Акцыі могуць стаць выгадным бiзнэсам...
Акцыі могуць стаць выгадным бiзнэсам...У наступным годзе, як мяркуецца, курс беларускага рубля да долара будзе знаходзiцца
ў межах 2000—2200 рублёў за адзiн долар. Прынамсi, так прагназуе праект Асноўных
напрамкаў грашова-крэдытнай палiтыкi на 2009 год. Ёсць у гэтым дакуменце i новаўвядзенне,
якое спецыялiсты не лiчаць нечаканым: размова — пра прывязку курса беларускага
рубля да кошыка замежных валют, у склад якой увойдуць долар, еўра i расiйскi рубель.
Адна з мэтаў падобнага кроку — павысiць гiбкасць кiравання курсам нацыянальнай
валюты i ўмацаваць яе стабiльнасць.
— Прывязка да кошыка валют абсалютна правiльнае рашэнне, — лiчыць эксперт "Звязды", дэкан эканамiчнага факультэта БДУ, прафесар Мiхаiл Кавалёў. — Нестабiльнасць пары долар/еўра, калi долар усё больш падае, вымушае прымаць i адпаведныя захады. Прывязвацца толькi да долара — значыць завозiць у краiну iнфляцыю з-за мяжы. На першы погляд здаецца, што ў такiм выпадку для насельнiцтва ўжо не будзе дакладнага арыенцiру, як раней. Аднак гэта не зусiм так: Нацыянальны банк паабяцаў, што хiстаннi курса беларускага рубля да долара будуць у дыяпазоне плюс/мiнус 5 працэнтаў. Гэтая "вiлка" дае насельнiцтву магчымасць разабрацца ў сiтуацыi. Калi падзенне долара ў сусветным маштабе будзе працягвацца (курс пойдзе далей 1,6 долара за еўра), у гэтым выпадку трымальнiкi "зялёных" дэпазiтаў у банках страцяць каля 5 працэнтаў за год. Гэта значыць, людзi, якiя паклалi грошы, скажам, пад 9 працэнтаў гадавых, фактычна атрымаюць да канца года толькi 4 працэнты. А, магчыма, i крыху менш, калi падзенне USD будзе вельмi моцным на сусветных рынках. Зразумела, у той час, калi долар быў больш-менш стабiльным, i цэны вымяралi ў доларах, а насельнiцтва прызвычаiлася да гэтай валюты, было правiльным i прывязваць беларускi рубель да долара. Цяпер ён будзе прывязаны не толькi да долара, але i да еўра, расiйскага рубля. Таму сутачныя хiстаннi курса будуць насельнiцтву менш зразумелымi, але, паўтаруся, для людзей важна разумець адно — на працягу года курс нацыянальнай валюты ўсё роўна будзе знаходзiцца ў межах 2000—2200 рублёў за долар. — Мiхаiл Мiхайлавiч, мабыць, тут важна ўзгадаць i тое, што ў адрозненне ад мiнулых гадоў, калi ў знешнеэканамiчных разлiках пераважалi долары, то цяпер iстотна павысiлася доля i еўра, i расiйскiх рублёў. — Гэта ўжо датычыцца суб’ектаў гаспадарання. Айчынным прадпрыемствам, якiя паступова пераходзяць на разлiкi ў еўра i расiйскiх рублях, будзе больш зручнай прывязка нацыянальнай валюты да кошыка замежных валют. Такiм чынам, яны змогуць больш дакладна прагназаваць, якую выручку ў беларускiх рублях атрымаюць, калi прададуць, напрыклад, трактар у Расiю цi iншую краiну свету. — Мiж iншым, на пачатку нашай гутаркi вы ўзгадалi пра магчымыя страты трымальнiкаў дэпазiтаў у доларах, калi курс апошняга будзе падаць i надалей. Аднак зараз назiраецца няхай i не iстотнае, але ўмацаванне "амерыканца". — Думаю, гэта часовая з’ява. Фiнансавымi ўладамi ЗША i Еўропы прадпрымаюцца спробы, каб адкацiць назад курс еўра: яны намагаюцца вярнуць яго на ўзровень 1,5 долара за еўра. А вось эканамiчных перадумоў для гэтага няма. Дарэчы, калi на выбарах у Злучаных Штатах пераможа Абама, то долар можа ўмацавацца на мяжы 1,4—1,5 долара за еўра ў наступным годзе. — Вяртаючыся да прагнозаў: у наступным годзе запланаваны больш высокi ў параўнаннi з прагнозам на сёлета ўзровень iнфляцыi. Трэба меркаваць, што сусветныя тэндэнцыi i тут напрамую закранаюць наша насельнiцтва. — Пазбегнуць росту iнфляцыi, што б мы нi рабiлi, нельга: у сусветным маштабе, як мяркуецца, цэны на харчаванне будуць i надалей расцi. Як спажыўцу, мне непрыемна, што даражэюць хлеб, мяса, малако. Але я разумею, што гэта непазбежна. Аднак заўважу, што ў