21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Пакуль народ смяецца, ён на зямлi жыве!

26.08.2009 10:27 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пакуль народ смяецца, ён на зямлi жыве!

(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 12 жнiўня.)

...Адметнасць сёлетняга шостага фестывалю заключалася ў тым, што з’ехалiся на яго не толькi дарослыя гумарысты, але i дзецi. Уражвала шэсце: каманды ад кожнай з абласцей i горада Мiнска суправаджаў экскорт матацыклiстаў, у асобнай калоне iшла дзятва, у асобнай — госцi (у тым лiку з Украiны i Расii). Па традыцыi ўжо на верталёце прыляцелi ў Аўцюкi галоўныя "журыльшчыкi" — пiсьменнiк, старшыня дзiцячага фонду, рэдактар часопiса "Вясёлка" Уладзiмiр Лiпскi, мастацкi кiраўнiк хору iмя Цiтовiча, народны артыст Беларусi, прафесар Мiхаiл Дрынеўскi, мастацкi кiраўнiк тэатра пародый, заслужаны артыст Рэспублiкi Беларусь Уладзiмiр Радзiвiлаў, загадчыца аддзела часопiса "Вясёлка" Настасся Радзiкевiч.

На зямлi iх ужо чакаў запрэжаны конь i рамiзнiк Буржуй (так у Малых Аўцюках завуць Iвана Багдановiча). Дарэчы, менавiта ў гэты дзень ён са сваёй Буржуiхай i Буржуянятамi — у сям’i трое дзяцей i шасцёра ўнукаў — святкавалi 37-ю гадавiну... "вяселля" (сказаў Iван Фёдаравiч)... "катаргi" (уздыхнула яго Вольга Iванаўна).

 

А далей было ўрачыстае адкрыццё з распiлоўваннем палена, з уручэннем букетаў-венiкаў, з вiтаннем гасцей, з пераапрананнем членаў журы. Прыемны сюрпрыз чакаў усiх, хто ўпершыню быў у Аўцюках. Iх, расквецiўшы неба сапраўднай вясёлкай, пасвячалi ў каласкi i калiнкi — палiвалi халоднай вадой з пажарнага бранспойта...

Не ведаю, як iншым, а мне ў праграме фестывалю найбольш падабаецца дзень першы — са швэнданнем па хатах i маёнтках. Пачынаецца яно з сапраўднай мытнi. Гэта значыць, што ў вёску можна прайсцi толькi нешта змарозiўшы (прыпеўку, байку, анекдот), альбо даўшы мытнiкам на лапу. Што замацоўвалася адмысловай пячаткай. Ставiлi яе на ўсе магчымыя часткi цела. Людзi сцiплыя, як правiла, падстаўлялi руку, маладзiчкi — свае вабноты: сцёгны, жывоцiкi, зоны дэкальтэ.

А далей — усiх "апячатаных" чакала цэлая... вулiца цудаў, бо мясцовы люд дэманстраваў усё, чым багаты. На платах ярчэлi саматканыя посцiлкi, вышываныя абрусы, ручнiкi-набожнiкi, сурвэткi, вязаныя дыванкi, спаднiцы, плеценыя кашы... Але ж тут ужо — хто што бачыў: нехта кiдаўся да тых вышыванак, нехта — да сталоў, на якiх...

На галодны страўнiк, паверце, вельмi цяжка пiсаць (ды i чытаць...) пра тое, што было на сталах — гарачая картоплечка (у чыгунках, з печы), агурочкi, памiдоры, цыбуля, само сабой сала, пальцам пiханыя гарачыя каўбасы, крывянкi, бабкi, юшкi, патраўкi, мачанне з блiнцамi, тварожнiкi-аладкi, мёд...

На падыходзе да вёскi за спiнай дыялог пачула. "Здесь же есть кафе?" — пытала яўна прыезджая маладзiца ў свайго спадарожнiка. "А зачем оно тебе? Подходи вон и угощайся..." — "И что — никто ничего не скажет?" — "А как же, скажут... Спасибо, что подошла, отведала".

Не схлусiў маладзён — так яно i было. Больш чым 20 страў на асобных сталах! Але ж вабiлi не толькi яны ды традыцыйныя "тры булькi" (добрая ў Аўцюках самагонка! Найлепшую, кажуць, участковы гоне), — не нагаварыцца было з людзьмi. Прычым i тутэйшымi, i не зусiм. Ганаровымi гасцямi на фестывалi былi iнiцыятар стварэння (а зараз i старшыня) Усеўкраiнскага саюза беларусаў Iрына Аржахоўская i адзiн з тых беларусаў, бiзнэсовец Аляксандр Рагун, якi да наступнага фестывалю на поўным сур’ёзе паабяцаў пабудаваць i адкрыць тут музей-сядзiбу беларускага гумару.

На святочнай вулiцы пашчасцiла сустрэць падпiсчыцу "Звязды" Валянцiну Аляксандраўну Крываносаву. Хвалiла яна газету. I, як кажуць, рознымi словамi. Але куды прыемней было пачуць, як яе саму хвалiлi каляжанкi, як казалi, што доктарка яна — ад Бога, добрая, чулая, любiмая ўсiмi, i хворымi i здаровымi.

Пацешыў прэсу, землякоў i Аляксандр Лышчанка, якi на ўласным плоце змясцiў "Хронiку аўцюкоўскiх фестываляў" — вывесiў старонкi газет, дзе расказвалася пра першы, трэцi, пяты... А побач залiваўся гармонiк, звiнелi прыпеўкi ад Таццяны Акулiнай. Ацанiце:

Не хадзiце дзеўкi замуж,

Не пладзiце вы дзяцей.

Так харчовую праграму

Будзе выканаць прасцей.

Тэй украў — машынай возiць,

Я — з мяшочкам на спiне.

Тэй назаўтра мяне судзiць,

Што я злодзей, а ён не.

Адышлi ад камунiзма,

Хочам рынак збудаваць.

Цэны сталi нiбы клiзма —

Бедным кiшкi прамываць.

У каго сардэчка ные,

У каго жывот балiць.

А у нашага Гаркушы

Нешта орган барахлiць.

Прозвiшча Гаркуша ў Аўцюках, наколькi я зразумела, досыць папулярнае. Але ж адзiн з тых, хто яго носiць, побач быў — старшыня мясцовага сельскага Савета. Не пакрыўдзiўся. Сказаў, што пасмяяцца з чалавека — гэта ж не пакалечыць...

А заадно — патлумачыў, што тут, у Вялiкiх Аўцюках, аўцюкi сапраўдныя, карэнныя. А значыць, людзi добрыя, працавiтыя. Амаль 30 трактароў у iх на падворках, лiчы, столькi ж коней. У многiх па гектары зямлi.

I пры гэтым свята вiталi ўсе — сядзелi на лавачках, раздавалi iнтэрв’ю, спявалi, танцавалi... А ўжо рыхтавалiся...

— Мусiць, усiх свiней у сяле парэзалi? — спытала ў Еўдакii Лабанавай.

— Не ведаю, як iншыя, а я закалола.

Гаспадароў самых лепшых падворкаў вечарам узнагароджвалi дыпломамi. А да iх — каго бычком, каго тэлевiзарам, мiкрахвалевай печчу, парай парасят... Але ж галоўнае, здавалася, не ў прызах. У тым, што людзi яшчэ раз сцвердзiлiся ў сваёй адметнасцi, паказалiся, пасвяткавалi, паглядзелi канцэрт заезджых гумарыстаў.

Ля канцэртнай пляцоўкi ў Вялiкiх Аўцюках пашчасцiла сустрэць знаёмцу па мiнулых фестывалях Рыгора Лышчанку. З жонкай (светлай памяцi!) яны паднялi чацвёра дзяцей, а потым i траiх сiрот-унукаў (адзiн — iнвалiд 1-й групы)... Цяжка было. Але ж сваё абяцанне нарабiць клёпак для ўсiх, каму iх не хапае (прынамсi, з начальства), Рыгор Мiхайлавiч не забыўся... Казаў: "Па фестывалi адразу i пачну"...

Другi дзень гэтага свята праходзiў ужо ў Калiнкавiчах, у асноўным — у парку. I чаго тут толькi не было! Уладзiмiр Лiпскi прэзентаваў сваю новую кнiжку "Аўцюкоўскiя шуры-муры", мастак Алег Карповiч здымаў i маляваў калiнак, працаваў горад майстроў, аўцюкоўскi бульбулятар, цiр, заапарк... Iрвалiся жываты ля палаткi "Жартоўнай хуткай дапамогi". Лекi там самыя патрэбныя: "Ад удаўлення", "Ад хады налева", "Ад сквапнасцi", "Для мужчынскай моцы", "Для росту валасоў"... I трэба было бачыць, якiя пекныя Сярдзючкi тут мералi тэмпературу, ставiлi клiзмы i дыягназы. Найчасцей — аптымiстычныя. Кшталту — здаровы, як бык!

Там жа, у парку, праходзiў конкурс выканаўцаў гумару па намiнацыях: тэатры мiнiяцюр, прыпевачнiкi, анекдотчыкi, гульнёва-забаўляльныя праграмы, працавала журы. Хоць яму, вiдаць, i цяжка было, бо вецер не мог не даносiць чароўных пахаў — непадалёк, на конкурс, варылiся юшкi. Ды каб проста, а то ж не! На лапiку зямлi, выдзеленай, напрыклад, для ўмельцаў з Жыткавiччыны, быў сапраўдны ставок, акружаны чаротам, — любы з ахвотнiкаў мог паспытаць рыбацкага шчасця, павудзiць рыбу. Альбо палавiць яе — жывую, ладную — рукамi ў аб’ёмным металiчным карыце. На многiх нiткi сухой не было. А ўжо вiскату, смеху...

Побач — само сабой — разлiвалася ў мiскi юшка. Рэцэпт — ад дырэктара рыбгаса "Чырвоная зорка" Сяргея Пiлiпенкi:

— Першае — захацець юшкi. Другое — налавiць рыбы. Найлепш — рознай: карпаў, карасёў, шчупакоў, акунёў. Зварыць iх i раздаць гасцям — хай ядуць. У юшку накiдаць новай рыбы...

Яна, звараная паводле рэцэпта спадара Пiлiпенкi, была самай лепшай i на мiнулым фестывалi, i на гэтым. А яшчэ, калi ўлiчыць, што частавалiся ёй пад анекдоты спадароў Дрынеўскага, Радзiвiлава, Каткаўца (начальнiка аддзела культуры Любанскага райвыканкама)...

Зрэшты, расказаць пра ўсё, што было на фестывалi, проста немагчыма. Таму — галоўнае. Лепшых гумарыстаў, па прызнаннi журы, дэлегавалi сёлета Гомельшчына, Гродзеншчына i Мiншчына. Прыз за высокае выканаўчае майстэрства павёз з фестывалю тэатр мiнiяцюр "Палескiя пацехi" Жыткавiцкага РДК. У намiнацыi "Прыпеўкi" вылучылiся Нiна Пацяюк з Антопаля i Нiна Лiнкевiч з Жыткавiччыны. Яна, дарэчы, расказвала, якую вялiкую гаспадарку пакiнула на мужа: дзвюх кароў, восем коз, каня, свiней, курэй — незлiчона... I пры гэтым са сцэны пела:

Ой, старэчы мой склероз

Давядзе мяне да слёз.

Не прызнаю, хоць звяжы,

Дзе мой дзед, а дзе чужы.

Вось i пускай жонку на фэст пасля гэтага.

У намiнацыi "Тэатр мiнiяцюр" прызы ў выглядзе DVD, пыласоса, мiкрахвалевай печы павезлi дамоў самадзейныя артысты з Хойнiкаў, Ваўкавыска i (ацанiце!) вёскi Дубiна Валожынскага раёна (грэх не адзначыць, што кiруе iм зноў жа наша падпiсчыца i свайго роду хрэснiца — Тамара Каляда).

За высокае сцэнiчнае майстэрства дыпломы i прызы атрымалi ансамблi народнай песнi "Зараначка" (Драгiчын), "Вясёлыя музыкi" (Сянно), "Пацеха" (Хоцiмск), "Пяшчота" (Жылiхаўскi СДК Капыльскага раёна), народны лiтаратурны тэатр "Жывое слова" педунiверсiтэта iмя М. Танка, вядучыя свята калiнка Марыя Федарэнка i каласок Аляксей Крывёнак. У намiнацыi гумарыстычны трохбой перамагла каманда "Вясёлыя аўцюкоўцы" Калiнкавiцкага РДК, але ж не менш (калi не больш?) апладысментаў сарвалi, можна сказаць, дэбютанты — гурт нороднага гумару i жартаў "Смехаўё". Адкуль? З вёскi Баянiчы Любанскага раёна!

...Шкада, што ўсё добрае хутка канчаецца. Шкада, што выступленнi гумарыстаў ацэньвалiся, але ж, здаецца, нiдзе не запiсвалiся. Шкада, што на свяце не было нашых пiсьменнiкаў-класiкаў. Шкада, што ўсе канцэртныя пляцоўкi, мусiць, вымушана была больш чым пiльна ахоўваць мiлiцыя. Шкада, што на пад’ездзе да Калiнкавiчаў ёсць кафэ "Журавинка" (так-так, праз рускае "и"!), у iх самiх — "Магазин Полесье", вулiца Маркса, Ленiна i г.д. Шкада, што люд i тут гамонiць у асноўным па-руску, што мы губляем сваё, роднае, спаконвечнае...

Слова прыгожае, праўда?

Дык хай i сапраўды тое, што спакон, будзе вечнае! Адна бяда — хацець гэтага мала. Трэба хоць нешта рабiць.

Але ж сярод гасцей фестывалю былi заўважаны губернатар вобласцi Аляксандр Серафiмавiч Якабсон, яго намеснiк Пётр Аляксеевiч Кiрычэнка, намеснiк мiнiстра культуры Вiктар Iосiфавiч Кураш, былыя кiраўнiкi Калiнкавiцкага гар- i райвыканкама Вiктар Iванавiч Пiлiпец, Мiхаiл Аляксеевiч Акунец, Мiкалай Апанасавiч Пранкевiч, Мiкалай Мiхайлавiч Какора, старшыня праўлення ААТ "Ашчадны банк "Беларусбанк" Надзея Андрэеўна Ермакова, старшыня абласнога Фонда мiру Цiмафей Iванавiч Глушакоў...

Што хоць трохi, але абнадзейвала.

Валянцiна Доўнар.

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Адметнасць сёлетняга шостага фестывалю заключалася ў тым, што з’ехалiся на яго не толькi дарослыя гумарысты, але i дзецi. Уражвала шэсце: каманды а
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика