "прывязаць" Палац Рэспублiкi. Было прапанавана пабудаваць яго на месцы, дзе зараз манумент гораду-герою Мiнску. Калi Машэрава не стала, Палац Рэспублiкi пачалi будаваць у цэнтры, але Верхнi горад захаваўся". Пра самы галоўны ўчынак жыцця: "Стварэнне кнiгi "Памяць"... Мне заўсёды балела за тых маiх таварышаў, якiя не вярнулiся з вайны. З даўнiх часоў удзельнiкi войнаў адыходзiлi ў небыццё — гiсторыя захоўвала толькi iмёны палкаводцаў. Айчынную вайну выйграў Салдат. Невядомых магiл не павiнна быць. Iмя кожнага абаронцы Радзiмы павiнны захаваць не толькi родныя i блiзкiя, але i ўдзячныя суграмадзяне. Таму мы паставiлi задачу, каб у кожным населеным пункце была створана "Кнiга Народнай Славы". Потым стала зразумела, што лепш за ўсё выдаваць кнiгi "Памяць" у гарадах i раёнах i запiсваць туды не толькi iмёны i прозвiшчы, але i здзейсненае кожным канкрэтным чалавекам. Гэтыя кнiгi ўтрымлiваюць звесткi не толькi пра тых, хто не вярнуўся з бою, а пра кожнага, хто змагаўся за Радзiму". Таццяна Падаляк.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
24 лiпеня споўнiлася б 90 гадоў Аляксандру Кузьмiну На працягу амаль двух дзесяцiгоддзяў Аляксандр Трыфанавiч Кузьмiн працаваў побач з Пятром Мiронавi |
|