Настасся Новікава: Пекінскі пачын
Настасся Новікава: Пекінскі пачын
150 грамаў, якія змянілі серабро на бронзу У адрозненне ад папярэдняй алiмпiяды ў Афiнах, дзе беларусам амаль тыдзень прыйшлося чакаць першую ўзнагароду, на гэты раз усё атрымалася намнога хутчэй — на другi гульнявы дзень. Цяжкаатлетка ў вагавай катэгорыi да 53 кг, прадстаўнiца Жодзiна Настасся Новiкава яшчэ да алiмпiйскiх стартаў значылася ў прэтэндэнтках на адну з узнагарод. Свае амбiцыi на месца пад сонцам яна паказала яшчэ тры гады таму на сусветным першынстве ў Катары. Аднак тады па волi лёсу на цэлыя два гады была дысквалiфiкаваная за допiнг. Па словах спартсменкi, ёй параiлi ўжываць бiялагiчна актыўныя дабаўкi, якiя, як высветлiлася пазней, былi несертыфiкаваныя i ўтрымлiвалi забароненыя да ўжывання прэпараты. Цяпер беларуска значылася адной з фаварытак сярод удзельнiц фiнальнай пулькi. I свайго шанцу не ўпусцiла: штуршок 118 кг — i першая бронза. Галоўны трэнер каманды Аляксандр Ганчароў у мiкс-зоне адзначыў: зноў цяжкаатлетам выпаў гонар медальнага пачыну. Як вядома, чатыры гады таму першую сярэбраную ўзнагароду заваявала Ганна Бацюшка. Падчас цырымонii ўзнагароджання на твары Новiкавай былi слёзы i радасцi, i суму адначасова. Пазней Насця прызналася, што яна думкамi ўжо была з серабром, аднак... Карэянка Ён Джынi паказала аднолькавы вынiк з нашай спартсменкай i аказалася на 150 грамаў лягчэйшай. На галаву вышэй за ўсiх была спартсменка з Тайланда Яроенратанатаракун. Калi дадаць другую частку прозвiшча, то ўсяго атрымаецца 41 лiтара... На жаль, пачын Новiкавай не змог падтрымаць яе калега Вiталь Дзербянёў (56 кг). Зрэшты, за некалькi гадзiн да яго выхаду на памост настаўнiк беларусаў Аляксандр Ганчароў падкрэслiў, што Дзербянёву разлiчваць на прызавыя месцы не даводзiцца, аднак пастараемся максiмальна да iх наблiзiцца. Не атрымалася: у другiм практыкаваннi — штуршку — штанга вагой 140 кг перастала слухацца беларуса. У вынiку атрыманы "бублiк". Па гарачых слядах удалося спытаць мiнiстра спорту Аляксандра Грыгарава наконт бягучых спраў у айчынных спартсменаў на пекiнскай алiмпiядзе. Аляксандр Уладзiмiравiч выказаў задавальненне, што першая ўзнагарода ў скарбонку беларускай каманды прыйшла даволi аператыўна, што не можа не радаваць. А вось непакоiць, падкрэслiў шэф мiсii, што адкрыта засудзiлi нашага баксёра Рамазана Магамедава (81 кг). Спартсмен, якi двойчы паслаў у накдаўн егiпцянiна Ясера Рамадана i меў значную перавагу над сапернiкам, па ўзмаху судзейскай рукi быў вымушаны сысцi з дыстанцыi. Як старшыню Беларускай федэрацыi бокса Аляксандра Грыгарава гэта вельмi ўстрывожыла. У працяг баксёркай тэмы падкрэслiм, што на першай стадыi барацьбы выбыў яшчэ адзiн беларускi атлет Магамед Нурудзiнаў (69 кг) — па ачках ён уступiў прадстаўнiку Вiргiнскiх астравоў Джону Джэксану. Мiнiстр спорту падзялiўся развагамi з журналiстам "Звязды" i аб сiтуацыi з перспектывамi беларускiх плыўцоў i плыўчых на Гульнях у Пекiне. Ён выказаў шкадаванне наконт таго, што перад самымi стартамi ў жаночай эстафеце атрымала траўму рукi Святлана Хахлова. У вынiку спартсменка не выйшла i на дыстанцыю 100 метраў брасам. Увогуле, як i меркавалася, лаўраў на пекiнскай алiмпiядзе беларускiм плыўцам наўрад цi ўдасца адшукаць: ужо выбылi з далейшай барацьбы Вiктар Вабiшчэвiч, Павел Санковiч, а таксама Iна Капiшына — у сваiх заплывах на 100 метраў брасам яны не змаглi прайсцi квалiфiкацыю. Не коцiць удача пакуль i да стралкоў. Хоць Вiкторыя Чайка ў стральбе з пнеўматычнага пiсталета на 10 м была за адзiн крок ад бронзавага медаля. Але грузiнку Нiно Салуквадзэ ў фiнальнай серыi дастаць не ўдалося. Чацвёртае месца Чайкi настаўнiк беларускiх стралкоў Iгар Басiнскi ацанiў як нармальны вынiк, хоць, вядома, хацелася большага, бо быць чацвёртым заўсёды крыўдна. Учора ж не прайшоў квалiфiкацыю наш стралок з пнеўматычнай вiнтоўкi Вiталь Бубновiч, якi заняў 18-е месца. У святле цяперашняга расiйска-грузiнскага канфлiкту многiя журналiсты з небяспекай чакаюць фiнальных паядынкаў барцоў i дзюдаiстаў, дзе традыцыйна моцныя рускiя i грузiны. Праўда, прадвеснiкамi магчымай сустрэчы "сiлавiкоў"-алiмпiйцаў сталi "трысцiнкi"-жанчыны ў стральбе. Расiянка Наталля Падзерына i грузiнка Нiно Салуквадзэ, прапусцiўшы наперад кiтайскую спартсменку Гуа Веньюн, не толькi стаялi побач на п’едэстале, але i стралялi па-суседску. Абышлося без эксцэсаў. Як вядома, па няпiсаных законах у час алiмпiяды ўсе войны павiнны быць спыненыя. У выпадку, калi баявыя дзеяннi iдуць, то спартсмены краiны, якая з’яўляецца агрэсарам, павiнны добраахвотна здымацца са спаборнiцтваў. Пасля фiнальнай стральбы расiйскiя журналiсты спыталi прадстаўнiцу Грузii наконт гэтага правiла, на што Салуквадзэ адказала: спорт — гэта палiтыка, але ж у вялiкую палiтыку яна не ўмешваецца. Затое ў спорт смела ўмешваецца надвор’е. Учора неба над Пекiнам было шчыльна зацягнутае дажджавымi хмарамi, але ж лiўню, як напярэдаднi, не было. На радасць арганiзатарам тэнiснага турнiру былi прадоўжаныя паядынкi, перарваныя з-за моцнага дажджу. На жаль, непагода не стала выратавальнай палачкай для Максiма Мiрнага i Вольгi Гаварцовай, якiя гулялi адпаведна супраць немца Нiкаласа Кiфера i амерыканкi Сiрэны Уiльямс. У вынiку двухдзённай барацьбы Мiрны ўступiў сапернiку з Германii 0:3, а Гаварцова з такiм жа лiкам амерыканцы, 5-й ракетцы свету ў рэйтынгу ATP — 0:3. За дзень да пачатку тэнiснай гонкi ў алiмпiйскай вёсцы, дзе пражываюць беларускiя спартсмены, я сустрэўся з Максiмам Мiрным i пацiкаваўся яго думкамi аб жараб’ёўцы. Беларус выглядаў даволi ўпэўнена, сказаўшы, што "ўсё нармальна". А наконт сустрэчы са старым знаёмым Кiферам, адным з лепшых германскiх тэнiсiстаў, беларус па-фiласофску адказаў: "Як ёсць — так ёсць". У гэты ж дзень Мiрны здаў кроў на аналiз. Кiраўнiк медынскай групы Яўген Ласiцкi падкрэслiў: пасля хваробы, з-за чаго Мiрны не змог згуляць заключны матч Кубка Дэвiса ў Мiнску супраць палякаў, трэба абавязкова праверыць аналiзы тэнiсiста. Як-нiяк, спартсмен прымаў лекi...У вячэрняй праграме, калi раптам над Пекiнам не спусцiцца дождж, якi абяцалi сiноптыкi, яшчэ адна тэнiсная гульня: беларуска Вiкторыя Азаранка павiнна сустракацца з украiнкай Таццянай Перабiйнiс. У шэрагах выбылых можна лiчыць i штангiста Генадзя Махвяеню (62 кг): ён атрымаў траўму нагi на квалiфiкацыйным турнiры i, паводле папярэдняй iнфармацыi, быў дастаўлены на абследаванне ў шпiталь. На жаль, не змаглi прайсцi квалiфiкацыю ў камандным першынстве беларускiя гiмнасты. Як суцяшэнне — права аспрэчваць медалi ў iндывiдуальным мнагабор’i атрымаў Дзмiтрый Савiцкi, а ў апорным скачку — Дзмiтрый Каспяровiч. Iх калега па цэху Настасся Марачкоўская, заняўшы месца ў канцы чацвёртага дзесятка, таксама выбыла з лiку прэтэндэнтак на ўзнагароды. У лiку аўтсайдараў —58-е i 59-е месцы — пакуль нашы коннiкi Алена Целяпушкiна i Вячаслаў Пойта. На спаборнiцтвах, якiя праходзяць у Ганконгу, што за 3 тысячы кiламетраў ад Пекiна, яны пасля першых дзён спаборнiцтваў — у выездцы i кросе — не змаглi скласцi канкурэнцыю заканадаўцам моды ў гэтай дысцыплiне — немцам, аўстралiйцам, англiчанам i амерыканцам. Парадавала сваiм выступленнем адзiная прадстаўнiца бадмiнтона Вольга Конан. Пасля дзвюх перамог на старце над сапернiцамi з Сiнгапура i Славенii, у 1/16 фiналу беларусцы супрацьстаяла чэмпiёнка свету кiтаянка Хiе Хiнгфанг. Паспяхова прайшоў першы этап турнiру наш дзюдаiст Канстанцiн Сямёнаў (73 кг), хоць у другой схватцы ён уступiў. У паўфiнал упэўнена прайшла двухразовая алiмпiйская чэмпiёнка па акадэмiчным веславаннi Кацярына Карстэн. Пакуль жа рэй на алiмпiядзе вядуць гаспадары, якiя планава бяруць свае медалi ў традцыйна моцных вiдах спорту: цяжкай атлетыцы, скачках у ваду, стральбе. Па-ранейшаму ўмовы работы для журналiстаў застаюцца вельмi добрымi. Мы нарэшце знайшлi магчымасць i купiлi iнтэрнэт-карту для аператыўнага падключэння ў сусветную павуцiну i перадачы матэрыялаў у рэдакцыю. Строга па графiку курсiруе ўвесь алiмпiйскi транспарт. Пекiнскiя ўлады для дастаўкi гасцей Гульняў пабудавалi ў сталiцы пяць кальцавых дарог з транспартнымi развязкамi i амаль штодня возяць журналiстаў да Мiжнароднага прэс-цэнтра (МРС) па новых маршрутах. Здагадваемся, што гэта робiцца для нашай бяспекi. Хоць, лiчыце, па нашым маршруце, што заўсёды ляжыць праз спецыяльную алiмпiйскую паласу, якую не можа займаць неалiмпiйскi транспарт — iнакш штраф у 200 долараў (на першы раз), — праз кожныя 200 метраў стаяць ваенныя i палiцэйскiя. Тым не менш вадзiцелi, якiя дастаўляюць рэпарцёраў у прэс-цэнтр, не паспяваюць зганяць "левых" з VIP-паласы. I гэта пры тым, што за баранкай пасажырскiх аўтобусаў большасць прадстаўнiц жаночага полу. Для высокiх гасцей алiмпiйскiх Гульняў арганiзатары прыпаслi больш камфортныя ўмовы дастаўкi. Для асобаў нiжэйшага палёту прадугледжаныя аўтамабiлi "Фольксваген-Пасат" i "Шкода". Для VIP-персон прадастаўляюцца новенькiя Аўдзi А6, усе выключна чорнага колеру з зацемненым шклом. Як тут не скажаш, што пана бачна па халявах. У алiмпiйскай вёсцы, дзе размешчаны атлеты i трэнеры з 204 краiн (каралеўства Бруней часова з алiмпiйскiх спiскаў выкраслена як краiна, якая падала заяўку на Гульнi, але не прыслала нiводнага спартсмена), наладжаны штодзённы выпуск газеты "VILLAGE LIFE" ("Жыццё вёскi") — учора выйшаў ужо 10-ы нумар. Прыемна, што ў гэтым выданнi знаходзiцца месца i беларускiм спартсменам, у тым лiку ў фотарубрыцы OK! (О’Кей). Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ. г. Пекiн.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У адрозненне ад папярэдняй алiмпiяды ў Афiнах, дзе беларусам амаль тыдзень прыйшлося чакаць першую ўзнагароду, на гэты раз усё атрымалася намнога хутч |
|