21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Загадкі месяца

26.08.2009 10:27 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Загадкі месяца

Месяц заўсёды вабіў чалавека сваёй таямнiчасцю, загадкавасцю. Яшчэ некалькi стагоддзяў таму ўсур’ёз разглядалася версiя аб iснаваннi на Месяцы разумнай цывiлiзацыi. Потым навука даказала, што нi атмасферы, нi вады (галоўных умоў узнiкнення жыцця) на Месяцы няма. Аднак быць менш загадкавым прыродны спадарожнiк Зямлi не перастаў. Астранамiчныя назiраннi, месяцовыя экспедыцыi вынайшлi на iм шмат аб’ектаў i з’яў, якiя сучасныя навукоўцы пакуль не здолелi растлумачыць. Зноў узнiкла версiя аб прысутнасцi на Месяцы разумных iстот, значна больш развiтых, чым мы, якiя па нейкiх прычынах не хочуць уступаць з намi ў прамы кантакт. Наколькi рэальнае такое меркаванне i якiя загадкi хавае спадарожнiк Зямлi?

— Пачаць можна з арбiты Месяца. Яна даволi незвычайная, — расказвае кандыдат тэхнiчных навук, старшы навуковы супрацоўнiк Інстытута цепла- i масаабмену НАН Беларусi Мiкалай Сцецюкевiч, адзiн з беларускiх даследчыкаў прыроднага спадарожнiка Зямлi. — Хоць натуральны памер Месяца ў 400 разоў меншы за памер Сонца, для зямлянiна iх вуглавыя папярэчнiкi будуць амаль цалкам супадаць. Прасцей кажучы, для нас абодва нябесныя целы маюць аднолькавы бачны дыяметр. Падчас поўнага сонечнага зацьмення Месяц цалкам закрывае дыск Сонца. Тады вакол Месяца ўспыхвае сонечная "карона". Падчас месяцовых зацьменняў Месяц трапляе ў магнiтны хвост Зямлi, што выклiкае шмат цiкавых i пакуль не да канца даследаваных фiзiчных з’яў.

Арбiта Месяца не iдэальна круглая, а элептычная, пры павароце наш прыродны спадарожнiк "заносiць", як аўтобус. Месяц то наблiжаецца да Зямлi (на адлегласць у 357 тысяч км), то аддаляецца (да 406 тысяч км).

Наш прыродны спадарожнiк заўсёды павернуты да Зямлi адным бокам. Толькi ў 1959-м годзе людзi здолелi зазiрнуць на месяцовую "патылiцу". Высветлiлася, што на другiм баку практычна няма мораў, якiх багата на бачным паўшар’i. Чаму так адбылося? Уся справа ў прылiўных сiлах Зямлi. Спачатку ў вынiку сутыкнення нябесных целаў з Месяцам на яго паверхнi ўтварылiся кратары. Пасля ўдару па трэшчынах пароды з глыбiнi ўзнiмалася лава. Прычым прылiўныя сiлы Зямлi, якiя заўсёды больш уздзейнiчалi на бачнае паўшар’е, актыўна "выцягвалi" лаву з трэшчын, дапамагалi ёй выйсцi на паверхню, што i абумовiла ўтварэнне месяцовых мораў. Гэта гладкiя цёмныя паверхнi застылай глыбiннай пароды. Яны адрознiваюцца i па колеры, i па хiмiчным складзе (утрымлiваюць жалеза i цяжкiя элементы). У паверхневых пародах больш калiю i кальцыю (як у зямных палявых шпатаў), яны больш лёгкiя i светлыя.

На Месяцы вельмi шмат кратараў. Па iх форме i колькасцi размяшчэння на квадратны кiламетр можна меркаваць аб узросце месяцовай паверхнi. Аналiз паказаў, што яна вельмi старажытная i што Месяц i Зямля — родзiчы.

