21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

На бульбе

26.08.2009 10:27 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На бульбе

Адметнасць гэтага апавядання — ненадакучлiвы i арганiчны гумар. Гумар, якiм поўнiцца ўсё наша жыццё. Толькi зрэдку каму ўдаецца зiрнуць на сябе збоку. Зiрнуць i ўсмiхнуцца, як гэта робiць Вiктар Варанец з Гродна.

Вiктар КАЗЬКО.

Адметнасць гэтага апавядання — ненадакучлiвы i арганiчны гумар. Гумар, якiм поўнiцца ўсё наша жыццё. Толькi зрэдку каму ўдаецца зiрнуць на сябе збоку. Зiрнуць i ўсмiхнуцца, як гэта робiць Вiктар Варанец з Гродна.

На кафедры мне з парога абвясцiлi, што выклiкае дэкан. Што зробiш, пасля лекцыi я i пайшоў у дэканат. У кабiнеце сядзеў сам дэкан, якi вельмi падазрона ўзрадаваўся майму вiзiту.

— Мадэст Пятровiч! Радасць якая, што вы завiталi да нас. Сядайце, калi ласка. Ну як жыццё, даражэнькi?

Я сцiпла падзякаваў за клопат.

— Мадэст Пятровiч, у панядзелак вы з групай студэнтаў едзеце ў калгас на бульбу. Два тыднi на свежым паветры, вясковая ежа, лёгкi амурчык... Як я вам зайздрошчу! Рыхтуйцеся.

I ён, хуценька пацiснуўшы руку, выцiснуў мяне з кабiнета.

...Ранiцай мы, апошнi ратунак калгасаў, стаялi ў фае ўнiверсiтэта, хвалячыся адзiн перад адным гумавымi ботамi i харчовымi прыпасамi. Дарослых было сямёра: тры выкладчыкi i чатыры лабаранткi. Усе з розных кафедраў. Старэйшым з нас па ўзросце лiчыўся Фядот Мiхалыч — прадстаўнiк кафедры фiзiчнага выхавання. Ён заклапочана падыходзiў да кожнага i строга пытаўся:

— З сабой узялi?.. Там можа не быць.

Усе моўчкi кiвалi галавой. Лабаранткi былi нiчога сабе. Маладзенькiя i даволi прывабныя. Але канчаткова добра разгледзець iх я не паспеў, бо пратрубiў сiгнал ад’езду i я пагнаў свой атрад у аўтобус.

Калгас сустрэў нас у асобе няголенага дзядзькi са смярдзючай цыгаркай у роце. Адрэкамендаваўшыся загадчыкам участка, на якiм нам давядзецца працаваць, Сымонiк (так ён назваў сябе, але было гэта прозвiшча цi iмя, нiхто так i не зразумеў) правёў кароткую тлумачальную гутарку:

— Студэнты жыць будуць у старой школе, настаўнiкi — па хатах. Харчавацца — у клубе, там i кухня ёсць. Што запрацуеце, на тое i з’ясце. Як усё выкапаеце, дык i паедзеце дахаты. Зразумелi?

Мы зразумелi i пачалi размяшчацца. Будынак старой школы служыў прытулкам для многiх, вiдаць, пакаленняў капачоў. На даўно не фарбаваных сценах змяшчалася разнастайная iнфармацыя пра каханне, сэнс жыцця i некаторыя элементы iнтымна-пачуццёвага самавыяўлення... Апошнiм мазком невядомых мастакоў стала выява аголенай жанчыны з надпiсам ля ног: "Мне б такую!".