такiм выпадку датацыi, якiя мы давалi сельскай гаспадарцы, неабходна накiраваць на павелiчэнне тых жа пенсiй: пры высокiх цэнах на харчаванне сельская гаспадарка можа абысцiся i без датацый. Зразумела, калi малако ў суседзяў у паўтара раза даражэйшае, чым у нас, то лепш цэны на гэты прадукт выраўняць. Што ж датычыцца далейшага росту цэнаў на харчаванне, то яно вiдавочнае. Паглядзiце, як растуць цэны на ўгнаеннi. Калi некалькi гадоў таму тона калiю каштавала каля 150 долараў, то сёння на сусветным рынку яе кошт ужо складае 1 тысячу долараў. Зразумела, што гэта падстава для падаражання вытворчасцi харчавання. Але галоўная прычына — рэакцыя на высокую цану на нафту. І цана на яе пры ўсiх хiстаннях ужо нiколi не апусцiцца нiжэй за 100 долараў за барэль. Эканомiка пераходзiць да свайго раўнавагавага стану: больш высокiя цэны на харчаванне, транспарт, жыллёва-камунальныя паслугi, але i больш высокiя зарплаты. Мы станем атрымлiваць такую ж высокую зарплату, як у Расii, але будзем плацiць за харчаванне i паслугi столькi ж, колькi плацяць i там. У вынiку паменшыцца i адток кадраў у гэтую краiну: навошта ехаць працаваць на будоўлях Падмаскоўя, калi столькi ж можна зарабiць на будоўлях у Мiнску?.. — Здаецца, што прагноз у 9—11 працэнтаў, улiчваючы сусветныя тэндэнцыi, не такi ўжо i песiмiстычны. — У сённяшнiх умовах не песiмiстычны, у тым лiку i таму, што ў Беларусi пакуль цэны на харчаванне адстаюць ад суседнiх краiн, а iх трэба выраўноўваць. Непазбежнае i падаражанне жыллёва-камунальных паслуг. Аднак непазбежны i рост зарплаты. Прычым, згодна з запланаванымi паказчыкамi, тэмп росту зарплаты будзе апераджаць iнфляцыю. I рэальныя даходы насельнiцтва нiколькi не зменшацца. — А што датычыцца зберажэнняў? — Дэпазiты будуць расцi прыкладна тымi тэмпамi, з якiмi растуць намiнальныя даходы насельнiцтва. Мiж тым, пажадана было б, каб зберажэннi раслi хутчэй. На жаль, частка зарплаты, што накiроўваецца ў зберажэннi, па-ранейшаму не расце. Мяркую, што Нацыянальнаму банку неабходна распрацаваць новую праграму прыцягнення зберажэнняў насельнiцтва, каб змянiць сiтуацыю: у адрозненне ад кiтайскага насельнiцтва, якое зберагае 75 працэнтаў гадавой зарплаты, наш паказчык — толькi 15 працэнтаў. Вы бачыце, як шмат у Мiнску стала рэстаранаў, а вечарам у iх таксама цяжка атрымаць месца, як пры сацыялiзме. Што гаворыць пра наступнае: беларусы не прызвычаiлiся думаць пра будучае, i атрыманыя грошы людзi па-ранейшаму тут жа расходуюць. Гэта ж вельмi дрэнна як для людзей, так i для краiны ў цэлым. На мой погляд, пачатак працы па акцыянаваннi, па продажы акцый на бiржы дасць насельнiцтву яшчэ адзiн iнструмент для ўкладання зберажэнняў — магчымасць зарабляць на змяненнi бiржавых кацiровак. Будзем спадзявацца, што ў гэтых умовах банкам неабходна будзе больш старацца, каб прыцягваць грашовыя сродкi, а ў людзей з’явiцца альтэрнатыва. Фактычна ёсць некалькi iнструментаў для ўкладання зберажэнняў — банкi, жыллё, фондавы рынак. I кожны чалавек у адпаведнасцi са сваiмi магчымасцямi зможа выбраць той варыянт, якi найбольш яму падыходзiць. — Аднак пакуль той фондавы рынак яшчэ ўвойдзе ў "моду"?.. — Ён пачынае пакрысе працаваць, а купля-продаж акцый можа стаць выгадным бiзнэсам. Праўда, тут трэба будзе добра падумаць, што купляць, а што прадаваць? I без дапамогi кансультантаў, мабыць, у гэтай справе не абысцiся. Напрыканцы ўзгадаю яшчэ адзiн iнструмент для зберажэнняў — аблiгацыi банкаў. У апошнiх ёсць маса пераваг: напрыклад, iх можна перадаваць iншым асобам, а даходнасць па iх бывае нават вышэйшая, чым па дэпазiтах. Iгар ШЧУЧЭНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У наступным годзе, як мяркуецца, курс беларускага рубля да долара будзе знаходзiцца ў межах 2000—2200 рублёў за адзiн долар. Прынамсi, так прагназуе п |
|