Не так крыўдна было б, калi б грошы i час патрацiла, але справу зрабiла
Не так крыўдна было б, калi б грошы i час патрацiла, але справу зрабiла
Бяда, як вядома, адна не ходзiць. Пасля смерцi мужа высветлiлася, што пражыўшы разам 48 гадоў, я не нажыла нiчога. Праз шэсць месяцаў давялося збiраць дакументы, каб перааформiць дом на сваё iмя. Узяла даведкi з калгаса, з сельсавета, першы раз паехала ў Добруш у БТІ. Прынялi мяне там, сказалi: "Плацiце 62 тысячы рублёў, мы праз тыдзень прыедзем i ваш дом абмераем". Я заплацiла, яны — не падманулi, роўна праз тыдзень прыехалi. Што мераць, што не, я iм, зразумела ж, не камандавала. Яны мералi самi, усё, нават дашчатыя хлеўчукi, якiм больш чым 20 гадоў. Праз тыдзень на маё iмя прыйшло пiсьмо з квiтанцыяй на 15 тысяч 500 рублёў. Аплацiць iх трэба было ў банку. Трэба, значыць трэба, аддала. З квiтанцыяй аб аплаце зноў паехала ў Добруш. Сказалi, што трэба яшчэ 7 тысяч за афармленне, i выдалi "Ведомость технических характеристик". З гэтымi паперамi я была ў натарыуса. Там аформiлi спадчыну на маё iмя, а вось па тэхнiчны пашпарт на дом зноў адправiлi ў БТI . Паехала, пачула, што трэба заплацiць яшчэ 105 тысяч за зямлю i пад’ехаць да архiтэктара. Там перакапiравалi ўсе абмеры i ўзялi яшчэ 72 тысячы рублёў. Да таго ж больш чым 50 тысяч я праездзiла на аўтобусе... Не так, можа, крыўдна было б, калi б грошы i час патрацiла, але справу зрабiла. А так... Дом наш — так званы чарнобыльскi, пабудаваны ў 1986—87-м гадах. Мы прапiсалiся ў iм у красавiку 1988-га. Прычым не першымi, да нас тут людзi жылi, але выехалi, бо не было цэнтралiзаванага ацяплення (газ падвялi толькi ў 1996-м). Мы ж засялiлiся летам i нябожчык муж адразу стаў будаваць хлеўчукi — з шалёвачных дошчак, з чаго папала, абы стрэхi, абы скласцi дровы ды брыкет, якога на сезон патрэбна было 5—6 тон. А ў той "Ведомости технических характеристик" (выдалi яе, зазначу, яшчэ летась, у пачатку снежня) напiсана, што дом пабудаваны ў 1990-м, а халупкi, якiя муж прыбудаваў — у 1995-м. Адкуль яны гэта бралi, не ведаю, бо ў мяне, калi прыязджалi рабiць абмер, нiчога не пыталiся. Архiтэктар, калi была ў яго, яшчэ падзiвiўся, спытаў, навошта, маўляў, хлеўчукi было мераць — яны ж без падмурка? Але самае крыўднае, што столькi заплацiўшы са сваёй сцiплай пенсii i столькi паездзiўшы са сваiм здароўем i горам, пашпарт на дом я не атрымала дагэтуль. Вось i думаю, наколькi ўперад прасцей было: памёр мужык, — сельскi Савет перапiсаў дом на жонку, памерла жонка — на мужыка. I справе канец. А.Б. Катлярэнка, в. Васiльеўка, Добрушскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Самае крыўднае, што столькi заплацiўшы са сваёй сцiплай пенсii i столькi паездзiўшы са сваiм здароўем i горам, пашпарт на дом я не атрымала дагэтуль.
|
|