ДА ДОБРАГА ДОМА ДЫ ДОБРУЮ Б ЗАРПЛАТУ
ДА ДОБРАГА ДОМА ДЫ ДОБРУЮ Б ЗАРПЛАТУ
Пра недахоп спецыялістаў у сельскай гаспадарцы даводзiлася чуць часта. Праблема iснуе, але не ва ўсiх сельгаскааператывах яна стаiць востра. Адным словам, вакантных месцаў хапае, але людзi не спяшаюцца ўладкавацца на працу ў сельгаскааператывы. У большасцi раёнаў Брэстчыны чакаюць галоўных аграномаў, ветурачоў, даярак, механiзатараў... Запатрабаваныя спецыялiсты прыкладна дваццацi прафесiй. Найбольшы недахоп у Пружанскiм раёне. Тут 8 гаспадарак гатовыя прадаставiць працу спецыялiстам, а вось у Ганцавiцкiм — толькi адзiн сельгаскааператыў.Здавалася б, перад беспрацоўнымi i тымi, хто толькi набыў сельскагаспадарчую прафесiю, адкрываецца перспектыва — ёсць магчымасць выбраць месца працы, а гэта ўжо нямала. У ААТ "Роўбiцкае" могуць прыняць 11 чалавек па сямi спецыяльнасцях. Гаспадарцы патрэбныя: аграном, галоўны ветурач, тры токары... Вёска Роўбiцк знаходзiцца на самым ускрайку Пружанскага раёна — мяжуе з Белавежскай пушчай. І, напэўна, туды нехта i паехаў бы — мясцiны знакамiтыя, да райцэнтра хоць i далекавата, але даехаць можна. Самая вялiкая праблема звязаная з зарплатай, бо 320 тысяч для галоўнага ветурача — мала. Успомнiм, што сярэднi заробак па краiне — пад 800 тысяч, ды нават дворнiк у горадзе атрымлiвае трыста. Сур’ёзны спецыялiст на такiя грошы не пойдзе. Праўда, той, хто пойдзе працаваць у сельгаскааператыў, атрымае "дом сядзiбнага тыпу". Я вырашыў даведацца наконт жылля больш падрабязна. Высветлiлася, што ў Роўбiцку, цэнтральнай сядзiбе гаспадаркi, дамы яшчэ толькi будуць узводзiцца, але ёсць некалькi ў вёсцы Чадзель, а гэта за 8 км ад Роўбiцка. Два-тры спецыялiсты могуць жыллё атрымаць, а астатнiм давядзецца крыху пачакаць. Жыллё абяцаюць ва ўсiх сельгаскааператывах, але тут iснуе разбежка. У гаспадарцы "Ўцёс" Баранавiцкага раёна даюць двухпакаёвыя кватэры без выгод, а ў большасцi СВК прапануюцца "дамы сядзiбнага тыпу", якiя таксама неаднолькавыя. Гэта можа быць звычайная хата, як у сельгаскааператыве "Мiлейкi" Iвацэвiцкага раёна, цi дом, узведзены па дзяржаўнай праграме. Але дзеля справядлiвасцi скажу, што ў "Мiлейках" у перспектыве спецыялiсты могуць атрымаць i новыя дамы з выгодамi. I ветурачу тут абяцаюць зарплату ў 450 тысяч, а галоўнаму энергетыку — паўмiльёна. Рознiца ў зарплаце, паводле афiцыйнай iнфармацыi, неiстотная. Вось у СВК "Праца" Пiнскага раёна галоўнаму заатэхнiку ўстаноўлена зарплата ў 350 тысяч, а iнжынеру-энергетыку i таго меней — 300 тысяч рублёў. I ўсё ж з 32 гаспадарак, якiя запрашаюць да сябе на работу, самая высокая зарплата прапаноўваецца ветурачу ў СВК "Узыходная зара" Кобрынскага раёна. Доктару даюць 710 тысяч, але яму давядзецца жыць у iнтэрнаце. Дарэчы, гэта адзiная гаспадарка, якая не выдзелiла асобнага жылля. Але ж тут адносна высокi заробак. Выбар у чалавека невялiкi, але ён ёсць. Напрыклад, у СВК "Лунiнскi" i "Новае Палессе" Лунiнецкага раёна хоць зарплата для спецыялiстаў невялiкая, але ёсць магчымасць атрымаць новыя дамы. Не ведаю, каму са спецыялiстаў у той цi iншай гаспадарцы аддаюць перавагу, але найбольш запатрабаваныя даяркi (аператары машыннага даення). У ААТ "Сухапаль" i "Радзiма" Пружанскага раёна патрэбны восем даярак — па чатыры на кожную гаспадарку. I зноў жа, у сельгаскааператыве "Лунiнскi" даярцы прапаноўваецца новы дом i зарплата ў 230 тысяч, а ў ААТ "Варанiлавiчы" Пружанскага раёна — 600 тысяч i сядзiбны дом — выбiрай. Безумоўна, гэта толькi на паперы ўсё гладка, а ў жыццi не заўсёды, бо здараецца, што дом адразу не даюць цi ён не такi, як хацелася б... Збiраючы матэрыял для гэтага артыкула, я называў сябе вет-урачом i выбiраў месца для работы. Перабраўшы некалькi гаспадарак, я так i застаўся сам насам са сваiмi сумненнямi. А вось што паведамiў сапраўдны вет- урач, якi ўжо на пенсii: — Можна было б працаваць i далей, але за такую зарплату вельмi многа клопату. А пакуль у людзей жывёла ёсць, то сёння паклiча адзiн, а заўтра другi... Я маю тыя ж грошы, i нiхто мяне не тузае. I ўвогуле, чалавек закончыў сельгасакадэмiю, дыпламаваны спецыялiст, а яму сто еўра ў месяц... I адзiны стымул, якi яшчэ можа прыцягнуць квалiфiкацыйныя кадры ў шэраг гаспадарак — гэта жыллё. Кiраўнiкi сельгаскааператываў на гэты фактар i робяць стаўку. — Калi не будуць узводзiцца дамы па дзяржаўнай праграме, то спецыялiсты разбягуцца, — заяўляюць яны ў адзiн голас. У некаторых гаспадарках так i будзе, а ў другiх, дзе зарплата высокая, вялiкай праблемы са спецыялiстамi няма. А што датычыцца такiх прафесiй, як ветурач, аграном, заатэхнiк, то людзi працуюць дзесяцiгоддзямi i часта жывуць у сваiх дамах. Значыць, калi спецыялiстам плацяць прыстойную зарплату, то пытання з кадрамi няма. Нiхто не аспрэчвае, што атрымаць добры дом кожны хацеў бы, але ж яго яшчэ неабходна будзе прыводзiць у парадак, абстаўляць пакоi, гадаваць дзяцей, а пры зарплаце ў 300 тысяч зрабiць гэта нялёгка, i бываюць выпадкi, калi чалавек адпраўляецца шукаць шчасця ў iншым месцы, але гэта можна лiчыць выключэннем — жыллё моцна трымае. А зараз падвядзём рысу. Якiм бы заняпалым сельгаскааператыў нi быў, а там патрэбен аграном i ветурач таксама. А адкуль узяць высокую зарплату калi прыбытку ў гаспадарцы няма? У адным СВК так i сказалi: "Вось вырастуць надоi, то павысiцца i зарплата". Але калi ў чалавека мiзэрны заробак, то спадзявацца, што ён будзе на рабоце гарэць, укладваць у яе душу, не даводзiцца. Чалавек будзе думаць, каб нешта мець ад уласнай гаспадаркi цi ўхапiць "левыя" грошы, а работа на трэцiм плане — ён ёю не даражыць i трымаць спецыялiста можа толькi дом. Як бачым, адно выцякае з другога i ўсё ўзаемазвязана. I яшчэ. Запрашаюцца спецыялiсты, i калi яны знойдуцца, то цi заўсёды на такую зарплату iдуць прафесiяналы ў сваёй справе? Вось i атрымлiваюць "новыя дамы" i "дамы сядзiбнага тыпу" не самыя лепшыя. У тым, што ў нашай краiне захавалася з савецкага часу сельскагаспадарчая сiстэма, магчыма, больш плюсоў, чым мiнусаў, але ж i ёй патрэбна рэарганiзацыя. Сельскую гаспадарку неабходна прыстасаваць да рэалiй сённяшняга дня. I калi ў тым цi iншым сельгаскааператыве ўзводзяцца дамы за дзяржаўны кошт, то хацелася б ведаць: цi ёсць у гэтай гаспадарцы будучыня, бо ў перспектыве выжывуць толькi самыя моцныя. Сымон Свiстуновiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра недахоп спецыялістаў у сельскай гаспадарцы даводзiлася чуць часта. Праблема iснуе, але не ва ўсiх сельгаскааператывах яна стаiць востра. Адным сло |
|