21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Дык які лёс чакае Лошыцкi парк?

26.08.2009 10:27 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дык які лёс чакае Лошыцкi парк? Недзе мы ўжо нядаўна такое бачылi. Ба! Тыя самыя граблi! І ў якi раз — лясь па лбе... Мо недзе месяц таму "Звязда" ўжо ўздымала праблему ўзаемаадносiнаў гарадскiх уладаў i мiнчан пры будаўнiцтве хмарачоса непадалёк ад станцыi метро "Фрунзенская". I вось зноў грамадства захвалявалася, толькi на гэты раз прычынай стала рэстаўрацыя Лошыцкага парку.   Нават, калi дакладней выказацца, не сама рэстаўрацыя (яе неабходнасць не выклiкае сумненняў), а недахоп iнфармацыi пра тое, якiм чынам яна будзе адбывацца. Перад мiнулымi выхаднымi па горадзе папаўзлi розныя чуткi: пачынаючы з таго, што Лошыцкi парк поўнасцю перакапаюць i наставяць атракцыёнаў i завяршаючы звесткамi пра намеры поўнасцю разбурыць старую сядзiбу i на яе месцы адбудаваць нешта паказушнае а-ля "стыль гiстарык". Чуткi чуткамi, а ў панядзелак увечары, нават нягледзячы на дрэннае надвор’е i халодны дождж, перад брамай Лошыцкага парку сабралася больш за сто чалавек, не згодных з такой "варварскай" рэканструкцыяй.

Людзi сабралiся, прайшлi калонай да самой сядзiбы, пагаманiлi, паабуралiся i разышлiся. Ды толькi iнфармацыйны голад так i не быў спатолены — лёс гэтага старога парку для прысутных не праяснiўся. Мы паспрабуем расказаць нашым чытачам пра будучыню, якая чакае Лошыцкi парк.

Сядзiба

Па заказе КУП " Упраўленне капiтальнага будаўнiцтва Мiнгарвыканкама" праект рэканструкцыi сядзiбы ў Лошыцкiм парку быў распрацаваны УП "Мiнскпраект". Генеральным падрадчыкам, якi будзе выконваць амаль усе работы, з’яўляецца ЗАТ "НВА Эльвiра". Пачаць iх плануецца з 1 жнiўня 2008 года: будзе падрыхтавана будаўнiчая пляцоўка, пастаўлена агароджа вакол яе i пачнецца разборка канструкцый. Запланаваная працягласць выканання работ — 8 месяцаў, але гэта без улiку рэстаўрацыйных работ па аднаўленнi iнтэр’еру. Як адзначылi ў КУП "УКБ Мiнгарвыканкама", у праекце поўнай разборкi сядзiбы няма: спачатку поўнасцю або часткова будзе знятая тынкоўка, пасля чаго ўжо будзе высветлена, якiя часткi драўляных канструкцый давядзецца замянiць. Але спецыялiсты абяцаюць па максiмуму захаваць прыдатныя часткi будынка.

У канцы рэстаўрацыi Лошыцкая сядзiба павiнна пераўтварыцца ў музей на балансе ўпраўлення культуры Мiнгарвыканкама, якое ўжо сёння займаецца пошукам музейных экспанатаў. Плануецца нават, што будзе зроблены пад’ёмнiк на першы паверх, каб людзi з абмежаванымi магчымасцямi маглi пабачыць хоць бы частку сядзiбы знутры.

Што датычыцца непасрэдна парку, то заказчыкам рэканструкцыi з’яўляецца ВКУП "Мiнскзелянбуд", праекцiроўшчыкам — УП "Мiнскпраект", а работы будзе выконваць Будтрэст № 1, якi ўжо мае вопыт па добраўпарадкаваннi сталiчных паркаў iмя Горкага i Чалюскiнцаў. У праекце запiсана, што неабходна захаваць гiстарычны вобраз парка, а таксама даць яму далейшае жыццё праз удзел у сацыяльна-культурным жыццi Мiнска. Для гэтага ўся тэрыторыя Лошыцкага парку, разлiчаная на 3400 адначасовых наведнiкаў, будзе падзеленая на тры зоны:

— старога парку, што сфармiравалася ў канцы ХIХ — пачатку ХХ стагоддзя з сядзiбай, флiгелем, вартоўняй, лiпавай алеяй i г.д.;

— пладовага саду, прысвечаная дзейнасцi акадэмiка Вавiлава;

— адаптацыйная, якая будзе адпавядаць сучасным умовам жыцця.