Раптам праз акно ўбачыў нашых лабарантак. Яны весела нешта (або некага?) абмяркоўвалi, кiруючыся да рэчкi за школай. Я вырашыў крыху блiжэй пазнаёмiцца з iмi. Але тут на маiм шляху з’явiўся Фядот Мiхалыч, якi з ходу прапанаваў правесцi агульны сход кiраўнiцтва атрадамi. Дзяўчатам давялося вяртацца назад. Сабралiся ў хаце, дзе кватараваў наш аксакал. Адразу было бачна, што з гаспадыняй ён поўнасцю паразумеўся. Яшчэ маладжавая кабета ўвiшна круцiлася каля плiты, не-не ды i кiдаючы нейкiя падазрона маслянiстыя позiркi на Фядота Мiхалыча. Ды той i сам адчуваў сябе па-свойску. Падышоў да гаспадынi, прыабняў яе за магутны стан i небывала пяшчотным голасам запытаў:

— Кацярынка, а цi будзе ў нас што на зуб пакласцi?

Нашы лабаранткi чамусьцi адразу пачырванелi. Кацярынка ж, наадварот, кiнулася ў камору i хуценька вярнулася з кавалачкам сала i парай салёных агуркоў. Праз хвiлiну ўсе ўжо сядзелi за накрытым сталом, запрасiлi сесцi i Кацярынку. Кожны выцягнуў свае прыпасы. Неўзабаве перад намi ўзвышалiся дзве бутэлькi гарэлкi, адна каньяку, адна самагону i тры вiна. Мне зрабiлася страшна. Тамадой, зразумела, стаў Мiхалыч.

— Пiць трэба па нарастаючай, — важна зазначыў ён i адкаркаваў каньяк. Дзяўчаты тут жа запiшчалi:

— Нам вiна! Мы не п’ём!..

— I правiльна, што не п’яце, — пагадзiўся Мiхалыч. — Але каб не зняважыць гаспадара каньяку, трэба крышачку пакаштаваць. — I ён разлiў бутэльку на ўсiх. Астатнiя маўчалi, канчаткова заблытаныя паняццем "па нарастаючай".

— А зараз п’ём за знаёмства. Кожны называе iмя сваё i выпiвае. I так па крузе.

Аказалася, што сярод нас дзве Юлi, адна Марта, Кацярынка, Мiхалыч, Макар i Мадэст. Каб не блытацца з Юлямi, светленькую вырашылi называць урачыста Юлiяна. Калi выпiлi гарэлку i самагон, з’явiлася непераадольнае жаданне заспяваць. Таму адправiлi ў атрад Макара, каб паглядзеў, цi там парадак, i прыцягнуў гiтару. I вось ужо Макар лянiва перабiрае струны, лежачы на каленях у Юлiяны, Мiхалыч гучным шэптам прапаноўвае Кацярынцы паглядзець Вялiкую Мядзведзiцу, а я моўчкi гляджу ў акно i з сумам думаю, што ўжо занадта стары для гэтых дзяўчатак. Тым часам Мiхалыч, спынiўшыся на паўслове, па-волатаўску захроп на ложку. Кацярынка клапатлiва прыкрыла яго нейкай радзюжкай. Цяпер ужо Макар стаў угаворваць Юлiяну зiрнуць на ўсё тую ж пакутную Вялiкую Мядзведзiцу. Я вырашыў калдыбаць да сябе ў хату. Але ў гэты момант устала з крэсла Марта.

— Мадэст Пятровiч, а ў вас ёсць фотаапарат?

Дзiўнае пытанне, я ж яго паўдня на шыi цягаў.

— Так, ёсць.

— А давайце сходзiм i возьмем. Пафатаграфуемся.

— Дык я i сам схаджу. Нашто табе ногi бiць? — здзiвiўся я. Марта не менш здзiўлена ўскiнула бровы, але прамаўчала i, апярэдзiўшы мяне, выйшла з хаты.

Непрыкметна сцямнела. На чыстым небе засмяяўся бяззубы месяц. А маленькiя зорачкi чамусьцi нагадалi мне службу ў армii. Во дзе было зорачак! Я адчуў, што за свае жанатыя гады зусiм забыўся, пра што гавораць з маладымi дзяўчатамi. I як з iмi сябе паводзяць, дарэчы? А вось i дом. Мы цiхенька прайшлi з Мартай у мой пакойчык. Дзесьцi далёка чуўся здаровы хроп гаспадара. Марта села на ложак, бо крэсла ў мяне не было. Я сеў побач.

