Адмысловы слоўнік беларускай мовы
Адмысловы слоўнік беларускай мовы
Кожная мова мае ў сваiм складзе пэўную колькасць слоў, якiя не могуць быць перададзеныя на iншай мове аднаслоўна, а толькi з выкарыстаннем апiсальных канструкцый. Лiчыцца, што менавiта такiя лексiчныя адзiнкi (безэквiвалентная лексiка) найбольш канцэнтравана перадаюць "дух" кожнай мовы i наўпрост выяўляюць нацыянальную карцiну свету. Асаблiва важна гэта ва ўмовах беларуска-рускага двухмоўя, калi носьбiты мовы павiнны ўсвядомлена карыстацца пэўнымi словамi, а не бяздумна нагрувашчваць iх у пэўных камунiкатыўных сiтуацыях. Даследчыкi адзначаюць i яшчэ адзiн момант: словы, у семантыцы якiх канцэнтравана закадаваны сэнс цэлай фразы, выяўляюць дзеянне закона эканомii моўных сродкаў. Сапраўды, як трэба ўспрымаць беларускiя словы маладзiк, знiчка, прочкi, кавальства, зашмат, замалы, даўнавата, блiжэць i iнш.? Растлумачыць iх, напрыклад, па-руску можна толькi апiсальнымi выразамi, а яны, выкарыстаныя ў беларускай мове, будуць яскрава сведчыць пра няведанне аўтарам яе глыбiнных пластоў i залiшняе расходаванне моўных высiлкаў (напрыклад, “прыйсцi ў заняпад” замест заняпасцi, “у мiнулым годзе” замест летась). Аўтар "Слоўнiка беларускай безэквiвалентнай лексiкi (у рускамоўным дачыненнi)" — вядомая даследчыца беларускай мовы, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, кандыдат фiлалагiчных навук Ірына Шкраба — не адзiн год руплiва збiрала адметныя беларускiя словы. Першы слоўнiк падобнага кшталту "Самабытнае слова" быў выдадзены ў 1994 годзе i ўключаў толькi каля 900 слоў. Новае ж выданне, ажыццёўленае выдавецтвам "Беларуская Энцыклапедыя iмя Петруся Броўкi", змяшчае ўжо прыкладна 2000 лексiчных адзiнак, ужыванне якiх грунтоўна праiлюстраваная прыкладамi з твораў мастацкай лiтаратуры i публiцыстыкi. Мяркуем, шаноўная даследчыца i надалей будзе шчыраваць над збiраннем падобнай лексiкi, бо з упэўненасцю можна сказаць: такiх слоў — безлiч. Напрыканцы не ўтрымаемся ад спакусы паказаць хоць яшчэ некалькi гэтых залацiнак беларускай мовы: абапал, бляха, вырай, глыбець, не дакупiцца, екатаць, жаўцяк, завiхацца, камянiца, леснiчоўка, мур, найперш, папахадзiць, разьбярства... I, безумоўна, кнiгарня, куды трэба як найхутчэй праставаць, каб не апынуцца без такога цiкавага i патрэбнага даведнiка. Пятро ЖАЎНЯРОВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожная мова мае ў сваiм складзе пэўную колькасць слоў, якiя не могуць быць перададзеныя на iншай мове аднаслоўна, а толькi з выкарыстаннем апiсальных |
|