"Праблемныя" даўгі даруюць
"Праблемныя" даўгі даруюць
Аднак гэта не адаб’ецца на выплатах пенсiй i дапамог У Беларусi спiшуць "безнадзейныя" даўгi па сацыяльным страхаваннi — варта нагадаць, што рашэнне аб гэтым было прынятае ў чэрвенi. Мiж тым, тут адразу ж пачалi ўзнiкаць пытаннi. Як i пры якiх умовах можа быць лiквiдавана запазычанасць, цi будуць "спiсаныя" перыяды залiчвацца ў стаж i цi не прывядзе "дараванне" даўгоў да праблем з выплатай пенсiй? Такiм чынам, у пошуках адказаў карэспандэнт "Звязды" вырашыў звярнуцца да намеснiка кiраўнiка Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Наталлi Мiкалаеўны ШАЎЛОЎСКАЙ. — Перш-наперш давайце ўдакладнiм: чым выклiкана рашэнне аб спiсаннi даўгоў па сацыяльным страхаваннi? — Да апошняга часу ў заканадаўстве Беларусi адсутнiчалi механiзмы прызнання запазычанасцi па абавязковых плацяжах у Фонд сацыяльнай абароны насельнiцтва безнадзейным доўгам i парадак спiсання гэтага доўгу. Варта нагадаць, што працэдура лiквiдацыi арганiзацыi цi спынення дзейнасцi iндывiдуальнага прадпрымальнiка здзяйснялася ў залежнасцi ад наяўнасцi такой запазычанасцi. Iнакш кажучы, калi запазычанасць была, то суб’ект прадпрымальнiцтва спачатку павiнен быў яе пагасiць. I толькi потым прымалася рашэнне аб лiквiдацыi. Як вынiк, назбiралася дастатковая колькасць суб’ектаў прадпрымальнiцтва, якiя фактычна спынiлi сваю дзейнасць, але былi не лiквiдаваныя, i ў тым лiку з-за даўгоў па сацыяльным страхаваннi. Прычым надзеi вярнуць калi-небудзь гэтыя даўгi сапраўды не засталося. Таму быў прыняты ўказ № 329, што пачаў дзейнiчаць з 1 лiпеня i вызначыў: органы Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва маюць магчымасць спiсваць "праблемную" запазычанасць, а рэгiструючыя органы, паводле заканадаўства, могуць здзяйсняць лiквiдацыю даных суб’ектаў прадпрымальнiцтва. — У якiх выпадках могуць быць "дараваныя" даўгi па сацстраху? — Такiх выпадкаў прадугледжана некалькi. Першы — лiквiдацыя камерцыйнай арганiзацыi (за выключэннем казённага прадпрыемства) або некамерцыйнай арганiзацыi, якая дзейнiчае ў форме спажывецкага кааператыва, дабрачыннага або iншага фонду, а таксама спыненне дзейнасцi iндывiдуальнага прадпрымальнiка на падставе заканадаўства аб банкруцтве. Другi — лiквiдацыя казённага прадпрыемства або некамерцыйнай арганiзацыi (за выключэннем спажывецкага кааператыва, дабрачыннага або iншага фонду) па рашэннi ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа або суда, калi грашовых сродкаў арганiзацыi (i ў тым лiку сродкаў ад продажу маёмасцi) недастаткова для пагашэння запазычанасцi ў поўным аб’ёме, а рэшта запазычанасцi не можа быць пагашана ўласнiкам маёмасцi арганiзацыi, яе заснавальнiкамi, удзельнiкамi на падставе заканадаўства. I трэцi варыянт — гэта заканчэнне 3-гадовага тэрмiну з дня ўтварэння запазычанасцi, нездзяйсненне арганiзацыяй або iндывiдуальным прадпрымальнiкам дзейнасцi на працягу 6 месяцаў запар да дня праверкi данага факта, адсутнасць маёмасцi для пагашэння запазычанасцi i немагчымасць выканання рашэння гаспадарчага суда аб прыцягненнi