— I што? — капрызна запытала дзяўчына. У мяне адразу нешта ў галаве перамкнула, i я, нечакана для самога сябе, загаласiў:

— "Ноч. Халодная зямлянка. Перастрэлка. Цiшыня."

— Ты што, дурань? — зацiкаўлена запытала Марта.

— Не! — з упэўненасцю супакоiў я.

— А-а-а, — працягнула яна. — Ты хочаш мяне спакусiць такiм чынам?

— Навошта? — ужо здзiвiўся я.

— Стары дзед! — канстатавала Марта i выскачыла з пакойчыка. Я хацеў правесцi яе, але ложак быў такi мяккi, а час такi познi, што, перадумаўшы, завалiўся спаць.

Ранiцай мяне падняў Мiхалыч.

— Ну што? — з нейкай надзеяй запытаў ён.

— Што — што? — перапытаў я.

— З Мартай што? — стары ажно аблiзнуўся ад нецярпення.

— Не ведаю. — Я спаць лёг, а яна ж да вас пайшла.

— Дурань! — упэўнена заявiў Мiхалыч i, канчаткова страцiўшы да мяне iнтарэс, выйшаў з хаты.

Калi пасля снедання мы пайшлi са студэнтамi ў поле, трактара з бульбакапалкай яшчэ не было. Значыць, трэба чакаць. Студэнты расцягнулiся па барознах i пачалi кiдацца бульбiнамi. Я залёг у густую мураву i вырашыў падумаць пра ўчарашняе. Але падумаць не ўдалося: недзе зароў трактар. Пачаўся бульбакоп...

Да абеду мы лёгка выканалi дзённую норму. Здзiўлены здзейсненым, трактарыст падышоў да мяне, працягнуў руку i вымавiў:

— Паважаю. З мяне ўвечары лiтр. А да вечара я як бы з вамi...

I, ускочыўшы ў кабiну, некуды хуценька з’ехаў. За ўдарную працу я абвясцiў, што ўвечары будзе ў клубе-сталоўцы дыскатэка. Усе тройчы крыкнулi "ўра", i мы пайшлi на абед. Хутка падцягнулiся i астатнiя атрады. Навiна пра вячэрнюю дыскатэку не вельмi ўсцешыла Фядота Мiхалыча, бо iснавала, на яго думку, пагроза мясцовай iнтэрвенцыi. А вось дзяўчатам гэта спадабалася. Яны адразу падляцелi да мяне i запыталiся:

— Мадэст Пятровiч, а для нас будзе асобная дыскатэка, цi мы разам са студэнтамi?

Я важна нахмурыў лоб, адчуваючы, як набываю сярод калег аўтарытэт i непазбежнае з гэтым лiдарства.

— Гэта пытанне прапрацоўваецца. Але, мяркую, не будзем адрывацца ад моладзi!

Другi раз за дзень я пачуў радаснае "ўра".

Студэнты зрабiлi амаль неверагоднае: з дабiтай апаратуры гучала музыка досыць прыстойна, саракаватовыя лямпачкi, пафарбаваныя ў розныя колеры гуашшу, мiльгацелi на сценах, а над галавой круцiўся нейкi шар, аблеплены кулiнарнай фольгай. Палову танцораў складалi госцi навакольных вёсак. Усiм было весела, у гарачым паветры выразна адчуваўся пах мясцовай самагонкi. Убачыўшы мяне, дыджэй Серж радасна заверашчаў у мiкрафон:

— А вось i зачынальнiк вясковага дыскатэчнага руху, суровы i вечна малады Мадэст Пятровiч. Вiтаем! — уся зала шчаслiва зараўла i запляскала ў далонi. — А зараз гучыць павольная эратычная кампазiцыя для нашага дарагога выкладчыка.

Хлопцы i дзяўчаты тут жа прылiплi адно да аднаго i пачалi хiстацца на месцы з боку ў бок. А да мяне нечакана падскочыла нейкае маладзенькае дзяўчо i з мiлай усмешкай прамовiла:

— А можна вас запрасiць на танец?

Я нават разгубiўся i не паспеў нiчога адказаць, але мой адказ i не быў патрэбны. Дзяўчына шчыльненька прылiпла да мяне i стала расхiствацца з усё большай амплiтудай. Я зразумеў, што ўжо танцую.

— А што вы маўчыце i не забаўляеце даму? — запытала мая партнёрка.

— А я саромеюся дзяўчат...

Дзяўчына весела засмяялася.

— Па вас не скажаш. А мяне, мiж iншым, Алёнай завуць. А вас Мадэстам Пятровiчам. Вы ў нас заняткi вялi ў тым годзе. Але, пэўна, мяне i не памятаеце.

— Памятаю, — не задумваючыся, схлусiў я.

— Не, вы памятаеце Кацьку Бовiну, бо яна з твару на мяне крыху падобная, але ў яе чацвёрты памер бюста, i ўсе выкладчыкi толькi туды i глядзяць, а на твар зрэдку для прыстойнасцi.

"Божухна! — падумалася мне. — Няўжо i я толькi туды i глядзеў? Бо той бюст я добра памятаю. Якi жах!"

Траскатня Алёны не спынялася нi на хвiлiну, i ад гэтага думкi неяк рассейвалiся па ўсёй галаве. Дзякуй Богу, скончылася музыка.

З палёгкай уздыхнуўшы, я накiраваўся да дзвярэй.

— А бульбу збiраць нам надакучыла, мы маладзенькага захацелi, мы дзяўчаткам вершыкi чыталi, — загучаў той жа знаёмы з’едлiвы голас. Ля акна стаялi Марта з Юляй i iранiчна пазiралi на мяне. Я абурыўся.

— А што вы тут робiце? А вячэра? А культурная праграма?

— Усё гатова. Нам толькi захацелася паглядзець, як забаўляюцца дарослыя дзядзечкi!..

...У дзяўчат было спакойна i ўтульна. Цiхенька iграла прыемная музыка, на стале ляжала нейкая смаката, народ выпiваў, закусваў i гаманiў. Маё з’яўленне выклiкала вiр эмоцый.

— Вiват вялiкаму арганiзатару дыскатэк! — зароў Мiхалыч.

— Вiват сэксуальнаму маньяку! — падтрымала яго Марта. Усе зарагаталi i дружна выпiлi за мяне. Я з ахвотай далучыўся да слоў Мiхалыча, абсалютна iгнаруючы злоснае дзяўчо па iменi Марта. Больш за тое, я пакрысе пачаў заляцацца да Юлi, клапатлiва падкладаючы ёй у талерку розныя закускi i забаўляючы крыху фрывольнымi анекдотамi. Гэтая справа, вiдаць, мне спадабалася, бо ў хуткiм часе я дазволiў сабе нават абняць Юлю за плечы i прашапацець ёй у вуха парачку камплiментаў (прынамсi, мне падалося, што гэта былi менавiта камплiменты). I тут нешта гучна бразнула. Я павярнуў галаву i ўбачыў, што Марты за сталом ужо няма. У пакоi павiсла цiшыня. Усе чамусьцi глядзелi на мяне. Куды мне трэба было глядзець, я не ведаў.

— Даганяй, — нарэшце вымавiў Мiхалыч, гледзячы проста ў вочы.

— А чаму я? — нiчога яшчэ не разумеючы, запытаўся я. — I што здарылася?

— Некаторыя, здавалася б, разумныя мужыкi ў жыццi дурнi дурнямi, — зазначыла Юлiяна.

Я цяжка ўздыхнуў i выйшаў з хаты. Зорнае неба здавалася халодным i чужым. Навокал панавала прыгнятаючая цiшыня, i мне тужлiва захацелася ў горад. Вочы паступова прызвычаiлiся да цемры, i я разгледзеў каля дрывотнi чыюсьцi постаць. Несумненна, гэта была Марта. Нiзка павесiўшы галаву, я падышоў да яе i паклаў руку на плячо. Яно было мяккiм i халодным. "Цiкава, дзе яна ўзяла хустку? Нiколi ж не насiла", — падумалася мне. Счакаўшы хвiлiну i бачачы, што адпору пакуль няма, паклаў i другую руку. А затым павольна павярнуў дзяўчыну тварам да сябе. I жахнуўся. На ўвесь велiзарны рот мне ўсмiхаўся гарбуз. Гэта было агароднае пудзiла!

— Ты праўда дурны, цi прыкiдваешся? — пачуў я голас Марты. Яна стаяла за маёй спiнай i назiрала за маiмi заляцаннямi да пудзiла.

— Пэўна, дурны, — хуценька пагадзiўся я i, адпусцiўшы гарбуз, узяў за руку Марту. — А ты чаго збегла?

— А ты чаго выскачыў? — па-адэску пытаннем на пытанне адказала яна.

— Я за табой.

— А як жа Юля?

— А што Юля? Так, сядзелi, жартавалi...

— Не, ты закончаны балван! — вынесла свой прысуд Марта i моцна прыпала сваiмi вуснамi да маiх...

I зноў поле, i зноў бульба. Пасля дыскатэкi студэнты былi падобныя да восеньскiх мух: няспынна пазяхалi, павольна поўзаючы па барознах. У многiх дзяўчат былi падазрона апухлыя вусны. Мяркую, што вечар у iх удаўся. А вось што мне рабiць з нечаканым каханнем, у якiм уначы прызналася Марта? Вiдавочна, што вопыту ў такiх справах мне не хапала. Ды i сям’я ў мяне ёсць, дзесьцi, думаю, жонка чакае... А заводзiць раман — гэта ж колькi клопатаў розных: пазабюджэтныя грошы патрэбны, нейкая хата, паролi i яўкi для сустрэч, легенды для жонкi... Не, надта клопатным падаецца мне гэта каханне. Ды i малая яна яшчэ, рамантыка ў галаве адна. Трэба шукаць выйсце, бо за два тыднi, што нам давядзецца тут быць, такога можна накруцiць...

Выйсце само прыйшло да мяне ў абед. У сталоўку-клуб-дыскабар зайшла паштарка i гучна закрычала:

— Хто тут Кузыкiн?

Усе павярнулiся да мяне, i я быў вымушаны прызнацца:

— Я.

— Вам павестка з ваенкамата, — немаведама чаму зарагатала кабецiна, узяла з мяне подпiс i хуценька з’ехала. Я зiрнуў на пакiнуты лiсток. Так i ёсць: ужо заўтра я павiнен з’явiцца ў гарадскi ваенкамат. У адваротным выпадку пералiк нейкiх артыкулаў заканадаўства абяцаў заняцца мной ужо ў iншым месцы. Вось яно, маё збаўленне. Нiколi яшчэ армiя так не радавала мяне...

Я хуценька сабраў торбу, пацiснуў усiм рукi i падышоў да Марты.

— Мы яшчэ сустрэнемся? — сумна запытала яна.

— Абавязкова! — бадзёра запэўнiў я. — Мы ж у адным iнстытуце працуем. Куды ж нам дзецца?

— А апроч працы? — вочы Марты свяцiлiся надзеяй.

— Не ведаю, даражэнькая. Я ж сямейны... Там будзе бачна...

Я па-сяброўску чмокнуў дзяўчыну ў шчочку i на дзiва хуткiм крокам пайшоў у войска.   Віктар ВАРАНЕЦ, г. Гродна. 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адметнасць гэтага апавядання — ненадакучлiвы i арганiчны гумар. Гумар, якiм поўнiцца ўсё наша жыццё. Толькi зрэдку каму ўдаецца зiрнуць на сябе збоку.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика