Жнівень — час акунёў
Жнівень — час акунёў
Натура Вячаслаў Фамiн — вядомы ў Паставах, ды i не толькi ў Паставах, рыбак-аматар. Ды i якi ён аматар — прафесiянал лоўлi рыбы вудай. Перавагу аддае зiмовай лоўлi, але i летам ловiць з гумавай лодкi таксама на зiмовую вуду. Выкарыстоўвае расцяжку. Расцяжка — шнур на некалькi дзесяткаў метраў. На абодвух яго канцах мацуецца груз. I рыбак, трымаючыся за гэты шнур, спакойна перамяшчаецца па iм, шукае рыбу. Вячаслаў ловiць рыбу ўжо гадоў пяцьдзесят. I вядзе падрабязныя дзённiкi, дзе пазначае тэмпературу паветра, ападкi, iншыя звесткi аб надвор’i, якiя можа апiсаць. У яго картах Нарачанскiх, iншых азёр нашай акругi намаляваныя стрэлкi, пазначана адлегласць, напрыклад, 1000 крокаў ад берага на пэўны арыенцiр. Тут месца вельмi прыдатнае для акуня, альбо ляшча, альбо плоткi... Вячаслаў быў сярод пераможцаў Вiцебскiх абласных i рэспублiканскiх спаборнiцтваў рыбаловаў-аматараў. А вось яго расповед пра лоўлю рыбы на Мядзельскiм возеры. Хаця, правiльней казаць — на Мядзеле. "У жнiўнi буйны акунь збiраецца на Мядзеле каля падводных узвышшаў, пакрытых зялёным iмхом.. Цягну расцяжку праз увесь гэты падводны бугор, таму шнур павiнен быць даволi даўгi — метраў 70. Потым, перамяшчаючыся па шнуры, шукаю, дзе сабраўся акунь. Звычайна буйны акунь стаiць па схiле, перапад глыбiнi ад 5 да 9 метраў. На Мядзеле ёсць некалькi падводных узвышшаў, дзе ён трымаецца. Нявопытнаму рыбаку адшукаць iх не так i проста. Але спытайце ў калегаў па гэтым захапляльным занятку — нехта i падкажа. Толькi лепш вывучаць возера самому. Звычайна лаўлю на малую вуду, як зiмой. Даўжыня яе з хлысцiкам 30—40 сантыметраў. Леска павiнна быць шэра-зялёнага колеру, трывалай. Дыяметр яе — 0,25—0,12 мм. Мармышка — сярэдняя, абавязкова свiнцовая з добрым кручком. Калi кручок дрэнны — акунь будзе яго разгiнаць, а то i ламаць. На кручку павiнна быць добрая зазубрына — менш будзе сходаў рыбiн. Звычайна кручок № 5, 6. Кiвок робiцца з лескi 0,5 складзенай удвая, на леску надзяваецца кембрык, маленькiмi кавалачкамi рознага колеру. Кiвок мацуецца да хлысцiка з дапамогай нiпельнай гумкi. Прынада — чарвячок альбо шыцiк-ручэйнiк. Аднойчы ў пачатку жнiўня я паехаў лавiць на Мядзел. Месца, дзе трымаўся буйны акунь, пазначыў у час папярэдняй рыбалкi буйком з пенапласту. Я яго не кiдаю на самым месцы лоўлi, а метраў за трыццаць убок. Калi падплываў туды, убачыў, як недалёка ад буйка буйны акунь ганяе малька. Вада ў тым месцы лiтаральна бурлiла. Выскоквалi малькi, чулася характэрнае чваканне буйных акунёў. Я цiхенька падгроб да таго месца i кiнуў расцяжку так, каб яна праходзiла якраз праз рыбнае месца. Замацаваўся там, дзе яшчэ па вадзе разыходзiлiся кругi. Вырашыў лавiць на леску 0,12 (японскую, светла-зялёнага колеру). Мармышка вялiкая (нарачанская), свiнцовая. Вудачка з катушкай. Начапiўшы на кручок некалькi шыцiкаў, апусцiў мармышку на дно. Глыбiня аказалася 6 метраў. Пачаў падымаць, гуляць мармышкай. На вышынi каля 0,5 метра кiвок рэзка сагнуўся. Падсёк i адчуў, што мармышка зачапiлася за нешта цяжкое. Скрануць акуня з месца было немагчыма, ён стаяў нерухома. А потым марудна, праз некалькi секунд, паскорана пайшоў на глыбiню. Iрвануў, я ледзь паспеў адпусцiць катушку. Разматаўшы метраў 10 лескi, акунь спынiўся. Дарэчы, галоўнае пры лоўлi буйнога акуня — стрымаць яго першы рывок, вось тут без катушкi не абысцiся. Акунь, трапiўшы на кручок, iдзе на глыбiню толькi па прамой, не кругаляе. Гэта плотка i лешч iдуць кругамi, можна iх выцягнуць i на тонкую леску. А тады, пакрысе падцягнуў акуня да лодкi, рукой пад жывот — i ён ужо тут. Заважыў 1200 грамаў. I тут пачалася рыбалка! Акунi бралiся адзiн за адным. То на шыцiка, то на чарвяка. Менш за 300 грамаў вагi ў iх не было. Акунi паднялiся пад самую лодку, у цень. Мармышка праходзiла метры 3, i леска спынялася. Я кiнуў рэшткi чарвякоў i шыцiкаў каля лодкi. I яны сабралiся вакол. Кiдаю некалькi чарвякоў за борт, яны, звiваючыся, пачалi апускацца. I з-пад лодкi выплываюць 3 акунi, хапаюць чарвякоў. Зноў хаваюцца пад лодку. Тады я ўзяў у руку чарвяка i апусцiў за борт. Акунi выплылi з-пад лодкi i падплылi да рукi. Iм вiдавочна хацелася вырваць чарвяка, але былi асцярожныя. Потым адзiн адважыўся: моцна таргануўшы галавой, вырваў у мяне чарвяка. Так я нейкi час кармiў акунёў з рук. Наблiжаўся поўдзень. Такiм спякотным надвор’ем можна лавiць толькi да 12 гадзiн. Вырашыў злавiць апошняга акуня i завяршаць рыбалку. Апусцiў мармышку на дно, пастукаў. Выбiраю — леска паднялася ўверх. Падсёк i пачаў выцягваць акуня грамаў на 300. Працягнуў метры са два i адчуў, што акунь рэзка спынiўся i пайшоў на глыбiню. Стаў адпускаць катушку. Нешта буйное разматала аж 20 метраў лескi. Паспрабаваў падцягваць да сябе, але леска 0,12 толькi расцягвалася, рыбiну з месца я скрануць не мог. Паторгаў уверх — нешта зрушылася з месца i пайшло па дне ў другi бок. Нарэшце спынiлася на дне пад лодкай i не рухалася з месца. Хацеў адразу абрываць леску i не мучыцца. А потым вырашыў: што будзе, тое будзе. Пацягаемся, можа, сама абарве. Стаў торгаць хлысцiкам уверх, ён гнуўся дугой, а рыба не рухалася. Я паглядзеў на гадзiннiк — 11. Недалёка ад мяне на драўлянай лодцы лавiў мясцовы рыбак. Ён з цiкавасцю глядзеў, як я цягаю нешта буйное. Нарэшце рыбiна марудна захадзiла пад лодкай. Пачаў падцягваць уверх, леска нацягнулася да рэшты, але i рыбiна паднялася з глыбiнi 6 да 4 метраў i хадзiла кругамi пад лодкай. Потым рэзка крутнулася некалькi разоў, i леска дала слабiну. Падумаў, што яна сарвалася. Але ў гэты момант яна так iмклiва пайшла ў глыбiню, што ледзь не вырвала вуду ў мяне з рук. У гэты момант ля лодкi ўсплыў пракусаны зубамi акунь... Потым я зразумеў, што, калi я цягнуў акуня, яго схапiў буйны шчупак. Акуня адпусцiў, выплюнуў, а мармышка зачапiлася i не давала яму сысцi. Барацьба працягвалася ўжо хвiлiн 20. Я падымаў — рыбiна апускалася, але выцягнуць шчупака на паверхню, каб ён глынуў паветра, не ўдавалася. У мяне ўжо абмярцвелi рукi, давала аб сабе знаць спёка. Мужчына, якi лавiў побач, падплыў да мяне, закiнуў свой занятак, наглядаў, як я дужаюся з рыбiнай. Шчупак не здаваўся, ды ў глыбiню ўжо не iшоў — хадзiў вакол лодкi амаль пад паверхняй. Нарэшце шчупак усплыў, перавярнуўся на жывот i ляжаў, толькi крыху варушыў плаўнiкамi. Я стаў пакрысе падцягваць яго да лодкi, каб падхапiць знiзу рукою. Але шчупак, адпачнуўшы, зноў iрвануў углыб, толькi гэты рывок быў ужо не такiм моцным. Праз некалькi хвiлiн ён здаўся. З’явiўся ля самой лодкi i больш ужо не торгаўся. Я падхапiў рыбiну рукой i перакiнуў у лодку. Шчупак быў каля метра даўжынёй i вагой 7 кiлаграмаў. Цягаў я яго роўна гадзiну, затое ўстанавiў свой рэкорд: злавiў шчупака вагой 7 кг на леску 0,12. Мясцовы рыбак усё-такi дачакаўся, пакуль я выцягну гэтага шчупака, падплыў ушчыльную. I калi я паказаў, на якую леску выцягнуў яго, — не паверыў. Што ж, неверагодна, але факт. Зматаўшы вуду, я паволi, стамлёны, паплыў да берага". Алесь Касцень. г. Паставы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вячаслаў Фамiн — вядомы ў Паставах, ды i не толькi ў Паставах, рыбак-аматар. Ды i якi ён аматар — прафесiянал лоўлi рыбы вудай. Перавагу аддае зiмовай |
|