— У 1958 годзе ў кратары Альфонс астраном Козыраў назiраў выдзяленне нейкiх газаў, што можа сведчыць аб пэўнай актыўнасцi Месяца, — тлумачыць Мiкалай Сцецюкевiч. — Насамрэч, Месяц не наскрозь халодны. Ён мае гарачае жалезнае ядро, аднак слой пароды, якi ўжо застыў, значна большы, чым на Зямлi. На нашай планеце лiтасфера (цвёрдая абалонка) мае таўшчыню каля 60 км, а на Месяцы — каля тысячы.

Месяц — гэта мёртвае нябеснае цела, якое перастала "дыхаць" 2—3 млрд гадоў таму. Яго паверхня застыла i ў адрозненне ад Зямлi тэктанiчных зрухаў там больш не назiраецца. Iншыя нябесныя целы актыўна ўдзельнiчаюць у фармiраваннi месяцовага рэльефу, у прыватнасцi, утвараюць кратары. Кратары ўнутры могуць мець цэнтральныя горкi — пасля моцнага ўдару грунт у цэнтры ямiны ўзнiмаецца. Мiльярды гадоў нябесныя целы бiлi паверхню Месяца i перамалолi верхнi слой у парашок — рэгалiт, якi цяпер пакрывае Месяц на 50 метраў углыб. Грунт Месяца нагадвае цёмны бруд. Ён адбiвае ўсяго 7 працэнтаў святла, усё астатняе паглынае.

У месяцовым грунце вельмi шмат шарыкаў. Яны ўтварылiся пры ўдары метэароiдаў: кроплi распаленага рэчыва разляталiся ў розныя бакi, застывалi i ўтваралi шарыкi. На многiх з iх ёсць маленькiя кратары.

Некалi Месяц валодаў абалонкай з газаў i вадкасцi, але з-за слабай гравiтацыi яны ўлятучылiся. Апаратна было выяўлена, што на палюсах у грунце Месяца прысутнiчае звязаная вада, а значыць, калiсьцi там былi сапраўдныя палярныя шапкi. Сёння атмасферы i гiдрасферы на Месяцы няма, перапады тэмператур там дасягаюць 300 градусаў. Астранаўты высаджвалiся на Месяц толькi на мяжы дня i ночы, дзе самыя камфортныя ўмовы. Ноччу там вельмi холадна — да мiнус 120 градусаў па Цэльсiю, а днём спякотна (да плюс 130 градусаў). Днём на паверхнi Месяца знаходзiцца немагчыма з-за магутнай сонечнай радыяцыi i адсутнасцi абароны ад яе — атмасферы, азонавага слою i магнiтасферы.

Паходжанне Месяца

— Самая модная на сёння гiпотэза сцвярджае, што Месяц утварыўся 4 млрд гадоў таму пры сутыкненнi двух нябесных целаў на канчатковай стадыi ўзнiкнення Зямлi, — расказвае Мiкалай Сцецюкевiч, — калi рэчыва пад уздзеяннем сiлаў цягацення злiпалася на арбiце Зямлi ў протапланеты. Злiпанне апошнiх дзвюх з iх — прота-Зямлi i яе сястры — прайшло не па цэнтры, а па датычнай. Пасля сутыкнення, частка рэчыва прота-Зямлi была выкiнута ў космас i ўтварыла Месяц, а сястра-прота- планета апусцiлася ў Зямлю, "растварылася" ў ёй. Аналiз месяцовых парод паказаў, што яны бедныя на цяжкiя элементы i што лятучыя элементы, якiя знаходзяцца ўнутры Зямлi, на Месяцы ўвогуле адсутнiчаюць. Гэта пацвярджае вышэйпрыведзеную гiпотэзу. Можна сцвярджаць, што месяцовае рэчыва пры ўтварэннi спадарожнiка было моцна нагрэтае (з-за чаго знiклi лятучыя элементы), а адсутнасць цяжкiх элементаў сведчыць пра тое, што пароды, якiя ўтвараюць Месяц, былi выкiнуты з паверхневых слаёў прота-Зямлi.

Цi ёсць жыццё на Месяцы?