Дрэвы па ўсёй тэрыторыi парку будуць выразаць толькi па неабходнасцi: мiнiмальна ў старым парку (толькi тыя, што ўжо аджылi свой век i засыхаюць), i больш актыўна ў частцы каля камвольнага камбiната, якая гiстарычнай каштоўнасцi не нясе.

У паўднёвай i паўднёва-заходняй частках парку будуць знесеныя будынкi савецкiх часоў, якiя былi пабудаваныя без улiку розных там культурных i эстэтычных патрабаванняў: адмiнiстрацыйны будынак, склад, склад-сушылка, цяплiцы, стайнi, кацельня i газаразмеркавальная падстанцыя. Замест гэтага на больш прыдатных месцах пабудуюць новыя гаспадарчыя аб’екты: грамадскую прыбiральню на 15 месцаў, газавую кацельню, трансфарматарную падстанцыю i вытворчую базу. Ну i, вядома ж, па тэрыторыi парку ў парадак будуць прыведзены дарожкi. У тым лiку абяцаецца з’яўленне веласiпеднай дарожкi i дзiцячага гульнявога гарадка.

У перспектыве на тэрыторыi Лошыцкага парку можа з’явiцца i цэнтр-комплекс з гатэлем, канферэнцзалай, рэстарацыяй i iншымi аб’ектамi абслугоўвання. Але гэта ўжо — далёкiя перспектывы. Дарэчы, паколькi Лошыца стала вельмi папулярным месцам для рыцарскiх i фолькавых фэстаў, то iснуючы прыродны ландшафтны амфiтэатр ў паўднёва-ўсходняй частцы парку на беразе Свiслачы ў праекце прапануецца раканструяваць у канцэртную залу са сцэнiчнай пляцоўкай пад адкрытым небам якраз для выступлення музыкаў i рыцараў.

Усталяванне атракцыёнаў, як запэўнiлi ў "Мiнскзелянбудзе", праектам рэканструкцыi Лошыцкага парку не прадугледжана.

Рэзюмэ

Цi задавальняе яго вышэй апiсаная рэканструкцыя парку — кожны вырашыць для сябе сам. Бо колькi людзей, столькi i меркаванняў: аднаму падавай аўтэнтычнасць, а другому — сучаснасць. Будзем толькi меркаваць, што пад наглядам грамадскасцi, якую, як бачым, лёс Лошыцкага парку турбуе, працы па рэканструкцыi i добраўпарадкаваннi будуць праведзеныя сумленна i без парушэнняў тэхналогiй i заканадаўства.

Дарэчы, цiкава — калi б на ўваходзе ў парк перад пачаткам работ была ўсталяваная iнфармацыйная дошка, дзе было б некалькi абзацаў з апiсаннем будучынi парку, то цi сабралiся б людзi "на абарону парку"? Далёка не факт. От i скажыце: адкуль узялася такая звычка — спачатку бульдозеры з экскаватарамi пускаць, а толькi потым растлумачваць, што да чаго?..

Павел БЕРАСНЕЎ.

Гiстарычная даведка

Гiсторыя тэрыторыi Лошыцкага сядзiбна-паркавага комплексу звязаная яшчэ з размяшчэннем тут паселiшчаў Х—ХI стагоддзяў i курганных пахаванняў. У 1597-м адбыўся падзел Лошыцкага маёнтка памiж князямi Друцкiмi-Горскiмi, згодна з якiм князь Фёдар атрымаў Лошыцу Гарнастаеўскую. У 1719 годзе сядзiбу набыў аршанскi гараднiчы Ежы Антонi Прушынскi, якi правёў рэстаўрацыю маёнтка. У 80-х гадах ХIХ стагоддзя Лошыца перайшла па "жаночай лiнii" да Яўстафiя Любанскага. Дзякуючы яго намаганням, Лошыцкая сядзiба стала не толькi найбольш вядомай гаспадаркай у Мiнскай губернi, але i цэнтрам свецкага жыцця. У 1922-м на базе Лошыцкага маёнтка была створана доследная гаспадарка Беларускага дзяржаўнага iнстытута сельскай i лясной гаспадаркi, i пад кiраўнiцтвам акадэмiка Вавiлава было арганiзавана Беларускае аддзяленне Ўсесаюзнага iнстытута раслiн. З Лошыцкiм паркам у розныя часы так цi iнакш былi звязаныя В. Дунiн-Марцiнкевiч, Я. Купала, Я. Колас, К. Крапiва.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Недзе мы ўжо нядаўна такое бачылi. Ба! Тыя самыя граблi! І ў якi раз — лясь па лбе... Мо недзе месяц таму "Звязда" ўжо ўздымала праблему ўза
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика