На дзяржаву спадзявайся, але і сам не спi ў шапку
На дзяржаву спадзявайся, але і сам не спi ў шапку
Адны працуюць удумлiва, творча, а iншыя — абы дзень да вечара Гродзеншчына ўжо традыцыйна з’яўляецца лiдарам у краiне па шэрагу пазiцый развiцця аграпрамысловага комплексу. Але гэта не азначае, што можна, як кажуць, спачываць на лаўрах. У рэгiёне бачаць i прынцыпова ацэньваюць свае недахопы, рэзервы, пра што сведчыць падрыхтаваны нядаўна Камiтэтам па сельскай гаспадарцы i харчаваннi аблвыканкама аналiтычны матэрыял аб стане i перспектывах развiцця аграпрамысловага комплексу вобласцi. Вось толькi некаторыя факты для роздуму i, вядома ж, канкрэтных дзеянняў. Умовы падобныя, а эфектыўнасць працы рознаяЛiчбы — рэч аб’ектыўная, аднак так званая "сярэдняя тэмпература па бальнiцы" не павiнна засланяць вынiкi кожнага канкрэтнага прадпрыемства. Мяркуйце самi. За тры гады рэалiзацыi Дзяржаўнай праграмы адраджэння i развiцця вёскi на 2005—2010 гг. валавы аб’ём сельскагаспадарчай прадукцыi павялiчыўся ў Гродзенскай вобласцi на 20,6 працэнта. На перапрацоўчых прадпрыемствах мяса-малочнай прамысловасцi рост аб’ёму таварнай прадукцыi склаў 37,5 працэнта. Дзякуючы значнай дзяржаўнай дапамозе ў набыццi сучаснай тэхнiкi, мiнеральных угнаенняў, сродкаў аховы раслiн, удасканаленню структуры пасеваў, паляпшэнню культуры земляробства ўзрастаюць ураджаi асноўных сельскагаспадарчых культур. У прыватнасцi, летась атрымана 4,3 мiльёна тон кармавых адзiнак, што на 11,5 працэнта больш у параўнаннi з 2006 годам. Вытворчасць збожжа павялiчылася на 16 працэнтаў, кукурузы — у 3,4 раза, алеенасення рапсу — на 39 працэнтаў, агароднiны — на 42. Зрэшты, нiякай эйфарыi тут быць не можа. I перш за ўсё таму, што з году ў год не забяспечваецца патрэбнасць жывёлагадоўлi ў зернефуражы, штогод яго не хапае мiнiмум 300 тысяч тон. Асноўная прычына ў тым, што значная колькасць сельгаспрадпрыемстваў i нават асобныя раёны атрымлiваюць нiзкiя ўраджаi. Летась прыкладна ў палове гаспадарак вобласцi ўраджайнасць збожжавых i зернебабовых культур склала менш за 30 цэнтнераў з гектара, а ў чатырнаццацi — не дасягнула нават 20 цэнтнераў. Такiм чынам, нягледзячы на значную дапамогу, шэраг сельгаскааператываў знаходзiцца ў працяглым застоi i не рухаецца наперад. Пры гэтым вялiзная рознiца ў эфектыўнасцi работы на зямлi, лiчаць у абласным Камiтэце па сельскай гаспадарцы i харчаваннi, у абсалютнай большасцi не звязана з прыродна-клiматычнымi ўмовамi, месцараспалажэннем, урадлiвасцю глебы. Проста адны працуюць удумлiва, творча, а iншыя — абы дзень да вечара. Дарэчы, нi ў адной з 31 рэарганiзаванай стратнай сельгасарганiзацыi аб’ёмы вытворчасцi не скарацiлiся. Да прыкладу, больш чым удвая павялiчана вытворчасць прадукцыi ў сельскагаспадарчым фiлiяле "Нязбодзiчы" Ваўкавыскага мясакамбiната i ў фiлiяле "Ханчыцы" Гродзенскай тытунёвай фабрыкi. А на племптушкарэпрадуктары "Юбiлейны", якi ўвайшоў у склад ААТ "Гроднахлебапрадукт — ажно ў 3,8 раза. Камп’ютарныя тэхналогii патрабуюць квалiфiкаваных спецыялiстаўСёлета Гродзеншчына выходзiць на сярэднi надой 4700—4750 кiлаграмаў ад каровы, а ў наступным годзе павiнна забяспечыць пяцiтысячны рубеж малочнай прадуктыўнасцi. Стаўка i надалей будзе рабiцца на еўрапейскiя тэхналогii ўтрымання дойнага статка. Але пры гэтым трэба разумець, што новыя фермы з сучаснымi камп’ютарамi патрабуюць адказных i iнiцыятыўных спецыялiстаў. Iнакш справа будзе правалена i такiя прыклады ўжо ёсць. Справа ў тым, што адсутнасць на ферме з даiльнай залай квалiфiкаванага заатэхнiка-селекцыянера i ветурача-гiнеколага губiць усю iдэю тэхналогii. Без дакладнага ўлiку фiзiялагiчных асаблiвасцяў жывёлы каровы выбываюць у прамежку памiж другой i трэцяй лактацыямi, а гэта — вялiкiя эканамiчныя страты. У асобных гаспадарках ужо не хапае цялушак для замены кароў, якiя падлягаюць выбракоўцы. Хоць на цялушках можна зарабляць някепскiя грошы — па сем долараў за кiлаграм жывой вагi. Адсюль выснова — займацца падборам спецыялiстаў i не шкадаваць для iх дастойнай зарплаты. Паколькi на дзесятку ялавых кароў альбо такiх, якiя выбылi пасля першай лактацыi, i недаатрыманых па гэтай прычыне цялят гаспадаркi страчваюць у дзесяць разоў больш у параўнаннi з расходамi на ўтрыманне заатэхнiка-селекцыянера альбо ветурача-гiнеколага з зарплатай паўтара мiльёна рублёў. Дарэчы, летась сярэднямесячная зарплата аднаго работнiка ў сельскай гаспадарцы склала толькi 425 тысяч рублёў — 59 працэнтаў ад узроўню на прамысловых прадпрыемствах вобласцi. Мусiць, i па гэтай прычыне сёння маецца 80 вакансiй на пасады галоўных спецыялiстаў гаспадарак, у тым лiку 12 — галоўных аграномаў, 18 — галоўных заатэхнiкаў, 12 — галоўных ветурачоў, 10 — галоўных iнжынераў. Як сведчыць аналiз, па заканчэннi абавязковага двухгадовага тэрмiну адпрацоўкi амаль палова маладых спецыялiстаў пераязджае з гаспадарак у гарады i раённыя цэнтры. Але як жа забяспечыць рост зарплаты? Безумоўна, толькi за кошт павелiчэння даходаў ад рэалiзацыi прадукцыi i маштабнага пераходу на высокапрадукцыйныя тэхналогii ў земляробстве i жывёлагадоўлi. А таксама дзякуючы стварэнню падсобных вытворчасцяў, рамёстваў, сумесных фiлiялаў з прамысловымi прадпрыемствамi. I яшчэ адзiн каласальны рэзерв — скарачэнне сабекошту вытворчасцi. У прыватнасцi, фактычны расход кармоў на адзiнку прадукцыi ў сярэднiм перавышае нарматыўны ўзровень па вытворчасцi малака на 10 працэнтаў, па прывагах буйной рагатай жывёлы — на 32,9, прывагах свiней — на 14,4 працэнта. Толькi за кошт недапушчэння перарасходу кармоў выдаткi вытворчасцi можна скарацiць больш чым на 73 млрд рублёў. Прычым, каб павучыцца рацыянальнаму гаспадаранню пры вытворчасцi той жа свiнiны, не трэба ехаць за мяжу. Ужо сёння ў лепшых сельгаспрадпрыемствах Гродзеншчыны на адзiн цэнтнер прывагi расходуюць кармоў у паўтара раза менш, чым у кааператывах з высокiм затратным механiзмам. Кныры сусветнага стандартуУсё пагалоўе свiней у самай блiзкай перспектыве на Гродзеншчыне мяркуецца сканцэнтраваць на комплексах з найноўшай тэхналогiяй. У Шчучыне ўжо створаны цэнтр селекцыi, дзе фармiруецца генетычная аснова мясной свiнагадоўлi. Мэта — нарасцiць вытворчасць разам з павышэннем племянных якасцяў свiней, пры гэтым выкарыстоўваючы значна менш кныроў, чым было дагэтуль. Для канкрэтнага пакупнiка ў краме цi на рынку вынiкам новай тэхналогii павiнна стаць свiнiна не з пяцi-шасцiсантыметровым па таўшчынi салам, а з высокай мяснасцю. Дарэчы, такую свiнiну вельмi ахвотна купляюць i экспарцёры. Хутка ў Шчучынскi цэнтр селекцыi ў свiнагадоўлi будзе завезена чарговая партыя элiтных хракоў мясной пароды з Германii, якiя паслужаць i сельгаскааператывам, i прысядзiбным гаспадаркам вобласцi. Прыватны сектар вельмi хутка адрэагаваў на генетычныя перавагi свiней — з паловы раёнаў Гродзеншчыны людзi прыязджаюць у цэнтр за насенным матэрыялам, штомесяц купляючы па 200 дозаў высакаякаснага бiялагiчнага прадукту для апладнення свiнаматак. Дарэчы, налета ў Гродзенскiм раёне плануецца пабудаваць племзавод па вырошчваннi кныроў сусветнага стандарту. А значыць, будзем не толькi з "датчанамi" i "канадцамi", але i з айчынным пагалоўем элiтных вытворцаў. Барыс ПРАКОПЧЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гродзеншчына ўжо традыцыйна з’яўляецца лiдарам у краiне па шэрагу пазiцый развiцця аграпрамысловага комплексу. Але гэта не азначае, што можна, як кажу |
|