да субсiдыярнай адказнасцi ўласнiка маёмасцi арганiзацыi, яе заснавальнiкаў цi ўдзельнiкаў, калi даныя асобы нясуць адказнасць у адпаведнасцi з заканадаўствам. Прычым трэба падкрэслiць: у апошнiм выпадку спiсаць доўг па сацстраху можна толькi пры наяўнасцi ўсiх чатырох акалiчнасцяў адначасова. I, адпаведна, адсутнасць прынамсi адной з умоў права на "дараванне" доўгу не дае. — За якi час могуць быць спiсаныя даўгi? I цi адбудзецца спiсанне пенi? — У першых двух выпадках запазычанасць будзе спiсвацца незалежна ад тэрмiну яе ўтварэння. А наконт трэцяга выпадку паўтаруся: для спiсання патрэбна ўзнiкненне сукупнасцi ўсiх акалiчнасцяў, прычым калi рашэнне аб спiсаннi доўгу будзе прынятае, аўтаматычна спiшуцца i запазычанасцi па пенi, эканамiчных санкцыях, адмiнiстрацыйных спагнаннях. Дарэчы, спiсанне стане праводзiцца асобна па кожным суб’екце прадпрымальнiцтва органамi Фонду сацыяльнай абароны па месцы пастаноўкi даўжнiкоў пасля ўзгаднення з абласнымi цi Мiнскiм гарадскiм упраўленнямi Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва. — Таксама папулярнае пытанне — куды трэба звяртацца? — Звяртацца нiкуды не трэба. Сам механiзм спiсання даўгоў па сацстраху не прадугледжвае асабiстага звароту плацельшчыкаў, а таксама прадстаўлення iмi ў органы Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва якiх-небудзь дакументаў — за выключэннем сiтуацыi, калi плацельшчыку неабходна пацвердзiць факт адсутнасцi ў яго маёмасцi. Словам, органы Фонду па месцы пастаноўкi плацельшчыка на ўлiк збяруць неабходныя дакументы i падрыхтуюць праект адпаведнага рашэння самi. А аб прынятым рашэннi будзе паведамлена ў па-датковую iнспекцыю. — Калi "запрацуе" гэты механiзм? — Зараз органы Фонду займаюцца выяўленнем i ўлiкам узгаданых катэгорый плацельшчыкаў, удакладненнем сум iх запазычанасцi, запытам неабходных дакументаў. А на гэта патрабуецца пэўны час. Адно, магу адзначыць, што спiсанне безнадзейных даўгоў будзе пастаянным i паступовым. — Няпростая тэма. Цi залiчацца ў стаж перыяды работы, за якiя будуць спiсаныя даўгi па сацстраху? — Для адказу на гэта пытанне можна нагадаць наша пенсiйнае заканадаўства: у стаж для прызначэння пенсii залiчваюцца толькi перыяды работы i прадпрымальнiцкай дзейнасцi, на працягу якiх рабiлася выплата ўзносаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. — Тым часам не сакрэт: спiсанне даўгоў па сацстраху — гэта ў нечым страчаныя даходы Фонду. Цi адаб’ецца гэта акалiчнасць на выплатах пенсiй i дапамог у краiне? — На выплатах пенсiй i дапамог гэта нiяк не адаб’ецца. Бо зноў-такi гаворка iдзе аб даўгах з нулявымi шанцамi на вяртанне. I да таго ж нельга не заўважыць, што сума даўгоў па сацстраху, якая ўлiчваецца на працягу больш як 10 гадоў, вельмi нязначная — яна складае менш за 1 працэнт ад агульных даходаў Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва. Сяргей ГРЫБ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Беларусi спiшуць "безнадзейныя" даўгi па сацыяльным страхаваннi — варта нагадаць, што рашэнне аб гэтым было прынятае ў чэрвенi. Мiж тым, т |
|