Мужаў і жончын камбайн
Мужаў і жончын камбайн
Таццяна Аляксандраўна i Уладзiмiр Вiтальевiч Жукi другi сезон працуюць на ўборцы ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве "Цiшоўка" Магiлёўскага раёна. Абедзенны час на полi — гэта не гадзiна, а лiтаральна дзесятак хвiлiнаў на ежу, за якой засяроджана назiраюць два буслы. А ўся мужчынская кампанiя камбайнераў уважлiва слухае, як Таццяна Аляксандраўна, адзiная сярод iх жанчына — памочнiца камбайнера, таропка даядаючы булку, дае iнтэрв’ю. Яна ўжо пенсiянерка i ў жнiве бярэ ўдзел дзеля заробку. Няблага папоўнiць сямейны бюджэт удалося летась, i цяпер Таццяна Аляксандраўна разлiчвае зарабiць як мiнiмум мiльён рублёў. Плюс заробак мужа. Галоўны расходны артыкул — апрануць i набыць розныя неабходныя рэчы (не дробязi, а нават камп’ютар) для 8-гадовай дачкi Алены, якая сёлета пойдзе ў 3-цi клас. Таццяна Аляксандраўна — жвавая жанчына, з адкрытай маладой усмешкай. Цяжка паверыць, што ў яе чацвёра дзяцей. Яна прыехала на Беларусь з Варкуты 15 гадоў таму i знайшла тут сваё шчасце i любiмага мужа. — А кажуць, што мужу з жонкай працаваць разам нельга. Цi праўда? — Не, можна. Трэба толькi саступаць адно аднаму. Няважна, хто каму. Каб толькi добра было, — дзелiцца рэцэптам сумеснай з мужам працы Таццяна Аляксандраўна. — Ды нармалёва. На працы не трэба лаяцца — лепш пасмяяцца разам, — падае голас муж Уладзiмiр Вiтальевiч. Як i iншыя сельскiя працаўнiкi, механiзатар Жук — чалавек сцiплы, лiшняга слова з яго не выцягнеш. Калегi вызначаюць яго як аса ў сваiм механiзатарскiм майстэрстве, i на жнiве ён працуе ўжо нямала гадоў. Экiпаж разлiчвае сёлета быць у перадавiках сваёй гаспадаркi. Іх асноўныя сапернiкi — таксама сямейны экiпаж, Пётр Iванавiч Юркоў з сынам Леанiдам. Яны таксама працуюць другi год, i летась ужо атрымалi падарункi ад УКСП "Цiшоўка". Так што барацьба iдзе жорсткая. Як толькi адзiн камбайн кранаецца з месца, усе размовы абрываюцца: спыняецца iнтэрв’ю, а механiзатары з усiх ног бягуць да сваiх машын, дый заклiкi сфатаграфавацца па-належнаму не кранаюць суровыя сэрцы камбайнераў. Што ж, у хлебаробаў цяпер не стае часу. У "Цiшоўцы" жнiво толькi перавалiла за экватар: працы яшчэ шмат! Увогуле Магiлёўскi раён, паводле iнфармацыi на 12 жнiўня, — лiдар па вобласцi ў намалоце збожжа — амаль 87 тысяч тон. Сярэдняя ўраджайнасць у Магiлёўскiм раёне — 48 цэнтнераў з гектара, што болей за леташнi паказчык. У лiдараў — СВК "Палыкавiчы" i ЗАТ "Зара" — 78-79 цэнтнераў з гектара. У раёне на гэтым тыднi збiраюцца ўшаноўваць ужо "трохтысячнiкаў": з прэмiямi, падарункамi i добрымi канцэртамi. — Мы сёлета яшчэ ад вясны шмат зрабiлi для добрага ўраджаю, ды i ўмовы надвор’я нас не падвялi, — лiчыць старшыня Магiлёўскага райвыканкама Аляксандр Разганаў. — Сёння мы на апошнiм этапе: трэба хутка i добра сабраць хлеб. Кажуць, што блiжэйшыя днi будуць гарачымi ў сэнсе тэмпературы паветра, але яны будуць гарачымi i для хлебаробаў. На гэтым тыднi асноўныя работы на палях гаспадарак трэба завяршыць i дапамагаць людзям убiраць iх надзелы. Iлона Iванова. Магiлёўскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Таццяна Аляксандраўна i Уладзiмiр Вiтальевiч Жукi другi сезон працуюць на ўборцы ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве "Цiшоўка" Магiлёўскага р |
|