Члены экспедыцыi Апалон-12 прывезлi на Зямлю апаратуру, унутры якой захавалiся бактэрыi Strерtососсus mitis, занесеныя туды яшчэ пры зборцы, перад адпраўкай на Месяц. Два гады бактэрыi iснавалi ў жорсткiх месяцовых умовах у стане анабiёзу i выжылi.

— Практыка паказала, што менавiта ў стане анабiёзу бактэрыi вытрымлiваюць вельмi жорсткiя ўмовы, — гаворыць вучоны, — але дзялiцца i размнажацца яны не могуць, проста ператвараюцца ў споры. Ёсць гiпотэза, згодна з якой жыццё iснуе ўсюды, але ў асноўным якраз у выглядзе спор. Яны плаваюць у космасе, а калi трапляюць у спрыяльныя ўмовы, — пачынаюць эвалюцыянаваць.

Прыкмет уласнага месяцовага жыцця на прыродным спадарожнiку Зямлi пакуль знойдзена не было. Затое ўжо знойдзена шмат дзiўных фiзiчных аб’ектаў незразумелага паходжання, напрыклад, цiкавых формаў рэльефу. Ёсць далiны, якiя нагадваюць лыжню, з шырынёй каляiны каля 20 км; далiны, падобныя на рэчышча перасохлых рэк; ёсць гiганцкая прамая сцяна, створаная быццам пад лiнейку. Ёсць кратары з "хвастамi" (слядамi нейкай вадкай кампаненты, якая калiсьцi выцякала з iх), кратары з дзiўным (пасечаным) рэльефам дна. Ёсць "масконы" (ад англ. "mаss соnсеntrаtiоn") — вобласцi высокай шчыльнасцi. Яны былi знойдзены, калi вакол Месяца запускалi першыя спадарожнiкi, каб падрыхтаваць высадку людзей. Над масконамi з-за незвычайна моцнай сiлы прыцягнення спадарожнiкi "правальвалiся".

— Загадак на Месяцы шмат — гэта бясспрэчна, — дзелiцца меркаваннямi Мiкалай Сцецюкевiч. — Былi знойдзены ўзгоркi невядомага паходжання, каменне са слядамi выцякання з iх нейкай вадкай кампаненты. Экспедыцыя Апалон-17 знайшла на паверхнi Месяца пароду аранжавага колеру — яе паходжанне таксама невядома. Аднак, на маю думку, версiя аб iншапланецянах, якiя пануюць цi раней панавалi на Месяцы, вельмi надуманая. СМI любяць мусiраваць гэтую тэму, прыводзiць "доказы", але далей няякасных размытых фотаздымкаў справа не iдзе. Трэба абапiрацца на правераныя крынiцы, напрыклад, на фота з архiваў NАSА, дзе захоўваюцца ўсе здымкi, зробленыя падчас месяцовых экспедыцый. Яны дазваляюць усё дакладна разглядзець. Калi б i былi знойдзены нейкiя незвычайныя яўныя артэфакты, iх даўно б нам паказалi. У чалавека заўсёды было жаданне знайсцi ў космасе падобных да сябе. Яно i вымушае пладзiць вобразы, шукаць усюды сляды iншага розуму. Асабiста ў мяне няма даных, якiя б пацвярджалi наяўнасць на Месяцы iншых цывiлiзацый.

Значэнне Месяца

Прылiвы i адлiвы — гэта самы вiдавочны фактар уплыву Месяца на жыццё нашай планеты. Пад уздзеяннем яго прылiўных сiлаў паверхня вады i зямлi то павышаецца, то апускаецца. Амплiтуда на цвёрдай паверхнi дасягае 70 см, на воднай гладзi — 5—10 метраў.

— Калi б у нас не было Месяца, не было б i жыцця на Зямлi, — працягвае вучоны. — Месяц раней знаходзiўся значна блiжэй да Зямлi, чым зараз. Пад яго ўздзеяннем прылiўная хваля пастаянна "гуляла" па сушы, забяспечвала яе арашэнне. Улiчыце, што суткi на Зямлi тады ледзь перавышалi гадзiну, а прылiўная хваля ў вышыню дасягала аднаго кiламетра. Цесны кантакт цвёрдай i воднай паверхнi стварыў спрыяльныя ўмовы для эвалюцыi прасцейшых арганiзмаў.

Яшчэ адзiн важны момант — Месяц стабiлiзуе вось Зямлi. Сама вось прэцэсiруе (хiстаецца, як стрыжань дзiцячай цацкi юлы, якая збiраецца ўпасцi), аднак, дзякуючы падтрымцы Месяца, робiць гэта з перыядам у 22 тысячы гадоў. Калi Месяц раптам знiкне, вось Зямлi будзе прэцэсiраваць куды больш актыўна. Пры гэтым знiкне само паняцце клiмату, не застанецца нiчога пастаяннага: аледзяненнi будуць змяняцца спёкай i засухамi. Выжыць у такiх жорсткiх умовах вышэйшыя арганiзмы не здолеюць.

На жаль, наш братка-Месяц паступова аддаляецца ад Зямлi. З-за чаго гэта адбываецца, вучоныя яшчэ не высветлiлi. Але ўжо вядома, што страта прыроднага спадарожнiка абернецца катастрофай.

Выкарыстанне Месяца

Па-першае, яго можна выкарыстаць як базу для касмiчных палётаў (у прыватнасцi, на Марс). З месяцовых парод можна здабыць палiва, а не дастаўляць яго з Зямлi. Там жа на Месяцы правесцi зборку самога касмiчнага карабля i запусцiць яго са значна меншымi затратамi (месяцовая сiла прыцягнення ў 6 разоў меншая, чым на Зямлi).

Па-другое, на Месяцы можна разгарнуць маштабныя навуковыя даследаваннi ва ўмовах вакуума. Размясцiць вакуумную вытворчасць.

Па-трэцяе, Месяц можа стаць невычэрпнай скарбнiцай энергарэсурсаў.

— У вынiку тэрмаядзернай рэакцыi, якая праходзiць на Сонцы, вадарод пераўтвараецца ў гелiй (так званы гелiй-4, Hе-4), — тлумачыць Мiкалай Сцецюкевiч. — Гэта альфа-часцiцы, якiя распаўсюджваюцца разам з патокам сонечнага паветра. Аднак частка вадароду перагарае ў гелiй-3 (Hе-3). Яго можна выкарыстоўваць як ядзернае палiва, пры гэтым выдзяляецца гiганцкая колькасць энергii. На нашай планеце Hе-3 вельмi мала (сонечная плазма не дасягае Зямлi, затрымлiваецца магнiтасферай). А вось месяцовы грунт за мiльярды гадоў назапасiў яго багата. Калi яго выдалiць з месяцовай пароды, мы атрымаем крынiцу тэрмаядзернай энергii, якая забяспечыць патрэбы чалавецтва на многiя стагоддзi.

Чацвёртая "сфера прымянення" Месяца датычыцца нашай бяспекi.

— У чалавецтва ёсць праблема выжывання. Адна з праблем — астэроiдная i каметная небяспека. Калi нябеснае цела сутыкнецца з Зямлёй, наступствы будуць жудаснымi. Зямля такое перажывала не аднойчы i кожны раз яе бiясфера знiшчалася ледзь не цалкам. Прадказаць з’яўленне такой пагрозы немагчыма. Адзiнае выйсце — перасяляцца на iншыя планеты. Месяц — самае блiзкае i прыдатнае нябеснае цела. Акрамя таго, з Месяца можна праводзiць перахоп камет i астэроiдаў, якiя пагражаюць нашай планеце (там гэта рабiць значна прасцей, чым з Зямлi).

Iнга МIНДАЛЁВА.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Месяц заўсёды вабіў чалавека сваёй таямнiчасцю, загадкавасцю. Яшчэ некалькi стагоддзяў таму ўсур’ёз разглядалася версiя аб iснаваннi на Месяцы разумна
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика