Свята на Блакітнай крынiцы: гаючая вада, мёд i народныя спевы
Свята на Блакітнай крынiцы: гаючая вада, мёд i народныя спевы
Сёння, 14 жнiўня на знакамiтай Блакiтнай крынiцы ў Слаўгарадскiм раёне збярэцца шмат людзей. Паводле шматгадовай традыцыi, праваслаўныя святары правядуць тут урачыстую службу i абрад асвячэння крынiчнай вады. За сем кiламетраў ад Слаўгарада месцiцца гэты ўнiкальны помнiк прыроды. Пасярод поля крынiца ўтварыла невялiкую сажалку, дзе вада мае непаўторнае бiрузовае адценне i круглы год захоўвае аднолькавую тэмпературу ў 8 градусаў. Да Чарнобыльскай аварыi тут была вёска Клiны, якую потым поўнасцю выселiлi. Радыяцыйнае забруджанне не адбiлася на чысцiнi крынiчнай вады. Навукоўцы адзначаюць яе высокую мiнералiзацыю, а народ здаўна верыць у цудоўную лекавую сiлу Блакiтнай крынiцы. Таму па здароўе i шчасце едуць на Слаўгарадчыну паломнiкi з усёй Беларусi, суседнiх Расii i Украiны. Настаяцель Свята-Петрапаўлаўскага храма ў вёсцы Лясная айцец Георгiй паведамiў, што сёння а 8-й ранiцы ў каплiцы на Блакiтнай крынiцы пачнуцца мабелен i лiтургiя, каля 12 гадзiн адбудзецца хрэсны ход вакол крынiцы i асвячэнне вады. Людзi, якiя прыязджаюць на Блакiтную крынiцу, iмкнуцца выканаць старадаўнi абрад — тройчы перайсцi сажалку. Гэта зусiм няпроста, калi ўлiчыць нiзкую тэмпературу вады. Аднак у ваду iдуць i старыя, i малыя. З верай у цуд i надзеяй, што Блакiтная крынiца прынясе iм пазбаўленне да хваробаў i дасць удачу ды шчасце. Мяркуецца, што ў старажытнасцi каля крынiцы пакланялiся сонцу i вадзе радзiмiчы, а потым тут жа адбывалася i хрышчэнне гэтага племенi. 14 жнiўня — гэта яшчэ i Мядовы Спас, таму на Блакiтную крынiцу з’язджаюцца з усяго наваколля пчаляры. У гандлёвых радах тут можна пабачыць розны мёд: зусiм белы — акацыевы альбо рапсавы, жоўты — з разнатраўя i зусiм чорны — грэцкi. Напрыканцы цырымонii святары асвячаюць мёд, а таксама моркву i лекавыя зёлкi, якiя прыносяць, паводле народнай традыцыi, слаўгарадскiя вернiкi. Людзi набiраюць у бутэлькi, канiстры i бiдоны крынiчную ваду. Робiцца гэта на глыбокiм краi сажалкi — там, дзе не замуцiлi ваду рытуальнымi пераходамi праз крынiцу сотнi паломнiкаў. Святары раяць пiць гэту ваду (лепей нашча), мыцца ёй i акрапляць жыллё. А 13-й гадзiне на сцэне ля Блакiтнай крынiцы пачнецца канцэрт, на якiм выступяць фальклорныя калектывы. Сёння на свята можна зручна трапiць на рэйсавым аўтобусе, якi пачынаючы з 7 гадзін ранiцы i да вечара адпраўляецца са Слаўгарада кожныя паўгадзiны. Ілона Iванова.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння, 14 жнiўня на знакамiтай Блакiтнай крынiцы ў Слаўгарадскiм раёне збярэцца шмат людзей. Паводле шматгадовай традыцыi, праваслаўныя святары правяд |
|